Пошук

29.12.2025 17:53   Catholic.by
Калаж: Pax Vobis

Вось і падыходзіць да завяршэння 2025 год, яшчэ адзін год зямной пілігрымкі да вечнасці. Чым ён запомніўся беларускім католікам? Прыгадаем найбольш значныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

1. 2025 год — Юбілейны

2025 год у Паўсюдным Касцёле адзначаўся як год Юбілейны — час асаблівай ласкі, які праходзіў пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Адной з юбілейных святынь Беларусі стаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Менавіта ўрачысты абрад адкрыцця гэтай святыні у ноч з з 31 снежня на 1 студзеня і распачаў 2025 каляндарны год. 

2. Канферэнцыя «У імя міру і дабрабыту»

9 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася калядная канферэнцыя «У імя міру і дабрабыту», арганізаваная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Удзел прынялі прадстаўнікі іншых канфесій, дзяржаўных уладаў, дыпламатычнага корпусу. Мерапрыемства стала важкім унёскам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў справу будавання міру і дабрабыту ў беларускім грамадстве.

3. Новае кіраўніцтва партала ККББ catholic.by

18 сакавіка ў Мінску прайшло 94-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў  Беларусі, на якім быў прызначаны новы дырэктар catholic.by. Ім стаў ксёндз магістр ліцэнзіят Павел Эйсмант, які змяніў на гэтай пасадзе шматгадовага кіраўніка партала доктара маральнай тэалогіі ксяндза Аляксандра Уласа.

4. Новы апостальскі нунцый у Беларусі

25 сакавіка Папа Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя у Беларусі. Ім стаў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, доктар кананічнага права і дасведчаны дыпламат.

5. Развітанне з Папам Францішкам

21 красавіка, у Велікодны панядзелак, адышоў у вечнасць Папа Францішак. 26 красавіка адбылося яго пахаванне ў Ватыкане. У пахаванні ўдзельнічала дэлегацыя афіцыйных прадстаўнікоў Касцёла ў Беларусі. У мінскім архікатэдральным касцёле ў гэты дзень адбылася Імша за Папу. Напярэдадні за спачылага Пантыфіка маліліся ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы.

6. Абраны новы Папа Леў XIV

8 мая, на другі дзень канклава, у Ватыкане быў абраны новы Папа. Ім стаў амерыканскі біскуп Роберт Фрэнсіс Прэвост, які ўзяў сабе імя Леў XIV. З нагоды яго абрання арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі скіраваў новаму Папу ліст з віншаваннямі.

7. Пасвячэнне чатырох новых дыканаў у Віцебскай дыяцэзіі

24 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) адбылося пасвячэнне ў дыяканы чатырох кандыдатаў: семінарыстаў рыма-католікаў Антона Тышко і Андрэя Януля, а таксама семінарыстаў візантыйскага абраду Арцёма Калугіна і Валерыя Гаўрута.

8. Кармэль у Мінску

7 чэрвеня ў парафіі Божага Цела і манаскай супольнасці кармэлітаў босых у Мінску адбылася «цудоўная і доўгачаканая ўрачыстасць» — пасвячэннне новазбудаванага касцёла Божага Цела. Гэты касцёл быў пабудаваны як вотум беларускага народа за дар сакрамэнту Эўхарыстыі. 

9. Будслаўскі фэст

Традыцыйна самай прыкметнай падзеяй лета стаў фэст, які праходзіў з 4 па 5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. У 2025 годзе споўнілася 35 год з моманту аднаўлення пілігрымак у гэтае святое месца. Адметнасцю сёлетняга фэсту стала прысвячэнне Касцёла ў Беларусі  Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці, якому папярэднічала духоўная падрыхтоўка на працягу дзевяці месяцаў у кожную першую суботу.

10. Новыя рэктар і прэфект духоўнай семінарыі ў Гродне

26 верасня быў прызначаны новы рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне — ксёндз Ян Раманоўскі,  а 29 кастрычніка — новы прэфект ксёндз доктар Андрэй Скамарошка.

11. IX Ружанцовы кангрэс

4 кастрычніка ў Магілёве адбыўся традыцыйны IX Ружанцовы кангрэс, прысвечаны тэме «Маці Божая Успамога Хрысціянаў у салезіянскай духоўнасці». Мерапрыемства сабрала вернікаў з усіх куткоў Беларусі, каб дапамагчы ім паглыбіцца ў марыйную лінію салезіянскай духоўнасці праз прызму жыцця і спадчыны святога Яна Боска, святой Марыі Мадзарэла, благаслаўлёнай Александрыны да Коста, а таксама святога Дамініка Савіа і благаслаўлёнай Лаўры Вікуньі.

12. Пачатак Агульнабеларускай навэнны да Крыві Хрыста

4 кастрычніка  згодна з распараджэннем арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, у Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе адбыўся пачатак Агульнабеларускай навэнны — малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, стала кожная першая субота месяца. Навэнна працягнецца да 6 чэрвеня 2026 года.

13. Найбольшая ў гісторыі пілігрымка беларусаў у Рым

З 17 па 22 кастрычніка адбылася «Пілігрымка надзеі» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Базыліку Cвятога Пятра, якая аб’яднала разам вернікаў з усіх чатырох дыяцэзій Беларусі і стала самай масавай у гісторыі нашай краіны. За час падарожжа пілігрымы на аўтобусах пераадолелі агульны шлях у 5 000 км і наведалі 4 юбілейныя святыні ў розных краінах Еўропы.

14. 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі і прыезд спецпасланніка Папы

Найвялікшая па плошчы дыяцэзія Беларусі — Пінская — з 24 па 26 кастрычніка ўрачыста святкавала 100-годдзе свайго ўтварэння. На святкаванне Папа Леў XIV прызначыў свайго легата — былога Апостальскага нунцыя ў Беларусі кардынала Клыўдыё Гуджэроці, да якога скіраваў адмысловы ліст.

24 кастрычніка адбылося пасвячэнне касцёла святога Бэнэдыкта ў Пінску і прыбыццё спецпасланніка Папы. 25 кастрычніка папскі легат узначаліў Імшу ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 26-га — прамовіў катэхезу для моладзі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, дзе адбывалася штогадовая Сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. 

15. V Малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і Pro-life

З па лістапада пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) у пяты раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. Мэтай яго правядзення было пакаянне за грахі беларускага народа супраць ненероджанага жыцця і традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей.

16. Вызваленне святароў

Доўгачаканай і радаснай падзеяй стала вызваленне ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча OMI. Непасрэдны і важкі ўдзел у працэсе прымалі Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыё Чэффаліа і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

17. IT for Christ

29 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным у цэнтры ў трэці раз прайшла канферэнцыя «IT for Christ», якая сабрала 60 удзельнікаў розных канфесій  — адмыслоўцаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. 

18. Чатыры новыя дыяканы у Гродзенскай дыяцэзіі

6 снежня ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксаверыя чацвёра студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прынялі дыяканскае пасвячэнне. Гэта Максім Ваўчок, Дзмітрый Роўны, Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан. Таксама ў гэты дзень адзначалася 320-годдзе з часу асвячэння гродзенскай катэдры.

19. Пажар у касцёле ў Сапоцкіне

14 снежня, каля 7 гадзін раніцы, у мястэчку Сапоцкін (Сапоцкінскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) здарыўся пажар у мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча — адной з найстарэйшых каталіцкіх святынь Беларусі. У першы ж дзень пасля пажару каля ста чалавек, парафіян і неабыякавых людзей не толькі з Сапоцкіна, але таксама з Гродна і іншых мястэчак, адгукнуліся на бяду. Падзея ўскалыхнула грамадскасць. Распачатыя працы па аднаўленні святыні, якія патрабуюць матэрыяльнай дапамогі.

20. Тры касцёлы сталі найлепшымі аб'ектамі рэлігійнага турызму ў Беларусі

20 снежня касцёлы ў РужанахУселюбе і Іўі былі аб’яўленыя пераможцамі ў намінацыі «Аб’екты рэлігійнага турызму» ў рэспубліканскім конкурсе «Пазнай Беларусь».

21. Выданне Пяцікніжжа

20 снежня ў Пастаральным цэнтры імя святога Дамініка Савіа ў Бараўлянах адбылася падзея сапраўды гістарычнага маштабу — прэзентацыя афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову. Урачыстасць сабрала іерархаў Каталіцкага Касцёла, прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігійных абшчын Беларусі, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, а таксама шматлікіх вернікаў.

Абноўлена 29.12.2025 18:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця