Пошук

01.01.2025 23:59   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2025 года, напярэдадні ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыўся ўрачысты абрад адкрыцця юбілейнай святыні 2025 года.

Узначаліў гэты адмысловы абрад, што адбываецца толькі раз на 25 гадоў, і цэлебрацыю святой Імшы, якая яго суправаджала, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Раней арцыпастыр прызначыў малую базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе адной з трох у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі юбілейных святыняў Святога 2025 года.

Тут на працягу Юбілею, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», можна атрымаць поўны адпуст пры выкананні звычайных умоваў.

Познім вечарам вернікі з Будслава і іншых мясцін сабраліся перад уваходам у будслаўскі касцёл.

Працэсія, на пачатку якой міністранты неслі крыж — сімвал хрысціянскай надзеі, што знаходзіцца ў цэнтры сёлетняга Юбілею, — выйшла з плябаніі і скіравалася ў бок святыні.

Перад зачыненымі цэнтральнымі дзвярыма базылікі арцыбіскуп Станеўскі прамовіў належныя малітвы, а ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі з Гродзенскай дыяцэзіі, які ўжо традыцыйна штогод бярэ ўдзел у навагодніх цэлебрацыях у Нацыянальным санктуарыі, прачытаў фрагмент Евангелля паводле Яна, дзе Езус кажа, што Ён — дарога, праўда і жыццё.

Пасля гэтага арцыбіскуп Станеўскі сваім пастырскім посахам — біскупскім пастаралам — гучна тройчы ўдарыў у зачыненыя дзверы святыні.

Адчыніўшы іх, арцыпастыр правёў сабраных людзей, нібы праз браму збаўлення, усярэдзіну базылікі, дзе ўсіх пілігрымаў чакаў Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце і Святая Багародзіца Марыя ў Яе цудадзейным Будслаўскі абразе.

Уваходзячы ў святыню, арцыпастыр трымаў за руку дзіцятка — наймалодшага будслаўскага міністранта, — нібы жывое ўвасабленне надыходзячага Новага, юбілейнага года хрысціянства і новай будучыні Касцёла на Беларусі.

Ушанаваўшы алтар і прывітаўшы прысутных, у тым ліку святароў, сярод якіх былі ксёндз прэлат, грэміяльны канонік Уладзіслаў Завальнюк і ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, арцыбіскуп акрапіў усіх асвячонаю вадою на знак ачышчэння, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на таямніцы Богаўцелаўлення — адной з цэнтральных падзей у гісторыі збаўлення, — адзначыўшы, што Будслаўскі санктуарый з’яўляецца «беларускім Бэтлеемам», дзе Хрыстус сваёю ласкаю нараджаецца ў сэрцах вернікаў дзякуючы матчынаму заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Мы глядзім разам з Марыяй і з Юзафам на гэтае Божае Дзіця, Езуса Хрыста, які прыйшоў, каб нас аднавіць, каб нас збавіць, каб мы адчулі сябе сапраўды Божымі дзецьмі», — падкрэсліў арцыпастыр.

Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім у апошнія хвіліны адыходзячага, 2024 года ўсе прысутныя адспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» як выраз падзякі за пражыты год і малітву аб тым, каб Бог бяспечна вёў свой пілігрымуючы народ у нябесны Ерузалем, сцярог ад грахоў і не пакінуў сваіх падданых без апекі на зямным шляху.

Роўна апоўначы арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету, просячы ў Бога для ўсіх людзей на зямлі Божых ласкаў, а асабліва дару міру ў Сусветны дзень малітваў за мір, які адзначаецца 1 студзеня.

Пасля Імшы ўсе прысутныя — ад найменых да найстарэйшых — абменьваліся святочнымі віншаваннямі, найлепшымі пажаданнямі на распачаты Новы год і дзяліліся традыцыйнымі каляднымі аплаткамі.

 

Абноўлена 02.01.2025 10:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа