Пошук

30.04.2025 15:02   Тэкст: Вольга Наскова / Фота: Сяргей Сінкевіч, Леанід Мацко / Catholic.by

У свята Божай Міласэрнасці, 27 красавіка, у гадзіну Божай Міласэрнасці ў мінскім кадэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святочная Імша за ўсіх наведвальнікаў стацыйных касцёлаў — «пілігрымаў надзеі».

Па благаслаўленні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, падчас Вялікага посту ў 2025 годзе ў Мінску чарговы раз у паасобных сямі касцёлах сталіцы штодзённа адбываліся адмысловыя набажэнствы са спевам традыцыйных «Песняў жальбы», тэматычным разважаннем і магчымасцю споведзі. У гэтым Юбілейным годзе падчас стацыйных набжэнстваў былі прадстаўлены выбраныя ўрыўкі з апошняй энцыклікі святой памяці Папы Францішка Dilexit nos, якая прысвечана чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста.

Вернікі, якія на працягу Вялікага посту наведалі ўсе стацыйныя касцёлы (мінімум адзін раз) былі запрошаныя Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім на супольную Эўхарыстыю ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. Паколькі пастыр архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф не мог прысутнічаць асабіста па прычыне ўдзелу ў пахаванні Святога Айца Папы Францішка ў Рыме, святую Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з ім маліліся два біскупскія вікарыі — ксёндз канонік доктар Ян Крэміс і ксёндз канонік Францішак Рудзь, — якія разам з іншымі святарамі, што служаць у стацыйных касцёлах, на працягу Вялікага посту актыўна спрычыніліся да правядзення згаданых набажэнстваў у Мінскім рэгіёне.

На пачатку літургіі ксёндз Ян прывітаў прысутных і нагадаў усім пра ініцыятыву правядзення ў Мінскім пастырскім рэгіёне стацыйных набажэнстваў, а таксама заахвоціў да малітвы за памерлага Папу Францішка і аб дарах Духа Святога для кардыналаў у выбары новага Біскупа Рыма.

Падчас гаміліі біскуп Юрый, разважаючы над біблійнымі чытаннямі нядзелі Божай Міласэрнасці, засяродзіў увагу на тым, якой павінна быць наша вера і сведчанне жыцця сапраўдных вучняў уваскрослага Хрыста. Некалькі разоў на працягу сваёй прамовы біскуп абуджаў духоўную увагу слухачоў велікодным заклікам «Хрыстус Уваскрос»!

Цэлебрацыя святой Імшы завяршылася пастырскім благаслаўленнем, перад якім біскуп Юрый падзякаваў святарам і ўсім удзельнікам, а таксама хору парафіі святых Сымона і Алены.

Затым усе «пілігрымы надзеі» — а іх больш за 100 асобаў — атымалі памятны медаль і пасведчанне пілігрыма, якія былі падрыхтаваныя ксяндзом канонікам Юрыем Санько па даручэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Удзельнікі дзякавалі святарам стацыйных касцёлаў, якія іх велікадушна прымалі ў сваіх святынях, а таксама выказвалі зацікаўленасць і надзею да правядзення такіх набажэнстваў у наступным годзе ў касцёлах Мінска.

Сустрэча закончылася супольным фотаздымкам.

Абноўлена 30.04.2025 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця