Вялікі чацвер у традыцыі Касцёла — гэта дзень успаміну ўстанаўлення Езусам Хрыстом двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і пасвячэння.
У сувязі з гэтым штогод раніцай у Вялікі чацвер у Пінскай катэдральнай базыліцы цэлебруецца святая Імша Хрызма, падчас якой адбываецца некалькі важных абрадаў. Біскуп цэлебруе гэтую літургію разам са святарамі, сабранымі з усёй дыяцэзіі. У часе літургіі асвячаецца алей хрызма, які служыць на працягу года для цэлебрацыі сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння. Таксама асвячаецца алей хворых, які выкарыстоўваецца ў сакрамэнце намашчэння хворых.

Асаблівым момантам літургіі з’яўляецца штогадовае аднаўленне святарскіх абяцанняў, якія былі складзеныя кожнай духоўнай асобай пры прыняцце сакрамэнту пасвячэння. Гэта абяцанні жыцця ў паслухмянасці біскупу і цэлібаце.

У сувязі з памяткай устанаўлення сакрамэнту пасвячэння, вернікі ў Вялікі чацвер павіншавалі святароў з іх “прафесійным святам” і выказалі словы падзякі за іх пастырскае і сакрамэнтальнае служэнне.

Сёлета падчас цэлебрацыі Імшы Хрызма ў катэдральным касцёле ў Пінску ў Вялікі чацвер вернікі разам са святарамі выказалі словы падзякі і віншаванняў біскупу Антонію Дзям’янку за яго шматгадовае ахвярнае пастырскае служэнне.









































































