Пошук

03.04.2026 22:51   Тэкст: Лаліта Арлоўская / Фота: Марына Сінкевіч, Леанід Юрык / Паводле: catholicnews.by

1 красавіка, у Вялікую сераду, у Катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага па добрай традыцыі сабраліся святары з усёй Віцебскай дыяцэзіі, каб аднавіць святарскія абяцанні і асвяціць алей хрызма, алей катэхуменаў і алей, якім намашчаюць хворых.

Калі вернікі збіраліся на святую Імшу, а міністранты і хор старанна рыхтаваліся да здзяйснення сваіх паслуг, зусім побач з касцёлам, у канферэнц-зале, адбывалася яшчэ адна цікавая падзея — замена крыжоў-дыстынкторыяў грэміяльных канонікаў Катэдральнага капітула Віцебскай дыяцэзіі.

Крыж-дыстынкторый — гэта асаблівы нагрудны крыж, які носяць канонікі Катэдральнага капітула як бачнае сведчанне сваёй адказнасці Касцёлу і ўдзелу ў жыцці дыяцэзіі.

Таксама біскуп Віцебскі дазволіў грэміяльным канонікам накладаць крыж-дыстынкторый на арнат падчас цэлебрацыі святой Імшы.

На пачатку святой Імшы прысутных прывітаў біскуп Алег Буткевіч. «Гэтая Імша асаблівым чынам падкрэслівае адзінства прэзбітэрыя дыяцэзіі, таму вельмі радуюся вашай прысутнасці», — сказаў іерарх, асабліва вітаючы архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі, дырэктара Карытас Беларусь ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча, канонікаў Катэдральнага капітула і іншых прысутных святароў.

Падчас гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на дзве адметныя рысы Імшы Хрызма. Першая з іх — гэта аднаўленне святарскага запавету з Езусам Хрыстом. Не проста прысягі, а менавіта запавету. Прысягі і абяцанні нібыта маюць больш юрыдычны характар, у той час як запавет мае на ўвазе адносіны з Асобай — Богам. Езус Хрыстус спадзяецца на нас, нашу вернасць, таму дае ўдзел у сваім святарстве, — сказаў іерарх, звяртаючыся да святароў. — Запавет не абмяжоўвае, а пакідае за чалавекам права выбару. А разам з ім дае пачуццё адараванасці і разуменне, што камусьці наша служба будзе патрэбна. Менавіта такі запавет жадаем сёння аднавіць».

Затым біскуп адзначыў, што другім аспектам гэтай Імшы з’яўляецца асвячэнне алею хворых, алею катэхумэнаў і алею хрызма. «Няхай тыя, хто будзе карыстацца гэтымі алеямі ці ў якасці распарадчыкаў, ці тымі, хто будзе прымаць гэтую Божую ласку, няхай чыняць гэта з адноўленым сэрцам, цалкам адданым Хрысту», — прамовіў іерарх.

Пасля гаміліі адбылася ўрачыстае аднаўлення святарскіх абяцанняў. «Хачу… хачу… хачу», — раз за разам гучаў стройны хор галасоў, адказваючых на пытанні біскупа. А калі пытанні скончыліся пастыр Віцебскай дыяцэзіі заахвоціў вернікаў маліцца за сваіх святароў.

У канцы Імшы біскуп Алег асобнай малітвай падзякаваў Богу «за сустрэчу, за ласку асвячэння алею, за новых кандыдатаў да святарства». Пасля чаго ён павіншаваў ксяндза прэлата каноніка Францішка Кіселя і ксяндза Чэслава Курэчку, якія ў гэты дзень адзначалі дзень нараджэння. Затым іерарх яшчэ раз падзякаваў святарам, законным сёстрам і свецкім вернікам за прысутнасць.

Завяршылася прамова шчырымі пажаданнямі на свята Вялікадня:

«Жадаю ўсім нам, каб гэты час, у які ўваходзім, час святкавання найбольшай і найважнейшай падзеі ў жыцці чалавека — Уваскрасенне Пана — быў для нас сапраўды радасным і напоўненым глыбокімі перажываннямі».

Абноўлена 04.04.2026 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.