Пошук

27.07.2017 09:56   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

26 ліпеня Каталіцкі Касцёл успамінае святых Яўхіма і Ганну, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Касцёл Святой Тройцы ў Жодзішках, у бочным алтары якога знаходзіцца абраз св. Ганны, у мінулую нядзелю адзначыў парафіяльны фэст. Святая Ганна з’яўляецца апякункай парафіі.

Традыцыйна фэст збірае шмат вернікоў і гасцей з суседніх парафій. У гэтым годзе парафія ў Жодзішках адзначае 450-годдзе з моманту заснавання. У гонар юбілею перад касцёлам усталявалі фігуру Маці Божай. Яе фундатарам выступіў мінчук Франц Жылка, які паходзіць з гэтай парафіі.

«Добрае дрэва дае добрые плады»

«Кожная святая Імша — гэта асабістае спатканне з Богам. Цяпер, напярэдадні ўспаміну нашай заступніцы мы асаблівым чынам ўзносім нашыя малітвы, просьбы і падзякі да Пана Бога. Збіраемся разам ў святыні, каб праславіць святую Ганну і выпрасіць патрэбныя ласкі для нашай парафіі, — адзначыў на распачацце Імшы пробашч парафіі кс. Павел Калеснік.

Святую Імшу ўзначаліў дэкан Смаргонскага дэканата і пробашч парафіі ў Солах кс. Леанард Станкоўскі. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з Астраўца, Вішнева, Крэва і Павяцця. Божае слова прамовіў канонік парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Андрэй Аніскевіч.

У сваёй гаміліі святар гаварыў пра Божую задумку, якая падкрэслівае важнасць мацярынства і сям’і:

«Мацярынства — гэта самае галоўнае для жанчыны. Толькі адзін чалавек заўсёды зразумее дзіця — яго маці. Мы добра ведаем, што калі чалавек вучыцца гаварыць, то адным з першых яго слоў становіцца “ма-ма”. Сапраўдная маці — гэта тая, якая аддасць усё да апошняга, каб толькі былі шчаслівыя яе дзеці. Вось такой маці была святая Ганна, да якой мы сёння ўзносім нашыя малітвы».

 

Як адзначыў святар, маці Марыі была святая, бо добрае дрэва дае добрые плады, дрэннае ж дрэва не можа даць добрага плоду. Святая Ганна была «прыкладам мацярынства і адданнасці, любові і падтрымкі».

«Часамі нам вельмі цяжка, але трэба першаму падаць руку, не варта хаваць у сваім сэрцы злосць і крыўду. Трэба спяшацца любіць, прабачаць, спяшацца быць добрымі і справядлівымі. Бог заўсёды вядзе чалавека за руку, толькі чалавек часамі не хоча трымацца за руку Бога», — дадаў святар.

На заканчэнні святочнай літургіі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.  

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця