З 20 па 22 лістапада ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) пры касцёле святога Арханёла Міхала адбыліся рэкалекцыі Альфа-ўікэнда, які стаў сапраўдным часам ласкі, абнаўлення і глыбокай малітвы.
Сустрэча была цалкам прысвечана таямніцы асобы і дзеяння Духа Святога ў жыцці Касцёла і кожнага хрысціяніна. Каля 120 ўдзельнікаў з мінскіх парафій (Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, Божага Цела і з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра) прадстаўлялі сталіцу. Гэта былі не толькі актыўныя служачыя, але і вернікі, якія разам шукалі абнаўлення ў веры і новых сіл для далейшага служэння.
Як і заўсёды, кіраўніком духоўных практыкаванняў быў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала. Праграма ўікэнда была насычанай і дазваляла ўдзельнікам усебакова спазнаць прысутнасць Бога.

Ключавымі момантамі малітоўных сустрэч сталі сумесныя святыя Імшы, якія глыбока ядналі ўсіх сабраных вакол алтара, і асабліва начная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — час цішыні, пакланення і асабістага спаткання з Хрыстом, дзе сэрцы ўдзельнікаў адкрываліся на ціхі голас Духа Суцяшальніка.
Неад’емнай і вельмі важнай часткай праграмы былі лекцыі-катэхезы, якія дапамаглі слухачам лепш зразумець, хто такі Дух Святы, Яго ролю ў гісторыі збаўлення, а таксама навучылі адрозніваць Яго натхненні ў штодзённым жыцці і прымаць Яго дары.
Вялікая ўвага была нададзена заступніцкай малітве. Удзельнікі вучыліся маліцца адзін за аднаго, прыносячы свае патрэбы Богу з верай і даверам. Гэтыя малітвы суправаджаліся глыбокім духоўным вопытам, калі ўдзельнікі рэальна адчувалі падтрымку і аздараўлячую моц Духа Святога.

На завяршэнне ўікэнда удзельнікі сустрэліся на шчырай размове, каб падзяліцца асабістымі сведчаннямі.
Многія адзначылі, што менавіта тут, у Навагрудку, яны зноў адчулі той самы «верхні пакой», дзе Дух Святы праліўся на апосталаў Хрыста і Марыю.
Альфа-ўікэнд у касцёле Арханёла Міхала стаў не проста падзеяй, а сапраўдным духоўным штуршком. Яго ўдзельнікі вярталіся дадому напоўненымі радасцю, мірам і гарачым жаданнем несці святло і сілу Духа Святога ў свае мінскія прыходы, сем’і і штодзённае жыццё.















