16 лістапада, будучы ў лучнасці з вернікамі, якія сабраліся ў Вострай Браме ў Вільні, ля трона Маці Міласэрнасці, у дзень Яе ўрачыстасці, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня ККББ, узначаліў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
Вернікі Мінска, якія паходзяць з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны сабраліся ля абраза Маці Божай Вастрабрамскай у аднаіменнай капліцы, дзе змешчаны абраз Маці Божай Міласэрнасці. Сённяшні выгляд абраза паўстаў дзякуючы намаганням ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, колішняга пробашча мінскай катэдры, па ініцыятыве і пры падтрымцы якога вернікі зрабілі і ўсклалі на новыя шаты для Маці Божай.
Арцыбіскуп маліўся падчас святой Імшы ва ўсіх інтэнцыях з якімі вернікі прыходзяць у «мінскую Вострую Браму», а асабліва за моладзь і дзяцей, каб так як іх продкі, даверылі сваё жыццё апецы Маці Міласэрнасці.
У прамоўленай гаміліі Мітрапаліт заўважыў, што калі мы прамаўляем словы «Маці Божая Вастрабрамская», у сэрцы кожнага беларуса-католіка абуджаецца асаблівая цеплыня. Паводле яго, гэта не проста геаграфічная назва, кіруючыся якой «нашыя дзяды і прадзеды з Ашмяншчыны і Гродзеншчыны, з Міншчыны і Палесся, з Віцебшчыны і Магілёўшчыны ішлі пешшу ў Вільню, каб стаць на калені на халодным бруку перад адчыненым акном святыні», ці нейкі гістарычны помнік.
«Вострая Брама — гэта духоўны дом, намолены многімі пакаленнямі нашых продкаў»,
— моцна падкрэсліў ён.
Нашыя папярэднікі неслі ў Вострую Браму «свае слёзы і надзеі, маліліся за свае сем’і, за ўраджай, за супакой на роднай зямлі. А вяртаючыся дадому, неслі з сабою копіі гэтага святога абраза, якія і сёння ўпрыгожваюць галоўныя алтары нашых касцёлаў і пачэсныя куты ў нашых дамах».
«Вострая Брама стала тым непарыўным мостам веры, які яднае нашыя народы і пакаленні»,
— акрэсліў арцыпастыр.

Далей іерарх разважаў над марыйным тытулам «Маці Міласэрнасці», аб якім сведчыць лацінскі надпіс, які залатымі літарамі змешчаны на Вострай Браме: «Mater Misericordiae, sub Tuum praesidium confugimus» — «Маці Міласэрнасці, Тваёй абароне аддаемся».
Прамоўца прыгадаў, што ў 1993 годзе ў Вастрабрамскай капліцы маліўся святы Папа Ян Павел ІІ. Ён, звяртаючыся да пілігрымаў з розных краін, прамовіў прарочыя словы: «Хрысціяне з Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і з іншых краін прыбываюць сюды, каб перад абліччам Маці Божай дзяліцца адно з адным, як браты і сёстры, той самай верай, супольнай надзеяй, адной любоўю». Як жа важна, лічыць арцыпастыр, сёння памятаць пра гэты запавет Вялікага Папы.
«Марыя не дзеліць нас — Яна збірае сваіх дзяцей пад адным матчыным плашчом, вучыць нас братэрству, згодзе і ўзаемнай павазе»,
— звярнуў увагу ён.
А праз чвэрць стагоддзя, у верасні 2018 года, ля падножжа Вастрабрамскай Пані маліўся Папа Францішак. Святы Айцец звярнуў увагу на адну надзвычай важную асаблівасць гэтага абраза: на ім Марыя прадстаўлена адна, без Дзіцятка Езуса на руках. Чаму? Папа Францішак патлумачыў гэта так:
«Гэтая Маці без Дзіцяці, у ззянні золата, з’яўляецца Маці кожнага. У кожным чалавеку, які сюды прыходзіць, Яна бачыць тое, чаго мы самі часта не заўважаем: аблічча свайго Сына Езуса, адбітае ў нашым сэрцы».
Марыя — брама, праз якую Божая міласэрнасць прыходзіць у свет, а малітвы вернікаў узносяцца да Неба. Таму, як падкрэсліў прапаведнік, сённяшні свет, «поўны трывогі, неспакою і выклікаў», асабліва патрабуе Яе заступніцтва. Выразам гэтага жадання можа быць малітва святога Максімімльяна Марыі Кольбэ: «Маці Божая Вастрабрамская, Ты не маеш на руках Дзіцятка Езуса, дык вазьмі мяне на рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё».
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў прысутных быць для іншых сведкамі і прыладамі Божай міласэрнасці, гэта значыць не баяцца «адчыняць дзверы нашых сэрцаў для прабачэння, спагады і дапамогі тым, хто патрабуе нашай падтрымкі».
Завяршэннем прамовы стала малітва, узнесеная да Маці Міласэрнасці: «Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці! Атулі сваёй апекай нашыя сем’і, моладзь, хворых і самотных. Выпрасі ў свайго Сына ласку супакою, згоды і дабрабыту для нашай роднай Беларусі і для ўсяго свету. Маці Міласэрнасці, Тваёй абароне аддаемся!»
Пасля Імшы іерарх разам з вернікамі прамовілі малітву «Тваёй Абароне аддаёмся...» у капліцы Маці Міласэрнасці, дзе, як у вершаванай форме заўважыў арцыпастыр,
«не гасне
полымя свечак удзячнасці
і просьбы вернага люду,
дзе нанова запальваецца
пад чулай апекай
Божай Маці
вера ў сэрцы чалавека».
«І няхай так будзе заўсёды:
наш давер і Марыі апека»,
— дадаў ён.







