Пошук

20.11.2026 14:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Жанна Закрэўская, з архіву парафіі ў Свіры / Catholic.by

16 лістапада, ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, вялікая колькасць пілігрымаў з Беларусі малілася перад цудадзейным абразом Маці Міласэрнасці ў Вільні.

Маці Божая Вастрабрамская — адна з найбольш шанаваных Марыйных святыняў сярод беларускіх католікаў, асабліва на землях, якія гістарычна ўваходзілі ў склад Віленскай архідыяцэзіі.

У Вільні святкаванні ў Яе гонар адбываюцца на працягу тыдня і называюцца Апекамі Маці Божай.

Сёлета Апекі распачаліся ў нядзелю 15 лістапада.

Геаграфічна блізкая і такая родная для беларускіх католікаў Вільня стала ў апошні час далёкай з-за шматлікіх складанасцяў у перасячэнні мяжы. У мінулым годзе падчас Апекаў мяжа наогул была закрытая па рашэнні літоўскіх уладаў, таму пілігрымы з Беларусі былі пазбаўлены магчымасці трапіць у Вострую Браму.

Затое сёлета, у сам дзень урачыстасці, да Маці Міласэрнасці прыбылі пілігрымы з розных мясцін і дыяцэзій нашай краіны.

У межах праекту Viam Dei — «Божым шляхам» — прыехалі некалькі дзясяткаў пілігрымаў на чале з ксяндзом канонікам Юрыем Санько, пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Акрамя таго, у ранішняй святой Імшы ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме бралі ўдзел пілігрымы са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) на чале са Смаргонскім дэканам ксяндзом канонікам Антоніем Казлоўскім, пробашчам парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе, а таксама пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) ксёндз Мікалай Гракаў. Святар даставіў у Вільню для пасвячэння абраз Маці Божай Вастрабрамскай, зроблены ўмелымі рукамі таленавітых спецыялістаў беларускай касцёльнай майстэрні Sacris vestibus пры кляштары Меншых Братоў Капуцынаў у Маладзечне.

Абрад благаслаўлення абраза падчас святой Імшы здзейсніў шматгадовы пробашч парафіі ў Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, які больш за 30 гадоў аддана служыў у Беларусі, а цяпер нясе служэнне ў парафіі Уваскрасення Пана ў Варшаве (Польшча).

Пасля Імшы гэты абраз быў змешчаны побач з цудадзейнай іконай Маці Міласэрнасці ў Вострай Браме, і перад ім адбылася кароткая малітва ўсіх прысутных вернікаў.

Благаслаўлёны ў Вільні абраз вярнуўся ў Беларусь, у свірскую парафію, дзе распачалася яго перэгрынацыя, прымеркаваная да 100-гадовага юбілею каранацыі іконы Маці Божай Вастрабрамскай папскімі каронамі, што адбылася 2 ліпеня 1927 года.

На працягу ўсіх васьмі дзён Апекаў у Вільні маліліся вернікі з Беларусі, а таксама нашыя суайчыннікі з-за мяжы. Адмысловая святая Імша на беларускай мове традыцыйна адбудзецца ў касцёле святой Тэрэзы ў суботу, 21 лістапада, а 15-й гадзіне. У ёй можна будзе ўдзельнічаць анлайн дзякуючы прамой трансляцыі з санктуарыя ў Вільні.

 

Абноўлена 20.11.2026 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа