
Асоба Казіміра Сваяка (у свеце — Канстанціна Стаповіча) нагадвае прамень, які прабівае шматвяковую імглу: святар, прамоўца, драматург і паэт, ён здолеў змясціць у кароткае, але надзвычай ёмістае жыццё любоў да Бога і да роднага слова.
Радкі класіка беларускай літаратуры Міхася Машары як нельга лепш адлюстроўваюць лёс чалавека, чый голас не змоўк нават пасля таго, як зямное жыццё абарвалася:
«…Хоць ты і змоўк…І хоць ліра разбітаІ хоць новыя страты баляць, —Над краінай туманам спавітай, —Тваіх песняў акорды звіняць».
Гаміліі Казіміра Сваяка краналі найтанчэйшыя струны душы, прымушалі суразмоўцаў глядзець у глыбіню ўласнага сэрца, а паэтычны талент стаў для яго тым самым мастком, праз які ўвекавечаная думка перадаецца з пакалення ў пакаленне. У клюшчанскай парафіі памяць пра слыннага земляка беражліва захоўваецца да сённяшняга дня, нібы святы агонь, які запальвае сэрцы новых пакаленняў.
28 чэрвеня ў Клюшчанах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) адбылася падзея, якая яшчэ раз пацвердзіла: творчасць сапраўднага таленту не мае тэрміну даўнасці. Святая Імша і літаратурная імпрэза, прысвечаная 100-й гадавіне смерці ксяндза Канстанціна Стаповіча, сабрала ў плябаніі тых, для каго яго духоўны запавет з’яўляецца жыццёвым арыенцірам. Эўхарыстыю ў гонар нябеснага заступніка ўрачыста цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пробашч ксёндз канонік і дэкан Астравецкі Анатоль Захарэўскі. Пробашч парафіі прывітаў сабраных з гэтай нагоды вернікаў і святароў: пробашча парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Камаях (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) ксяндза Яцэка Хутмана, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) ксяндза каноніка Алега Мурзіча, Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) ксяндза Юрыя Кузьміча, святога Юрыя ў Варнянах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) ксяндза Віктара Захарэўскага, а таксама Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) ксяндза Дзмітрыя Дубовіка. Падчас Імшы прысутныя маліліся за вернікаў і святароў, якія працавалі ў Клюшчанах, а таксама асабліва ўзгадалі Казіміра Сваяка.
Біскуп Алег Буткевіч пачаў сваё слова з цытаты з Евангелля:
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне» (Ян 13, 16-20).
Гэтыя словы Езуса заахвочваюць шанаваць чалавека — і менавіта такое спалучэнне хрысціянскай навукі з беларускай мовай і культурай імкнуўся ўвасобіць Казімір Сваяк.
Далей іерарх расказаў пра жыццё Сваяка, яго духоўныя пошукі і дарогу да Бога. Ён звярнуў увагу на тое, як вера і нацыянальная свядомасць перапляталіся ў жыцці святара, і падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць — не проста памятная дата, а нагода задумацца пра ўласныя карані і пакліканне.
Невыпадкова менавіта ў гэты дзень у Клюшчаны прыбыла копія абраза Маці Божай Міласэрнасці.
Сімвалічна, што ў дзяцінстве Сваяк разам з бацькам наведваў Вострую Браму, і гэты абраз меў уплыў на яго святарскае пакліканне. Парафіяне разам са святарамі віталі абраз і маліліся перад ім.
Атмасфера ўрачыстасці аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў і поглядаў: разам з мясцовымі парафіянамі прыбылі нашчадкі камайскіх вернікаў, жыхары з роднай вёскі паэта і землякі з наваколля: католікі і праваслаўныя, старэйшыя і малыя. У гэтым ціхім месцы перапляліся лёсы тых, хто ведаў Казіміра Сваяка асабіста, і тых, хто адкрывае яго праз радкі, напісаныя паўстагоддзя таму.
Па завяршэнні Імшы нядзельны дзень афарбаваўся ў чыстыя колеры паэзіі: адбылася імпрэза. Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень было сказана пра Казіміра Сваяка. Гучалі вершы — ад узнёслых медытацый і глыбокіх роздумаў на евангельскія тэмы да народных балад і нават жартаўлівых прыпевак, у якіх прысутнічае жывы народны гумар.
Удзельнікі не толькі чыталі запаведныя радкі, але і дзяліліся малавядомымі фактамі з жыцця святара, набліжаючы яго вобраз да сучаснікаў.
Аздобіў мерапрыемства сваёй музыкай і спевамі Максім Іўкін.
У сэрцах прысутных на гэтай сустрэчы вернікаў, якія пакідаюць святыню, застаецца асаблівая цеплыня. Гэта не проста ўспамін, а часцінка той вялікай, вечнай любові, якая не заканчваецца, а працягвае жыць.







































