Пошук

24.08.2026 09:40   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант, Жанна Мецеж / Фота: Ірына Гайдамовіч / Catholic.by

Удзень у суботу 22 жніўня, калі ў літургіі Касцёла адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія) прайшло святкаванне другога дня ўрачыстасцей, прысвечаных ушанаванню Марыі ў Яе цудадзейным абразе.

Бліжэй да поўдня распачалася цэнтральная падзея святкавання — урачыстая святая Імша, цэлебраваная на палявым алтары-караблі, дзе сваё пачэснае месца заняла копія цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай. Трансляцыю літургіі вёў тэлеканал «Беларусь 3» і «Радыё Марыя Беларусь».

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яе адметнасцю стала прысутнасць на ёй прадстаўніка Папы Льва XVI у Беларусі Апостальскага нунцыя Іньяцыё Чэффаліа. Сярод іерархаў, якія прыбылі ў Браслаў, былі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Канцэлебравалі Імшу некалькі дзясяткаў святароў. Асобна вылучаліся ў сваім адмысловым адзенні канонікі Віцебскага катэдральнага капітула. Прысутнасць семінарыстаў, дыяканаў, манаскіх асоб і шматлікіх па мерках нестабільнага надвор’я вернікаў стварала малітоўную супольнасць, якая праз заступніцтва Марыі аддае пашану Богу. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады старшыня Браслаўскага райвыканкама Алена Міхайлаўна Бабінская і старшыня Савета дэпутатаў Ніна Антонаўна Кучынская.

На пачатку Імшы біскуп Буткевіч прывітаў усіх прысутных, асабліва вылучыўшы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ён узгадаў акалічнасць сёлетняга святкавання 35-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі і абвясціў, што складае эўхарыстычную ахвяру ва ўсіх інтэнцыях удзельнікаў урачыстасці Маці Божай у Браславе.

Сваю гамілію пастыр распачаў ад радкоў, якія сёння ведае кожны жыхар Прыдзвіння, — афіцыйнага гімна браслаўскага санктуарыя:

«Валадарка азёраў блакітных,
Прад Табой на каленях стаім
І з пакорай узносім малітву:
Паяднай, Маці, з Сынам сваім!»

Гэты спеў, створаны напрыканцы XX стагоддзя ў працэсе адраджэння пашаны да цудатворнага абраза Браслава, стаў не проста літургічным тэкстам, а сапраўднай душой гэтага святога месца. Тэкст гімна спалучае пяшчотную прыгажосць блакітных браслаўскіх азёр і глыбокі хрысціянскі сэнс пакоры і малітвы аб яднанні з Богам. Дзякуючы гэтым рысам спеў па праву лічыцца духоўным сімвалам для ўсіх вернікаў Віцебскай дыяцэзіі.

Біскуп Алег Буткевіч нагадаў, што словы гімна адлюстроўваюць і самую сутнасць хрысціянскай веры — імкненне чалавека да страчанай супольнасці з Творцам, якую сам Бог не можа дазволіць сабе забыць яшчэ з часоў раю. Іерарх звярнуўся да фрагмента з кнігі Апакаліпсіса, дзе святы Ян прадстаўляе вялікі знак на небе — жанчыну, апранутую ў сонца. Як падкрэсліў прамоўца, гэты вобраз — не проста прароцтва, а добрая навіна і жывы знак надзеі для кожнага з нас:

«Марыя  першая з роду ўсяго чалавецтва дасягнула поўнага паяднання з Богам», 

падкрэсліў ён.

Узгадваючы апакаліптычную пачвару, якая імкнецца знішчыць нашчадкаў той жанчыны, «тых, хто захоўвае запаведзі Бога і маюць сведчанні Езуса Хрыста», і тэму бясконцага змагання паміж дабром і злом, біскуп заклікаў кожнага запытацца ў саміх сабе: хто на самой справе кіруе яго жыццём і сэрцам — ці Хрыстус, які трывае з Марыяй,  ці, наадварот, сімвалічны цмок са Святога Пісання?

Як выглядае барацьба з гэтым цмокам, асабліва бачна па гісторыі XX стагоддзя стагоддзя, якое, па словах пастыра, падаравала свету, напэўна, не менш мучанікаў за веру, чым першыя часы хрысціянства.

«Тыя, хто нягледзячы на пагрозу, абараняў сваю веру, разам з Марыяй станавіліся вялікім знакам перамогі перамогі Хрыстовай праўды і Хрыстовай улады»,

падкрэсліў іерарх і прывёў словы евангеліста Яна: «(...) настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага і ўлада памазанніка Ягонага» (Ап 12, 10). «Але дзе ёсць тая ўлада, аб якой кажа Ян?» запытаўся біскуп. І тут жа даў адказ: «Уладу Хрыста трэба шукаць ў саміх сабе».

Як растлумачыў пастыр, гэта улада праяўляецца ў светапоглядзе і ў паслухмянасці ўласнаму сумленню, якое  «з’яўляецца голасам Бога ў сэрцы і душы чалавека». Таму біскуп прапанаваў слухачам паставіць сабе яшчэ адно пытанне: ці разумеем мы, як вернікі, што канчатковай перамогай і вечнай уладай з’яўляецца сам Езус Хрыстус, які корміць нас сваім Целам падчас кожнай Эўхарыстыі? «І такім чынам Ён вяртае нас да супольнасці з сабой, страчанай праз першародны грэх»,   нагадаў іерарх.

Біскуп перасцярог: адмова ад Хрыста і Яго вучэння вядзе да паўтарэння гістарычнага шляху будаўніцтва Бабілёнскай вежы, які менавіта сёння, у эпоху развіцця штучнага інтэлекту, з'яўляецца асабліва спакуслівым.

Спаслаўшыся на энцыкліку папы Льва XIV Magnifica humanitas, пастыр падкрэсліў: людзі стаяць перад выбарам не паміж адказамі «так» і «не» тэхналогіям, а паміж жаданнем будаваць Бабілён, дзе ўлада падпарадкоўвае сабе нябёсы, і імкненнем аднаўляць Ерузалем — горад братэрскага суіснавання ў прысутнасці Бога. «Менавіта такой разважлівасці нам варта вучыцца сёння ля ступ Нябеснай Маці, просячы Яе заступніцтва»,   выказаў упэўненасць біскуп Алег Буткевіч.

На заканчэнне сваёй гаміліі іерарх пажадаў, каб моц Божай любові пасялілася ў «нашых сэрцах і перамяніла нашае жыццё, робячы нас годнымі дзецьмі Божымі» і «каб кожны мог сказаць за апосталам Паўлам: жыву не я, жыве ўва мне Хрыстус (пар. Гал 2, 20)», заклікаў пастыр.

Пасля Камуніі біскуп Віцебскі, стоячы на каленях перад копіяй абраза Маці Божай Браслаўскай, прачытаў Акт прысвячэння Віцебскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панне Марыі. У гэтым акце кожны прысутны меў магчымасць праз заступніцтва Багародзіцы аддаць сваё жыццё Хрысту.

«О Марыя, Маці Божая Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, нашы малітвы і надзеі, каб Ты, наша Маці, магла распараджацца імі як сваёй сапраўднай уласнасцю. Пад Тваёй апекай і кіраўніцтвам мы хочам выконваць усё, што ў нашых сілах, каб на нашай зямлі было моцным Валадарства Хрыста»,

― прамовіў біскуп.

Пасля гэтага ўзнёслага і хвалюючага моманту да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Ён падзякаваў вернікам за іх шматлікую прысутнасць на галоўнай святой Імшы ў санктуарыі і зазначыў, што Марыя «заклікае нас не паддавацца страхам цяперашняга часу, няпэўнасцям, што ахопліваюць свет, ранам, якія пазначаюць нашыя сем’і і нашае грамадства». «Не бойся! Не бойся верыць, не бойся спадзявацца, не бойся сведчыць пра Хрыста ў штодзённым жыцці!» — заклікаў іерарх.

Адносячыся да біблійнай падзеі Адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты, прамоўца назваў яе «жэстам, які падкрэслівае місіянерскую прыроду веры», і заклікаў прысутных да «евангельскага дынамізму» — «быць Касцёлам, які крочыць разам, які ўважліва слухае, суправаджае з міласэрнасцю, служыць са шчодрасцю, які (…) адкрываецца для патрэбаў Божага народа». Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў «берагчы прыгажосць вашай хрысціянскай традыцыі, багатай вернасцю, трываласцю і яскравымі сведчаннямі», але разам з тым клапаціцца «пра тое, каб вашая вера не заставалася толькі звычаем ці толькі спадчынай традыцыі, але каб стала жыццём».

«Беларусь мае патрэбу ў такіх хрысціянах, якія не абмяжоўваюцца толькі назіраннем, але са шчодрасцю прысвячаюць сябе агульнаму дабру, годнасці кожнага чалавека і міру, аб якім мы ўсе молімся»,

— падкрэсліў ён.

Нунцый пераказаў прывітанне Папы Льва XIV і яго апостальскае благаслаўленне і дадаў: «Папа блізкі да вас, падтрымлівае вас і моліцца за Касцёл у Беларусі, каб ён і надалей быў знакам надзеі, еднасці і супакою».

Затым да прысутных звярнулася старшыня Браслаўскага райвыканкама Алена Міхайлаўна Бабінская. Віншуючы прысутных са святам, прадстаўніца мясцовай улады ў сваёй прамове асаблівым чынам падзякавала святарам, якія нясуць служэнне на Браслаўшчыне, за духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі і за добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол святыняў, якія, паводле яе слоў, становяцца не толькі месцамі пакланення, але і кропкамі прыцягнення турыстаў і пілігрымаў. Яна пажадала ўдзельнікам урачыстасці здароўя, доўгіх гадоў жыцця і апекі Маці Божай.

Кусташ браслаўскага марыйнага санктуарыя ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS падзякаваў за прысутнасць Апостальскаму нунцыю арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа, дыяцэзіяльнаму біскупу Алегу Буткевічу і дастойнаму госцю — біскупу Юрыю Касабуцкаму, архімандрыту Сяргею Гаеку, дыяканам і вернікам Грэка-каталіцкай Царквы, святарам — асабліва за служэнне ў сакрамэнце пакаяння, законным сёстрам, прадстаўнікам улады і дзяржаўным службам, літургічнай службе алтара і каталіцкім скаўтам, моладзеваму хору і арганізатарам школы касцёльнага спеву — Уладзіміру Неўдаху з Мінска і Іне Сапун з Браслава, прадстаўнікам каталіцкіх і дзяржаўніх СМІ, Caritas, дэкаратарам і фларыстам, а таксама пілігрымам, якія прыбылі на ўрачыстасць пешшу, на роварах, аўтамабілях і аўтобусах. Святар запрасіў усіх да ўдзелу ва ўрачыстасці ў наступным годзе.

Напрыканцы з пастырскім словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў, што, нягледзячы на несуцяшальныя прагнозы, удзельнікаў свята не заліло дажджом, а тое, што не паказалася сонца, ён назваў «урокам пакоры і ўдзячнасці» Нябеснага Айца. Словы падзякі, між іншым, пастыр скіраваў да айцоў сальватарыянаў, якія апякуюцца санктуарыем у Браславе, і браслаўскім парафіянам, якія гасцінна прымалі пілігрымаў у сваіх дамах. Запрашаючы на наступны Браслаўскі фэст, ён назваў дату яго правядзення — 20-21 жніўня 2027 года.

Апошняй часткай урачыстай святой Імшы было пантыфікальнае благаслаўленне, якое ўдзяліў прадстаўнік Папы Льва XIV арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

Удзельнікі святкавання адзначаюць, што ў Браславе, ля трону Маці Божай Валадаркі Азёраў, адчувалася не толькі свежасць вільготнага паветра, але і цеплыня чалавечых сэрцаў і па-сапраўднаму дамашняя атмасфера гэтага цудоўнага месца, дзе Нябесная Маці збірае сваіх дзяцей разам.

Абноўлена 24.08.2026 10:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.