Пошук

Фота: парафіяне Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах

Музыка ў парафіі — гэта не толькі аздоба літургіі, але і жывая мова сустрэчы паміж пакаленнямі. Свята святой Цэцыліі ў Бараўлянах стала нагодай паглядзець на гэтую мову як на дар, якім можна дзяліцца. 

22 лістапада ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбыўся святочны канцэрт «Музыка, якая яднае сэрцы», прысвечаны святой Цэцыліі — апякунцы касцёльнай музыкі і музыкантаў. Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў парафіяльнай супольнасці, якія праз спевы, музыку і танец падзяліліся сваімі талентамі і радасцю творчасці. 

Свята стала нагодай не толькі выказаць удзячнасць тым, хто сваім музычным служэннем упрыгожвае літургічнае жыццё парафіі, але і паказаць разнастайнасць талентаў, якімі багатая мясцовая супольнасць. 

Канцэрт адкрыўся песняй «Ласкі поўная Божая» ў выкананні ўдзельнікаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA). Малітоўны зварот да Маці Божай задаў духоўны настрой сустрэчы, нагадаўшы пра асаблівае месца марыйнай пабожнасці ў салезіянскай традыцыі. 

Праграму працягнуў дзіцяча-моладзевы хор з песняй «Не мудрасць гэтага свету». Асаблівае месца ў канцэрце заняў выступ парафіяльнага хору «Auxilium», які выканаў два духоўныя творы: «Як лань у спёку» на словы Псальма 41, музыку да якога напісала Юлія Шэдзько, і «Стары крыж» на словы і музыку Сяргея Дзямідавіча. 

Свае музычныя здольнасці прадэманстравалі таксама маладыя выканаўцы. Міхаіл Курніцкі выступіў з песняй «Allegretto» пад гітару, а Уладзіслаў Лапатаў выканаў песню «Ідзі за Езусам». Удзельнікі «Savio Club» прадставілі гімн свайго клуба, нагадаўшы пра важнае месца моладзі ў жыцці салезіянскай парафіі. 

Не менш яркай часткай праграмы сталі танцавальныя выступленні. Юныя ўдзельнікі студыі «ДэнсГуд», якой кіруе майстар спорту Рэспублікі Беларусь па спартыўных танцах Дзмітрый Грышчук, прадставілі нумары «Латына» і «Тока-тока». Насця Качкан і Ангеліна Акулік парадавалі гледачоў энергічным джайвам. 

Асаблівую цеплыню і добры настрой унеслі ў свята ўдзельнікі парафіяльнага Клуба сеньёраў, якія выканалі беларускую народную песню «Захацела бабуленька разам збагацеці». Іх выступленне яшчэ раз засведчыла, што творчасць не ведае ўзроставых межаў, а радасць супольнага жыцця яднае розныя пакаленні. 

Завяршыла музычную праграму Асацыяцыя Марыі Успамогі Хрысціянаў з беларускай народнай песняй «Ехаў Ясь на кані». 

Напрыканцы сустрэчы да прысутных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз канонік Казімір Шыдэлка SDB, які падзякаваў усім выканаўцам, кіраўнікам калектываў, арганізатарам і тым, хто на працягу года служыць парафіяльнай супольнасці праз музыку і касцёльныя спевы. 

«Разнастайнасць талентаў з’яўляецца сапраўдным багаццем супольнасці, калі кожны гатовы дзяліцца з іншымі дарамі, атрыманымі ад Бога. Асаблівую ўвагу пробашч звярнуў на значэнне музыкі ў літургіі, дзе яна служыць не толькі прыгажосці цэлебрацыі, але перадусім дапамагае вернікам глыбей перажываць сустрэчу з Богам»,

— адзначыў святар. 

Святочная сустрэча завяршылася супольнай падзякай усім удзельнікам і памятным фотаздымкам. 

Канцэрт у гонар святой Цэцыліі паказаў, што парафія ў Бараўлянах — гэта не толькі месца малітвы, а перш за ўсё людзі. Яны гатовы спяваць разам, падтрымаць адно аднаго і падзяліцца тым, што маюць. А музыка ў гэты дзень сапраўды сабрала розныя галасы і пакаленні ў адну супольнасць. І, мабыць, галоўнае, што засталося пасля канцэрта, — простае адчуванне: найпрыгажэйшая гармонія пачынаецца там, дзе людзі вучацца чуць не толькі музыку, але і чалавека побач.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця