Апостальская нунцыятура — пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду.
Адрас: пр-т Незалежнасці, 46-Д, 220005 г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Тэлефон: +375 17 257 45 05
Факс: +375 17 257 45 04
e-mail: nuntius@catholic.by
сайт: nunciature.catholic.by
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп-намінант Іньяцыё Чэффаліа
Іньяцыё Чэффаліа нарадзіўся 28 красавіка 1975 года ў горадзе Палерма ў Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне 6 жніўня 2003 года. Інкардынаваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанезі. З’яўляецца доктарам кананічнага права.
Іньяцыё Чэффаліа распачаў дыпламатычную службу ў Святым Пасадзе 1 ліпеня 2006 года. Працаваў у Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным Прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Савеце Еўропы (Страсбург), у Секцыі Адносін з Дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыята Святога Пасаду і да апошняга часу ў Венесуэле.
25 сакавіка 2025 г. Папа Францішак прызначыў Іньяцыё Чэффаліа Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Апостальскі нунцый валодае акрамя роднай, італьянскай, таксама албанскай, французскай, англійскай і іспанскай мовамі.
***
З гісторыі нунцыятуры ў Беларусі
Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў беларускай дзяржаве, была заснаваная ў дзень ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, 11 лістапада 1992 года. У гэты дзень Папа Ян Павел ІІ выдаў Апостальскі ліст у форме брэвэ — Quantam tandem — аб заснаванні Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь і яе адкрыцці.

ПАПА ЯН ПАВЕЛ ІІ
на вечную памяць пра падзею
Ужо раней кожнаму было цалкам відавочна, наколькі пажаданыя мір і дабрабыт, колькі, акрамя таго, зачаткаў сацыяльнага прагрэсу звычайна прыносіць самой грамадзянскай супольнасці афіцыйнае заключэнне сяброўства паміж Апостальскай Сталіцай і асобнымі народамі свету, а таксама няспыннае і стараннае падтрыманне адносінаў з ёю. І самі Мы з кожным днём усё больш у гэтым пераконваемся.
Гэта падалося Нам вельмі важкай падставай для таго, каб усталяваць з народам Беларусі больш цесныя сувязі праз заснаванне Апостальскай нунцыятуры і ў далейшым часе праз дзейнасць нашага легата ў беларускім народзе. Таму, паспяхова распачаўшы такія афіцыйныя ўзаемадачыненні і ўзважыўшы ўсе аспекты гэтай справы, Мы Нашай Апостальскай уладай і на падставе гэтага Апостальскага ліста законна зацвярджаем і засноўваем Апостальскую нунцыятуру, якую адначасова надзяляем усімі асаблівымі прывілеямі, абавязкамі, індультамі, уласцівымі Пасольству такога ўзроўню паводле святых канонаў.
Размяшчаючы сядзібу Нунцыятуры ў горадзе, які носіць назву Мінск, Мы надзяляем Пантыфікальнага легата ў Беларусі паўнамоцтвамі і правамі, якія, акрамя дамоваў, заключаных са згаданым грамадзянскім урадам, датычаць яго ў адпаведнасці з канонамі 362-367 Кодэкса кананічнага права. Жадаючы, нарэшце, каб Нашыя рашэнні прынеслі вялікую карысць для касцёльных і грамадзянскіх спраў, хочам, каб усё, што Мы тут выказалі і пастанавілі, мела ў будучым такую моц, як і ў цяперашні час, чаму не павінны перашкаджаць ніякія супярэчлівыя прычыны. Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, пад пярсцёнкам Рыбака, 11 лістапада 1992 года, у пятнаццаты год Нашага Пантыфікату.
М.П.
✠ Кард. Аджэло Садана
Дзяржаўны Сакратар