Пошук


У гэтым слоўніку падаюцца значэнні некаторых рэлігійных тэрмінаў і паняццяў. Прадугледжваецца абнаўленне.

A
Абсалюцыя
Абстыненцыя
Аб’яўленне
Абяцаная зямля
Агіяграфія
Адарацыя
Адгартацыя
Аджорнамэнта
Адхлань
Айцец Касцёла
Акламацыя
Актава
Аллелюя
Алтар
Амэн
Антыфона
Апостальскі ліст
Архідыяцэзія
Арцыбіскуп
Аскеза

Б
Баптыстэрый
Баранак Божы
Беатыфікацыя
Беспамылковасць Папы
Біблія
Біскуп
Божае Цела
Брэвіярый
Була
Быццё

В
Ватыкан
Велікодны перыяд
Вігілія
Вікарый
Віятык
Вялікдзень
Вялікі тыдзень
Вяночак

Г
Гамілія
Гасанна
Гісторыя збаўлення
Гостыя
Грэх
Грэхападзенне

Д
Дагмат
Доктар Касцёла
Дыякан
Дыяцэзія
Дэкалог
Дэканат
Дэкрэт

Е
Ерузалем

Ё

Ж

З

Запавет
Зыход

І
Ідалапаклонства
Іерархія
Ізраэль
Імша
Імшал, Рымскі І.

Й

К
Казанне
Калекта
Камунія
Кананізацыя
Кананічнае права
Кангрэгацыя
Канкардат
Канклаў
Канон
Кансісторыя
Канстытуцыя
Кантэмпляцыя
Канферэнцыя Біскупаў
Канфесіянал
Кардынал
Катэхет
Катэхізацыя, катэхеза
Катэхізіс
Катэхумэн
Каўчэг
Ксёндз
Курыя

Л
Легат
Літанія
Літургічны год
Літургія
Літургія гадзінаў

М
Малітва
Малітоўнік
Манстранцыя
Мартыралог
Медытацыя
Месія
Мітрапаліт
Мітраполія
Монатэізм
Мучанік

Н
Настаўніцкі Інстытут Касцёла
Нешпары
Нунцый
Нунцыятура

О

П
Паганства
Пакаянне
Пальмовая нядзеля
Папа
Папская Рада
Папялец
Парафія
Парузія
Пасія
Пасха
Пасхал
Патоп
Пэнітэнт
Першародны грэх
Пілігрымка
Пісанне, Святое П.
Плашчаніца
Пост
Правінцыя
Пракуратар
Прарок
Працэсія
Пробашч
Протаевангелле
Прэзбітэр
Прэлат
Прэторыя
Прэфацыя
Псальмы
Пяцідзесятніца
Пяцікніжжа

Р
Рахунак сумлення
Ружанец
Рэзурэкцыя
Рэкалекцыі
Рэліквіі

С
Сабор, Сусветны С.
Сакрамэнт
Сатана
Святар
Святарства
Святая зямля
Святы
Святыня
Секвенцыя
Сімвал веры
Сінод
Скінія
Слуга Божы
Споведзь
Стацыя
Стула
Сінэдрыён

Т
Табэрнакулюм
Традыцыя
Традыцыяналізм
Трыдуум
Тэалогія

У
Уваскрэсенне
Усіх святых
Усіх памерлых вернікаў

Ў

Ф

Х
Хрызма
Хрысцільня

Ц
Цэлебрацыя
Цэлібат

Ч

Ш

Э
Экзультэт
Экуменізм
Энцыкліка
Эўхарыстыя

Ю
Ютрань

Я

A

Абсалюцыя (лац. absolutio – вызваленне, апраўданне). Адпушчэнне грахоў у сакрамэнце пакаяння. На лацінскай мове формула адпушчэння грахоў заканчваецца словамі: «Ego te absolvo...» («Я адпускаю табе...). У гэты момант з чалавека здымаюцца ўчыненыя ім грахі.

Абстыненцыя (лац. abstineo, -ere – устрымлівацца). Найчасцей ужываецца ў значэнні ўстрымання ад алкаголю, а таксама ад мясных страваў у перыяды пакаяння і вызначаныя Касцёлам дні (у пятніцу). Можа быць адной з формаў дабравольных пастановаў на Вялікі пост ці аскетычным практыкаваннем.

Аб’яўленне — 1. Усё тое, што Бог у сваёй мудрасці і дабрыні пажадаў аб’явіць, гэта значыць адкрыць чалавеку пра сябе. Гэтае адкрыццё адбывалася паступова: з самага пачатку Бог сведчыць пра сябе ў сваіх творах, дае бачыць сябе нашым прабацькам і размаўляе з імі. Затым Ён аб’явіў сябе выбранаму народу як адзіны Бог жывы і праўдзівы, словамі і дзеяннямі, каб Ізраэль, пазнаючы Божыя задумы адносна людзей і дзякуючы таму, што Бог прамаўляў вуснамі прарокаў, разумеў іх усё глыбей і ясней і абвясціў далёка сярод язычніцкіх народаў. Нарэшце, Бог цалкам аб’явіў сябе ў сваім Сыне, спрадвечным і апошнім Слове Айца, пасля якога ўжо не будзе іншага А. Крыніца А., якая з’яўляецца падставай веры народа Божага — гэта Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла.
2. Звышнатуральныя з’явы, якія Касцёлам былі прызнаныя праявай Божага дзеяння, напр., аб’яўленні Маці Божай у Люрдзе або ў Фаціме. Часцей за ўсё ў такіх А. Бог нагадвае чалавеку пра неабходнасць жыць паводле Яго запаведзяў.
3. А. Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, міра, кадзіла. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага А. язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.

Абяцаная зямля — зямля Ханаан, якую Бог паабяцаў даць свайму народу, калі пад кіраўніцтвам Майсея вывеў яго з Егіпецкай няволі. Гэтая зямля, «у якой цячэ малако і мёд» (гл. Зых 3, 8), з’яўляецца ўласнасцю Бога, а Ізраэль становіцца яе адзіным спадкаемцам. У А. з. Касцёл бачыць правобраз Божага Валадарства, куды ён сам, як новы Ізраэль, пілігрымуе на зямлі.

Агіяграфія (ад грэцк. hagios — святы і grapho — пішу) — від касцёльнай літаратуры, у якой падаюцца жыццяпісы святых, а таксама дысцыпліна, якая іх вывучае. Першыя жыццяпісы святых пачалі з’яўляцца ў Рымскай імперыі і былі прысвечаны першым мучанікам Касцёла (гл. Мартыралог). З Х ст. яны становяцца вядомымі таксама ва Усходнім Касцёле, у Візантыі.

Адарацыя (лац. adoratio – ушанаванне, пакланенне). Праява ўшанавання і пакланення Богу. Найбольш распаўсюджаная форма – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Можа быць прыватнай, калі чалавек прабывае перад Хрыстом, укрытым у табэрнакулюме, а таксама публічнай, падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. У Вялікую пятніцу Мукі Пана адбываецца адарацыя св. Крыжа на ўшанаванне збаўчай смерці Хрыста на Крыжы.

Адгартацыя (лац. Аdhortatio – заахвочванне) — спецыяльны зварот Папы да біскупаў, духавенства і ўсіх вернікаў, прысвечаны пэўнаму аспекту жыцця Касцёла. Як і энцыкліка, А. называецца па першых словах лацінскага тэксту, але, у адрозненне ад першай, у ёй звычайна закранаюцца больш вузкія пытанні. Большасць А. з’явілася пасля Сінодаў біскупаў (сходаў біскупаў з розных рэгіёнаў свету, якія склікае Папа для вырашэння надзённых пытанняў дзейнасці Касцёла) і з’яўляюцца ў пэўным значэнні вынікам працы гэтых Сінодаў. Сярод найбольш важных можна назваць А. Папы Паўла VI «Evangelii nuntiandi» (прысвечана евангелізацыі ў сучасным свеце), а таксама шэраг А. Папы Яна Паўла ІІ: «Familiaris consortio» (прысвечана праблемам сям’і), «Reconciliatio et paenitentia» (прысвечана сакрамэнту пакаяння), «Christifideles laici» (прысвечана пакліканню і місіі свецкіх асобаў у Касцёле і свеце), «Pastores dabo vobis» (прысвечана падрыхтоўцы святароў у наш час), «Vita consecrata» (прысвечана манаскаму жыццю) і «Pastores gregis» (прысвечана служэнню біскупаў).

Аджорнамэнта (іт. aggiornamеnto – аднаўленне, дастасаванне да сучаснасці) — тэрмін, уведзены Папам Янам XXIII, які азначае курс на аднаўленне Касцёла і дастасаванне яго да патрабаванняў сучаснасці. У сваёй энцыкліцы «Mater et Magistra», апублікаванай у 1961 г., Папа адзначае, што сучаснае становішча значна адрозніваецца ад умоваў жыцця ў мінулым, з чаго вынікае, што Касцёл не можа замкнуцца толькі ў тых формах і спосабах дзейнасці, якія склаліся ў ім на працягу яго папярэдняй гісторыі. Гэтае вучэнне Ян XXIII развівае ў сваёй наступнай энцыкліцы «Pacem in terris», якая значна ўплывала на пастановы Другога Ватыканскага Сабору. Ідучы за сваім папярэднікам, Папа Павел VI вызначыў А. як асноўную мэту і задачу свайго пантыфікату. У энцыкліцы «Ecclesiam suam» ён гаворыць: «Мы ясна паказалі на гэта Сусветнаму Сабору як на правільную лінію паводзінаў; мы жадаем яе замацаваць у памяці Касцёла як заклік, што пастаянна пабуджае яго да актыўнай гатоўнасці, каб з уласціваю яму абачлівасцю ён заўважаў знакі часу і з юнацкай жывасцю ўсюды і заўсёды выпрабоўваў усё, і ўсё добрае захоўваў». Напачатку А. не раз крытыкавалася як у найбольш кансерватыўных колах (гл. інтэгрызм), з аднаго боку, так і найбольш радыкальнымі прыхільнікамі рэформаў, якія лічылі яго недастатковым, з другога. У наш час працэс А. стабілізаваўся, былі больш дакладна вызначаны яго кірунак і задачы. Захоўваючы вернасць пастановам Другога Ватыканскага Сабору і працягваючы справу сваіх папярэднікаў, Папа Ян Павел ІІ унёс у вучэнне і практыку Касцёла новыя пазітыўныя элементы.

Адхлань Месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем (Дз 3, 15; Рым 8, 11; 1 Кар 15, 20), зышоў Езус Хрыстус перш чым уваскрэснуць. Ён, прыняўшы смерць, як кожны чалавек, зышоў у адхлань як Збаўца, абвяшчаючы добрую навіну душам, якія там былі закрытыя (ККК, 632), і адчыніў для іх брамы неба (ККК, 637). Зыход Хрыста ў адхлань Касцёл узгадвае ў Вялікую пятніцу Мукі Пана.

Айцец Касцёла (лац. Pater Ecclesiae) — святы, вучэнне якога легла ў падмурак веравучэння ўсяго Касцёла. Традыцыйна лічыцца, што А. К. з’яўляюцца святыя, якія жылі ў часы хрысціянскай старажытнасці (на Захадзе – да св. Грыгорыя Вялікага, +604 г., на Усходзе – да св. Яна Дамаскіна, +749 г.) і чыё вучэнне ні ў чым не супярэчыць вучэнню Касцёла, зацверджанаму на Саборах. Усіх іншых выдатных настаўнікаў веры называюць «касцёльнымі аўтарамі». Сярод А. К. вылучаюць т. зв. доктараў Касцёла. На Захадзе імі былі св. Амброзій, св. Аўгустын, св. Геранім і св. Грыгорый Вялікі, а на Усходзе — св. Атаназій, св. Базыль Вялікі, св. Грыгорый Назіянзскі і св. Ян Хрызастом. Жыццё, дзейнасць і вучэнне А. К. вывучае патрыстыка.

Акламацыя (лац. acclamatio – ускліканне) – слова або фраза, часцей за ўсё кароткая, якія прамаўляюць ці спяваюць вернікі падчас літургіі. Так, у А. «амэн» народ далучаецца да малітвы, якую прамаўляе святар, і робіць яе сваёй; у акламацыі перад чытаннем Евангелля «аллелюя» і інш. супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у сваім слове; уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, на пачатку эўхарыстычнай малітвы спявае А. «Святы...» і г.д. А. з’яўляецца выразам чыннага і свядомага ўдзелу вернікаў у літургіі.

Актава (ад лац. octo – восем). Восем дзён (тыдзень), калі святкуюцца найбольшыя ўрачыстасці літургічнага года: Вялікдзень (актава Пасхі) і Божае Нараджэнне.

Аллелюя (ад габрэйск. hallelujah, што азначае праслаўляйма Бога). Радасны заклік да праслаўлення Бога. Хвалебны спеў, узяты з псальмаў, які гучыць падчас св. Імшы перад чытаннем Евангелля; у велікодны перыяд таксама дадаецца да антыфонаў, а падчас актавы Пасхі і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога да словаў рассылання народа на заканчэнне св. Імшы.

Алтар – каменны або драўляны стол, на якім у сакрамэнтальных знаках хлеба і віна складаецца Найсвяцейшая Ахвяра (Эўхарыстыя). Гэта – стол Пана, да якога запрашаецца на св. Імшы народ Божы (АУРМ, 295). Алтар спецыяльным чынам урачыста пасвячаецца біскупам або вызначаным святаром. На св. Імшу А. засцілаецца абрусам, на ім ці каля якога змяшчаецца крыж і запальваюцца свечкі. Раней А. быў прыбудаваны да сцяны касцёла, але пасля ІІ Ватыканскага Сабору (1962–1965) А. робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа (АУРМ, 299).

Амэн (з габр. – сапраўды, пэўна, няхай станецца) – часта сустракаецца ў Святым Пісанні як адказ, пацвярджэнне – «сапраўды так» або просьба – «няхай так станецца» (гл. Дрг 27, 15-16; Пс 106(105), 48; Мц 6, 13; 1 Кар 14, 16 і г.д.) і нават з’яўляецца адным з найменняў Сына Божага (Ап 3, 14). Вымаўляецца пры знаку св. Крыжа як просьба Божага благаслаўлення і адначасова выраз гатоўнасці хрысціяніна служыць Богу і прыняць Яго волю, як акламацыя на заканчэнне малітваў, а таксама падчас прыняцця Камуніі і пасля адпушчэння грахоў на споведзі.

Антыфона (грэцк. antiphonein – спяваць папераменна) – верш, найчасцей узяты са Святога Пісання, які падчас Імшы можа спявацца або прамаўляцца ў якасці спеву на ўваход і на Камунію. А. таксама называецца рэфрэн, які паўтараецца пры спяванні ці чытанні псальмаў, у тым ліку рэспансарыйнага псальма падчас Імшы. А. шырока выкарыстоўваюцца ў Літургіі гадзінаў.

Апостальскі ліст (лац. Epistula Apostolica) — найбольш папулярная форма звароту Папы да вернікаў. А. л. можа быць адрасаваны як усяму Касцёлу, так і пэўным супольнасцям ці асобам. Звычайна звязаны з нейкай нагодай або прымеркаваны да пэўнай даты ці падзеі ў жыцці Касцёла, таму невыпадкова назва сугучная новазапаветным Апостальскім Пасланням. А. л. карацейшы за энцыкліку і адгартацыю, ён можа быць напісаны не толькі на лацінскай мове.

Архідыяцэзія (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і dioecesis) — тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць арцыбіскуп. У наш час існуюць А. трох тыпаў: 1) якая з’яўляецца цэнтрам мітраполіі, напр., Мінска-Магілёўская А.; 2) гістарычная, якая не захавалася як тэрытарыяльная адзінка і існуе толькі ў якасці тытулярнай; 3) якая не належыць да мітраполіі і не мае падпарадкаваных ёй дыяцэзій.

Арцыбіскуп (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і episkopos) — ганаровы тытул, які надаецца біскупам найбольш значных дыяцэзій з IV ст. ва Усходнім Касцёле і з VI ст. ў Заходнім Касцёле. Хоць усе біскупы роўныя і маюць аднолькавую ўладу, апостальскімі правіламі для «захавання еднасці паміж Касцёламі і ўзаемнай дапамогі ў цяжкіх абставінах» асобным біскупам дадзена права вышэйшага клопату аб іншых, пры гэтым ім надаецца тытул А. У наш час у Каталіцкім Касцёле гэты тытул часцей за ўсё маюць мітрапаліты, а таксама біскупы, якія займаюць высокія пасады ў Ватыкане.

Аскеза (грэцк. askesis – практыкаванне). Духоўныя практыкаванні, мэта якіх – удасканаленне ў цнотах і змаганне з дрэннымі схільнасцямі дзеля з’яднання з Богам.

Б

Баптыстэрый (ад грэцк. baptysterion – хрысцільня). Касцёльны будынак, які ўзводзіўся побач з касцёлам для ўдзялення сакрамэнту хросту. З VIII стагоддзя – адно з памяшканняў унутры касцёла, дзе знаходзіцца хрысцільня (часцей за ўсё, адна з бакавых капліц).

Баранак Божы (лац. Agnus Dei). Баранак з’яўляецца сімвалам нявіннасці і бязгрэшнасці. У часы Старога Запавету пасхальнае ягнё, якое павінна было быць аднагадовым самцом, без заганы, юдэі спажывалі ў свята Пасхі на ўспамін вызвалення з егіпецкай няволі (Зых 12). У Новым Запавеце Ян Хрысціцель так называе Езуса (Ян 1, 29.36), які, будучы бязгрэшным, ахвяраваў сваё жыццё і прыняў смерць на крыжы, каб вызваліць чалавецтва з няволі граху. У літургіі гэтыя словы гучаць у спеве перад Камуніяй; святар прамаўляе іх, паказваючы народу кансэкраваную Гостыю.

Беатыфікацыя (лац. beatificatio, ад beatus – благаслаўлёны) — абвяшчэнне Касцёлам пэўнага чалавека, які памёр у стане святасці, — Слугі Божага — благаслаўлёным, што дае дазвол на яго публічны культ (ушанаванне) ў мясцовым Касцёле, абмежаваным пэўнай тэрыторыяй, дыяцэзіяй або манаскай супольнасцю. Гэта адбываецца пасля правядзення беатыфікацыйнага працэсу, падчас якога вывучаецца ўсё, што Слуга Божы публічна сказаў або напісаў, збіраюцца сведчанні пра яго жыццё і цноты. Для прызнання Слугі Божага благаслаўлёным неабходна, каб праз яго пасрэдніцтва адбыўся прынамсі адзін дакументальна пацверджаны цуд. Раней урачыстасць беатыфікацыі праводзіў толькі Папа, цяпер жа яе могуць праводзіць біскупы, але толькі пасля завяршэння беатыфікацыйнага працэсу і са згоды адпаведнай кангрэгацыі Святога Пасаду.

Беспамылковасць Папы — дагмат Каталіцкага Касцёла, зацверджаны І Ватыканскім Саборам у 1870 г., паводле якога Папа, калі прамаўляе «з катэдры» (ex cathedra) па пытаннях веры і маралі, г. зн. як Пастыр усіх хрысціянаў, мае беспамылковасць. Гэты догмат быў пацверджаны і Другім Ватыканскім Саборам.

Біблія (ад грэцк. biblos, літаральна – кніга) — тэксты Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў, якія з’яўляюцца Божым аб’яўленнем для ўсяго чалавецтва і апісаннем гісторыі збаўлення. Б. — кніга чалавечая і кніга Божая. Аўтарам Б. з’яўляецца сам Бог, які для яе напісання выбраў пэўных людзей і даў ім сваё натхненне, гэта значыць, непасрэдна ўплываў на іх думкі. Таму Б. называюць яшчэ «словам Божым». Кожны хрысціянін павінен уважліва слухаць чытанні з Б. падчас літургіі слова на св. Імшы, а таксама рэгулярна самастойна яе чытаць. Касцёл настойліва наказвае чытаць Б. у каталіцкіх выданнях, якія маюць адпаведны, прыняты ва ўсім Касцёле склад святых кніг (канон), а таксама змяшчаюць неабходныя тлумачэнні, якія дапамагаюць разумець святыя тэксты належным чынам. Чытаючы Б., варта заўсёды памятаць, што яна не з’яўляецца падручнікам па прыродазнаўстве ці па гісторыі, а прызначана для пазнання Бога.

Біскуп (грэцк. episkopos — наглядчык) — вышэйшы сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца паўнатой святарства(2). Б. з’яўляецца наступнікам апосталаў. Ужо з сярэдзіны ІІ ст. на чале ўсіх буйных хрысціянскіх супольнасцяў былі біскупы, якіх называлі таксама наглядчыкамі і ўпраўнікамі. Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium (Святло народаў) вызначыў ролю біскупаў як «настаўнікаў у навучанні, святароў і кіраўнікоў». Біскупы «замяшчаюць Хрыста... і дзейнічаюць ад Яго асобы», яны — «вяршыня святарства». Б. з’яўляецца асноўным распарадчыкам святых сакрамэнтаў, але асаблівым чынам у яго кампетэнцыю ўваходзіць пасвячэнне святароў і дыяканаў, канфірмацыя. Біскупаў прызначае Папа, і кожныя пяць гадоў Б. павінен бываць у Рыме з візітам ad limina Apostolorum (да магілаў апосталаў Пятра і Паўла), каб зрабіць справаздачу аб становішчы ў даручанай яму дыяцэзіі. Таксама на працягу пяці гадоў Б. павінен праводзіць візітацыю ўсёй сваёй дыяцэзіі. Для дапамогі дыяцэзіяльным біскупам у пастырскім служэнні Святы Пасад можа прызначыць аднаго ці некалькіх дапаможных біскупаў. Для паляпшэння кіравання Касцёлам з улікам асаблівасцяў, якія існуюць у розных краінах свету, Другі Ватыканскі Сабор устанавіў нацыянальныя і рэгіянальныя Канферэнцыі Біскупаў, а таксама Сінод Біскупаў пры Папе.

Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Б. Ц. Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.

Брэвіярый (лац. Breviarium) – традыцыйная назва літургічнай кнігі, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў на працягу літургічнага года.

Була (ад лац. bulla – шарык) — Папскі дакумент, які змяшчае зварот, пастанову ці распараджэнне. У наш час у Б. часцей за ўсё абвяшчаецца пэўная пастанова ці распараджэнне адміністрацыйнага характару. Дакумент складаецца на лацінскай мове і называецца па першых словах тэксту. Ён змацоўваецца круглай металічнаю пячаткаю — булаю (адсюль назва).

Быццё — назва першай кнігі Бібліі, якая распачынае таксама Пяцікніжжа Майсея. У перакладзе назва гэтай кнігі «Таледот» з габрэйскай мовы, а таксама «Genesis» з грэцк. і лац., азначае радавод. У ёй апісваецца стварэнне свету Богам, а таксама пачатак гісторыі чалавецтва, пакліканне праайца Абрагама і жыццё яго нашчадкаў.

В

Велікодны перыяд. Пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю. Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца Унебаўшэсце Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшыцеля.

Ватыкан (ад лац. Vaticanus – назва аднаго з сямі пагоркаў Рыма на правым беразе Тыбра) – 1. Афіцыйная рэзідэнцыя Папаў з 1870 г.
2. Комплекс будынкаў, які ўключае базыліку св. Пятра і Апостальскі палац з Сікстынскай капэлай, у якой з XV ст. адбываюцца выбары Папы.
3. Касцёльная дзяржава, якая афіцыйна называецца «Дзяржава Горад Ватыкан»; іншыя назвы: Святы Пасад, Апостальская Сталіца. Узнікла 11 лютага 1929 г. у выніку падпісання т. зв. Латэранскіх пагадненняў паміж Папам Піем ХІ і італьянскім урадам. В. з’яўляецца тэакратычнай манархіяй на чале з Папам. Асноўны адміністратыўны орган – Рымская курыя. В. прадстаўлены ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і мае афіцыйных прадстаўнікоў у рангу пасла ў многіх краінах свету (гл. нунцый). У В. ёсць свае сцяг, герб, гімн, грашовыя знакі, паштовыя маркі, а таксама музеі, бібліятэкі, архівы, чыгуначны вакзал, служба бяспекі – швейцарская гвардыя, трыбуналы і нават вязніца. У ім працуюць каля 3 тыс. служачых, колькасць падданых – каля 1 тыс. асобаў. Афіцыйнымі сродкамі інфармацыі В. з’яўляюцца радыёстанцыя «Radio Vaticana» («Ватыканскае Радыё»), якая вяшчае на многіх мовах свету, у тым ліку і на беларускай, штодзённая газета «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік»), што таксама выходзіць на некалькіх мовах, і вялікі рэсурс у сеці Інтэрнэт www. vatican.va.

Вігілія (ад лац. vigilia – чуванне).
1. Вечаровае набажэнства, якім распачынаецца літургічная цэлебрацыя ўрачыстасцяў і нядзеляў увечары напярэдадні. Вернікі, згодна з напамінам Евангелля (Лк 12, 35-37), трымаючы ў руках запаленыя светачы, павінны быць падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго Пана, каб той, прыйшоўшы, знайшоў іх чуваючымі і запрасіў да свайго стала.
2. Пасхальная вігілія. Адзначаецца ў святую ноч Змёртвыхпаўстання Пана і, згодна са словамі св. Аўгустына, лічыцца «маці ўсіх святых вігілій». Яна з’яўляецца літургічным успамінам ночы, у якую Езус Хрыстус уваскрос з памерлых, вызваліўшы чалавецтва з-пад улады граху і смерці (пар. Рым 8, 2). Яе правобразам у Старым Запавеце стала ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі (Зых 12). Пасхальная вігілія мае наступны парадак: пасля Літургіі святла і Абвяшчэння Пасхі (Экзультэт) (першая частка Вігіліі) святы Касцёл разважае пра цуды, якія Пан Бог учыніў для свайго народа, а таксама выяўляе веру ў слова і абяцанні Божыя (другая частка альбо літургія слова), а затым, з набліжэннем дня, Касцёл разам са сваімі новымі членамі, адроджанымі ў хросце (трэцяя частка), будзе пакліканы да стала, які Пан прыгатаваў свайму народу на ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення, пакуль Ён не прыйдзе ў хвале (чацвёртая частка). Усе абрады Пасхальнай вігіліі павінны адбывацца ўначы: яны не распачынаюцца да надыходу ночы, а закончыць іх належыць да світання.

Вікарый (лац. vicarius – намеснік) – 1. Святар, прызначаны біскупам для дапамогі ў пастырскай працы ў парафіі.
2. Генеральны В. – святар, прызначаны ардынарыем для дапамогі ў кіраванні дыяцэзіяй.
3. В. Езуса Хрыста (лац. Vicarius Christi) – адзін з тытулаў Папы.

Віятык. Святая Камунія, якую прымае цяжка хворы чалавек разам з сакрамэнтам намашчэння хворых, які, як піша святы Якуб (Як 5, 14), павінен умацаваць чалавека ў цяжкія хвіліны хваробы.

Вялікдзень. Найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Уваскрасення Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі. Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, Цела і Крыві Хрыста, Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек, якія з’яўляюцца атрыбутам святочнага стала.

Вялікі тыдзень. Апошні тыдзень перад Вялікаднем, асабліва прысвечаны разважанню над збаўчай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Святую ноч.

Вяночак (ад лац. corona – вянок) – спосаб малітвы на ружанцы, які часцей за ўсё мае падобны да ружанцовай малітвы вусны склад, але іншы змест разважання. Так, напр., існуюць В. да Сэрца Езуса (складаецца з пяці частак па тры таямніцы); В. Сямі Радасцяў Найсв. Панны Марыі (т. зв. «Ружанец серафіцкі»); В. на ўшанаванне Маці Божай Балеснай (маюць па сем таямніцаў) і г.д. У апошні час у Касцёле набыў шырокае распаўсюджанне В. да Божай Міласэрнасці, які складаецца з асаблівых малітваў.

Г

Гамілія (лац. homilia – гамілія) – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас св. Імшы пасля чытання Евангелля. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытанняў Святога Пісання або іншага імшальнага тэксту. Г. можа прамаўляцца таксама пры цэлебрацыі сакрамэнтаў, напр., хросту, сужэнства і г.д. Гл. казанне.

Гасанна (з габрэйск.). Першапачатковае значэнне: прыйдзі на дапамогу, ратуй. Гэтым заклікам Езуса віталі ў Пальмовую нядзелю падчас яго месіянскага ўваходу ў Ерузалем. Гэтыя словы гучаць таксама падчас кожнай св. Імшы ў спеве «Святы, святы, святы» на пачатку эўхарыстычнай малітвы.

Гісторыя збаўлення — Божы план збаўлення чалавека і ўступлення стварэнняў у дасканалае адзінства Найсвяцейшай Тройцы ў канцы часоў. Божы план паступова і паслядоўна здзяйсняецца ў гісторыі чалавецтва. Пасля грэхападзення першых людзей Бог паабяцаў ім збаўленне (Протаевангелле) і прапанаваў заключыць з імі запавет. Ён заключыў з Ноем вечны запавет паміж сабою і ўсімі жывымі істотамі, і гэты запавет будзе доўжыцца, пакуль існуе свет. Затым Бог выбраў Абрагама і заключыў запавет з ім і яго патомствам, з якога ўтварыў свой выбраны народ і праз Майсея адкрыў яму свой Закон (Дэкалог). Праз прарокаў Бог падрыхтаваў яго да прыняцця збаўлення, прызначанага для ўсяго чалавецтва. Прыйсцем у свет абяцанага Месіі — Езуса Хрыста — распачаўся апошні этап Г. з., які скончыцца Яго другім прыйсцем у хвале, калі адбудзецца суд над светам. Час гэтага суду ведае толькі Айцец. Тады праз свайго Сына Езуса Хрыста Ён скажа сваё апошняе слова пра ўсю гісторыю. Тады мы даведаемся пра канчатковы сэнс усёй справы стварэння і ўсёй Г. з. Часта можна пачуць таксама выраз «эканомія збаўлення», або Божая ці новая эканомія, калі маецца на ўвазе заключны этап Г. з.

Гостыя (лац. hostia – ахвяра) – белы пшанічны, звычайна круглай формы, хлеб, які выпякаецца без закваскі. Разам з віном гостыя складаецца ў св. Імшы як ахвярны дар і праз вымаўленне святаром словаў кансэкрацыі становіцца Целам Езуса Хрыста (Камуніяй). Маленькія гостыі называюць таксама аплаткамі (ад лац. oblatio – ахвярны дар).

Грэх. Свядомае і дабравольнае парушэнне Божых запаведзяў, якое аддзяляе чалавека ад Божай любові, пазбаўляе яго асвячальнай ласкі і парушае яго адносіны з Богам і з бліжнімі. Адрозніваюцца цяжкія грахі, якія часам называюць смяротнымі, бо яны пазбаўляюць чалавека надпрыроднага жыцця ў Богу (сур’ёзныя парушэнні, цалкам свядомыя і цалкам дабравольныя) і лёгкія грахі.

Грэхападзенне — гл. першародны грэх.

Д

Дагмат (з грэцк. dogma, dogmatos – асноўны прынцып, вучэнне, меркаванне) — асноватворны прынцып веравучэння, праўдзівасць якога не аспрэчваецца, бо вынікае са Святога Пісання і знаходзіць пацвярджэнне ў Айцоў і Доктараў Касцёла. На двух першых Сусветных Саборах былі сфармуляваныя Д., якія з’яўляюцца падставай хрысціянскага веравучэння і ўваходзяць у Сімвал веры: адзінства Бога ў Тройцы, уцелаўленне Хрыста, Яго збаўчая ахвяра, уваскрасенне, адзінасутнасць Богу Айцу, паўсюднасць Касцёла, уваскрашэнне памерлых і Страшны суд. На трэцім Сусветным Саборы быў прыняты Д. аб прызнанні Марыі Багародзіцай, а чацвёрты Сусветны Сабор прыняў Д. аб дваістай — Боскай і чалавечай — прыродзе Сына Божага. Усе гэтыя Д. агульныя для Каталіцкага і Праваслаўнага Касцёла. Аднак у Касцёле дзейнічае прынцып дагматычнага развіцця, падставай якога з’яўляецца права Сабору прыводзіць некаторыя прынцыпы веравучэння ў адпаведнасць з «жывым голасам» (г. зн. Традыцыяй і практыкай) Касцёла, які можа беспамылкова тлумачыць веравучэнне, паколькі ім кіруе Святы Дух. Такім чынам, на Таледскім Саборы (599 г.) было пацверджана, што Дух Святы паходзіць з Айца і Сына; на Фларэнційскім Саборы (1439 г.) было дагматызавана вучэнне пра чысцец, а І Ватыканскі Сабор (1870 г.) абвясціў Д. пра беспамылковасць Папы ў пытаннях веры. Два Д. Каталіцкага Касцёла былі прынятыя без склікання Сабору — гэта Д. аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі, які абвясціў Папа Пій IX у 1854 г., і Д. аб Унебаўзяцці Панны Марыі ў целе, абвешчаны Папам Піем XII у 1950 г. Асаблівы раздзел тэалогіі — дагматычная тэалогія — закліканы развіваць і паглыбляць вучэнне, змешчанае ў Д., а таксама абараняць веру ад памылковых трактаванняў. Настаўніцкі Інстытут Касцёла падкрэслівае абавязковы характар Д. для ўсіх католікаў.

Доктар Касцёла (лац. Doctor Ecclesiae) — тытул, які Касцёл дае некаторым святым, якія былі выдатнымі настаўнікамі веры і хрысціянскімі пісьменнікамі і зрабілі вялікі ўклад у развіццё тэалагічных асноваў веравучэння Касцёла. Пры наданіі гэтага тытула найперш улічваецца не аб’ём твораў і складанасць тэалагічных пытанняў, якія закранаюцца ў працах святога, а агульнае хрысціянскае значэнне яго вучэння для ўсяго Касцёла (напр., у 1997 г. Ян Павел ІІ абвясціў Д. К. св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус).

Дыякан (грэцк. diakonos — служыцель) — ніжэйшы духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца першай ступенню святарства(2). Функцыі і становішча дыяканаў змяняліся на працягу гісторыі Касцёла. Першыя Д. былі прызначаныя самімі апосталамі (Дз 6, 1-7) для таго, каб займацца гаспадарчымі справамі хрысціянскай супольнасці. Напачатку дыяканскія функцыі выконвалі і мужчыны, і жанчыны: дыяканы збіралі і размяркоўвалі міласціну, дапамагалі бедным, а дыяканісы рыхтавалі да хросту жанчын. Нікейскі (325г.), а потым Таледскі (589г.) Саборы абмежавалі паўнамоцтвы Д.; у Сярэднявеччы ж дыяканат разглядаўся не як асобнае служэнне, а як прамежная ступень у падрыхтоўцы да святарства. Другі Ватыканскі Сабор (1962 — 1965 г.г.) фактычна адрадзіў інстытут дыяканату і вызначыў ролю і абавязкі Д., як сталага і сапраўднага служыцеля каталіцкай іерархіі з адпаведнымі літургічнымі функцыямі. Д. асістуе святару пры ўсіх сакрамэнтах; падчас Імшы ён абвяшчае Евангелле, прамаўляе просьбы-малітвы вернікаў, прыслугоўвае пры келіху, захоўвае і ўдзяляе Камунію і г.д. Пасвячэнне дыяканату ўдзяляе біскуп праз ускладанне рук. Яго могуць прыняць кандыдаты да святарства, якія пры гэтым прымаюць і абавязак захоўваць цэлібат, а таксама жанатыя мужчыны, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку — т. зв. «сталыя дыяканы».

Дыяцэзія (лац. dioecesis) — асноўная тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць біскуп. На Беларусі створаны чатыры Д.: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская, Гродзенская і Віцебская дыяцэзіі.

Дэкалог (ад грэцк. deka – дзесяць і logos – слова) — дзесяць запаведзяў, якія Майсей атрымаў ад Бога на гары Сінай (Зых 20, 1-17). Каменныя табліцы, на якіх «пальцам Божым» быў напісаны Д., называліся таксама «табліцамі аб’яўлення» і захоўваліся ў каўчэгу. Падзел і нумарацыя запаведзяў змяняліся на працягу гісторыі. Каталіцкі Касцёл традыцыйна карыстаецца парадкам запаведзяў, устаноўленым св. Аўгустынам (V ст.). Такі ж падзел прыняты і ў лютэранаў. Грэцкія айцы падзялілі запаведзі інакш, і іх падзелам карыстаюцца Праваслаўныя Касцёлы і рэфармацкія супольнасці.

Дэканат (ад грэцк. deka – дзесяць) – тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла на чале з дэканам, якая складаецца з некалькіх парафій (першапачаткова – з дзесяці, адсюль назва).

Дэкрэт (лац. decretum – пастанова, указ) — 1. Дзевяць дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору маюць такую назву. Яны прысвечаныя больш вузкім пытанням, чым касцёльныя Канстытуцыі і таксама называюцца па першых словах лацінскага тэксту. Сярод Д. Другога Ватыкaнскага Сабору часта ўзгадваюцца: «Unitatis redintegratio» — пра экуменізм, «Christus Dominus» — пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле, «Presbyterorum ordinis» — пра служэнне і жыццё прэзбітэраў, «Apostolicam actuositatem» — пра апостальства свецкіх.
2. Адміністрацыйны дакумент, які змяшчае распараджэнне якой-небудзь касцёльнай установы ці кіраўніка: Кангрэгацыі, Канферэнцыі Біскупаў, біскупа для яго дыяцэзіі і інш. (напр., зацвярджэнне статутаў розных касцёльных інстытутаў, усталяванне пэўных літургічных нормаў, прызначэнне пробашчаў і г.д.).

Е

Ерузалем (габрэйск. Ерушалаім; магчымы пераклад – уладанне супакою) — горад у Ізраэлі. Біблія бачыць у ім Салем, горад Мельхізэдэка (Быц 14, 18-20) і атаясамлівае яго знаходжанне з гарой Морыа, на якой прынёс сваю ахвяру Абрагам (Быц 22, 1-14). Цар Давід зрабіў Е. сталіцай жыдоўскага царства. Горад стаў цэнтрам палітычнага і рэлігійнага жыцця Ізраэля, паколькі ў ім знаходзілася святыня. Менавіта сюды прыйшоў Езус Хрыстус, каб адзначыць з вучнямі свята Пасхі і каб здзейсніць адкупленне чалавецтва праз сваю муку і смерць. У 70 г. ад Н.Х.Е. быў разбураны рымскімі войскамі пад кіраўніцтвам Ціта; месца, дзе знаходзілася святыня, было ўзарана, а сам горад ператвораны ў рымскую калонію і перайменаваны. У наш час становішча ў Е., як і ва ўсёй Святой Зямлі, застаецца вельмі нестабільным з-за шматгадовага канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Е. лічыцца святым горадам трох найбольшых монатэістычных рэлігій: хрысціянства, юдаізму і ісламу. Тут знаходзіцца святыня Гробу Пана, у якой можна ўбачыць пячору, дзе было пакладзена цела Езуса і дзе адбыўся цуд уваскрасення. У Бібліі гаворыцца таксама пра нябесны (новы) Е. — супольнасць святых у небе, якія адкупленыя крывёю Ягняці і непасрэдна сузіраюць хвалу Божую (гл. Ап 21).

Ё

Ж

З

Запавет — азначае таксама: дамова, заключаны саюз. 1. Саюз, заключаны паміж Богам і чалавекам спачатку праз пасрэдніцтва аднаго выбранага народа, а потым непасрэдна. Праз прынясенне Хрыстом самога сябе ў ахвяру мы атрымалі вечную спадчыну — усынаўленне Богу.
2. Стары і Новы З. — назвы частак Бібліі ў хрысціянаў. Стары З. — першая частка Бібліі, у якой, пачынаючы ад стварэння свету, апісваецца гісторыя праайцоў і выбранага народа. Стары З. быў перш за ўсё скіраваны на падрыхтоўку, на прарочае абвяшчэнне і прадказанне праз розныя правобразы прыйсця Хрыста, Адкупіцеля ўсіх, і яго месіянскага валадарства. Стары З. пачынаецца Пяцікніжжам Майсея і ўключае 46 розных кніг, з якіх вельмі вялікую і значную групу складаюць пісанні прарокаў. Таму выраз «Закон і Прарокі», які сустракаецца ў Евангеллі, азначаў у часы Езуса Хрыста ўвесь Стары З. Новы З. — другая частка Бібліі, у цэнтры якой — новы саюз Бога з чалавецтвам, заключаны ў Крыві Хрыста. Новы З. уключае Евангелле, Дзеі апосталаў, апостальскія пасланні і Аб’яўленне св. Яна — Апакаліпсіс. Бог, натхняльнік і аўтар кніг абодвух З. так мудра ўчыніў, што Новы З. укрыты ў Старым, а Стары З. цалкам раскрываецца ў Новым.

Зыход. Другая кніга Старога Запавету, якая на лаціне называецца Exodus (ад грэцк. eksodos – выхад, зыход). Яе асноўная тэма – выхад ізраільскага народа з егіпецкай няволі і яго вандраванне ў пустыні на чале з Майсеем.

І

Ідалапаклонства (ад грэцк. eidolon – літаральна: вобраз, падабенства) — перш за ўсё гэта абагаўленне і пакланенне розным прадметам (статуям, выявам і да т. п.), вырабленым з дрэва, каменю, метала, якое выяўляецца ў форме рэлігійнага культу. Гэта — яўнае і грубае І., супраць якога скіравана першая запаведзь Дэкалога. Яно называецца паганствам (язычніцтвам) і было вельмі распаўсюджана ў старажытным свеце, калі абагаўляліся прадметы, з’явы прыроды, некаторыя жывёлы і г. д. Больш вытанчаным ідалапаклонствам было жаданне служыць сапраўднаму Богу, што выявілася ў пакланенні Ягвэ перад вобразам залатога цяляці, зробленым Ааронам (Зых 32). У далейшым на працягу ўсёй сваёй гісторыі выбраны народ часта парушаў першую запаведзь, дапускаючы грэх І., пра што сведчыць Святое Пісанне. Гэта адбывалася з-за ўплыву паганскіх культаў суседніх з Ізраэлем народаў, а часам праз насаджэнне сваёй рэлігіі рознымі заваёўнікамі. Аднак заўсёды ў Ізраэлі заставаліся тыя, хто захоўваў вернасць адзінаму Богу, нягледзячы на агульнае адступніцтва і рэлігійны ўціск. У больш шырокім значэнні Святое Пісанне называе І. усё, чаму пакланяюцца замест Бога, тое, што адцягвае ад Яго сэрца чалавека. Так, апостал Павел называе ідаласлужэннем прагу да матэрыяльных каштоўнасцяў (пар. Клс 3, 5).

Іерархія (ад грэцк. hieros — святы і arche — улада) — парадак арганізацыі і падпарадкавання духоўных асобаў, якія маюць касцёльную ўладу. І. Касцёла замацавалася з часоў раннняга хрысціянства і складаецца з трох асноўных ступеняў: біскуп, прэзбітэр і дыякан. На вяршыні каталіцкай І. знаходзіцца Папа, які з’яўляецца біскупам Рыма і ўсяго сусветнага Касцёла. Боскае ўстанаўленне І. пацвярджаецца Святым Пісаннем і Традыцыяй Касцёла.

Ізраэль (з габрэйск. — той, хто змагаўся з Богам, або – Бог валадарыць) — 1. Імя, атрыманае ад Бога Якубам пасля барацьбы, якую Бог вёў з ім (гл. Быц 32, 22). Якуб, названы Ізраэлем, з’яўляецца айцом 12 заснавальнікаў ізраэльскіх родаў. 2. У Старым Запавеце так называецца народ выбраны, а таксама зямля Ханаан. У часы прарокаў гэтая назва замацоўваецца толькі за Паўночным каралеўствам у адрозненне ад каралеўства Юды на поўдні. 3. Новым І. называюць выбраны народ Новага Запавету — святы Касцёл — пабудаваны на падмурку, закладзеным 12 апосталамі. 4. Назва, сугучная сучаснай дзяржаве Ізраіль, заснаванай па рашэнні ААН у 1948 г. са сталіцай у Тэль-Авіве.

Імша (ад лац. Missa) — цэлебрацыя сакрамэнту Эўхарыстыі, які здзяйсняецца згодна з наказам Езуса Хрыста і з’яўляецца падзякай, а таксама ўрачыстым успамінам Яго мукі, смерці і ўваскрасення (Лк 22, 19). Эўхарыстыя была ўстаноўлена самім Хрыстом падчас Апошняй Вячэры. У І. Касцёл здзяйсняе тое, што ўчыніў Езус, аддаўшы сябе ў ахвяру за збаўленне свету. Абрады св. Імшы пачалі складацца ў апостальскія часы (І ст. н. э.). Агульны парадак І., які на працягу стагоддзяў застаецца нязменным, складаецца з наступных частак: уступныя абрады, літургія слова, эўхарыстычная літургія, абрад заканчэння. Калісьці св. Імша цэлебравалася выключна на лаціне, але Другі Ватыканскі Сабор дазволіў цэлебраваць яе на нацыянальных мовах.

Імшал, Рымскі І. (лац. Missale Romanum) — асноўная літургічная кніга для цэлебрацыі св. Імшы паводле рымскага (лацінскага) абраду. У ёй змешчаны неабходныя прадпісанні, якія датычаць цэлебрацыі Імшы; каляндар урачыстасцяў, святаў і ўспамінаў, якія Касцёл адзначае на працягу года; парадак св. Імшы — г.зн. нязменныя часткі, а таксама ўсе іншыя малітвы і тэксты, неабходныя для цэлебрацыі св. Імшы на працягу літургічнага года і ў розных патрэбах. У 2000 г. з’явілася трэцяе ўзорнае выданне І. на лацінскай мове, а 6 жніўня 2003 г. Апостальскай Сталіцай быў зацверджаны Рымскі І. для дыяцэзій на Беларусі.

Й

К

Казанне – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас св. Імшы і іншых набажэнстваў. У ім тлумачацца праўды веры, некаторыя аспекты навучання Касцёла, хрысціянскай маралі і т.п. Гл. гамілія.

Калекта (лац. collecta – збор, складчына) – 1. Адна з імшальных малітваў, у якой выяўляецца характар цэлебрацыі, з-за чаго яе таксама называюць «малітвай дня». Яна завяршае ўступныя абрады св. Імшы і як бы яднае ў сабе малітоўныя інтэнцыі ўсёй супольнасці. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым, пра што сведчыць яе асаблівая даўжэйшая канцоўка. На св. Імшы заўсёды прамаўляецца толькі адна К. 2. Заключная малітва Ютрані, Нешпараў і гадзіны чытанняў. 3. Часам так называецца збор ахвяраванняў, прызначаных на патрэбы Касцёла і бедных.

Камунія (лац. communio – еднасць, супольнасць, удзел). 1. Адна з назваў сакрамэнту Эўхарыстыі. 2. Прыняцце Цела Хрыста падчас св. Імшы або падчас намашчэння хворых у форме Віятыку, якое асаблівым чынам яднае вернікаў са Збаўцам (гл. Ян 6, 25-59). Можа адбывацца ці толькі ў постаці хлеба, ці ў дзвюх постацях – хлеба і віна.

Кананізацыя (лац. canonizatio, ад грэцк. kanon – тут: пералік імёнаў святых і благаслаўлёных) — урачыстае абвяшчэнне Папам таго, што беатыфікаваны хрысціянін — благаслаўлёны — можа ва ўсім Касцёле ўшаноўвацца як святы. Словы К. завяршаюцца ўрачыстым патройным спевам «Амэн». Для таго, каб прызнаць пэўнага благаслаўлёнага святым, неабходна пацвярджэнне аднаго цуду, учыненага Богам праз пасрэдніцтва благаслаўлёнага. К. называюць таксама «ўзнясеннем на алтар», што звязана з традыцыяй змяшчаць рэліквіі святых у алтары ці на ім.

Кананічнае права — сукупнасць нормаў, сфармаваных на падставе канонаў — актаў Касцёльнай улады, якія маюць моц закона. К. п. уключае пастановы Сусветных Сабораў, выказванні Айцоў Касцёла, Папскія дакументы (гл. адгартацыя, Апостальскі ліст, була, энцыкліка), асвечаныя касцёльнай Традыцыяй звычаі. Асноўным зборнікам К. п. з’яўляецца Кодэкс кананічнага права (лац. Codex Iuris Canonici). Першы значны збор канонаў быў складзены ўжо ў VI ст. і пасля гэтага шмат разоў дапаўняўся і выпраўляўся, у прыватнасці, па рашэнні Базельскага (1431–1443 г.г.) і Трыдэнцкага (1545–1563 г.г.) Сабораў. У тыя часы К. п. закранала таксама шмат пытанняў грамадзянскай юрысдыкцыі, а таму з цягам часу ўзнікла неабходнасць грунтоўна яго перапрацаваць. Па ініцыятыве Папы Пія Х да 1917 г. быў распрацаваны новы Кодэкс К. п. У ім разглядаліся агульныя нормы касцёльнай юрысдыкцыі, становішча духоўных асобаў, пытанні касцёльнай адміністрацыі (курыі, парафіі, манаскія інстытуты, свецкія касцёльныя арганізацыі), сакрамэнты, парадак набажэнстваў і кананізацыі святых, сістэма касцёльных пакаранняў. У адрозненне ад папярэдніх, гэты Кодэкс К. п. рэгуляваў амаль выключна унутрыкасцёльныя адносіны. У сувязі са значным абнаўленнем каталіцкай тэалогіі Другі Ватыканскі Сабор прызнаў патрэбу ў пераглядзе К. п. У 1983 г. Папа Ян Павел ІІ падпісаў новы Кодэкс К. п., які ў значнай ступені захоўвае асноўны змест папярэдняга пры значным скарачэнні агульнай колькасці канонаў (з 2412 да 1752) і прычынаў для адлучэння ад Касцёла (з 37 да 7). У ім была захавана забарона ўдзяляць сакрамэнт пасвячэння жанчынам, забаронена паўторнае прыняцце сакрамэнту сужэнства пасля афармлення разводу ў грамадзянскіх установах, аднак санкцыянавана крэмацыя як форма пахавання.

Кангрэгацыя (лац. congregatio – аб’яднанне, супольнасць) – 1. Назва асноўных установаў Рымскай курыі, якія займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла і маюць статус міністэрстваў. На чале кожнай К. стаіць кардынал-прэфект, які прызначаецца Папам на 5 гадоў. Яму дапамагае ў кіраванні К. сакратар у сане біскупа. Аснову кожнай К. утвараюць камісіі, якія першапачаткова складаліся толькі з кардыналаў, але пасля рэформы, праведзенай Папам Паўлам VI у 1967 г., у іх уваходзяць таксама некалькі біскупаў з розных кантынентаў. Сябры камісіі К. раз на тыдзень у вызначаны дзень збіраюцца на сесію для абмеркавання і вырашэння надзённых пытанняў. Колькасць супрацоўнікаў асобных К. залежыць ад канкрэтных мэтаў, што стаяць перад ёю. Хоць усе структуры, якія ўваходзяць у склад Рымскай курыі, юрыдычна раўнапраўныя, аднак К. ідуць у спісе першымі, а сярод іх першае месца займае К. Веравучэння. Усяго ёсць дзевяць К.: акрамя вышэйназванай, дзейнічаюць К. па справах Усходніх Касцёлаў; Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў; па справах Кананізацыі; па справах Біскупаў; Евангелізацыі Народаў; па справах Духавенства; па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця; Каталіцкай Адукацыі (па справах семінарый і навучальных устаноў).
2. Законная супольнасць – рэлігійнае аб’яднанне духоўных ці свецкіх асобаў, сябры якога складаюць простыя шлюбы на пэўны тэрмін або пажыццёва.

Канкардат (ад лац. concordatum – пагадненне) — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі (прызначэнне біскупаў, касцёльная ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, асаблівыя правы і прэрагатывы ў пытаннях сям’і і шлюбу, а таксама ўмовы дыпламатычных адносінаў з Ватыканам). Адным з першых быў заключаны Вормскі К. (1122 г.) паміж Папам Калікстам ІІ і германскім імператарам Генрыхам IV; у 1801 г. быў заключаны К. паміж Папам Піем VII і Напалеонам, а ў 1929 г. Папам Піем XI і італьянскім урадам на чале з Мусаліні былі падпісаныя т. зв. «Латэранскія пагадненні», згодна з якімі быў усталяваны дзяржаўны суверэнітэт Ватыкана. Пасля падзення камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, у 1993 г., К. заключыла таксама Польшча.

Канклаў(ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ) — сход кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці Папы для абрання новага Папы. Такую ж назву мае і памяшканне Сікстынскай капэлы ў Ватыкане, дзе адбываюцца выбары. Уваходныя дзверы капэлы на час К. замуроўваюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы (адсюль назва). Парадак правядзення К. быў устаноўлены ў ХІІІ ст. Папам Грыгорыем Х, а потым неаднаразова ўдакладняўся яго наступнікамі. Сучасны папа Бэнэдыкт XVI змяніў правілы выбару Пантыфіка. Згодна з яго рашэннем, для абрання Папам кандыдат павінен атрымаць прынамсі дзве трэція галасоў удзельнікаў канклава. Такім чынам, Бэнэдыкт XVI адмяніў прынцып, уведзены яго папярэднікам Янам Паўлам II і сфармуліраваны ў Апостальскай Канстытуцыі 1996 г. "Universi Dominici gregis", які дазваляў выбіраць Папу любой большасцю галасоў.

Канон (ад грэцк. kanon – норма, правіла, узор) — 1. Прынятая Касцёлам сукупнасць кніг Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў (гл. дэўтэракананічныя кнігі).
2. Эўхарыстычная малітва святой Імшы.
3. Артыкул у Кодэксе кананічнага права.
4. Пералік імёнаў усіх тых, каго Касцёл абвясціў святымі і благаславёнымі, т. зв. «канон святых» (гл. таксама мартыралог).
5. Правілы пабудовы кампазіцыі абразоў і іншых сакральных выяваў, якія ва Усходнім Касцёле маюць вельмі вялікае значэнне.

Кансісторыя (лац. Сonsistorium) – сход кардыналаў, якім кіруе Папа і які ён склікае па сваёй волі для супрацоўніцтва ў справе кіравання Сусветным Касцёлам.

Канстытуцыя (лац. Constitutio) — нарматыўны дакумент Касцёла, які традыцыйна называецца паводле двух першых словаў тэксту на лацінскай мове і пачынаецца формулай «на вечную памяць», што падкрэслівае яго надзвычайную важнасць. Канстытуцыі бываюць Касцёльнымі і Апостальскімі.
1. Касцёльная К. — зацверджаны Сусветным Саборам дактрынальны дакумент, які датычыць веравучэння. На ІІ Ватыканскім Саборы былі прынятыя 4 К. к.: Пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium», Дагматычная К. пра Касцёл «Lumen gentium», Дагматычная К. пра Божае аб’яўленне «Dei Verbum» і Пастырская К. пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes». У К. к. фармулююцца асноўныя дагматычныя прынцыпы веравучэння і ўнесеныя ў іх змены ў адпаведнасці з планамі касцёльнага аднаўлення. К. к. уваходзяць у сілу толькі пасля зацвярджэння Папам і выдаюцца ад яго імя.
2. Апостальская К. — выдадзены Папам нарматыўны дакумент, які датычыць важных новаўвядзенняў у Касцёле. У адрозненне ад іншых папскіх дакументаў, ён часцей за ўсё змяшчае сціслыя юрыдычныя прадпісанні. Так, А. к. Папы Паўла VI «Missale Romanum» абвяшчае ўвядзенне новага Імшала, а А. к. Папы Яна Паўла ІІ «Pastor bonus» зацвярджае новы рэгламент Рымскай курыі.

Кантэмпляцыя (лац. contemplatio – сузіранне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, пададзены ў «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацыя Лаёлы. Назва паходзіць ад лацінскага дзеяслова contemplor, што азначае «сузіраць, вельмі ўважліва ў што-небудзь углядацца». Такім чынам, К. – гэта ўважлівае сузіранне таямніцаў Хрыста з дапамогаю ўяўлення, думак і пачуццяў.

Канферэнцыя Біскупаў – пастаянная структура, якая ўяўляе сабой сход біскупаў пэўнай краіны або тэрыторыі на чале са Старшынёй. У яе ўваходзяць таксама асобы, прыраўняныя да біскупаў, а менавіта: абаты, прэлаты, Апостальскія адміністратары і г. д. Ствараць К. Б. можа толькі Святы Пасад. К. Б. мае заканадаўчую ўладу і паклікана спрыяць развіццю Касцёла на тэрыторыі яе дзейнасці, прыстасоўваючы розныя формы і спосабы апостальства да канкрэтных абставінаў месца і часу. Наогул жа перад К. Б. стаяць самыя розныя задачы.

Канфесіянал (ад лац. confessio — споведзь) — закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамэнт пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.

Кардынал (ад лац. cardinalis — галоўны, асноўны) — найвышэйшы тытул у Каталіцкім Касцёле, які надае Папа са згоды кансісторыі — сходу калегіі кардыналаў. У наш час гэты тытул амаль выключна надаецца біскупам Касцёла, якія былі прызнаныя годнымі гэтага. К. з’яўляецца дарадчыкам Папы ў пытаннях кіравання Касцёлам, а таксама разам з іншымі кардыналамі ўдзельнічае ў выбары новага Папы. Адзнакаю кардынальскай годнасці з’яўляецца святарскае адзенне пурпурнага колеру, якое было ўпершыню ўведзена Папам Інацэнтам IV у 1245 г. і сімвалізуе гатоўнасць К. праліць сваю кроў за Касцёл.

Катэхет – асоба, якой даручана правядзенне катэхізацыі.

Катэхізацыя, катэхеза (ад грэцк. katechein – абвяшчаць, вусна настаўляць) – сістэматычнае навучанне праўдам веры, паяднанае з адпаведным рэлігійным выхаваннем. Мэтамі К. з’яўляецца абуджэнне і развіццё веры, азнаямленне са Святым Пісаннем, усведамленне прыналежнасці да Касцёла, уводзіны ў малітоўнае жыццё, засваенне прынцыпаў хрысціянскай маралі і хрысціянскіх адносінаў да жыцця і свету. У некаторых каталіцкіх краінах К. адбываецца не толькі пры касцёлах, але і ў школе, на занятках па рэлігіі. У Беларусі К. звычайна праводзіцца ў парафіях: пачатковая К., падрыхтоўка да прыняцця сакрамэнтаў і г. д.

Катэхізіс – (грэцк., літаральна – абвяшчэнне, вуснае настаўленне) – кніга, у якой падаецца кароткі выклад асноўных праўдаў хрысціянскай веры і маралі ў простай і даступнай фоме. Першапачаткова гэтае слова азначала вуснае настаўленне дзецям і юнакам перад прыняццем хросту. Першы, т. зв. «Рымскі К.», аўтарам якога лічыцца св. Пётр Канізій, быў укладзены ў форме пытанняў і адказаў і ў 1566 г. зацверджаны Трыдэнцкім Саборам. Хоць пасля гэтага з’яўлялася шмат іншых К., аднак ён на працягу многіх гадоў заставаўся падставаю навучання веры і маральнасці ў Касцёле. У 1992 г. быў зацверджаны і выдадзены новы К. Каталіцкага Касцёла, які, па прыкладзе папярэдняга, складаецца з чатырох частак: вызнанне веры, святая літургія з тлумачэннем сакрамэнтаў, прынцыпы хрысціянскай маралі на падставе запаведзяў і хрысціянская малітва.

Катэхумэн. У раннім Касцёле так называліся людзі, якія рыхтаваліся да прыняцця хросту. Перад тым як быць ахрышчанымі, яны павінны былі пазнаёміцца з асновамі хрысціянскай веры. Час падрыхтоўкі называўся катэхумэнатам. У наш час катэхумэнамі называюцца дарослыя, якія рыхтуюцца да сакрамэнту хросту. Згодна са старадаўняй літургічнай традыцыяй, у першую нядзелю Вялікага посту адбываецца абрад прыняцця, альбо запісу катэхумэнаў, якія будуць ахрышчаныя падчас Пасхальнай Вігіліі. У трэцюю, чацвёртую і пятую нядзелі Вялікага посту адбываюцца адпаведна першы, другі і трэці іспыт у падрыхтоўцы да хросту катэхумэнаў, якія называюцца скрутыніямі.

Каўчэг — у Бібліі гэтае слова мае два значэнні.
1. Ноеў К. (габрэйск. тэвах) — судна, якое Ной пабудаваў па загадзе Бога, каб уратавацца ад патопу. Ён меў выгляд не карабля, а хутчэй быў падобны на вялізны (каля 150 м удаўжыню, 25 м ушырыню і 15 м увышыню) плывучы дом (гл. Быц 6, 14-16). Падчас усяго патопу, калі паверхня зямлі была цалкам залітая вадою, у каўчэгу знаходзіўся Ной са сваёй сям’ёю, а таксама па пары ўсіх відаў звяроў і птушак. У драўляным К., у якім уратаваліся Ной і яго сям’я, айцы Касцёла бачаць правобраз збаўчага дрэва крыжа і Касцёла, прыстанак вернікаў сярод небяспекаў свету.
2. К. Запавету (габрэйск. арон, лац. arca – скрыня) — багата аздобленая скрыня, зробленая па загадзе Бога, перададзеным праз Майсея (Зых 25, 10-22). К. быў зроблены з дрэва сітым (разнавіднасць акацыі), а звонку і знутры абкладзены золатам. Века было з чыстага золата. Яго аздабляў залаты вянок і выявы двух херувімаў. Менавіта яно было месцам Божых аб’яўленняў: адтуль Бог размаўляў з Майсеем. У К. знаходзілася т. зв. «сведчанне»: табліцы Запавету, а таму К. З. называлі таксама «каўчэгам сведчання». Гэта была рухомая святыня, якая спадарожнічала Ізраэлю ў вандраванні па пустыні да Зямлі абяцанай, з’яўляючыся ўвасабленнем прысутнасці Бога сярод Яго народа. К. насілі на спецыяльных шастах, якія ўкладаліся ў колцы, прымацаваныя да ягоных рагоў. Пасля пабудовы ерузалемскай святыні К. З. знаходзіўся там. Падчас Бабілонскага палону, калі першая святыня была разбурана, К. З. бясследна знік.

Ксёндз (з польск.) — гл. прэзбітэр.

Курыя (лац. curia, ад co (cum) – разам і vir – муж) 1. Рымская К. (ад лат., іт. — Curia Romana) — галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы. Асобныя ведамствы Рымскай К. ад імя і ўладаю Папы Рымскага адказваюць на пытанні, разглядаюць прапановы, апеляцыі, скаргі, просьбы, накіраваныя ў адрас Апостальскай Сталіцы, выносяць распараджэнні, рашэнні або загады, выступаюць з разнастайнымі прапановамі і г. д. К. складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, які ў сваю чаргу падзяляецца на дзве секцыі (1-я секцыя — агульных справаў, 2-я секцыя — па адносінах з дзяржавамі), 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 11 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Акрамя гэтага, ёсць таксама Сінод Біскупаў, Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы і іншыя гістарычна сфарміраваныя ўстановы. Дзяржаўны Сакратарыят накіроўвае і каардынуе дзейнасць К. Пасада Дзяржаўнага сакратара, які з’яўляецца галоўнай асобай пасля Папы, суадносная з пасадай прэм’ер-міністра ў іерархіі свецкай улады.
2. Біскупская К. – орган касцёльнай адміністрацыі, які пакліканы дапамагаць біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй.

Л

Легат (лац. legatus) – пасланнік Папы, які прадстаўляе яго як пры асобных Касцёлах, так і пры дзяржавах ці ўрадах, куды ён быў накіраваны. У старажытныя часы Папа забяспечваў сваю прысутнасць на Саборах і іншых важных падзеях праз сваіх упаўнаважаных, якія называліся Л. У наш час Папа накіроўвае Л., якія дзейнічаюць ад яго імя, для асобных надзвычайных місій.

Літанія (ад грэцк. litanea – маленне, прашэнне). Адна з формаў вуснай малітвы, якая пачынаецца словамі Kyrie, eleison (грэц. Пане, змілуйся над намі) і затым складаецца з асобных зваротаў, у якіх называюцца імёны, праявы святасці, а таксама цноты адной з Асобаў Тройцы, Найсвяцейшай Панны Марыі альбо пэўнага святога, якому прысвячаецца літанія. Пасля кожнага звароту паўтараецца просьба «змілуйся над намі» ці «маліся за нас».

Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста. Л.г. пачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту і складаецца з наступных літургічных перыядаў: 1. Перыяд Адвэнту – пачынаецца ў нядзелю, якая прыпадае на 30 лістапада або бліжэйшую да гэтага дня дату і заканчваецца 24 снежня; 2. Перыяд Нараджэння Пана – пачынаецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана і заканчваецца святам Хросту Пана; 3. Перыяд Вялікага посту – пачынаецца ў Папяльцовую сераду і заканчваецца ў Чацвер перад св. Імшой Вячэры Пана; 4. Велікодны перыяд – пачынаецца ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, працягваецца пяцьдзесят дзён і заканчваецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога (Пяцідзесятніца); 5. Звычайны перыяд – час ад заканчэння перыяду Нараджэння Пана да пачатку Вялікага посту, які потым працягваецца пасля Велікоднага перыяду да пачатку Адвэнту і ўключае 33 ці 34 тыдні. Такім чынам, на працягу года Касцёл ахоплівае ўсю таямніцу Хрыста і ўспамінае святых у дні іх нараджэння для неба.

Літургія (ад грэцк. leitos – грамадскі, супольны і ergon – справа, праца) – кожнае набажэнства, якое здзяйсняецца ў Касцёле і ад імя Касцёла (Св. Імша, літургія Божага слова, Пакаяннае набажэнства, Літургія гадзінаў і г. д.) Для кожнай Л. прызначаюцца спецыяльныя тэксты, малітвы, літургічнае адзенне святара і спевы.

Літургія гадзінаў (лац. Liturgia Horarum) – штодзённая малітва народа Божага, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: гадзіна чытанняў, Ютрань, малітва на працягу дня, Нешпары і малітва на заканчэнне дня – Камплета. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, у Брэвіярыі падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, чытанні, урыўкі са Святога Пісання і спевы. У Л.г. абавязкова ўдзельнічаюць духавенства і кансэкраваныя асобы, а таксама пажадана, каб усе вернікі, па магчымасці, бралі ў ёй удзел.

М

Малітва – 1. Асаблівая дзейнасць, якая адрозніваецца ад любой іншай чалавечай дзейнасці і з’яўляецца найбольш дасканалым выразам сувязі чалавека з Богам. Адзінаю мэтай М. з’яўляецца ўстанаўленне і ўмацаванне кантакту з Богам, а таксама выяўленне адносінаў чалавека да Бога. Праз М. чалавек з даверам становіцца ў прысутнасці Бога і раскрывае перад Ім пачуцці, думкі і жаданні: выказвае Яму сваю любоў, праслаўляе, складае падзяку, узносіць просьбы, просіць у Яго прабачэння за грахі. Аднак належыць памятаць, што ініцыятыва такога кантакту паходзіць ад Бога, які ў М. адкрывае чалавеку сваю волю і ўмацоўвае яго звышнатуральнымі ласкамі, а таму чалавек заўсёды павінен быць гатовы адказаць на Божую любоў. Такім чынам М. вымагае ад чалавека адпаведнага ўнутранага настрою і засяроджанасці; не можа лічыцца малітвай механічнае выкананне абрадаў. М. можа быць як індывідуальнай, так і супольнай і выказвацца як пэўнымі малітоўнымі тэкстамі, так і сваімі словамі. Кожная М. скіравана да Бога, нават калі той, хто моліцца звяртаецца да святых або да пэўнага святога, просячы яго аб заступніцтве. Цэнтрам хрысціянскай М. з’яўляецца літургія сакрамэнтаў, якая дасягае сваёй вяршыні ў Эўхарыстыі.
2. Пэўныя прынятыя ў супольнасці вернікаў тэксты, якія з’яўляюцца малітоўнымі зваротамі да Бога і святых. Асноўнымі хрысціянскімі малітвамі з’яўляюцца: Малітва Панская («Ойча наш...»), Анёльскае прывітанне («Вітай, Марыя...»), Сімвал веры («Веру...»), праслаўленне Тройцы («Хвала...»).

Малітоўнік – зборнік малітоўных тэкстаў. У Каталіцкім Касцёле вернікі могуць карыстацца толькі тымі М., якія былі зацверджаныя касцёльнымі ўладамі. Дазвол на друк М. дае біскуп, і тады на адной з першых старонак змяшчаецца лацінскае слова «Imprimatur», што азначае «няхай будзе надрукавана», а таксама дата і імя біскупа, які даў дазвол.

Мартыралог (грэцк. martyrologion, ад martyros – мучанік і logos – слова, паданне) — напачатку так называўся пералік імёнаў першых хрысціянскіх святых — мучанікаў, у якім, як у календары, змяшчаліся імя святога, месца яго мучаніцтва і дзень памяці. Былі М. як мясцовых Касцёлаў (напр. «Рымскі каляндар», 354 г.), так і агульнакасцёльныя (М. сярэдзіны V ст., які пачаў складаць св. Геранім). Пазней у М. пачалі дадаваць імёны святых, якія не былі мучанікамі, а прыведзеныя звесткі сталі дапаўняць падрабязнай біяграфіяй святых (М. Бэды Вялебнага, каля 730 г.). Найбольшае распаўсюджанне набыў М., выдадзены ў 1584 г. Папам Грыгорыем XIII. Дапоўнены ў далейшым Бэнэдыктам XIV у 1748г., Піем IX у 1870 г. і Бэнэдыктам XV у 1922 г., ён з’яўляецца афіцыйным М. Касцёла (гл. таксама хагіяграфія).

Манстранцыя (ад лац. monstro, -are – паказваць) – літургічны прадмет, звычайна з высакароднага металу, прыгожа аздоблены, у сярэдзіне якога, за шклом, падчас набажэнстваў і працэсій змяшчаецца Гостыя, каб яе маглі бачыць і ўшаноўваць вернікі. З’яўленне М. звязана з распаўсюджаннем эўхарыстычнага культу і адносіцца да ХІІІ ст. Звычайным месцам захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту з’яўляецца табэрнакулюм.

Медытацыя (лац. meditatio – разважанне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, а менавіта: малітоўнае разважанне на розныя духоўныя тэмы. Тэмы для разважання могуць быць узятыя са Святога Пісання, са словаў пэўнай малітвы, з дакументаў Касцёла, з твораў духоўных аўтараў, з прыкладаў жыцця святых і г. д. Галоўнае, каб у разважанні прысутнічала шчырая размова з Богам і каб яно прыводзіла да канкрэтных жыццёвых высноваў і пастанаўленняў. Св. Ігнацый Лаёла адносіць М. разам са св. Імшой да асноўных духоўных практыкаванняў.

Месія (ад габрэйск. машыах – памазаннік, па-грэцку – Хрыстос) — у Старым Запавеце гэтае слова часцей за ўсё абазначала памазанага караля, радзей — святара. Паступова ў выбраным народзе складаецца вобраз чаканага Збаўцы, прадказанага прарокамі М. — Караля і Святара, правобразам якога з’яўляецца Мельхізэдэк, кароль Салему і святар Бога Найвышэйшага (Быц 14, 17-20). Але нават вучні Езуса, якія бачылі ў Ім чаканага М., спачатку не разумелі да канца значэння Яго памазання, чакаючы ўстанаўлення Яго зямнога валадарства. Толькі пасля ўваскрасення знікаюць усе непаразуменні: Езус, сапраўдны нашчадак караля Давіда, памазаны Духам Святым, каб устанавіць на зямлі Божае Валадарства, праз уваскрасенне ўваходзіць у каралеўскую хвалу. Разам з тым Ён становіцца сапраўдным святаром Новага і Вечнага Запавету, адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, які прынёс сябе самога ў ахвяру Айцу для адкуплення чалавецтва. Таму менавіта гэтае слова, узятае з грэцкай мовы, стала ўласным імем Сына Божага.

Мітрапаліт (грэцк. metropolites) — арцыбіскуп, які ўзначальвае правінцыю Касцёла, што называецца мітраполія. У Беларусі ёсць толькі адзін М., які ўзначальвае мясцовы Касцёл. Ім з’яўляецца Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітраполія (грэцк. metropolis, ад meter — маці і polis — горад) У Каталіцкім Касцёле — правінцыя Касцёла, якая ўключае архідыяцэзію і некалькі падпарадкаваных ёй дыяцэзій. Касцёл на Беларусі ўтварае Мінска-Магілёўскую правінцыю, або М.

Монатэізм (ад грэцк. monos – адзін, адзіны і Тheos – Бог) — адзінабожжа; вера ў адзінага Бога — Стварыцеля сусвету і яго Валадара — у адрозненне ад паганскіх (язычніцкіх) вераванняў у існаванне розных бажкоў (політэізм), ад абагаўлення ўсяго сусвету (пантэізм) і ад поўнага адмаўлення існавання Бога (атэізм). М. — асноватворны аспект Божага аб’яўлення, дадзенага людзям у Бібліі. Акрамя хрысціянаў і юдэяў веру ў адзінага Бога вызнаюць таксама мусульмане.

Мучанік — хрысціянін, які прыняў мучаніцкую смерць за веру ў Хрыста. Тэртуліан сказаў: «Кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў», падкрэсліваючы такім чынам, што Касцёл быў заснаваны на крыві і гераічным прыкладзе веры шматлікіх М. Першым хрысціянскім М. з’яўляецца св. Стэфан, мучаніцтва якога апісана ў Дзеях Апосталаў (Дз 7, 55 – 8, 2). Тамсама гаворыцца і пра першы пераслед Касцёла. Згодна з традыцыяй, усе апосталы, акрамя св. Яна, былі М. З першых стагоддзяў Касцёл атачаў М. вялікай пашанай і лічыў іх святымі. Першыя хрысціяне называлі М. не толькі тых, хто прыняў мучаніцкую смерць, але і тых, хто быў скалечаны за веру і не адступіў ад Хрыста.

Н

Настаўніцкі Інстытут Касцёла (лац. Magisterium) — уласцівая толькі Касцёлу ўлада навучання веры. У Канстытуцыі пра Божае аб’яўленне чытаем: «Абавязак праўдзіва тлумачыць напісанае ці вусна перададзенае Божае слова быў даручаны толькі жывому Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла, улада якога заснавана на імені Езуса Хрыста», гэта значыць, што такое заданне даручана біскупам у еднасці з наступнікам апостала Пятра, Біскупам Рыма — Папам. Н. К. ні ў якім выпадку немагчыма супрацьпастаўляць Божаму слову, бо яно служыць яму, свята яго захоўваючы і верна выкладаючы. Яго сэнс у тым, каб вера перадавалася далей, згодна са зместам Святога Пісання і Традыцыяй Касцёла.

Нешпары (ад лац. vesper – вечар) – вечаровая малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

Нунцый (лац. nuntius – той, хто абвяшчае; вястун). Поўная назва: Апостальскі Н. – духоўная асоба, часцей за ўсё – арцыбіскуп, якая з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком (паслом) Ватыкана і асабіста Папы ў дзяржавах, з якімі ўстаноўленыя дыпламатычныя адносіны. Н. таксама служыць Каталіцкаму Касцёлу ў краіне свайго прабывання. Калі з той ці іншай дзяржавай няма дыпламатычных адносінаў, Папа можа накіраваць туды свайго пасланніка, які прадстаўляе яго толькі пры Касцёле і называецца Апостальскім Дэлегатам.

Нунцыятура – пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва (пасольства) Ватыкана. Першыя Н. з’явіліся ў XVI ст. У наш час Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны прыблізна са 150 дзяржавамі і мае больш за 90 Н., у тым ліку і ў Беларусі. Дыпламатычныя адносіны паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 г. Наведваючы тую ці іншую краіну падчас сваіх пастырскіх падарожжаў, Папа часцей за ўсё спыняецца менавіта ў Н.

О

П

Паганства (ад лац. paganus – сялянскі, невуцкі) — слова набыло сваё рэлігійнае значэнне, калі хрысціянства шырока распаўсюдзілася ў Рымскай імперыі і было паўсюдна прынята ў гарадах, а паганамі (язычнікамі) пачалі называць тых, хто не прымаў Евангелле. У арыгінальных тэкстах Святога Пісання гэтае слова не ўжывалася, аднак існавала азначэнне для народаў, якія не ведаюць сапраўднага Бога, і менавіта прадстаўнікоў гэтых народаў у перакладах Бібліі называюць паганамі. Як піша св. апостал Павел, гэтыя людзі «славу нятленнага Бога замянілі на ўзор вобраза тленнага чалавека і птушак, і чатырохногіх, і гадаў. Яны замянілі праўду Божую на хлусню і пакланяліся і служылі стварэнню замест Стварыцеля» (пар. Рым 1, 23. 25). Культавае праяўленне П. заўсёды звязана з ідалапаклонствам, што часта адбываецца ў найбольш жорсткіх, агідных і амаральных формах (напр., чалавечыя ахвярапрынашэнні, рытуальная прастытуцыя і да т. п.). Усім гэтым пагане апаганьваюць (г. зн. робяць нячыстымі) сябе і нават тую зямлю, дзе яны жывуць. Гэтым тлумачацца жорсткія наказы Бога, якія Ён даў Ізраэлю адносна паганскіх народаў, у чыю зямлю выбраны народ быў выведзены з Егіпту (гл. Абяцаная зямля). Разам з тым, ужо ў Старым Запавеце ёсць прарочае прадказанне адносна будучага збаўлення паганскіх народаў, што цалкам спраўдзілася ў часы Новага Запавету. У наш час Касцёл часта гаворыць пра небяспеку вяртання паганскага светапогляду, т. зв. «неапаганства», маючы на ўвазе поўнае выключэнне Бога з асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, ігнараванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, утылітарны падыход да чалавека і яго жыцця, геданізм, неўмеркаванае спажывальніцтва і г. д.

Пакаянне.
1. Навяртанне ад грахоў праз жаль за грахі, пастанаўленне выправіцца і перапрашэнне Бога і бліжняга за нанесеныя крыўды.
2. Сакрамэнт споведзі, у якім святар адпускае грахі.
3. Пакута, вызначаная на споведзі: малітва, пост, добрыя ўчынкі.

Пальмовая нядзеля. Нядзеля мукі Пана. У гэты дзень Касцёл успамінае ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы. На ўспамін гэтага ўваходу Пана св. Імша пачынаецца працэсіяй ці ўрачыстым уваходам. Тады ж адбываецца асвячэнне галінак пальмаў альбо іншых дрэваў (найчасцей гэта галінкі вярбы, адсюль папулярная назва – Вербная нядзеля). Падчас літургіі слова чытаецца апісанне Мукі Пана паводле аднаго з Евангелляў.

Папа (лац. papa, ад грэцк. pappas — айцец) — Найвышэйшы Першасвятар (Pontifex Maximus) і галава Касцёла на зямлі. Поўны тытул П.: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых. Выбіраецца кардыналамі на канклаве пажыццёва. Згодна з дагматам Першага Ватыканскага Сабору (1869 — 1870гг.), П. з’яўляецца беспамылковым у пытаннях веры і маралі. На гэтым жа Саборы было распрацавана вучэнне аб універсальным біскупстве П.
Як наступнік св. апостала Пятра, які быў першым сярод апосталаў, П. з’яўляецца першым сярод наступнікаў апосталаў — біскупаў. Ад св. Пятра да Яна Паўла ІІ усяго было 262 Папы.

Папская Рада (лац. Pontificium Consilium) – назва ўстановаў Рымскай курыі, якія, як і кангрэгацыі, таксама маюць статус міністэрстваў і займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла. Усяго ў склад Рымскай курыі ўваходзяць 12 П.Р.: па справах свецкіх; спрыяння хрысціянскаму адзінству; па справах сям’і; «Iustitia et Pax»; рада «Cor Unum»; пастырства эмігрантаў і падарожнікаў; пастырства работнікаў сферы аховы здароўя; (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў; па міжрэлігійным дыялогу; па культуры; па сродках масавай камунікацыі.

Папялец, папяльцовая серада. Дзень, якім пачынаецца перыяд Вялікага посту. У гэты дзень адбываецца асвячэнне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

Парафія (лац. paroecia, ад грэцк. paroikia – тэрыторыя, раён) – найменшая тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць пробашч. Некалькі П. утвараюць дэканат, а некалькі дэканатаў – дыяцэзію.

Парузія (грэцк. – прысутнасць, прыйсце). У старажытнасці гэтае слова азначала афіцыйны і ўрачысты візіт высокай асобы. Хрысціяне пачалі ўкладаць у яго сэнс прыйсця Хрыста ў хвале (пар. Мц 24). Першае прыйсце Хрыста адбылося праз уцелаўленне і нараджэнне. У канцы свету Ён ізноў прыйдзе, каб судзіць свет. Тады адбудзецца ўваскрашэнне ў целе ўсіх памерлых, будуць створаныя новае неба і новая зямля, і тыя, хто на зямлі імкнуўся жыць згодна з Божымі запаведзямі, стануць удзельнікамі вечнага жыцця з Богам. Час другога прыйсця не ведае ніхто, акрамя самога Бога (Мц 24, 36; Мк 13, 32).

Пасія (лац. passio – мука). Лацінская назва Мукі Пана. У рэлігійным значэнні пасіяй называецца апісанне Мукі Пана, паводле аднаго з Евангелляў, якое чытаецца ў Пальмовую нядзелю і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана. Таксама так часам называюць выяву ўкрыжаванага Хрыста. Пасійныя набажэнствы (казанні) – разважанні над збаўчай Мукай Хрыста, якія традыцыйна адбываюцца падчас Вялікага посту (Крыжовы шлях, Песні жальбы і г. д.).

Пасха (ад габрэйск. pesah – пераход).
1. Галоўнае свята ў юдэяў, якое паходзіць з найстаражытнейшых рэлігійных звычаяў ізраільскага народа, але набывае сваё асноўнае значэнне ў сувязі з падзеямі, апісанымі ў кнізе Зыходу: вызваленне з егіпецкай няволі. Згодна з прадпісаннямі, для святкавання Пасхі выпякаўся хлеб без закваскі – праснакі, а таксама гатаваўся пасхальны баранак (ягнё), якога спажывалі з горкімі травамі. Езус Хрыстус, спажыўшы ў апошні раз Пасху са сваімі вучнямі (Лк 22, 15), перамяніў старое свята ў Пасху Новага Запавету, калі сам стаўся пасхальным Баранкам і нашаю Пасхаю (1 Кар 5, 7).
2. Адна з назваў хрысціянскага свята Вялікадня, якая падкрэслівае, што ўваскрасенне стала пераходам Хрыста ад смерці да жыцця.

Пасхал. Вялікая свечка, што запальваецца ад агню, які святар благаслаўляе падчас Літургіі святла на пачатку св. Імшы Пасхальнай вігіліі. На гэтай свечцы змяшчаецца выява крыжа, грэцкія літары альфа і амега (пар. Ап 1, 8), лічбы бягучага года, а таксама пяць зерняў ладану (пяць сімвалічных цвікоў) на ўспамін пяці ранаў Хрыста. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста і запальваецца падчас урачыстых цэлебрацый на працягу Велікоднага перыяду. У іншы час пасхал захоўваецца ў баптыстэріі і запальваецца падчас удзялення сакрамэнту хросту, а ад яго запальваюцца свечкі новаахрышчаных.

Патоп — грандыёзнае навадненне, якое стала Божай карай за цяжкія грахі ўсяго чалавецтва (гл. Быц 6, 11 - 8, 22). Калі людзі адышлі ад Бога і перасталі жыць згодна з устаноўленым Ім парадкам, зямля напоўнілася злом да такой ступені, што Бог вырашыў знішчыць усё грэшнае чалавецтва, пакінуўшы ў жывых толькі справядлівага Ноя і яго сям’ю — усяго 8 асобаў. Ён загадаў Ною пабудаваць каўчэг, і калі Ной зрабіў гэта і ўвёў туды па пары ўсіх звяроў і птушак, а пасля ўвайшоў у яго сам з сям’ёю, «усе крыніцы вялікай бездані і вокны нябесныя адчыніліся, і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй» (пар. Быц 7, 11-12). Амаль цэлы год уся паверхня зямлі была пакрыта вадою. Калі ж вада сышла і Ной выйшаў з каўчэга, Бог заключыў з ім і ўсёй зямлёю запавет, паабяцаўшы, што ўжо ніколі воды патопу не знішчаць усяго жывога на зямлі. Знакам гэтага запавету стала вясёлка. Раскопкі ў Месапатаміі пацвердзілі, што там за 4000 гадоў на Нараджэння Хрыста сапраўды здарылася надзвычай вялікае навадненне, якое знішчыла першыя цывілізацыі Міжрэчча. Пра гэтую катастрофу сведчаць таксама старажытныя паданні, якія захаваліся ў многіх народаў. Айцы Касцёла бачаць у стыхіі П. сімвалічны правобраз водаў хросту.

Першародны грэх — грэх першых людзей. Вобразнае апісанне гэтага граху знаходзіцца ў трэцім раздзеле кнігі Быцця. Атрымаўшы пры стварэнні ад Бога стан праведнасці, чалавек, аднак, спакушаны сатаною, злоўжыў сваёй свабодай на самым пачатку гісторыі, супрацьпаставіўшы сябе Богу і жадаючы дасягнуць сваёй мэты без Яго. Першы чалавек згубіў першапачатковую святасць і праведнасць, атрыманую ад Бога не толькі для сябе, а і для ўсяго чалавецтва. У выніку гэтага сілы чалавечай натуры аслабленыя, яна знаходзіцца пад уладаю няведання, цярпенняў і панавання смерці і схільная да граху. П. г. перадаецца разам з чалавечай натурай і таму з’яўляецца грахом кожнага. Пасля грэхападзення Бог не пакінуў чалавека, абяцаючы яму лепшую будучыню (гл. Протаевангелле), таму Езуса Хрыста, які сваёй крывёю знішчыў наступствы П. г., вобразна называюць «новым Адамам». Панна Марыя, «новая Эва», дзякуючы будучым заслугам Яе Сына, першая і адзіная з усіх людзей была захаваная ад плямы П. г. і на працягу ўсяго свайго жыцця з асаблівай Божай ласкі не ўчыніла ніякага граху. Сакрамэнт хросту здымае з чалавека П. г. і адраджае яго да новага жыцця ў Богу.

Пілігрымка (паломніцтва) – вандроўка да святых месцаў (санктуарыі, цудатворныя абразы і г. д.), дзе вернікі атрымліваюць асабліва шчодрыя ласкі ад Бога. Найбольш значныя месцы пілігрымак гэта: Святая Зямля, Рым, Люрд, Фаціма, у Беларусі — Будслаў. Пілігрымка, як і працэсія, сімвалізуе Касцёл, які пілігрымуе на зямлі ад клопатаў свету да Бога і Яго Валадарства.

Пісанне, Святое П. — гл. Біблія.

Плашчаніца. Тканіна, у якую, згодна з паданнем, было загорнута цела Езуса, знятае з крыжа і намашчанае ў адпаведнасці з пахавальнымі звычаямі юдэяў. Яна была знойдзена ў пустой грабніцы раніцай першага дня тыдня вучнямі Хрыста пасля таго як жанчыны, якія прыйшлі намасціць цела, не знайшлі яго ў грабніцы (Ян 20, 1-7). На палатне выразна відаць адбітак укрыжаванага з характэрнымі ранамі на руках і нагах, а таксама са слядамі ранаў, нанесеных бічаваннем, цярновым вянцом і ўдарам дзіды. Гэты адбітак мог з’явіцца на тканіне ў момант уваскрэсення. Цяпер плашчаніца захоўваецца ў катэдральным саборы Турына (Італія) і таму яе часта называюць «турынскай».

Пост.
1. Вялікі пост. Саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у св. Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.
2. Абмежаванне ў ежы і піцці, якое з’яўляецца аскетычным практыкаваннем ці праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца сціслы пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Паняцце сціслы пост азначае, што на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных і малочных страваў, а таксама ад алкаголю. Сціслы пост прадпісаны Касцёлам у Папялец і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана, але не з’яўляецца абавязковым для маленькіх дзяцей, кормячых маці і хворых. Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў.
3. Адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай.

Правінцыя – аб’яднанне некалькіх мясцовых Касцёлаў на пэўнай тэрыторыі, што называецца таксама мітраполіяй. Слова «П.» засталося ў Касцёле ад назвы адзінкі тэрытарыяльна-адміністратыўнага дзялення Рымскай імперыі. Касцёльныя П. на чале з мітрапалітам і Правінцыяльным сінодам ствараюцца дзеля ажыццяўлення сумеснай пастырскай дзейнасці некалькіх суседніх дыяцэзій з улікам мясцовых умоваў і асаблівасцяў. Некалькі правінцый на большай тэрыторыі могуць быць аб’яднаныя ў касцёльны рэгіён.

Пракуратар. Паўнамоцны прадстаўнік рымскага імператара (цэзара), які прызначаўся для ажыццяўлення ўлады і забеспячэння парадку на асобных тэрыторыях, што ўваходзілі ў склад адной з правінцый Рымскай імперыі. У евангельскія часы Палестына ўваходзіла ў склад рымскай правінцыі Сірыі. У апошнія гады зямнога жыцця Збаўцы рымскім пракуратарам у Юдэі і Самарыі быў Понцій Пілат, які, знаходзячыся перад святам Пасхі ў Ерузалеме, разглядаў справу Езуса і хоць не знайшоў у Ім вартай пакарання віны, аднак саступіў патрабаванням юдэяў і, абмыўшы рукі, аддаў Хрыста на ўкрыжаванне.

Прарок — у часы Старога Запавету так называлі чалавека, які прамаўляў ад імя Бога. Роля прарокаў у рэлігійным развіцці Ізраэля надзвычай вялікая: яны абвяшчалі і ўмацоўвалі веру ў адзінага Бога (монатэізм), заклікалі людзей захоўваць маральныя прадпісанні закону Божага і прадказвалі прыйсце Месіі, які дасць збаўленне свайму народу. Першым і найбольшым з П. Біблія называе Майсея. Большасць прарокаў вядома нам толькі са згадак пра іх у гістарычных ці прарочых кнігах Старога Запавету. Больш за ўсё звестак захавалася пра т. зв. кананічных П., пісанні якіх увайшлі ў Біблію. Гэта чатыры «вялікіх» П. — Ісая, Ерамія, Эзэхіэль і Даніэль — і дванаццаць П., якіх называюць «малымі» (таму што іх кнігі больш кароткія, а не таму, што іх вучэнне менш каштоўнае). Апошнім П. Старога Запавету і адначасова першым Новага з’яўляецца св. Ян Хрысціцель. У найвышэйшым сэнсе Хрыста таксама называюць П.

Працэсія (ад лац. processio — рух наперад) — урачыстае рэлігійнае шэсце, якое звычайна суправаджаецца спевам. Традыцыйна працэсіі адбываюцца ў Пальмовую нядзелю (з вербамі), на Вялікдзень (рэзурэкцыйная), на свята Ахвяравання Пана (са свечкамі), на ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста (з Найсвяцейшым Сакрамэнтам) і г. д. Падчас св. Імшы можа адбывацца працэсія на ўваход і з ахвярнымі дарамі. На чале працэсіі на ўваход нясуць крыж, каб такім чынам падкрэсліць, што П. з’яўляецца вобразам жыццёвага шляху хрысціяніна, які праз крыж, г. зн. праз зямныя выпрабаванні, заўсёды вядзе да Хрыста як апошняй мэты.

Пробашч — святар, які ўзначальвае парафію. П. прызначае біскуп.

Протаевангелле (ад грэцк. protos – першы і Евангелле) — «першым Евангеллем» называюць словы з кнігі Быцця (Быц 3, 15), у якіх Бог упершыню прадказвае прабацькам выпраўленне наступстваў першароднага граху. У семені, нашчадку жанчыны, Айцы Касцёла бачылі Збавіцеля, які прыйдзе ў свет. Яны лічылі таксама, што гэтыя словы адносяцца не столькі да Эвы, колькі да той Вялікай Жанчыны, якая, увасабляючы сабою «варожасць» да валадарства сатаны, стала «Слугою Пана» ў здзяйсненні таямніцы ўцелаўлення Сына Божага — Панны Марыі.

Прэзбітэр (ад грэцк. presbyteros — літаральна: старэйшына) — духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца другой ступенню святарства(2). П. выступае памочнікам біскупа ў абвяшчэнні веры і ў служэнні Божаму народу. Моцай прынятага пасвячэння і ўлады, атрыманай ад біскупа, П. абвяшчае навуку Хрыста і ўдзяляе святыя сакрамэнты хросту, пакаяння, намашчэння хворых, сужэнства, але перш за ўсё цэлебруе сакрамэнт Эўхарыстыі. Падчас Імшы П. дзейнічае «другім Хрыстом» (alter Christus) і здзяйсняе Яго крыжовую ахвяру, актуалізуючы яе ў святых абрадах. Святар абавязаны штодня ўдзельнічаць у малітве Касцёла — Літургіі гадзінаў, а таксама захоўваць цэлібат.

Прэлат (лац. praelatus – той, хто мае перавагу, пастаўлены над кімсьці) 1. Вышэйшая духоўная асоба. Перш за ўсё гэта біскупы, абаты, іншыя кіраўнікі манаскіх ці законных супольнасцяў.
2. Ганаровы тытул, які Папа надае некаторым святарам за асблівыя заслугі (Папскі, ганаровы П.).

Прэторыя. У Новым Запавеце так названы палац, у якім жыў пракуратар Пілат. Туды на суд быў прыведзены Езус, і там Пілат дапытваў Яго. Там жа з яго здзекваліся жаўнеры ў той час, пакуль народ чакаў рашэння пракуратара на двары.

Прэфацыя (лац. рraefatio – уступ, уводзіны) – уступная частка эўхарыстычнай малітвы ў св. Імшы, якая мае характар падзякі Богу. Яна пачынаецца з заклікаў святара, які вітае вернікаў, запрашае іх узнесці сэрцы і аддаць падзяку Богу, а народ адказвае. Потым святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення або за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята ці перыяду. Завяршаецца П. акламацыяй «Святы...».

Псальмы – біблійныя тэксты, якія ўяўляюць сабой рэлігійныя песні, сабраныя ў адной з кніг Старога Запавету – кнізе Псальмаў. Усяго ёсць 150 П., аўтарам многіх з іх з’яўляецца кароль Давід. Назва паходзіць ад музычнага інструмента «псалтыр» (гуслі, арфа), які ў часы Старога Запавету часта выкарыстоўваўся падчас набажэнстваў і рэлігійных урачыстасцяў. П. заўсёды займалі значнае месца як у духоўным жыцці пабожных юдэяў, так і ў малітоўнай практыцы хрысціян. П. складаюць асноўную частку Літургіі гадзінаў, якая з’яўляецца афіцыйнай малітвай Касцёла. Паводле зместу адрозніваюць П. хвалебныя, пакутныя, прарочыя, просьбы, падзякі і г.д. Рэспансарыйны псальм (лац. responsorium – папераменны спеў з адказам) – інтэгральная частка літургіі слова ў св. Імшы; спяваецца ці прамаўляецца пасля першага чытання адпаведным служыцелем, а народ прымае ўдзел, паўтараючы ў адказ рэфрэн.

Пэнітэнт.
1. Чалавек, які жадае паяднацца з Богам і бліжнімі праз сакрамэнт пакаяння і атрымаць адпушчэнне грахоў.
2. Той, хто здзяйсняе пакаянне.

Пяцідзесятніца — урачыстасць Спаслання Духа Святога, якая адзначаецца ў пяцідзесяты дзень пасля Пасхі (у нядзелю праз сем тыдняў). Дух Святы, які паходзіць з Айца і Сына, — трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы, абяцаны Хрыстом Суцяшыцелем (Ян 14, 16-17), які кіруе Касцёлам, натхняе і ўмацоўвае яго. Моцаю Духа Святога хлеб і віно падчас св. Імшы ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Пяцікніжжа — у грэка-лацінскай традыцыі так называецца першая частка Старога Запавету, якая складаецца з кніг Быцця, Зыходу, Левіта, Лічбаў і Другазаконня. У ёй пададзены найбольш старажытны этап гісторыі Ізраэля і яго заканадаўства, а таму ў габрэйскай традыцыі яна называецца «Тора», што азначае закон.

Р

Рахунак сумлення. Адна з умоваў сакрамэнту пакаяння. Выпрабаванне сумлення, мэта якога — згадаць усе цяжкія грахі, учыненыя пасля апошняй споведзі, што павінна выклікаць жаль за іх (другая ўмова сакрамэнту пакаяння) і прывесці да цвёрдага пастанаўлення выправіцца (трэцяя ўмова).

Ружанец (лац. Rosarium – месца, дзе растуць ружы; ружавы сад. Назва Р. з’явілася ў ХІІ ст. і павінна была азначаць малітву, складзеную з ружаў на ўшанаванне Панны Марыі.) – 1. Ружанцовая малітва, якая складаецца з чатырох частак: радаснай, якая прысвечана прыйсцю ў свет Сына Божага; святла, якая прысвечана зямному служэнню Езуса Хрыста; балеснай, якая прысвечана муцы і крыжовай смерці Хрыста, і хвалебнай, прысвечанай уваскрасенню Хрыста, які, узышоўшы на неба, спасылае Касцёлу Духа Святога, а таксама праслаўленню ўнебаўзятай Панны Марыі. Р. звычайна пачынаецца з Сімвала веры, малітвы «Ойча наш...», трох малітваў «Вітай, Марыя...», у якіх вернікі просяць ласкі веры, надзеі і любові, і праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы. Кожная частка складаецца з пяці таямніцаў. Паколькі ружанцовая малітва адначасова і мысленная, і вусная, кожная таямніца з’яўляецца разважаннем (медытацыяй) над пэўнай падзеяй гісторыі збаўлення і яе сузіраннем (кантэмпляцыяй), а таксама мае вызначаную вусную форму, якая складаецца з малітвы «Ойча наш...», дзесяці малітваў «Вітай, Марыя...» і праслаўлення Тройцы. Можа адмаўляцца як індывідуальна, так і публічна, у касцёле, пад кіраўніцтвам святара. Ружанцовая малітва набыла вельмі вялікае значэнне ў духоўнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла; ёй асаблівым чынам прысвечаны месяц кастрычнік.
2. Нізка пацерак для адмаўлення ружанцовай малітвы. Яна складаецца з пяці дзесяткаў малых пацерак, аддзеленых адна ад адной асобнымі вялікімі пацеркамі, а на пачатку знаходзіцца крыж і тры маленькія пацеркі з дзвюма вялікімі паабапал. На Р. таксама адмаўляюць вяночкі.

Рэзурэкцыя (ад лац. resurrectio – уваскрасенне). Адна з назваў св. Імшы Пасхальнай вігіліі, своеасаблівым дадаткам да якой з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія, што адбываецца адразу пасля Вігіліі, альбо, паводле мясцовай традыцыі, раніцай у нядзелю перад першай св. Імшой. Гэтая працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.

Рэкалекцыі (лац. recolligo, -ere – зноў збіраць). Іншая назва – духоўныя практыкаванні. Некалькі дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі рэкалекцый прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый. Мэта рэкалекцый – паглыбленне ўнутранага кантакту з Богам і аднаўленне духоўнага жыцця. Яны завяршаюцца споведдзю і прыняццем Камуніі. Рэкалекцыі бываюць адкрытыя (для ўсіх ахвотных) і закрытыя (у кляштарах і спецыяльных рэкалекцыйных цэнтрах, калі ўдзельнікі цалкам пакідаюць свае штодзённыя заняткі і ў маўчанні засяроджваюцца над малітваю і разважаннем). У перыяд Адвэнту і Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел, прынамсі, у адкрытых рэкалекцыях.

Рэліквіі (ад лац. reliquiae – тое, што засталося; парэшткі) — прадметы, якія непасрэдна звязаныя з зямным жыццём Езуса Хрыста (рэліквіі св. Крыжа), Маці Божай (т. зв. «Дамок Марыі» ў Ларэта) або святых, у тым ліку іх парэшткі. Р. звычайна захоўваюцца ў рэлікварыях — спецыяльных сховішчах, зробленых у форме аздобленага куфэрка ці манстранцыі — або, калі гаворка ідзе пра цела святога, у труне з празрыстым векам. Існуе традыцыя змяшчаць Р. пад менсаю (стальніцаю) алтароў. Каб пазбегнуць любых спекуляцый, да кожнай Р. прыкладаецца дакумент, які пацвярджае яе сапраўднасць.

С

Сабор, Сусветны С. (лац. Concilium Oecumenicum) – сход усіх біскупаў свету на чале з Папам, на якім Калегія Біскупаў урачыста здзяйсняе сваё пастырскае служэнне ў Сусветным Касцёле. Акрамя біскупаў у працы С. могуць удзельнічаць кіраўнікі манаскіх і законных супольнасцяў, а таксама іншыя асобы, запрошаныя ў якасці назіральнікаў, кансультантаў і экспертаў, якія маюць права дарадчага голасу. Па сваёй сутнасці С. мае найвышэйшую ўладу ў адносінах да ўсяго Касцёла па ўсіх пытаннях, звязаных з верай, аднак пастановы С. маюць моц толькі тады, калі яны ўхваленыя Папам разам з Айцамі, якія ўдзельнічалі ў працы С. Першым С. традыцыя называе сход апосталаў у Ерузалеме (гл. Дз 15), а першым Сусветным С. афіцыйна лічыцца Нікейскі С. (325 г.). Усяго быў скліканы 21 Сусветны С. Апошні праходзіў у Рыме ў 1962—1965 гг. і называецца Другі Ватыканскі С. Саборы асобных мясцовых Касцёлаў называюцца сінодамі(2).

Сакрамэнт (ад лац. sacramentum – таямніца) – паводле св. Аўгустына (IV ст.) – гэта бачны знак нябачнай Божай ласкі. Сучасная тэалогія ўдакладняе, што гэты знак з’яўляецца дзейсным, гэта значыць, здзяйсняе тое, што азначае. Ёсць сем сакрамэнтаў: хрост, канфірмацыя, пакаянне, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых, пасвячэнне і сужэнства. Сакрамэнты былі ўстаноўленыя самім Хрыстом і ўдзяляюцца толькі ў Касцёле. Найсвяцейшым Сакрамэнтам называюць сакрамэнт Эўхарыстыі.

Сатана (satanas – лацінізаванае грэцк. слова, якое паходзіць з габрэйск. і азначае праціўнік, непрыяцель, вораг) — тое самае, што і д’ябал — анёл, які разам з іншымі анёламі ўзбунтаваўся супраць Бога, адмовіўшыся дабравольна служыць Яму і Яго задуме, за што яны ўсе былі скінуты з неба (гл. Ап 12, 9). Іх выбар быць праціўнікамі Бога канчатковы, і пасля падзення яны ўжо ніколі не змогуць пакаяцца. С. імкнецца ўцягнуць чалавека ў свой бунт супраць Бога. С., які быў «чалавеказабойцам ад пачатку», а таксама «ілгуном і айцом ілжы» (гл. Ян 8, 44), з-за зайздрасці спакусіў першых людзей і падштурхнуў іх да першароднага граху. Ён спакушаў таксама і Езуса, спрабуючы адвярнуць Яго ад місіі, даручанай Яму Айцом. Аднак моц С. не з’яўляецца неабмежаванай. Нягледзячы на тое, што С. — стварэнне выключна духоўнае, а таму надзвычай разумнае і моцнае, ён ўсё ж такі толькі стварэнне і таму не можа перашкодзіць будаўніцтву Божага Валадарства.

Святар. У многіх рэлігіях гэта асоба, якая мае выключнае права здзяйсняць святыя абрады. У Старым Запавеце святары неслі служэнне ў Ерузалемскай святыні, складаючы прадпісаныя ахвяры і выконваючы іншыя сакральныя функцыі.
Сінонім — прэзбітэр.

Святая зямля — Палестына. Зямля, на якой асталяваўся Ізраэль пасля выйсця з Егіпецкай няволі. Там прайшло зямное жыццё Сына Божага, Езуса Хрыста. Месцы, асаблівым чынам звязаныя з біблейскімі падзеямі (Ерузалем, Бэтлеем, рака Ярдан і г. д.), прыцягваюць шматлікіх пілігрымаў з усяго свету. У наш час тэрыторыя С. з. падзелена паміж Дзяржавай Ізраіль і Іарданіяй.

Святы 1. Хрысціянін, які, жывучы згодна з воляй Божай, дасягнуў збаўлення і пасля смерці прабывае з Богам у небе. С. можа лічыцца толькі той, хто быў афіцыйна кананізаваны (гл. Кананізацыя), або каго Касцёл традыцыйна ўшаноўвае як святога. Касцёл на зямлі прабывае ў няспыннай еднасці з супольнасцю святых у небе, атрымліваючы Божую дапамогу праз іх братняе заступніцтва. 2. У Новым Запавеце С. называецца кожны, хто прыняў хрост і вызнае веру ў Езуса Хрыста. Пад словамі «еднасць святых» у Сімвале веры належыць разумець адзінства ўсіх вернікаў: тых, хто яшчэ пілігрымуе на зямлі, тых, хто адышоў з гэтага свету і праходзіць ачышчэнне ў чыстцы, а таксама тых, хто прабывае ў нябеснай хвале. Гэтае адзінства найбольш поўна выяўляецца ў сакрамэнце Эўхарыстыі — Камуніі.

Святарства. У Касцёле прынята адрозніваць агульнае святарства Божага народа і іерархічнае, ці службовае.
1. Да агульнага С. пакліканыя ўсе ахрышчаныя моцай прынятых сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, а таксама праз веру, якую яны вызнаюць. Хрысціяне абавязаныя не толькі верыць у Езуса Хрыста, але і абвяшчаць гэтую веру іншым і маліцца за ўвесь свет, што асаблівым чынам падкрэсліваецца ў Дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору «Пра апостальства свецкіх».
2. Іерархічнае С. істотна адрозніваецца ад агульнага святарства вернікаў. Сакрамэнт пасвячэння ўдзяляецца асобам мужчынскага полу праз малітву і ўскладанне рук біскупа. Яго прымаюць тыя, хто быў пакліканы да гэтага служэння Богам, прайшоў адпаведную падрыхтоўку ў семінарыі і быў прызнаны годным гэтага адпаведнымі касцёльнымі ўладамі. Сакрамэнт пасвячэння складаецца з трох ступеняў: біскупства, прэзбітэрату і дыяканату.

Святыня (у Бібліі) — Ерузалемская С. з’яўлялася духоўным і культавым цэнтрам рэлігійнага жыцця Ізраэля ў часы Старога Запавету. Яна часта называецца ў Бібліі домам Пана ці домам Божым. Паводле закона Майсея, кожны ізраільцянін, які дасягнуў дванаццацігадовага ўзросту, павінен быў тройчы ў год наведваць С.: на святы Пасхі, Пяцідзесятніцы і Шатроў. Тут святары і левіты, якія даглядалі С., здзяйснялі прадпісаныя абрады і прыносілі ахвяры. Усяго ў гісторыі Ізраэля было тры С. Ужо кароль Давід жадаў пабудаваць у Ерузалеме С., каб у ёй захоўваўся каўчэг Запавету, аднак гэтыя намеры ажыццявіў толькі яго сын Саламон, які каля 975 г. да Н. Х. пабудаваў у Ерузалеме першую С. (1 Вал 6, 1). Яна была пабудавана на ўзор скініі, толькі ў значна большых памерах. Гэтая першая С. існавала трохі больш за 400 гадоў і каля 587 г. да Н. Х. была разрабаваная і спаленая войскамі бабілонскага караля Навухаданосара, які вывеў у палон большасць насельніцтва Ізраэля. Дзякуючы ўказу персідскага караля Кіра палонныя юдэі змаглі вярнуцца ў Ерузалем і ўвесну 537 г. да Н. Х. была закладзена другая С. Туды была вернута частка нарабаванага святога начыння, аднак месца каўчэга Запавету заставалася пустым. Гэтая С. каля 167 г. была разрабавана сірыйскімі войскамі Антыёха Эпіфана і апаганена ідалапаклонствам, а на ахвярніку ўсеспалення была пастаўлена «агіда спусташэння» — ахвярнік, прысвечаны Зеўсу Алімпійскаму. У выніку паўстання на чале з Юдам Макабэем сірыйцы былі прагнаныя, і пасля трох гадоў прафанацыі С. была адноўлена і зноў асвечана. У памяць пра гэтую падзею было ўведзена свята аднаўлення С. (габрэйск. ханука). Юдэйскі кароль Ірад Вялікі палічыў старую С. недастаткова велічнай і таму каля 20 г. да Н. Х. пачаў яе перабудову. Гэтая трэцяя па ліку С. сваімі памерамі і багаццем уражвала сучаснікаў. Усе эпізоды з жыцця Езуса, звязаныя са С., адбываліся менавіта тут. У 70 г. ад Н. Х. гэтая С. была дашчэнту знішчана рымскімі войскамі. Ад яе літаральна не засталося «каменя на камені», і такім чынам цалкам спраўдзілася прароцтва Хрыста (пар. Мц 24, 2). У Бібліі С. з’яўляецца сімвалам цела Езуса Хрыста (пар Ян 2, 19-22); целаў хрысціянаў як «С. Духа Святога» (пар. 1 Кар 3, 16-17); Хрыстовага Касцёла (пар. Эф 2, 21); неба (Ап 7, 15; 11, 19 і г. д.). У новым Ерузалеме св. Ян не бачыць С., «бо святыня — Пан Бог Усемагутны і Баранак» (пар. Ап 21, 22).

Секвенцыя. Святочны спеў, які гучыць падчас урачыстай св. Імшы перад чытаннем Евангелля. Секвенцыя прадпісана на Вялікдзень і Спасланне Духа Святога, а ў іншыя ўрачыстасці з’яўляецца неабавязковай.

Сімвал веры — адна з асноўных малітваў Касцёла, якая з’яўляецца кароткім пераказам хрысціянскага веравучэння. У грэцк. мове слова symbolon абазначае палову разбітай ці разламанай на дзве часткі рэчы (напр., пячаткі), якая служыць апазнавальным знакам (дзве паловы складаюцца, каб пацвердзіць асобу таго, хто мае адну з іх). Такім чынам, С. в. — гэта знак распазнання і еднасці вернікаў. Гэтае паняцце абазначае таксама зборнік ці змест. У гэтым сэнсе С. в. з’яўляецца зборнікам асноўных праўдаў веры, яе зместам. На першым па сваім значэнні месцы знаходзіцца Апостальскі С. в., вядомы таксама як хросны С. в. Рымскага Касцёла. Заснаваны на апостальскай Традыцыі, ён упершыню згадваецца ў канцы IV ст., а з IX cт., пасля літургічнай рэформы Карла Вялікага, становіцца агульнаўжывальным ва ўсім Касцёле. Яго вялікі аўтарытэт засноўваецца на тым, што ён з’яўляецца С. в., захаваным у Рымскім Касцёле, на пасадзе якога быў Пётр, першы з апосталаў, і куды ён прынёс агульнае навучанне. Трыдэнцкі Сабор прызнаў гэты С. в. падставаю катэхетычнага навучання. Другім па значэнні з’яўляецца Нікейска-Канстанцінопальскі С. в. Ён таксама мае вялікі аўтарытэт і называецца па месцы правядзення першых сусветных Сабораў (325 і 381 г.г.), на якіх быў складзены і зацверджаны яго тэкст. На Таледскім Саборы (599 г.) да восьмага пастулата гэтага С. в., у якім гаворыцца, што Дух Святы паходзіць з Айца, было дададзена «і Сына» (лац. Filioque). За выключэннем апошняга, гэты С. в. з’яўляецца агульным для ўсіх вялікіх Касцёлаў Захаду і Касцёлаў Усходу. На працягу стагоддзяў у Касцёле з’явілася шмат розных С. в. Сярод іх варта згадаць Сімвалы розных апостальскіх і старажытных Касцёлаў; Сімвал «Quicumque», т. зв. С. в. св. Атаназія Александрыйскага; вызнанні веры, некаторых Сабораў (Таледскага, Латэранскага, Ліёнскага, Трыдэнцкага) або некаторых Папаў, як, напр., «Fides Damasi» ці «С. в. народа Божага» Паўла VI.

Сінод (ад грэцк. synodos — сход, збор) — калегіяльны орган кіравання ў Касцёле, які склікаецца час ад часу на розных узроўнях.
1. С. біскупаў — дарадчы орган пры Папе, створаны Паўлам VI згодна з рэкамендацыяй ІІ Ватыканскага Сабору. Склікаецца раз на 3 гады па ініцыятыве Папы для абмеркавння важных пытанняў, якія датычаць жыцця Касцёла. Частка ўдзельнікаў С. накіроўваецца нацыянальнымі Канферэнцыямі Біскупаў, а іншых прызначае Папа.
2. Распаўсюджаная назва мясцовага Сабору (Concilium particulare). Можа быць пленарным, які ўключае ўсе асобныя Касцёлы той ці іншай Канферэнцыі Біскупаў, што склікае яго кожны раз, калі палічыць неабходным, а таксама правінцыйным, які ўключае некалькі асобных Касцёлаў адной касцёльнай правінцыі і склікаецца па неабходнасці мітрапалітам. С. надзелены ўладай кіравання, перш за ўсё — заканадаўчай. У яго працы бяруць удзел біскупы, а таксама прадстаўнікі духавенства і свецкія асобы, але толькі з правам дарадчага голасу.
3. Дыяцэзіяльны С. — сход духавенства і іншых вернікаў пэўнай дыяцэзіі на чале з дыяцэзіяльным біскупам, які склікае яго па неабходнасці для вырашэння важных пытанняў, што датычаць жыцця дыяцэзіі.

Скінія — шацёр, які Майсей па загадзе Божым устанавіў у пустыні, каб у ім захоўваўся каўчэг Запавету. У Бібліі яна таксама называецца «С. аб’яўлення» і «С. сходу», таму што народ збіраўся вакол яе на набажэнствы. Яна была зроблена з каштоўных матэрыялаў, якія народ вынес з Егіпта: сцены і брусы з дрэва рэдкай пароды, абкладзеныя золатам, мелі срэбныя падножжы і пакрываліся дарагімі тканінамі чытырох гатункаў. С. уяўляла сабой выцягнуты прамавугольнік 15 м даўжыні, 5 м шырыні і 5 м вышыні, уваход у яе знаходзіўся з усходняга боку. Унутры яна была раздзелена на дзве часткі: Святое і Святое Святых. У Святым, куды дазвалялася ўваходзіць толькі святарам, знаходзіліся ахвярнік каджэння, стол для ахвярных хлябоў і залаты светач. За заслонаю, у Святым Святых, куды толькі раз у год мог уваходзіць першасвятар, змяшчаўся каўчэг Запавету. С. была прызначаная для таго, каб спадарожнічаць Ізраэлю ў вандраванні па пустыні, а таму лёгка разбіралася, пераносілася, а таксама ўстанаўлівалася ізноў. Клопат пра гэта быў даручаны левітам. Калі Ізраэль асталяваўся ў Абяцанай зямлі, С. як месца малітвы і ахвярапрынашэнняў замяніла святыня, пабудаваная падчас панавання Саламона. Там па яго загадзе і знаходзілася С. да самага разбурэння Ерузалема Навухаданосарам.

Слуга Божы — так у касцёльнай традыцыі называюць людзей, якія памерлі ў стане святасці і ў адносінах да якіх распачаўся працэс беатыфікацыі. У больш шырокім значэнні так часта называюць біскупаў і святароў, каб падкрэсліць іх асаблівае служэнне ў народзе Божым.

Споведзь. Найбольш распаўсюджаная назва сакрамэнту пакаяння, які таксама называецца сакрамэнтам паяднання. У гэтым сакрамэнце пэнітэнт праз пасрэдніцтва святара (спаведніка) атрымлівае ад Бога адпушчэнне грахоў, якія шчыра і ў таямніцы вызнае перад святаром. Менавіта вызнанне грахоў і называецца ў сціслым значэнні «споведдзю».

Стацыя (лац. statio – прыпынак). Адзін з чатырнаццаці традыцыйных элементаў Крыжовага шляху – пасійнага набажэнства, прысвечанага разважанню пра Муку Пана, пачынаючы ад несправядлівага прысуду Пілата, праз цяжкі шлях на Галготу ў цярновым вянку і з крыжам на плячах, і сканчваючы смерцю на крыжы і пахаваннем. Часам гэтае разважанне ўключае таксама і Уваскрасенне Хрыста (пятнаццатая стацыя). Выявы асобных эпізодаў Крыжовага шляху таксама называюцца стацыямі і традыцыйна размяшчаюцца на сценах касцёла.

Стула (лац. stola — доўгая вопратка). Доўгая вузкая стужка, якую святар ускладае на шыю пад арнат для цэлебрацыі св. Імшы, альбо без арнату для здзяйснення іншых сакрамэнтаў ці літургічных паслугаў. Стула з’яўляецца сімвалам святарскай улады. Дыяканы ўскладаюць стулу праз левае плячо і наўскос праз грудзі. Існуе звычай цалавання стулы пэнітэнтам пасля споведзі.

Сінэдрыён (грэцк. сынэдрыён, габр. санхэдрын). Найвышэйшы суд у Ерузалеме, які складаўся з першасвятароў, старэйшын і законнікаў, — усяго 70 асобаў. Пераважна разглядаў справы, якія датычылі рэлігійных пытанняў, а таксама антыдзяржаўныя злачынствы, але не меў права выносіць смяротных прысудаў. Сынэдрыён дапытваў і асудзіў Езуса (Мц 26, 59); перад ім пазней сталі і апосталы (Дз 4, 1; 5, 21); св. Стэфан сведчыў перад ім пра Пана (Дз 6, 12).

Т

Табэрнакулюм (ад лац. tabernaculum — намёт, шацёр) — невялікае збудаванне, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Звычайна змяшчаецца ў прэзбітэрыі, у найбольш значнай і заўважнай частцы касцёла. Згодна з традыцыяй, каля Т. павінна заўсёды гарэць лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста.

Традыцыя (лац. traditio — перадача, навучанне, паданне), Апостальская Т., Т. Касцёла — жывая перадача Евангелля, распачатая Апосталамі, якія вусным навучаннем, уласным прыкладам і пастановамі перадалі або тое, пра што даведаліся з вуснаў Хрыста, жывучы з Ім і назіраючы Яго паводзіны, або тое, што атрымалі праз натхненне Святога Духа. Апосталы пакінулі сваімі наступнікамі біскупаў для таго, каб іх навука захоўвалася ў непарыўнай пераемнасці да сканчэння вякоў. Таму акрамя кніг Святога Пісання Новага Запавету, якія з’явіліся пазней, Т. — гэта другая крыніца Божага Аб’яўлення. Акрамя навучання апосталаў, у яе ўваходзяць таксама працы Айцоў Касцёла, пастановы Сабораў і да т. п. Слова «Т.», ужытае ў такім значэнні, прынята пісаць з вялікай літары, каб адрозніваць яго ад шматлікіх тэалагічных, літургічных ці малітоўных традыцый, што з’явіліся на працягу стагоддзяў у розных мясцовых Касцёлах і ўяўляюць сабой асаблівыя формы, у якіх вялікая Т. выяўляецца такім чынам, як гэта ўласціва дадзенаму месцу ў кожны канкрэтны час. Менавіта ў святле Т. гэтыя мясцовыя традыцыі могуць захоўвацца, змяняцца ці скасоўвацца пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытуту Касцёла. Касцёл вучыць, што і Пісанне, і Традыцыю належыць прымаць з аднолькавым пачуццём павагі і ўшанавання.

Традыцыяналізм — 1. Плынь у каталіцкай тэалогіі, якая ўзнікла ў XIX ст. як рэакцыя на рацыяналізм эпохі Асветы, з’яўляючыся яго супрацьлегласцю. Т. лічыць крыніцаю любога пазнання Божае Аб’яўленне, якое перадаецца ў непарыўнай традыцыі. Хоць некаторыя палажэнні Т. адпавядаюць касцёльнаму веравучэнню (напр., прызнанне сацыяльнай натуры чалавека, важнасць традыцыі ў рэлігіі), аднак ён быў асуджаны на І Ватыканскім Саборы, бо глыбокі недавер да чалавечага розуму адкрываў шлях да скептыцызму, а таксама няправільна трактаваў Традыцыю. Быў распаўсюджаны пераважна ў Францыі і Бельгіі.
2. Часта ў Касцёле так называюць кансерватыўныя погляды ў пытаннях касцёльнай дысцыпліны, маралі, веравучэння, а таксама ў сацыяльнай сферы.

Трыдуум, святы пасхальны Трыдуум. Тры дні, прысвечаныя разважанню над апошнімі днямі зямнога жыцця Збаўцы: Вялікі чацвер Вячэры Пана, Вялікая пятніца Мукі Пана і Пасхальная вігілія ў Святую ноч. У гэтыя дні Касцёл у літургічных цэлебрацыях узгадвае муку, крыжовую смерць, пахаванне і ўваскрэсенне Хрыста.

Тэалогія (ад грэцк. Theos — Бог і logos — слова, навука — навука пра Бога, багаслоўе) — сістэма абгрунтавання рэлігійнага, хрысціянскага вучэння пра Бога, Яго якасці, адзнакі і ўласцівасці; комплекс доказаў праўдзівасці веравучэння і рэлігійнай маралі на падставе Святога Пісання і Традыцыі. Т. Касцёла бярэ пачатак ад Айцоў Касцёла, у т. зв. «патрыстычнай Т.», якая была створана ў ІІ–IV стст. Яе абагульніў на падставе неаплатанізму св. Аўгустын Аўрэлій (354–430 гг.), з ідэяў якога фармавалася Т. Каталіцкага Касцёла. У наступныя стагоддзі ў Т. вызначыліся розныя, часта вельмі супярэчлівыя тэндэнцыі. Ім супрацьстаяў св. Тамаш Аквінскі (1225–1274 гг.), які распрацаваў на падставе вучэння Арыстоцеля «натуральную Т.», названую дадаткам да «звышразумнай Т.». Яго вучэнне, выкладзенае ў асноўнай працы «Сума тэалогіі», што так і не была скончана, атрымала назву Тамізм (з 1879 г. — неатамізм), які з’яўляецца асноўным кірункам каталіцкай Т. Т. выкладаецца ў духоўных семінарыях, у каталіцкіх і іншых вышэйшых навучальных установах. Розныя раздзелы Т. (біблійная Т., дагматычная Т., маральная Т. і г. д.) засяроджваюцца на тым ці іншым аспекце Божага Аб’яўлення.

У

Уваскрэсенне. Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Найважнейшая праўда хрысціянскай веры, а таксама гістарычны факт, які, акрамя Евангелляў, знаходзіць пацвярджэнне і ў іншых тагачасных крыніцах. У Бібліі гаворыцца, што Езус пасля сваёй смерці на крыжы быў пахаваны ў закрытай каменем грабніцы, каля якой стаяла варта, але на трэці дзень уваскрос (паўстаў з мёртвых) (Мц 28; Лк 24; Ян 20; 1 Кар 15, 3-7). Пасля гэтага Ён не вярнуўся да зямнога жыцця (як, напр., уваскрошаны Ім Лазар), а працягнуў жыццё ва ўслаўленым целе, настолькі перамененым, што нават некаторыя вучні (Лк 24, 13) і Марыя Магдалена (Ян 20, 14) не маглі Яго пазнаць. Пасля ўваскрасення Езус на працягу сарака дзён з’яўляўся сваім вучням (Дз 1, 3), пасля чаго ўзышоў на неба (Дз 1, 9-11), дзе сеў праваруч Бога Айца (Мк 16, 19).

Усіх святых, урачыстасць — згодна з Агульным Рымскім Календаром, адзначаецца 1 лістапада. У гэты дзень Касцёл ва ўрачыстай Літургіі ўшаноўвае ўсіх памерлых вернікаў, вядомых і невядомых, якія прабываюць з Богам як святыя ў нябеснай хвале.

Усіх памерлых вернікаў — адзначаецца 2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых. У гэты дзень Касцёл у Літургіі моліцца за душы ўсіх памерлых вернікаў (адсюль назва) і складае за іх Эўхарыстычную ахвяру, просячы, каб яны, ачысціўшыся ад грахоў, маглі дасягнуць благаслаўлёнага прабывання з Богам. Ва У. у. п. в. адбываюцца спецыяльныя працэсіі на могілках. Пры захаванні іншых умоваў за наведванне могілак на працягу ўсёй актавы У. у. п. в. можна атрымаць поўны адпуст для кагосьці з памерлых вернікаў.

Ў

Ф

Х

Хрызма — сумесь аліўкавага алею і бальзаму. Гэты алей благаслаўляецца біскупам у Вялікі чацвер падчас Імшы, якая называецца Хрызма, на ёй успамінаецца ўстанаўленне Хрыстом службовага святарства, аднаўляюцца святарскія абяцанні, благаслаўляюцца алей хворых, які ўжываецца ў сакрамэнце хворых, а таксама алей катэхуменаў, якім намашчаюцца тыя, хто рыхтуецца да хросту. Хрызма выкарыстоўваецца ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі на знак далучэння таго, хто прымае гэтыя сакрамэнты, да народа Божага, які з’яўляецца «каралеўскім святарствам» (1 П 2, 9), а таксама пры пасвячэнні біскупа і святароў на знак іх святарскай годнасці ў іерархіі Касцёла.

Хрысцільня. Прыгожа аздобленае начынне з каменю альбо з металу, якое знаходзіцца ў баптыстэрыі і служыць для захавання хрысцільнай вады, асвечанай падчас Пасхальнай вігіліі.

Ц

Цэлебрацыя (лац. celebratio – сход, святкаванне, ушанаванне) – афіцыйнае здзяйсненне абрадаў пад кіраўніцтвам адпаведнага служыцеля, якое адбываецца ў Касцёле і ад імя Касцёла. Цэлебрант – належным чынам устаноўлены служыцель, які здзяйсняе тыя ці іншыя абрады і ўзначальвае іх цэлебрацыю. Цэлебраваць – здзяйсняць абрады, узначальваючы іх цэлебрацыю (напр., св. Імшу, сакрамэнт хросту, Літургію гадзінаў і г.д.).

Цэлібат (ад лац. caelebs — нежанаты) — абавязак захоўваць бясшлюбнасць, які прымае на сябе каталіцкае духавенства лацінскага абраду, за выключэннем сталых дыяканаў. Ц. быў устаноўлены Папам Грыгорыем VII (1073 — 1085гг.) і з сярэдзіны ХІІІ ст. усталяваўся ва ўсім Каталіцкім Касцёле.

Ч

Ш

Э

Экзультэт (ад першага слова лацінскага тэксту Exultet iam angelica turba caelorum – Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў у небе). Абвяшчэнне Пасхі. Старажытны гімн, які спяваецца на пачатку Пасхальнай вігіліі пасля благаслаўлення агню і запальвання пасхалу, у якім праслаўляецца перамога ўваскрослага Хрыста.

Экуменізм (ад грэцк. oikoumene) — рух, скіраваны на ліквідацыю падзелаў паміж рознымі канфесіямі дзеля аб’яднання ўсіх хрысціянаў, якому ў Касцёле надаецца асаблівая важнасць. Узнік у XVII ст. у пратэстанцкім асяроддзі і першапачаткова не быў падтрыманы Касцёлам. Узяўшы курс на аджорнамэнта, Папа Ян XXIII падкрэсліў першаснае значэнне праблем Э. Дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабору пра экуменізм «Unitatis redintegratio» («Аднаўленне адзінства») адзначае неабходнасць сумесных дзеянняў усіх хрысціянаў у сацыяльнай галіне. Э. накіраваны таксама на пераадоленне пагрозы матэрыялізму, якая моцна абвастрылася ў сучасным свеце. Асаблівую ўвагу справе Э. прысвячае Папа Ян Павел ІІ.

Энцыкліка (позналац. enciclicus ад грэцк. enkyklios — кругавы, акружны, агульны) — першапачаткова так называўся акружны ліст біскупа. У наш час — пасланне (ліст) Папы, скіраванае да ўсяго Касцёла: да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў. Э. прысвячаюцца асабліва важным пытанням веры, маралі, сацыяльна-палітычным праблемам і г. д. Кожная Э. называецца па першых словах яе тэксту на лацінскай мове.

Эўхарыстыя (грэцк. – падзяка) – у першыя стагоддзі хрысціянства гэтае слова азначала малітвы падзякі падчас св. Імшы. Пазней сама Імша пачала называцца Э. Так называецца і сакрамэнт, у якім Езус Хрыстус заўсёды прысутны ў сваім Касцёле ў постацях хлеба і віна (Найсвяцейшы Сакрамэнт, Св. Камунія).

Ю

Ютрань – ранішняя малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

Я

Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.