Пошук

21.11.2026 07:54   Catholic.by
Выява: catholickemerovo.ru

Напярэдадні ўспаміну святой Цэцыліі — нябеснай апякункі касцёльнай музыкі і спеву, які адзначаецца 22 лістапада, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звяртаецца з віншавальным словам да ўсіх, «хто спявае на хвалу Божую», а таксама са словамі падзякі за першы агульнабеларускі афіцыйны каталіцкі спеўнік «Божа, мы Цябе ўслаўляем».

Дарагія браты і сёстры, шаноўныя арганісты, кантары, удзельнікі парафіяльных хораў, музыканты і ўсе, хто сваім талентам і голасам упрыгожвае літургію ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі!

Сардэчна віншую вас з днём успаміну святой Цэцыліі — нябеснай апякункі касцёльнай музыкі і спеву, які адзначаецца 22 лістапада! Сёлета ў літургічным календары гэты дзень супадае з велічнай урачыстасцю Хрыста, Валадара Сусвету, што яшчэ мацней падкрэслівае галоўную мэту нашага служэння — услаўленне Валадара ўсіх вякоў.

Ваша служэнне — гэта не проста музычнае суправаджэнне, а неад’емная і жывая частка самой літургіі. Вы дапамагаеце вернікам узняць свае сэрцы да Бога і глыбей перажыць сустрэчу з Ім. Як трапна адзначаў святы Аўгустын: «Хто добра спявае, той двойчы моліцца». А папа Бэнэдыкт XVI нагадвае нам:

«Там, дзе чалавечага слова ўжо недастаткова, каб выказаць веліч Бога, на дапамогу прыходзіць музыка».

Менавіта праз вашыя галасы і ігру на інструментах малітва Касцёла набывае асаблівую прыгажосць і глыбіню.

Асаблівыя словы ўдзячнасці скіроўваю вам за захаванне і развіццё багатай традыцыі касцёльнага спеву на нашай роднай беларускай зямлі. Праз стагоддзі продкі перадавалі нам скарб сваёй веры ў песнях і гімнах. Сёння менавіта вы беражэце гэтую спадчыну, напаўняючы яе жывым дыханнем сучаснасці.

Гэты год стаў для ўсяго Касцёла на Беларусі сапраўды гістарычным — нядаўна пабачыў свет першы агульнабеларускі афіцыйны каталіцкі спеўнік «Божа, мы Цябе ўслаўляем», урачыстая прэзентацыя якога адбылася ў Будславе — Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла Беларусі падчас агульнабеларускага фэсту Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. Ад усяго сэрца дзякуем Секцыі касцёльнай музыкі, кампетэнтным камісіям, святарам, музыказнаўцам, рэдактарам і ўсім, хто на працягу доўгага часу рупліва працаваў і прыклаў вялікія намаганні да падрыхтоўкі і выдання гэтага доўгачаканага зборніка касцёльных спеваў.

Аднак памятайма: гэты новы спеўнік створаны не для таго, каб стаяць на паліцах у шафе ці пыліцца на хорах. Ён выдадзены для жывога спеву — сэрцам і душой, дзеля большай хвалы Пана Бога!

Папа Францішак заклікаў музыкаў Касцёла: «Спявайце не толькі вуснамі, але перш за ўсё сваім жыццём і сэрцам, каб ваш спеў стаў сапраўдным сведчаннем веры».

Таму горача заахвочваем кожную парафію, кожны хор і кожнага верніка набываць гэты новы спеўнік і актыўна карыстацца ім падчас святой Імшы і літургічных набажэнстваў Касцёла. Няхай ён аб’яднае нас у супольнай малітве, каб нашыя касцёлы і капліцы па ўсёй Беларусі напоўніліся адзіным сэрцам веры, згоды і радаснага праслаўлення Усемагутнага Бога!

Няхай святая Цэцылія выпрошвае для вас у Пана творчае натхненне, моц здароўя, цярплівасць і невычэрпную радасць ад вашага высакароднага служэння!

З малітвай і ўдзячнасцю,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.