Лістапад у Каталіцкім Касцёле — асаблівы час малітоўнай памяці пра тых, хто адышоў у Валадарства Нябеснае. Таму невыпадкова менавіта ў гэтым месяцы адбылася знамянальная падзея ў музычным жыцці беларускіх католікаў: твор, які доўгі час лічыўся амаль забытым, зноў вярнуўся да слухачоў. «Рэквіем» беларускага кампазітара Восіпа Казлоўскага, створаны больш за два стагоддзі таму, загучаў у беларускіх святынях, набыўшы асаблівы сэнс у час малітвы за памерлых.
1 лістапада ў парафіі святога Францішка Асізкага ў Копішчы адбылася незвычайнае музычнае мерапрыемства — у сценах гэтага касцёла ў выкананні хору TRANSITUS прагучаў «Рэквіем» беларускага кампазітара Восіпа Казлоўскага. Канцэрт стаў своеасаблівай малітвай памяці пра людзей, якія пры жыцці самааддана служылі парафіяльнай супольнасці.
Асаблівую атмасферу вечару разам з кранальнай музыкай стварыла каліграфія пад кіраўніцтвам мастачкі Наталлі Савіцкай. Яе мастацкі праект суправаджаў выкананне старажытнага твора. Выглядала гэта незвычайна: майстры, падпарадкоўваючы рух пяра рытму і мелодыі, выводзілі чарнілам на паперы музычныя ўпрыгожванні, ператвараючы іх у прапісныя завіткі і выявы храма, анёла, крыжа, імёны... Вернікі, затаіўшы дыханне, сачылі за тым, што адбывалася.
Як пазней прызналіся многія, спалучэнне музыкі і такога незвычайнага візуальнага суправаджэння зрабіла незабыўнае ўражанне: падобнага яны яшчэ ніколі не бачылі і не чулі.
На наступны дзень, 2 лістапада, асобныя часткі Missa pro defunctis прагучалі падчас Імшы за ўсіх памерлых вернікаў у парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
У барокавай гродзенскай катэдры спевы харыстаў гучалі надзвычай урачыста. Асабліва ўражваў дзіцячы спеў: дзякуючы своеасаблівай акустыцы святыні дзіцячыя галасы нагадвалі чыстае, празрыстае гучанне срэбных званочкаў.
Хору акампанаваў мясцовы арган, чые трыумфальныя акорды то абуджалі і ўзрушвалі, то супакойвалі і стрымлівалі пачуцці прысутных. Гэта было не проста музычнае выкананне, а малітоўнае перажыванне, у якім старажытная літургічная традыцыя сустрэлася з сучаснай парафіяльнай супольнасцю.
Вернікі былі ўдзячныя Пану Богу за тое, што музыка, створаная больш за два стагоддзі таму, зноў стала часткай малітвы за памерлых у беларускіх святынях. Але пра тое, хто з'яўляецца яе аўтарам і чаму гэты твор мае асаблівую каштоўнасць для Каталіцкага Касцёла і беларускай культуры, ведаюць нямногія. Падзея стала прыгожым завяршэннем актавы малітвы за памерлых.
Беларускі кампазітар, які аб'яднаў тры краіны
Аўтарам выдатнага помніка каталіцкай літургічнай музыкі з'яўляецца кампазітар Восіп Казлоўскі. Так склалася, што па волі гістарычнага лёсу беларускі «Моцарт» быў звязаны з трыма краінамі — Беларуссю, Расіяй і Польшчай. Гэта не дзіўна для нашага суайчынніка, які жыў на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. Нарадзіўся кампазітар пад Прапойскам (цяпер Слаўгарад) у сям'і беларускіх шляхцічаў, вучыўся музыцы ў Варшаве, у капэле пры касцёле святога Яна, а ў 1780-я гады пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе хутка атрымаў прызнанне. З 1799 года займаў пасаду інспектара музыкі імператарскіх тэатраў.
Твор, які гучаў у Копішчы і Гродне, называецца «Рэквіем» мі-бемоль мінор (Op. 14). Таксама ён вядомы як Missa pro defunctis. Казлоўскі напісаў яго ў 1798 годзе з нагоды смерці апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Рэквіем хутка набыў шырокую вядомасць. Пазней яго выконвалі і на іншых жалобных урачыстасцях у памяць пра выбітных асобаў, сярод якіх расійскі імператар Аляксандр I і Тадэвуш Касцюшка.
Музыка, якая становіцца малітвай
Асаблівасць «Рэквіема» Казлоўскага — спалучэнне заходнееўрапейскіх каталіцкіх музычных традыцый і беларускага фальклору. Таму гэты твор з'яўляецца часткай не толькі еўрапейскай музычнай культуры, але і беларускай спадчыны.
Традыцыйна рэквіем — гэта памінальная Імша ў Каталіцкім Касцёле. Назва паходзіць ад лацінскага слова Requiem — першага слова малітвы, якая распачынае літургію: Requiem aeternam dona eis, Domine («Вечны адпачынак дай ім, Пане»).
Цікава, што самыя раннія сведчанні пра памінанне памерлых падчас літургічных набажэнстваў вядомыя ўжо з II стагоддзя. У эпоху Сярэднявечча гэтая традыцыя працягнула развівацца: з'явіліся спецыяльныя малітвы і грыгарыянскія спевы, прысвечаныя памерлым. Да сярэдзіны XV стагоддзя ўжо сфармаваўся поўны комплекс памінальнай Імшы, які атрымаў назву Missa pro defunctis — «Імша па памерлых», або Requiem.
Традыцыйныя часткі каталіцкай літургіі:
- Kyrie;
- Sanctus;
- Benedictus;
- Agnus Dei.
Спецыяльныя часткі памінальнай Імшы:
- Requiem — спеў на пачатак Імшы;
- Domine Jesu — спеў на ахвяраванне;
- Quia pius — спеў на Камунію;
- Marcia funebre — жалобны марш на заканчэнне Імшы;
- Salve Regina — спеў на вынас труны з касцёла.
Асабліва драматычна гучыць малітва Dies irae («Дзень гневу»), якая ў творы Казлоўскага складаецца з пяці музычных частак: Dies irae, Tuba mirum, Judex ergo, Confutatis і Lacrimosa.
Да Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) Dies irae была абавязковай секвенцыяй, якая выконвалася перад спевам Аллелюя і чытаннем Евангелля. У сучаснай літургічнай практыцы секвенцыі выкарыстоўваюцца толькі некалькі разоў на працягу года — на Вялікдзень, на ўрачыстасць Божага Цела і ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.
Ад забыцця да вяртання на радзіму
На працягу XX стагоддзя твор Казлоўскага быў амаль забыты. Аднак у XXI стагоддзі цікавасць да яго вярнулася на міжнародным узроўні. «Рэквіем» зноў пачалі выконваць і запісваць вядомыя музычныя калектывы.
Напрыклад, у 2024 годзе выйшаў маштабны запіс Сінгапурскага сімфанічнага аркестра. Да выканання твора таксама вярнуліся польскія і расійскія аркестры і хоры.
Нарэшце музыка зноў пачала гучаць і на радзіме кампазітара — у Беларусі. Хор TRANSITUS узяўся за адраджэнне творчай спадчыны Казлоўскага яшчэ ў 2025 годзе і пакуль застаецца адзіным калектывам у краіне, які выконвае гэты твор. Спадзяемся, што з цягам часу гэты твор будуць выконваць і іншыя калектывы. У любым выпадку вяртанне «Рэквіема» Казлоўскага ў беларускія святыні ўзбагачае культурнае жыццё вернікаў, нагадваючы, што памяць пра памерлых непарыўна звязана з надзеяй на вечнае жыццё.
Адраджэнне гэтага твора — яшчэ адзін крок да вяртання каштоўнай спадчыны Каталіцкага Касцёла, у якой мастацкая прыгажосць становіцца часткай духоўнага досведу.

































































