Пошук

19.12.2024 13:17   Catholic.by
Генеральны міністр бр. Робэрт Генуін OFMCap з настаяцелем Кустодыі капуцынаў Беларусі бр. Алегам Шэндам OFMCap. Фота з асабістага архіву бр. А. Шэнды

Святочны час з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння Генеральны настаяцель Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Робэрт Генуін OFMCap вырашыў правесці з братамі ў Беларусі.

Пасля адміністрацыйнага перападпарадкавання Кустодыі капуцынаў Беларусі непасрэдна Генеральнаму міністру ў ліпені 2024 года, увосень гэтага ж года брат Робэрт быў пераабраны вышэйшым кіраўніком Ордэна на другі тэрмін. У згаданым выбарчым капітуле браў удзел настаяцель беларускіх капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap.

Брат Робэрт нарадзіўся ў паўночнаітальянскім горадзе Фалькадэ, які знаходзіцца непадалёк ад Венецыі. Імклівы капуцын паспяхова прайшоў гады фармацыі ў Ордэне, на заканчэнне якой была абаронена доктарская дысертацыя па кананічным і грамадзянскім праве ў Папскім Латэранскім універсітэце. Перад тым, як узначаліць Ордэн, брат Робэрт выкладаў ва ўніверсітэце і быў настаяцелем капуцынскага кляштара ў Равэрэта.

Афіцыйны візіт брата Робэрта Генуіна будзе доўжыцца некалькі дзён, падчас якіх запланаваны шэраг сустрэч непасрэдна з братамі ордэна, а таксама прадугледжаныя візіты ветлівасці да касцёльных іерархаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

Свята Божага Нараджэння брат Робэрт правядзе ў цёплым сямейным коле братоў і вернікаў парафіі святога Францішка Асізскаага ў Копішчы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход).

Абноўлена 19.12.2024 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця