Пошук

16.12.2024 15:33   Тэкст і фота: Юлiя Бараноўская / Catholic.by

14 снежня валанцёры суполкі Caritas парафіі cвятога Францішка Асізскага ў Копішчы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) разам з братам Андрэем Багдановічам OFMCap і францішканскай моладдзю наведалі спецыяльную школу-інтэрнат у горадзе Асіповічы на Магілёўшчыне.

Візіт адбыўся ў межах дабрачыннай акцыі «Дапамажы святому Мікалаю напоўніць калядныя сані», мэта якой заключалася ў тым, каб кожнае дзіця атрымала падарунак ад святога Мікалая.

Вернікі парафіі актыўна падтрымалі ініцыятыву, адказна і з клопатам рыхтуючы падарункі для 64-х дзяцей з парушэннем апорна-рухальнай сістэмы.

Кожны падарунак быў выбраны з любоўю, каб малыя адчулі клопат і ўвагу, а таксама святло радасці ад таго, што пра іх памятаюць.

Дзякуючы адкрытасці і дабрыні сэрцаў удзельнікаў акцыі ў інтэрнаце ўдалося арганізаваць для дзяцей сапраўднае свята. Францішканская моладзь падрыхтавала забаўляльную праграму, якая ўключала майстар-клас па выразанні сняжынак для малодшых дзяцей. Маленькія дзяўчынкі і хлопчыкі атрымалі магчымасць стварыць сваю ўнікальную сняжынку, што прынесла ім вялікую радасць. Старэйшыя дзеці ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай віктарыне, дзе ў сяброўскіх спаборніцтвах, напоўненых смехам і весялосцю, за правільныя адказы атрымлівалі сувеніры.

Пасля насычанай культурнай праграмы ўсіх чакаў салодкі пачастунак, які стаў прыемным завяршэннем насычанага дня.

«Наша акцыя нагадала нам самім, што нават самыя простыя жэсты могуць мець вялікае значэнне для тых, хто мае патрэбу», — дзеляцца ўражаннямі валанцёры.

Яны вераць у тое, што ў сэрцах заўсёды ёсць месца для клопату і спагады, і што супольнымі намаганнямі можна зрабіць свет ярчэйшым і дабрэйшым. Валанцёры абяцаюць, што падчас Адвэнту (і не толькі) будуць працягваць дзяліцца сваёю любоўю і добрымі справамі, ствараючы сапраўдныя цуды ў жыцці тых, хто побач.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця