Пошук

21.11.2026 21:35   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by
Аўдыенцыя для членаў Caritas Internationalis. Фота: Vatican Media

Леў XIV
заклікаў членаў каталіцкіх дабрачынных арганізацый заставацца вернымі хрысціянскай тоеснасці, супрацьстаяць абыякавасці і не губляць адвагі ў служэнні найбяднейшым.
19 лістапада 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Caritas Internationalis і Сеткі хрысціянскіх арганізацый супраць гандлю людзьмі (COATNET). Сёлета гэтыя аб’яднанні адзначаюць адпаведна 75-ю і 25-ю гадавіны з дня свайго заснавання.

Роля дабрачынных арганізацый

Папа адзначыў, што за шмат гадоў свайго місіянерскага служэння ў Перу ён асабіста ўбачыў, як Касцёл прысутнічае там, дзе шырока распаўсюджаны маргіналізацыя і беднасць, і якім чынам Caritas і іншыя арганізацыі працуюць дзеля паляпшэння грамадства.

«Я таксама ўбачыў, як радасць веры і святло Евангелля працягваюць абуджаць надзею, умацоўваць супольнасці і змяняць чалавечыя жыцці»,

— дадаў Святы Айцец.

Міласэрнасць – найвялікшая сацыяльная запаведзь

Фота: Vatican Media

Леў XIV нагадаў, што сутнасці місіі каталіцкіх дабрачынных арганізацый вызначае вера, а міласэрнасць — гэта «найвялікшая сацыяльная запаведзь».

«Праз духоўную і матэрыяльную падтрымку вы прыносіце ў чалавечае жыццё Божую міласэрнасць і любоў. Акрамя таго, сваёй дзейнасцю, разам з працай мільёнаў валанцёраў ва ўсім свеце, вы канкрэтна спрыяеце павазе і захаванню дадзенай Богам годнасці ўсіх людзей, якія ў той ці іншай форме апынуліся на ўзбочыне грамадства, і такім чынам супрацьстаіце абыякавасці. Развіваючы братэрскае супрацоўніцтва, вы становіцеся знакам справядлівасці, надзеі і добрай навіны для тых, хто найбольш патрабуе дапамогі», — сцвердзіў Пантыфік.

Заставацца ўкаранёнымі ў хрысціянскай тоеснасці

Папа заклікаў сваіх гасцей заставацца ўкаранёнымі ў хрысціянскай тоеснасці, удасканальваць стандарты і працоўныя працэдуры, умацоўваць гуманітарную дзейнасць, працу па абароне правоў і павышэнні грамадскай дасведчанасці, надаючы цэнтральнае месца галасам найбяднейшых і надзеі на іх будучыню.

Адзінства, адказнасць і субсідыярнасць

Святы Айцец адзначыў важнасць умацавання адзінства і згуртаванасці членаў Канфедэрацыі Caritas Internationalis. Ён заахвоціў развіваць супрацоўніцтва ў духу субсідыярнасці, даючы нацыянальным і рэгіянальным структурам вядучую ролю ў рэалізацыі ініцыятыў на месцах.

Папа таксама адзначыў, што «кожная арганізацыя павінна імкнуцца да таго, каб яе кіраўніцтва было кампетэнтным, адказным і падсправаздачным, а разам з тым пакорным, уважлівым і блізкім да людзей».

Не губляць адвагі

Фота: Vatican Media

«Раздзяляць пакуты людзей, якія жывуць ва ўмовах канфліктаў і ў расколатых грамадствах, падтрымліваць тых, хто перажывае цяжар беднасці, і служыць тым, пра каго забыліся — задача не заўсёды лёгкая. Не губляйце адвагі ў суправаджэнні гэтых братоў і сясцёр, якія патрабуюць дапамогі, змаганні з несправядлівасцю і нясенні надзеі. Не губляйце радасці ад таго, што вы з’яўляецеся Божымі рукамі і прыладамі Яго міру — «міру раззброенага і раззбройваючага, пакорнага і настойлівага», міру, які паходзіць ад «Бога, які безумоўна любіць усіх нас», — сказаў Папа.

Быць жывым выразам Божай любові

Напрыканцы Леў XIV заклікаў супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas дазволіць Богу напаўняць іх сэрцы, каб яны маглі і надалей быць жывым выразам Божай любові і салідарнасці, мужна адказваючы на адчай, абыякавасць і ўсё тое, што пагражае чалавечай годнасці. «Дазвольце Богу напоўніць вашыя сэрцы, каб вы маглі з радасцю і даверам служыць сваім братам і сёстрам», — заахвоціў Пантыфік.

Абноўлена 21.11.2026 22:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа