17 лістапада з нагоды Сусветнага дня бедных Папа Францішак паабедаў з беднымі ў ватыканскай зале Паўла VI.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, абед для 1300 асобаў быў арганізаваны Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні пры падтрымцы Італьянскага аддзялення Чырвонага Крыжа.
Гасцей абслугоўвалі каля 340 валанцёраў. У меню ўваходзілі лазання з гароднінай, катлета з шпінатам і сырам, бульбяное пюрэ, садавіна і дэсерт. Пасля абеду ў якасці падарунку госці атрымалі заплечнікі з прадуктамі харчавання і сродкамі гігіены.
Па дадзеных дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Italiana, у Італіі налічваецца каля 5,7 мільёна чалавек (9,7% насельніцтва), якія жывуць у абсалютнай беднасці. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю назіранняў.
Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Папам Францішкам у 2016 годзе на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.