У суботу 4 студзеня валанцёры парафіяльных суполак дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas з Нясвіжа і Стоўбцаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) зладзілі аплаткавую сустрэчу для ўдзельнікаў дзіцячых касцёльных хораў.
Дзеці з нясвіжскай парафіі Божага Цела ў суправаджэнні дарослых завіталі ў парафію святога Казіміра ў Стоўбцах, каб падзяліцца аплаткай са сваімі аднагодкамі.
Юныя ўдзельнікі касцёльных хораў цудоўна правялі час пры салодкім стале, накрытым для іх валанцёрамі. Нясвіжцы прыехалі з тэатральнай пастаноўай «Каляднае вiншаванне», якая ўсім вельмі спадабалася.
Саўбцоўская арганістка Валянціна прапанавала дзецям расказаць пра сябе: пра тое, як пачалі спяваць у касцёльных хорах, якія маюць захапленні.
Такое знаёмства здружыла і згуртавала дзяцей, таму рэпетыцыя зводнага хору прайшла вельмі добра, а вернікі падчас святой Імшы змаглі пачуць іх прыгожы спеў.
Нясвіжцы пабачылі новы велічны касцёл святога Казіміра ў Стоўбцах, які з’яўляецца самым высокім будынкам у горадзе, сфатаграфаваліся каля батлейкі, пачулі аповед пра Слугу Божага айца Фабіяна Малішоўскага, а напрыканцы сустрэчы атрымалі сувеніры, створаныя рукамі стаўбцоўскіх валанцёраў.
І дзецi, i дарослыя атрымалi задавальненне ад знаёмства і цёплых сяброўскіх зносін.
Юныя стаўбчане атрымалі запрашэнне наведаць старадаўні касцёл у Нясвіжы, і з нецярплівасцю чакаюць цікавага падарожжа.
Дзеці і іх бацькі ўдзячныя за магчымасць сустрэчы сваім пробашчам — ксяндзу каноніку Пятру Шарко з Нясвіжа і ксяндзу каноніку Ігару Лашуку са Стоўбцаў.