Пошук

03.09.2025 14:06   Тэкст і фота: Ганна Бычынская / Catholic.by

31 жніўня, у першую гадавіну кансэкрацыі касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), мясцовыя парафіяне і госці з хваляваннем і радасцю прымалі шаноўнага госця ― Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, які ўзначаліў святую Імшу і раздзяліў з прысутнымі ўрачыстасць.

Прыезд высокага іерарха і сакратара Апостальскай нунцыятуры мансеньёра Кшыштафа Сэрокі адбыўся падчас Тыдня малітваў да Маці Божай Суцяшэння. Таксама ў нядзелю 31 жніўня парафіяне даручалі Найсвяцейшай Панне Марыі дзяцей, моладзь, настаўнікаў, катэхетаў і выхавацеляў, якія распачынаюць новы навучальны год.

«Дарагія браты і сёстры, хвала Хрысту! Сёння гэтая супольнасць сабралася з радасцю і ўдзячнасцю, каб цэлебраваць смерць і ўваскрасенне Хрыста, а таксама адзначыць першую гадавіну пасвячэння гэтай парафіяльнай святыні, ― звярнуўся да вернікаў арцыбіскуп. ― Мы з хваляваннем узгадваем той момант, калі гэты будынак быў прысвечаны Пану, памазаны хрызмам, благаславёны малітвай і ўчынены святым месцам. Але яшчэ больш сёння мы пакліканы аднавіць усведамленне таго, што гэты касцёл не проста пабудаваны з камянёў, але з’яўляецца духоўным сэрцам вашага хрысціянскага жыцця, месцам Божай прысутнасці, дзе збіраецца супольнасць, дзе слухаецца Слова і прымаецца Цела Хрыста. Таму ў гэты дзень мы пакліканы аднавіць нашае жаданне і імкненне быць жывымі камянямі супольнасці, якая расце ў веры, любові і місіі».

Сэнс урачыстасці, прысвечанай гадавіне кансэкрацыі святыні, паводле Кнігі Мудрасці Сіраха, якая чыталася ў гэты дзень, па словах іерарха, ― у пакоры, адзінстве, бескарыслівасці, у духоўным шляху, які асвятляе быццё Касцёла.

«У асвечаным касцёле пакора павінна быць краевугольным каменем: мы тут не для таго, каб дэманстраваць веліч, а каб расці і сталець у веры, каб служыць, прымаць, крочыць разам. Сапраўдная веліч заключаецца ў тым, каб рабіцца малымі дзеля любові і служэння іншым,

― падкрэсліў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа ў сваёй гаміліі.  Літургія, якую мы цэлебруем тут, ― гэта ўдзел у нябеснай літургіі. Мы не адны, мы злучаныя з анёламі, святымі, Марыяй, святым Казімірам і ўсімі нашымі братамі і сёстрамі, якія апярэдзілі нас у веры. Гэты касцёл павінен стаць адкрытай брамай да неба, месцам, дзе сустракаюцца час і вечнасць. Таму варта спытаць сябе: як мы перажываем наш удзел у святой Імшы? З увагай, з верай, з захапленнем? Або з рассеянасцю і прызвычаеннем? Сёння той дзень, каб аднавіць нашую любоў да літургіі, да цішыні, да малітвы. Гэты касцёл святы, таму што тут Бог прамаўляе, Бог дае сябе, Бог нас перамяняе і прасвятляе».

Тэма пакоры важная для кожнага хрысціяніна. Ад нашай пакорлівасці залежыць шлях у Божае Валадарства. Вялікае значэнне мае тое, як веруючыя будуюць адносіны памиж сабой, як ставяцца да іншых і якое месца яны шукаюць у жыцці: галоўную ролю, прэстыж, прызнанне, уладу ці перавагу. Пакора з’яўляецца ўмовай уваходу ў Божае Валадарства, дзе першыя становяцца апошнімі, а апошнія першымі. Яшчэ адна ўмова ― любоў, якая адкрываецца на іншага чалавека, на таго, хто адрозніваецца, на бліжняга ў патрэбе.

«Гэтае слова асабліва важнае сёння, калі мы святкуем гадавіну асвячэння гэтага прыгожага касцёла. Яно нагадвае нам, што асвечаны касцёл ― гэта не толькі месца пакланення, але і гасцінны дом для ўсіх, без адрозненняў і выключэнняў.

Недастаткова мець алтар ― трэба мець эўхарыстычнае сэрца. Недастаткова цэлебраваць Імшу ― неабходна жыць любоўю. Недастаткова маліцца ― трэба таксама служыць.

Гэты касцёл павінен быць адкрытым сталом, дзе бедны знаходзіць хлеб, чужынец ― прытулак, грэшнік ― міласэрнасць», ― навучаў Апостальскі нунцый.

Іерарх пажадаў парафіянам імкнення самім быць святым месцам, святыняй Духа Святога, жывой супольнасцю. Арцыбіскуп Чэффаліапараіў таксама заўсёды браць прыклад з Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра і заклікаў іх заступніцтва, каб касцёл і супольнасць «працягвалі быць святлом і знакам надзеі для Стоўбцаў, крыніцай адноўленай еднасці і місіі, прытулкам для параненых, школай братэрства, сапраўдным домам Божым».

На заканчэнне Імшы ўсе яе ўдзельнікі ўрачыста заспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем». Цудоўныя спевы касцёльнага хору, светлыя твары вернікаў стваралі атмасферу ўзнёсласці і ўтульнасці ў Божым доме, аб’ядноўвалі супольнасць. Усім пашчасціла атрымаць пастырскае благаслаўленне ад арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа.

Пробашч парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук расказаў арцыбіскупу гісторыю касцёла і шчыра падзякаваў за прыбыццё і цэлебрацыю святой Імшы. Парафіяне ў знак удзячнасці за сумесную малітву паднеслі нунцыю Чэффаліа і яго сакратару мансеньёру Сэроку салодкія пачастункі. Іерарх са свайго боку паабяцаў, што гэтая сустрэча не станецца апошняй.

Абноўлена 03.09.2025 14:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця