31 мая ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Баранавічах адбылося святкаванне 25-годдзя з даты пасвячэння касцёла святога Зыгмунта.
Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пробашч парафіі святога Зыгмунта ксёндз канонік доктар Багдан Крынскі і іншыя святары.
Звяртаючыся да сабраных вернікаў, Мітрапаліт Юзаф звярнуў увагу на вялікі дар, якім з’яўляецца вера і адносіны з Богам. Усё гэта напаўняе людзей духоўнымі сіламі, падтрымлівае іх на жыццёвым шляху і натхняе будаваць такія прыгожыя святыні як касцёл святога Зыгмунта ў Баранавічах, якія становяцца месцам сустрэчы людзей з Богам і паміж сабою, ствараючы вялікую духоўную сям’ю сем’яў.

На завяршэнне літургіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў вернікаў узнесці да Бога малітву падзякі за ўсіх, хто прычыніўся да будаўніцтва гэтай святыні — за жывых і памерлых. Асабліва біскуп Антоні ўзгадаў кардынала Казіміра Свёнтка, які падтрымліваў парафію на самым пачатку яе арганізацыі ў новай частцы горада і здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Зыгмунта 25 год таму. Таксама іерарх прыгадаў нядаўна спачылага біскупа Казіміра Велікасельца, які распачынаў будаўніцтва гэтай велічнай святыні — сапраўднага ўпрыгажэння Баранавічаў.
Удзяляючы благаслаўленне сабраным вернікам і гасцям урачыстасці, Мітрапаліт Юзаф Станеўскі запрасіў усіх да руплівай малітвы «аб новых святарскіх пакліканнях з нашых сем’яў, каб маладыя людзі з адвагай і энтузіязмам веры адклікаліся на запрашэнне Пана пайсці шляхам служэння Богу і людзям у Хрыстовым святарстве».





















































