
29 жніўня ў Жупранах адбылася падзея, якую мясцовая парафія чакала паўтара стагоддзя. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў абрад пасвячэння мураванага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла і новага алтара. Урачыстасць сабрала сотні вернікаў, святароў і гасцей, а пасля літургіі касцёльны падворак ператварыўся ў святочны горад з ярмаркай і дзіцячымі забавамі, каб кожны мог па-сапраўднаму раздзяліць радасць гэтага гістарычнага дня.
Жывая гісторыя пад камянямі: шлях да пасвячэння
Гісторыя жупранскай парафіі значна глыбей за 150 гадоў. Паводле гістарычных звестак, парафія існавала тут ужо ў XV стагоддзі, а вернікі маліліся ў драўлянай святыні пад тытулам Маці Божай Балеснай. Будаўніцтва цяперашняга мураванага касцёла распачалося ў XIX стагоддзі, а 12 кастрычніка 1875 года ў яшчэ недабудаванай святыні ўпершыню была цэлебравана святая Імша.
Аднак наступныя дзесяцігоддзі прынеслі войны, змену дзяржаўных межаў і жорсткі пераслед Касцёла. У тых гістарычных віхурах абрад пасвячэння так і не быў здзейснены. Больш за сто гадоў святыня чакала свайго галоўнага сакральнага моманту — і вось нарэшце чаканне завяршылася.
«Сто пяцьдзясят гадоў — гэта не толькі гісторыя гэтай святыні, яе будынка і інтэр’еру. Гэта гісторыя нязломнай веры людзей, якія ўзводзілі гэтыя сцены, прыносілі сюды свае ахвяры і малітвы, абаранялі святыню ў складаныя часы»,
— нагадаў прысутным ксёндз доктар Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар Рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага».
Крыж, хлеб і салезіянскі след
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пры ўдзеле вялікай колькасці святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія прыбылі ў Жупраны, каб разам з мясцовай парафіяльнай супольнасцю раздзяліць радасць гэтай гістарычнай падзеі. На ганку святыні парафіяне традыцыйна прывіталі іерарха хлебам і соллю, пасля чаго пробашч парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB звярнуўся да біскупа з просьбай благаславіць сабраных крыжам і ўрачыста ўвайсці ў святыню.
На пачатку літургіі ксёндз Віктар папрасіў біскупа цэлебраваць Эўхарыстыю ў інтэнцыі жупранскай парафіі — як падзяку Богу за 150 гадоў веры і Яго апекі, а таксама з просьбай аб благаслаўленні для парафіянаў, святароў, ахвярадаўцаў і ўсіх, хто прычыніўся да захавання і аднаўлення касцёла.
«Няхай гэтая Эўхарыстыя стане нашым супольным Te Deum за 150 гадоў вернасці Богу і Маці Божай Балеснай»,
— сказаў ксёндз Віктар.
Жупраны займаюць асаблівае месца ў гісторыі салезіянаў ксяндза Боско на беларускай зямлі. Менавіта тут пасля гадоў забаронаў і ганенняў пачалося адраджэнне іх прысутнасці ў краіне. Салезіяне разам з мясцовымі вернікамі не толькі захоўвалі веру, але і актыўна спрыялі вяртанню касцёлаў каталіцкім супольнасцям.
Пасвячэнне алтара: рэліквіі навагрудскіх мучаніц
Цэнтральным момантам урачыстасці стаў абрад пасвячэння касцёла і новага алтара. У алтарную ўнутраную частку былі ўмураваны рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка — мучаніц, якія аддалі сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны. Гэты жэст сімвалічна злучыў жупранскую святыню з шырокім кантэкстам каталіцкага мучаніцтва на беларускіх землях.

У сваёй гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй назваў падзею гістарычнай і падкрэсліў, што жупранскі касцёл — гэта значна больш, чым помнік архітэктуры. Іерарх заклікаў глядзець на святыню як на жывога сведку гісторыі.
«Гэтая святыня — не толькі помнік мастацтва і архітэктуры. Яна з’яўляецца сведкам. Не нямым сведкам, як часта мы кажам пра неадушаўлёныя прадметы. Гэта святыня, якая мае голас, бо з адлегласці мінулых стагоддзяў звяртаецца таксама сёння да нашых сэрцаў»,
— адзначыў біскуп.
Іерарх нагадаў пра больш чым шасцісотгадовую гісторыю каталіцкай прысутнасці ў Жупранах і пра пакаленні вернікаў, якія перадавалі веру сваім дзецям.

Паводле біскупа, атрыманая ад продкаў духоўная спадчына з’яўляецца не толькі вялікім дарам, але і абавязкам:
«Наколькі гэтая спадчына абавязвае нас, каб мы не забыліся пра яе, не змарнавалі, але памножылі і перадалі наступным пакаленням, якія прыйдуць пасля нас».
Жупранская святыня перажыла войны, змены дзяржаўных межаў, пераслед і часы, калі рэлігійнае жыццё было сур’ёзна абмежавана. Аднак малітва ў ёй не знікла.
Асаблівыя словы ўдзячнасці падчас урачыстасці прагучалі ў адрас святароў і вернікаў, дзякуючы якім у складаныя часы жупранскі касцёл не застаўся без душпастырскай апекі. Біскуп узгадаў святароў з суседніх парафій, якія прыязджалі ў Жупраны, цэлебравалі святую Імшу і ўдзялялі сакрамэнты.
Асобна біскуп адзначыў прысутнага на ўрачыстасці ксяндза каноніка Юзафа Занеўскага SDB, які ў 1981 годзе распачаў тут сваё душпастырскае служэнне і за дзесяць гадоў дапамог аднавіць рэлігійнае жыццё не толькі ў Жупранах, але і ў пяці навакольных касцёлах.
«Сёння, здзяйсняючы абрад пасвячэння, мы адчуваем, што яшчэ больш яднаемся з фундатарамі і будаўнікамі нашага касцёла, а таксама з усімі жупранскімі парафіянамі, нашымі продкамі, жыццё якіх было напоўнена верай і канцэнтравалася вакол гэтай святыні»,
— дадаў іерарх.
«Дзякуй Богу і людзям»: словы пробашча
Напрыканцы святой Імшы да сабраных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB. Ён назваў дзень пасвячэння касцёла і алтара асаблівым момантам удзячнасці — Богу і ўсім, дзякуючы каму стала магчымай гэтая ўрачыстасць.
Пробашч падзякаваў біскупу Уладзіміру Гуляю за прысутнасць і здзяйсненне абраду пасвячэння, сабратам-салезіянам, святарам і кансэкраваным асобам, а таксама ўсім, хто праз гады клапаціўся пра святыню. Асобныя словы ўдзячнасці ксёндз Артур скіраваў да парафіянаў і ахвярадаўцаў, якія сваёй працай і малітвай дапамагалі аднаўляць касцёл і рыхтаваць яго да пасвячэння. Святар падкрэсліў, што зробленае было б немагчымым без супольных намаганняў многіх людзей, якія адчуваюць адказнасць за жупранскую святыню і яе будучыню.
Асобна пробашч падзякаваў прадстаўнікам мясцовай улады за супрацоўніцтва з парафіяй, заснаванае на ўзаемнай павазе і клопаце пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Жупранаў.
Парафіяне, у сваю чаргу, падзякавалі свайму пробашчу за вялізную працу, дзякуючы якой за адносна кароткі час удалося правесці значнае аднаўленне святыні і падрыхтаваць яе да гістарычнага пасвячэння. Словы падзякі і віншаванні былі скіраваны таксама да біскупа, прысутных святароў і кансэкраваных асобаў, якія раздзялілі з жупранскай парафіяй радасць гэтага асаблівага дня.

Ад імя Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта прысутных павіншавала намесніца старшыні Ганна Язель. Яна адзначыла значэнне жупранскага касцёла для захавання гістарычнай і культурнай спадчыны, а таксама яго ролю ў жыцці мясцовай супольнасці і выхаванні маладога пакалення.
«Няхай жа храм і далей нясе людзям святло і дабро, сустракаючы жупранскіх вернікаў з адкрытым сэрцам»,
— пажадала прадстаўніца раённай улады.
Працягам святочнага дня стала працэсія. Духавенства, парафіяне і госці з вялікай пашанай прайшлі каля святыні, каб такім чынам выразіць сваю пашану і ўдзячнасць Пану Богу.
Ярмарка, забавы і кава ад Яна Боска
Пасля ўрачыстай Імшы для вернікаў і запрошаных гасцей пачалася другая частка свята. Варта адзначыць, што жупранцы з душой падышлі да арганізацыі гэтага дня, каб кожны яго момант надоўга запомніўся ўсім, хто раздяліў радасць парафіі. На тэрыторыі касцёла разгарнуліся фуд-корты і гандлёвыя палаткі, дзе можна было знайсці духоўную літаратуру, памятныя сувеніры і цікавыя вырабы ад мясцовых майстроў. Каля бочнай брамы святыні размясціўся «Салезіянскі намёт» — там госці маглі набыць стыльныя салезіянскія талстоўкі і пачаставацца кавай ад Дона Боско.
Не забыліся і пра найменшых вернікаў: для іх арганізавалі зоны дзіцячых забаў, дзе можна было пакатацца на поні ці пабавіцца на батуце. Дарослая публіка з цікавасцю ўдзельнічала ў бяспройгрышнай латарэі, арганізаванай у гонар графа Гутэн-Чапскага. Таксама ўсе жадаючыя маглі зрабіць памятныя фотаздымкі каля тэматычных стэндаў і фотазон. Многія, карыстаючыся магчымасцю, наведалі могілкі каля касцёла, дзе пахаваны класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Завяршыўся дзень канцэртам з красамоўнай назвай «150 год надзеі і веры».
Урачыстасць 150-годдзя стала своеасаблівым мостам паміж пакаленнямі жупранскіх вернікаў. Тыя, хто паўтара стагоддзя таму будавалі касцёл і ўпершыню сабраліся ў ім на Эўхарыстыю, не дачакаліся яго пасвячэння. Наступныя пакаленні захоўвалі святыню ў часы войнаў, пераследу і выпрабаванняў. Сённяшнім парафіянам выпала магчымасць стаць сведкамі падзеі, якая праз 150 гадоў паставіла кропку ў доўгай і складанай гісторыі гэтага дома Божага.
Пасвечаны касцёл застаецца перадусім не помнікам мінулага, а месцам жывой веры — дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, гучыць Божае слова, удзяляюцца сакрамэнты і новыя пакаленні вучацца сустракаць Бога і жыць з Ім.























































































