
Больш за 400 чалавек са 100 краін прынялі ўдзел у другой міжнароднай падрыхтоўчай сустрэчы да Сусветнага дня моладзі ў Сеуле 2027. Паводле Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, чатырохдзённая сустрэча, якая завяршылася 17 верасня, мела на мэце дапамагчы мясцовым Касцёлам перайсці ад агульнага бачання падзеі да канкрэтнай падрыхтоўкі маладых пілігрымаў.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 300 прадстаўнікоў з больш чым 160 дыяцэзій, манаскіх кангрэгацый і касцёльных рухаў са 100 краін. Да іх далучыліся каля 100 супрацоўнікаў і валанцёраў з арганізацыйнага камітэта СДМ у Сеуле 2027. Сустрэча была арганізавана сумесна Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям'і і жыцця і Карэйскім арганізацыйным камітэтам.
Ад практычнай падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом
Дэлегаты, сярод іншага, пазнаёміліся з сістэмай рэгістрацыі пілігрымаў, заяўкі на СДМ, правіламі арганізацыі «Дзён у дыяцэзіях», а таксама з асноўнымі падзеямі ў Сеуле. Таксама быў прадстаўлены ўвесь шлях пілігрыма — ад прыбыцця ў Карэю да ўдзелу ў праграме СДМ. Удзельнікі таксама наведалі запланаваныя мерапрыемствы і прысутнічалі на святой Імшы ў катэдральным касцёле Мёндон.
Біскуп Пол Кён-сан Лі, генеральны каардынатар арганізацыйнага камітэта, падчас заключнай Імшы нагадаў, што маладым людзям, перш за ўсё, трэба адкрыць, што яны любімыя — Богам і Касцёлам, які прымае іх такімі, якія яны ёсць. Ён падкрэсліў, што
СДМ — гэта «не ўрок, а сустрэча», якая становіцца магчымай тады, калі адкрываюцца чалавечыя сэрцы.
«Пілігрымка надзеі»
Падчас Імшы ў катэдральным касцёле Мёндон арцыбіскуп Пітэр Сун-тэйк Чунг, мітрапаліт Сеула і старшыня арганізацыйнага камітэта, расказаў пра тэму СДМ наступнага года: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).
Ён адзначыў, што моладзь сёння жыве сярод нявызначанасці, канкурэнцыі, канфліктаў і падзелаў, але працягвае марыць пра іншы свет і шукаць надзею.
«Сусветны дзень моладзі — гэта пілігрымка надзеі, якая нясе гэтыя словы маладым людзям па ўсім свеце»,
— сказаў ён.
Арцыбіскуп Чунг заклікаў дэлегатаў запрашаць на СДМ не толькі тых, хто ўжо знаёмы з гэтай падзеяй, але і маладых людзей па-за Касцёлам. «Вы не проста збіраеце ўдзельнікаў. Вы запрашаеце маладых людзей сустрэцца з Панам», — падкрэсліў ён.
«Давайце разам пойдзем у Сеул»
Айцец Франка Галдзіна, каардынатар моладзі ў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, падкрэсліў, што сустрэча была не проста абменам інфармацыяй і вопытам. Удзельнікі ўжо маглі ўбачыць план СДМ наступнага года, і дыкастэрыя будзе працягваць супрацоўнічаць з тымі, хто адказвае за моладзевае служэнне па ўсім свеце.
СДМ у Сеуле пройдзе з 3 па 8 жніўня 2027 года, а з 29 па 2 жніўня пройдуць «Дні ў дыяцэзіях».
Гэта будзе другая моладзевая сустрэча такога маштабу ў Азіі — пасля Манілы ў 1995 годзе — і першая ў краіне, дзе хрысціяне складаюць меншасць.
Рэгістрацыя для пілігрымаў з-за мяжы пачнецца ў канцы кастрычніка.







