![]()
Веласіпедны спорт можа дапамагаць чалавеку адкрываць духоўнае вымярэнне жыцця, сустракацца з прыгажосцю стварэння і паглыбляць веру, — заўважыў Святы Айцец.
23 лістапада Леў XIV прыняў у Ватыкане каля 100 прадстаўнікоў міжнароднай веласіпеднай супольнасці. У сустрэчы бралі ўдзел вядомыя чэмпіёны мінулага і сучаснасці, спартсмены паралімпійскага веласіпеднага спорту, кіраўнікі нацыянальных федэрацый і арганізатары найбуйнейшых гонак у свеце.
Веласіпед дае магчымасці для духоўных перажыванняў
«Веласіпед — частка гісторыі і культурнай тоеснасці многіх народаў. З аднаго боку, гэта зручны сродак перамяшчэння, які дазваляе весці больш здаровы лад жыцця, а з іншага — ён можа адкрываць магчымасці для цудоўных духоўных перажыванняў», — сказаў Пантыфік.
Метафара поўнага жыцця
Папа падкрэсліў, што перамогі і паразы, радасці і расчараванні, уласцівыя веласіпедным спаборніцтвам, «адлюстроўваюць каштоўнасці і выклікі, з якіх складаецца чалавечае жыццё».
«Таму веласіпедны спорт можна разглядаць як метафару таго "жыцця ў поўні", якое ўласцівае кожнаму сапраўднаму спартыўнаму досведу»,
— адзначыў ён.
Прапанова для развіцця ўнутранага жыцця
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на духоўнае вымярэнне веласіпеднага спорту, бо «веласіпед дае магчымасць шукаць месцы цішыні і сузірання, дзе можна вучыцца слухаць стварэнне, удалечыні ад шуму і гарадской мітусні». «У грамадстве, якое рызыкуе звесці адносіны з навакольным асяроддзем да выключна функцыянальнага ўзроўню вытворчасці і спажывання, сціплае перамяшчэнне на ровары можа стаць годнай прапановай для развіцця нашага ўнутранага жыцця», — сказаў ён.
Рух наперад
![]()
Пантыфік прывёў словы французскай пісьменніцы і містычкі Мадлен Дэльбрэль, якая параўноўвала духоўнае жыццё з яздой на веласіпедзе: «Падобна да ровара, які не можа ўтрымаць раўнавагу, калі не рухаецца», вера прыносіць плён «толькі ў руху, толькі дзякуючы імкненню наперад».
Касцёл і веласіпедны спорт
Папа заўважыў, што знакамітыя горныя трасы часта вядуць да санктуарыяў і капліц. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што 13 кастрычніка 1949 года Пій XII абвясціў Апякункай усіх веласіпедыстаў Маці Божую Гізальскую. Невялікая святыня ў яе гонар, размешчаная на адным з пагоркаў на поўначы Італіі, з цягам часу стала духоўным арыенцірам для аматараў веласіпеднага спорту. Пра гэта сведчаць воты, пакінутыя там прафесійнымі спартсменамі і веласіпедыстамі-аматарамі, заўважыў Леў XIV.
Спорт і евангелізацыя
Святы Айцец адзначыў, што веласіпед можа быць нават сродкам евангелізацыі.
«У сувязі з гэтым варта ўзгадаць, што ў Балонні захоўваецца ровар, на якім благаслаўлёны святар Джавані Фарназіні, мучанік, ездзіў з вёскі ў вёску, каб асабіста падтрымліваць сваіх вернікаў і ўдзяляць ім сакрамэнты. Менавіта за гэтую апостальскую руплівасць ён быў забіты ў 1944 годзе ва ўзросце 29 гадоў»,
— сказаў Пантыфік.
«Памятаючы пра гэтую гісторыю, заахвочваю ўсіх вас — кіраўнікоў, арганізатараў гонак, спецыялістаў у галіне веласіпеднага спорту — клапаціцца пра тое, каб гэты від спорту і надалей спрыяў сапраўднаму чалавечаму развіццю», — заклікаў Папа.
Памяць пра ахвяр дарожных здарэнняў
Напрыканцы прамовы Святы Айцец прапанаваў узгадаць пра веласіпедыстаў, якія загінулі ў дарожных здарэннях. «Сярод іх — спартсмены і аматары, жанчыны і мужчыны, якія выбіраюць ровар, каб дабірацца на працу ці вучобу. Мы памятаем пра іх у малітве», — сказаў Леў XIV і ўдзяліў прысутным сваё благаслаўленне.











