Пошук


Фота: www.vaticannews.va/it

Падчас агульнай аўдыенцыі 19 жніўня Папа Леў XIV звярнуўся да тэмы сакральнай музыкі. Пантыфік растлумачыў, чаму яна не проста суправаджае набажэнства, а з’яўляецца яго жывым сэрцам і дапамагае спевам стаць сапраўднай малітвай.

Музыка не дэкарацыя, а малітва

На агульнай аўдыенцыі, якая 19 жніўня з прычыны рымскай спёкі прайшла ў Базыліцы Святога Пятра, папа Леў XIV працягнуў цыкл разважанняў над канстытуцыяй Другога Ватыканскага Сабору Sacrosanctum Concilium. Гэтым разам ён спыніўся на шостым раздзеле дакумента і прысвяціў сваю катэхезу сакральнай музыцы. Пантыфік падкрэсліў, што музыка ў літургіі — не проста аздабленне, а неад’емная частка ўрачыстага набажэнства.

Саборны дакумент, прысвечаны рэформе і развіццю літургіі, нагадвае, што «музычная традыцыя Касцёла» — «скарб нязмернай каштоўнасці», які «вылучаецца сярод іншых відаў мастацтва, асабліва дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неабходнай і неад’емнай часткай урачыстай літургіі» . Таму, як нагадвае сам дакумент, «сакральная музыка будзе тым больш святой, чым больш будзе звязана з літургічным дзеяннем».

Пантыфік заўважыў, што спевы і музыка падчас святой Імшы з’яўляюцца формай малітвы, якая дапамагае вернікам адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі. Менавіта тут знаходзіцца «ядро саборнага навучання, якое пацвярджае і паглыбляе службовую функцыю музыкі ў літургіі, ужо вызначаную святым Піем X у Motu Proprio Inter sollicitudines.

Прыводзячы словы святога Аўгустына аб пачуццёвым вымярэнні малітвы Cantare amantis est, якія азначаюць «спяваць уласціва таму, хто любіць», Святы Айцец асабліва падкрэсліў важнасць музыкі ў літургіі, бо яна дапамагае вернікам адкрыць сэрца на дзеянне Бога ў ласцы. А сумесны спеў яшчэ і яднае людзей, дазваляючы разам праслаўляць Бога. «Праз сімфонію галасоў ён спрыяе яднанню душ, пераадольваючы адрозненні паміж людзьмі і збіраючы ўсіх у адзінай хвале Богу. Так ён становіцца эпіфаніяй Касцёла, пачуццёвым выяўленнем еднасці, якая належыць да самой яго прыроды», — адзначыў Папа. Такі спеў становіцца бачным выразам прыроды Касцёла.

Таму сакральная музыка павінна адпавядаць пэўным патрабаванням: спалучаць высокую музычную якасць і лёгкасць выканання, высакароднасць і прастату, асабліва калі яна прызначана для выканання ўсёй супольнасцю.

Сабор рэкамендуе, каб сакральных тэксты спеваў былі глыбокімі і зразумелымі, грунтаваліся на Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла і тым самым падтрымлівалі сувязь паміж малітвай і верай.

Леў XIV нагадаў, што вернікі закліканы да актыўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі — праз спевы, адказы, псальмы, антыфоны і нават маўчанне. Таму кожны, святар ці свецкі, павінен выконваць сваю ролю ў адпаведнасці з прыродай абраду і літургічнымі нормамі ў гарманічнай раўнавазе паміж рознымі служэннямі.

Традыцыя, сучаснасць і адна адказнасць

Святы Айцец адзначыў важнае значэнне грыгарыянскага спеву, што аднак не выключае іншых форм сакральнай музыкі ў літургіі. Што да музычных інструментаў, то асаблівая ўвага надаецца аргану, аднак выкарыстанне іншых інструментаў дапускаецца, калі яны адпавядаюць святасці і годнасці літургіі, а таксама спрыяюць духоўнаму ўзбагачэнню вернікаў.

Фота: Vatican Media

Сабор таксама заклікае ўлічваць музычныя традыцыі розных народаў як частку іх рэлігійнага і грамадскага жыцця.

Важнае месца ў літургіі займае і хор (schola cantorum), які павінен забяспечваць якаснае выкананне музычных твораў і дапамагаць актыўнаму ўдзелу вернікаў у супольным спеве.

«Кампазітары, якія ствараюць сакральную музыку, пакліканы ведаць і захоўваць музычную спадчыну Касцёла і, абапіраючыся на яе, пісаць новыя творы, якія адпавядаюць сучаснай культуры і годнасці літургіі, пазбягаючы стылявой нядбайнасці, неахайных форм і няўклюдных тэкстаў і мелодый»,

— падкрэсліў Папа.

Пантыфік таксама заклікаў развіваць навучанне і практыку сакральнай музыкі ў семінарыях, навіцыяце мужчынскіх і жаночых манаскіх ордэнаў і каталіцкіх школах, а таксама забяспечваць грунтоўную літургічную падрыхтоўку музыкантаў і спевакоў.

На заканчэнне катэхезы Леў XIV яшчэ раз падкрэсліў высокую ролю сакральнай музыкі як сімвала еднасці Касцёла і прывёў словы святога Ігнацыя Антыёхскага, які заклікаў вернікаў быць адзіным хорам, разам праслаўляць Бога і добрымі ўчынкамі сведчыць пра сваю прыналежнасць да Яго Сына.

Абноўлена 20.08.2026 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.