Пошук

05.08.2026 10:44   Паводле: EWTN News / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Фота: Pelplin Diocesan Library

Дыяцэзіяльная бібліятэка Пельпліна ў Памераніі на поўначы Польшчы захоўвала сапраўдны скарб. Размешчаная побач з гатычным касцёлам, дзе законнікі цыстэрцыянцы маліліся стагоддзямі, гэта сховішча ведаў захоўвала сярэднявечны рукапіс.

У 2024 годзе Пол Аляксандр Небаўэр, незалежны даследчык, які спецыялізуецца на сярэднявечнай гісторыі былога цыстэрцыянскага кляштара Бад-Доберан у Германіі, звязаўся з Крысціянам Торнаў, прафесарам класічнай філалогіі (лацінскія даследаванні) Вюрцбургскага ўніверсітэта, каб прапанаваць яму распачаць сумеснае даследванне: ён знайшоў сярэднявечны кодэкс, які змяшчае некалькі гамілій, што прыпісваюцца святому Аўгустыну, і яму патрэбна была дапамога ў іх ідэнтыфікацыі і перакладзе.

Торнаў, які лічыцца адным з вядучых нямецкіх спецыялістаў па творах святога Аўгустына Гіпонскага і хрысціянскай літаратуры позняй антычнасці, прыняў выклік.

Непадрыхтаванаму назіральніку рукапіс можа здацца не больш чым зборнікам старых старонак, пажоўклых ад часу.

Фота: Pelplin Diocesan Library

Аднак вычарпальнае філалагічнае даследаванне, праведзенае Торнаў разам з Клеменсам Вайдманам, даследчыкам Corpus Scriptorum Ecclesiasticorum Latinorum (Корпус лацінскіх касцёльных твораў або CSEL, паводле лацінскай абрэвіятуры) у Вене (Аўстрыя), і камандай маладых навукоўцаў, у рэшце рэшт выявілі адкрыццё велізарнай важнасці.

Рукапіс быў скапіраваны ў кляштары Доберан у XII стагоддзі і, магчыма, быў перапісаны са старажытнага кодэкса, які паходзіць з Амелунгсборна, гістарычнага цыстэрцыянскага кляштара, размешчанага на тэрыторыі сучаснай нямецкай зямлі Ніжняя Саксонія.

З чатырох прааналізаваных гамілій дзве былі ўжо вядомыя спецыялістам: адна прызнана аўгустынскай, а другая класіфікавана як псеўдааўгустынская. Аднак дзве іншыя не ўдалося адразу ідэнтыфікаваць.

«Мы перапісалі новыя тэксты і пачалі аналізаваць іх з мэтай будучага выдання. Вядома, мы былі зачараваныя ідэяй знайсці новыя гаміліі святога Аўгустына, але неўзабаве пачалі скептычна ставіцца да іх, бо ў некаторых месцах гаміліі, здавалася, не былі напісаны Аўгустынам», — растлумачыў Торнаў ACI Prensa, іспанамоўнай сястрынскай службе EWTN News.

«Наш канчатковы вердыкт аб іх сапраўднасці — гэта вынік бесперапыннай філалагічнай працы на працягу амаль двух гадоў», — адзначыў нямецкі навуковец.

Частка гэтай працы была праведзена падчас летняй школы, арганізаванай CSEL у Вене ў 2025 годзе, у якой прынялі ўдзел дактаранты і маладыя даследчыкі, якія спецыялізуюцца на ранняй хрысціянскай літаратуры. Пасля дбайнага аналізу тэкстаў і іх перадачы ў рукапіс каманда прыйшла да высновы, што няма сур'ёзных пярэчанняў супраць іх прыпісвання святому Аўгустыну.

Паводле слоў даследчыка, хоць некалькі стагоддзяў тэкставай перадачы аддзяляюць эпоху святога Аўгустына (V стагоддзе) ад захаванага рукапісу, дакумент прапануе дзіўна надзейную версію.

«Паміж Аўгустынам і гэтым перапісчыкам XII стагоддзя праходзіць некалькі стагоддзяў, таму лёгка ўявіць, што падчас перадачы ўзніклі памылкі. Тым не менш, у нас ёсць вельмі добры тэкст, і з некалькімі крытычнымі выпраўленнямі мы можам у значнай ступені рэканструяваць тое, што казаў святы Аўгустын»,

— растлумачыў ён.

Сярод найбольш пераканаўчых аргументаў — датаванне гамілій позняй антычнасцю — паміж V і VII стагоддзямі, — а таксама апісанне літургічных практык, якія, па словах Торнаў, «былі б немагчымымі ў Сярэднявеччы».

Акрамя таго, паводле слоў даследчыка, прысутнічае «фон паўночнаафрыканскі, як відаць з заключнай малітвы першай гаміліі, засведчаны толькі ў Афрыцы позняй антычнасці».

Спецыялісты таксама пацвердзілі, што аўтар валодаў глыбокім разуменнем аўгустынскай думкі, аднак не проста механічна яе ўзнаўляючы.

«Аўтар знаёмы з думкамі і працамі святога Аўгустына, але ён не проста капіруе іх — што можа сведчыць пра неаўтэнтычнасць»,

— растлумачыў ён.

Ён таксама дадаў, што «ў гаміліях няма нічога, чаго не мог бы сказаць Аўгустын, няхай гэта будзе з лінгвістычнага, экзегетычнага ці тэалагічнага пункту гледжання».

Фота: Pelplin Diocesan Library

Параўнаўшы выразы, аргументы і тэкставыя асаблівасці з аўгустынскімі працамі, даследчыкі прыйшлі да цвёрдай высновы:

«Мы лічым метадалагічна абгрунтаваным прыняць аўтарства святога Аўгустына, а не выдумляць ананімнага "вучня" ці "паслядоўніка"»,

— растлумачыў Торнаў.

Наступны крок — падрыхтаваць крытычнае выданне лацінскага тэксту з нямецкім перакладам і грунтоўным уступам, які растлумачыць гісторыю адкрыцця, апіша рукапіс, яго змест і датыроўку і змесціць новыя гаміліі ў кантэкст творчасці святога Аўгустына і гісторыі хрысціянскай экзегезы. Выданне можа з'явіцца ў пачатку 2027 года.

Адкрыццё ўжо выклікала шматлікія рэакцыі ў акадэмічных і касцёльных колах. «Магчыма, таксама таму, што Папа Леў XIV — аўгустынец, што ўзмацніла цікавасць да постаці святога Аўгустына», — адзначыў Торнаў, які сказаў, што спадзяецца асабіста ўручыць будучае крытычнае выданне Льву XIV.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.