Пошук

18.11.2026 20:04   https://www.ekai.pl / https://italy4.me/lazio/vatikan/basilica-di-san-pietro.html / Catholic.by
Фота: https://www.ekai.pl

18 лістапада спаўняецца 400 гадоў з дня асвячэння Базылікі Святога Пятра ў Ватыкане. За чатыры стагоддзі яна стала не толькі адным з галоўных сімвалаў Рыма і Каталіцкага Касцёла, але і ўнікальным мастацкім ансамблем, над якім працавалі найвыдатнейшыя архітэктары і скульптары Еўропы. Тут суседнічаюць шэдэўры Мікеланджэла і Берніні, а кожная дэталь нагадвае пра гісторыю веры, мастацтва і наступнікаў святога Пятра.

18 лістапада 1626 года, роўна 400 гадоў таму, папа Урбан VIII урачыста асвяціў Базыліку Святога Пятра. З гэтага дня яна з'яўляецца цэнтрам каталіцкага хрысціянства і, паводле сучасных вымярэнняў, адным з найбуйнейшых храмаў свету. Яе будаўніцтва пачалося яшчэ 18 красавіка 1506 года, калі папа Юлій II заклаў першы камень у падмурак святыні. Такім чынам, ад пачатку работ да асвячэння прайшло больш за 120 гадоў, на працягу якіх змяніліся некалькі пакаленняў архітэктараў.

На гэтым месцы раней стаяла старая базыліка Святога Пятра, пабудаваная ў IV стагоддзі пры імператары Канстанціне Вялікім і асвячоная, верагодна, у 326 годзе. Яна таксама была ўзведзена над месцам, якое хрысціянская традыцыя звязвае з пахаваннем Апостала. З цягам часу старажытны храм прыйшоў у заняпад, і папа Юлій II прыняў рашэнне ўзвесці новую святыню.

Праект перабудовы неаднаразова змяняўся. У розныя перыяды над ім працавалі Даната Брамантэ, Рафаэль Санці, Антоніа да Сангала, Мікеланджэла Буанароці, Джакомо дэла Порта, Даменіка Фантана і Карла Мадэрна. Кожны з іх унёс свой уклад у аблічча базылікі, але асаблівае значэнне мела праца менавіта Мікеланджэла, які ў 1546 годзе ўзначаліў будаўніцтва і на жаль не дажыў да яго завяршэння. 

Фасад, за якім хаваецца купал Мікеланджэла

Сучаснае сэрца Каталіцкага Касцёла — базыліка Святога Пятра — займае плошчу больш за 22 тыс. квадратных метраў, мае амаль 220 метраў даўжыні разам з прытворам і 136 метраў вышыні — ад зямлі да крыжа на вяршыні купала.

Фота: з адкрытых крыніц

Фасад святыні, які мы бачым сёння, — праца Карла Мадэрна. Архітэктар працаваў над ім у 1607–1614 гадах па даручэнні папы Паўла V. Манументальная кампазіцыя з траверціну мае шырыню каля 116 метраў і вышыню каля 45 метраў. Яе рытм задаюць масіўныя калоны і пілястры з карынфскімі капітэлямі, а верхнюю частку завяршае балюстрада са статуямі Хрыста Збаўцы, святога Яна Хрысціцеля і адзінаццаці апосталаў.

За пяццю ўваходамі ў фасадзе знаходзіцца атрыум, які вядзе ўнутр святыні. Над цэнтральным уваходам размешчаны рэльеф, прысвечаны ўручэнню ключоў святому Пятру. На фасадзе таксама можна ўбачыць два гадзіннікі.

Аднак у архітэктурным абліччы Базылікі ёсць адна асаблівасць: калі глядзець на яе з цэнтра плошчы Святога Пятра, купал Мікеланджэла амаль не бачны за масіўным фасадам. Каб ацаніць яго веліч, трэба адысці на значную адлегласць. Гэта стала вынікам рашэння Мадэрна падоўжыць будынак і дадаць бакавыя нефы.

Унутраныя інтэр'еры зачароўваюць мноствам карцін, незлічонымі скульптурамі, грабніцамі і багатай гісторыяй. Асаблівае месца займаюць мазаікі, агульная плошча якіх складае каля 10 тыс. квадратных метраў. Значная частка жывапісных твораў у базыліцы насамрэч выканана ў тэхніцы мазаікі, што дазваляе захоўваць іх колеры і выявы на працягу стагоддзяў.

«П’ета» Мікеланджэла: Маці, якая аплаквае Сына

Адным з найбольш вядомых твораў мастацтва ў базыліцы з'яўляецца мармуровая скульптурная кампазіцыя «П’ета» (італ. Pietà) Мікеланджэла.

Яна знаходзіцца ў першай капэле правага нефа і была створана ў 1498–1499 гадах, яшчэ да пачатку будаўніцтва сучаснай базылікі.

Скульптура адлюстроўвае Маці Божую, якая трымае на каленях цела памерлага Езуса пасля зняцця з крыжа. Мікеланджэла было ўсяго каля 24 гадоў, калі ён працаваў над гэтым творам. Асаблівую ўвагу прыцягвае кантраст паміж юным, спакойным абліччам Марыі і безжыццёвым целам Хрыста. Майстар перадаў глыбокі боль не праз знешнюю экспрэсію, а праз цішыню і стрыманасць жэстаў.

Гэта адзіная скульптура, на якой Мікеланджэла пакінуў сваё імя. Паводле вядомай гісторыі, пачуўшы, як наведвальнікі прыпісваюць твор іншаму мастаку, ён ноччу высек сваё імя на стужцы, якая перасякае грудзі Маці Божай.

Сёння «П’ета» знаходзіцца за ахоўным шклом. Такая мера бяспекі была ўведзена пасля таго, як у 1972 годзе чалавек з малатком пашкодзіў скульптуру, нанёсшы некалькі ўдараў па твары і руцэ Маці Божай. Пасля рэстаўрацыі доступ да твора абмежавалі.

Берніні: паўстагоддзя працы над аздабленнем базылікі

Калі Мікеланджэла надаў святыні яе велічныя архітэктурныя абрысы, то Джан Ларэнца Берніні стаў адным з галоўных творцаў яе барокавага ўбрання. Амаль паўстагоддзя ён працаваў над мастацкім абліччам Базылікі, спалучаючы архітэктуру, скульптуру і святло ў адзіны ансамбль.

Адным з самых вядомых яго твораў стаў бронзавы балдахін над галоўным алтаром, пад якім, паводле традыцыі, знаходзіцца магіла святога Пятра. Працу над ім Берніні пачаў у 1624 годзе па даручэнні папы Урбана VIII. Завяршэнне заняло каля дзесяці гадоў. Вышыня канструкцыі складае амаль 29 метраў. Яе падтрымліваюць чатыры вітыя бронзавыя калоны, аздобленыя расліннымі матывамі і фігурамі анёлаў. Балдахін нібыта аб'ядноўвае прастору над магілай Апостала і велізарны купал над ёй.

У працы Берніні дапамагаў Франчэска Бараміні, які таксама зрабіў значны ўнёсак у рэалізацыю складанага архітэктурнага праекта. Для стварэння балдахіна выкарыстоўвалі вялікую колькасць бронзы, у тым ліку метал з порціка рымскага Пантэона.

Менавіта з гэтым звязваюць вядомую рымскую прымаўку: «Чаго не зрабілі варвары, зрабілі Берніні і Барберыні» — намёк на папу Урбана VIII з роду Барберыні.

Яшчэ адна знакамітая праца Берніні — манументальная кафедра святога Пятра ў апсідзе Базылікі. Гэта складаная кампазіцыя з бронзы, мармуру і пазалоты, у цэнтры якой знаходзіцца рэліквія, якую традыцыя звязвае з крэслам апостала Пятра. Над ёй узвышаюцца фігуры Айцоў Касцёла, а ўвесь ансамбль ахоплены воблакамі, анёламі і промнямі святла. У верхняй частцы кампазіцыі размешчана выява голуба — сімвала Духа Святога.

З Берніні звязана і адна з найбольш незвычайных скульптурных гісторый базылікі. У адной з ніш знаходзіцца статуя святога Лонгіна — рымскага сотніка, які, паводле Евангелля, прабіў бок укрыжаванага Езуса дзідай. Хрысціянская легенда распавядае, што кроў Хрыста трапіла Лонгіну ў вочы, пасля чаго ён атрымаў зрок і паверыў у Езуса. Пазней сотнік прыняў хрысціянства і стаў прапаведнікам. У базыліцы захоўваецца рэліквія, якую лічаць наканечнікам той самай дзіды.

Грабніца Аляксандра VII: смерць, якая нагадвае пра вечнасць

Сярод найбольш уражлівых скульптурных твораў базылікі — грабніца папы Аляксандра VII, таксама створаная Берніні. Манумент размешчаны ў левым нефе і лічыцца адной з апошніх вялікіх скульптурных прац майстра. Яго стварэнне працягвалася ў 1671–1678 гадах, ужо пасля смерці Папы.

У цэнтры кампазіцыі — постаць пантыфіка, які стаіць на каленях у малітве. Яго атачаюць алегарычныя фігуры чатырох цнотаў: Любові, Праўды, Справядлівасці і Разважлівасці. Але найбольшую ўвагу прыцягвае фігура Смерці, якая з'яўляецца з-пад вялікага мармуровага покрыва, што нібыта звісае над уваходам. У руцэ яна трымае пясочны гадзіннік — напамін пра сканчэнне зямнога жыцця.

Гэтая дэталь мае асаблівы сэнс: грабніца размешчана так, што яе кампазіцыя ўключае дзвярны праём, і Берніні ператварыў архітэктурную перашкоду ў частку мастацкай задумы. У выніку помнік становіцца не проста надмагіллем, а разважаннем пра чалавечую смяротнасць, уладу і надзею на вечнасць.

Незвычайны мемарыял папу Пію VII

Яшчэ адзін цікавы твор знаходзіцца ў базыліцы — надмагілле папы Пія VII, створанае дацкім скульптарам Бертэлем Торвальдсенам у XIX стагоддзі.

Асаблівасць гэтага помніка ў тым, што яго аўтар не быў католікам. Торвальдсен належаў да пратэстанцкай традыцыі, аднак атрымаў замову на стварэнне помніка Рымскаму Пантыфіку. Гэта незвычайны прыклад мастацкага супрацоўніцтва па-за канфесійнымі межамі.

Кампазіцыя выканана ў класіцыстычнай манеры і адрозніваецца ад эмацыйна насычаных барокавых твораў Берніні. Папа паказаны ў велічнай паставе, а па баках размешчаны алегарычныя фігуры Мудрасці і Сілы. Спакойная манументальнасць помніка стварае выразны кантраст з больш драматычнымі скульптурнымі кампазіцыямі святыні.

Плошча Святога Пятра — каланада, якая абдымае пілігрымаў

Берніні працаваў не толькі над унутраным убраннем базылікі. У 1656–1667 гадах ён стварыў архітэктурны ансамбль плошчы Святога Пятра, які стаў адным з найбольш вядомых сімвалаў Ватыкана.

Плошча мае форму эліпса, акружанага дзвюма паўкруглымі каланадамі. У іх налічваецца 284 калоны і 88 пілястраў, а над верхняй часткай размешчаны 140 статуй святых.

Калі глядзець на ансамбль зверху, яго абрысы нагадваюць ключ — сімвал апостала Пятра, якому Хрыстус даверыў ключы Валадарства Нябеснага.

Сам Берніні тлумачыў задуму каланады як сімвалічныя абдымкі Касцёла, якія прымаюць вернікаў і ўсіх людзей, што прыходзяць на плошчу. Так архітэктура набыла не толькі эстэтычнае, але і багаслоўскае вымярэнне.

Пад базылікай — гісторыя першых хрысціянаў

Асаблівае значэнне базыліцы звязана з месцам пахавання святога Пятра. Паводле хрысціянскай традыцыі, апостал прыняў мучаніцкую смерць у Рыме ў часы пераследу хрысціянаў пры імператары Нероне.

У 1939 годзе па распараджэнні папы Пія XII пачаліся археалагічныя даследаванні пад базылікай. Там быў знойдзены старажытны некропаль, а сярод пахаванняў — месца, якое здаўна ўшаноўвалася першымі хрысціянамі. Даследаванні далі падставы звязаць яго з магілай апостала Пятра.

У 1968 годзе папа Павел VI абвясціў, што знойдзеныя археалагічныя сведчанні дазваляюць з вялікай верагоднасцю атаясаміць гэтае пахаванне з магілай Апостала.

Сёння над гэтым месцам знаходзіцца галоўны алтар базылікі, а пад ім — балдахін Берніні.

У Базыліцы Святога Пятра пахаваны каля 150 папаў, колькасць саркафагаў і грабніц складае каля 50-ці. 

Базыліка, якая не з'яўляецца катэдральным саборам Папы

Нягледзячы на асаблівае месца ў жыцці Каталіцкага Касцёла, Базыліка Святога Пятра не з'яўляецца катэдральным саборам Рымскага Біскупа.

Гэтую функцыю выконвае базыліка Святога Яна на Латэране — катэдра Папы як біскупа Рыма.

Аднак менавіта ў Ватыканскай Базыліцы адбываюцца многія найважнейшыя літургічныя ўрачыстасці з удзелам Папы. Святыня штодня прымае пілігрымаў і наведвальнікаў з розных краін свету. Тут можна ўдзельнічаць у святой Імшы, прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а таксама ўбачыць мастацкія творы, якія на працягу стагоддзяў стваралі найвыдатнейшыя майстры Еўропы.

У 1984 годзе ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА быў унесены Ватыкан як цэласны культурны аб'ект, у склад якога ўваходзіць і Базыліка Святога Пятра.

Сёлета 18 лістапада, у дзень 400-годдзя асвячэння святыні, папа Леў XIV узначаліў у ёй урачыстую Эўхарыстыю. 

Абноўлена 19.11.2026 00:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.