![]()
У Рыме 16 кастрычніка адбудзецца спецыяльны паказ дакументальнага фільма Pétros ení: Discovering the Origins, прысвечанага магіле святога Пятра і гісторыі яе адкрыцця. Фільм актуальны, паколькі сёлета спаўняецца 400 гадоў з часу асвячэння Базылікі Святога Пятра, і унікальны тым, што ў ім гледачы ўпершыню ўбачаць кадры з месцаў, схаваных пад базылікай, а ў фінальных сцэнах з’явіцца нават папа Леў XIV.
Паказ адбыўся ў межах Рымскага кінафестывалю 16 кастрычніка ў 11.30 па мясцовым часе. Стужка створана з удзелам Vatican Media і Fabric of St. Peter, а зняла яе іспанская рэжысёрка Паула Орціс. Сцэнар для фільма напісаў журналіст і аўтар Vatican News Андрэа Торніэлі пры кансультацыі археолага П’етра Цандэра — аднаго з галоўных спецыялістаў па Ватыканскім некропалі. Фільм доўжыцца каля гадзіны.
У якасці гіда ў фільме зняўся амерыканскі акцёр Крыс Прат, вядомы, у прыватнасці, па фантастычных баявіках «Вартавыя Галактыкі» і «Сусвет Юрскага перыяду». Ён правядзе гледача ў падземныя прасторы базылікі, паралельна распавядаючы падрабязнасці гісторыі святога Пятра і археалагічных даследаванняў месца яго пахавання.
![]()
У заключных эпізодах у кадры з’явіцца папа Леў XIV — ён распавядзе пра апостала Пятра і пра значэнне яго магілы, якая знаходзіцца пад храмам, над якім сёння ўзвышаецца велічная базыліка з каланадай Берніні.
«Гэта быў неверагодны гонар — супрацоўнічаць з папам Львом XIV і Ватыканам у гэтым праекце. Гісторыя святога Пятра з’яўляецца асноватворнай для хрысціянскай веры»,
— адзначыў Крыс Прат, падкрэсліўшы, што ўдзячны за давер і магчымасць атрымаць доступ да месцаў, якія звычайна застаюцца недаступнымі.
Камера ўпершыню за паўстагоддзя
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай вытворцамі, кінематаграфісты трапілі ў Ватыканскі некропаль упершыню прыкладна за 50 гадоў. Некропаль знаходзіцца на некалькі метраў ніжэй за ўзровень базылікі і захоўвае старажытныя пахаванні, якія папярэднічалі сучаснаму храму.
У інтэрв’ю іспанскім СМІ рэжысёрка Паула Орціс расказала, што здымачная група працавала там два тыдні — з 25 лістапада па 7 снежня 2025 года — пасля закрыцця базылікі для наведвальнікаў.

Гэты час, па словах рэжысёркі, стаў для яе незвычайным досведам працы ў цішыні і цемры падземных прастораў, дзе панавала асаблівая атмасфера.
«Чуць цішыню і рэзананс гэтага храма, сам-насам, у цемры, — сапраўды вельмі прыгожа»,
— адзначыла рэжысёрка.
Хвалюючым эпізодам стала здымка папы Льва XIV — сцэны, пра якую да прэм’еры не паведамлялася падрабязна.
Пра ўдзел Пантыфіка ў фільме не ведалі і самі кінематаграфісты. Як расказала Паула Орціс, усяго за дзве гадзіны — «з меркаванняў бяспекі» — групе паведамілі, калі адбудзецца гэтая здымка: «Адна-адзіная, якую робіць Папа, бо з ім, як папрасіла яго каманда, мог быць толькі one take, one shot («з першага дубля без права на памылку»)». «Раптам я адчула велізарную напругу, і ў той жа час усё было вельмі дзіўна», — прызналася аўтар фільма. Паула адзначыла, што «хаця тэкст быў запісаны па-англійску, і таксама была італьянская версія, але як толькі Папа даведаўся, што яна іспанка, захацеў, каб яна кіравала ім па-іспанску». Леў XIV быў місіянерам у Перу і таксама добра валодае іспанскай мовай.
![]()
У фінальных кадрах Леў XIV зачытвае тэкст, які стаў сваеасаблівым эпілогам фільма. «Спачатку я мела нахабства прапанаваць у ім змены», — прызналася Паула Орціс. Але калі даведалася, што «гэты тэкст напісаў сам Папа», яна была ўражана глыбінёй яго думак:
«Гэта гістарычная, літаратурная і вельмі метафарычная рэфлексія, вельмі прыгожая і паэтычная».
Для Орціс было «неверагодна» назіраць за гэтым «зліццём культаў усіх цывілізацый», якія адбываліся на Захадзе і ўсе знаходзяцца ў гэтым месцы. Рэжысёрка лічыць сябе атэісткай, і, на яе думку, неабавязкова быць вернікам, каб расчуліцца ад убачанага, але ў той жа час яна прызналася:
«Гэта нешта надзвычайнае, што выклікае шмат роздумаў пра тое, як мы жывём або як спрабуем перакласці нашу трансцэндэнтнасць, нават калі я не ўдзельнічаю ў каталіцкай веры»,
— сказала яна. І дадала: «Немагчыма, каб гэта пакінула цябе раўнадушным, гэта ашаламляльны досвед».
Ад некропаля да адкрыцця магілы
На працягу фільма кадр за кадрам, нібыта крок за крокам праз захапляльнае падарожжа ў часе, гледачы ўцягваюцца ў даследаванне грабніцы Пятра. Гэта менавіта тое месца, што знаходзіцца пад базылікай — прама пад купалам Мікеланджэла і балдахінам.

Гісторыя базылікі цесна пераплецена з жыццём Пятра — рыбака з Галілеі, якому Езус даверыў кіраўніцтва Касцёлам, які толькі нараджаўся. Пётр прыняў мучаніцкую смерць у Рыме на Ватыканскім узгорку падчас пераследаў пры імператары Нероне. Ужо з першых стагоддзяў хрысціяне лічылі гэта месца святым, і яно хутка стала цэнтрам пабожнасці і пакланення. Настолькі, што многія імкнуліся быць пахаванымі побач з ім.
У IV стагоддзі імператар Канстанцін, які першым з рымскіх правіцеляў прыняў хрысціянства, імкнуўся захаваць грабніцу. Каб пабудаваць першую вялікую базыліку, ён загадаў выраўнаваць частку схілаў Ватыканскага ўзгорка, уключыўшы ў новую пабудову прастору вакол грабніцы. Сучасная Базыліка Святога Пятра ўзведзена пазней — яе асвячэнне адбылося 18 лістапада 1626 года.
У 2026 годзе спаўняецца 400 гадоў з гэтай даты.

Археалагічныя даследаванні Ватыканскага некропаля пачаліся падчас Другой сусветнай вайны пры падтрымцы папы Пія XII. У 1950 годзе ён афіцыйна паведаміў пра месца, якое даследчыкі звязалі з магілай апостала Пятра — менавіта там былі знойдзены чалавечыя парэшткі, якія прыпісваліся апосталу Пятру. Варта адзначыць, што Пій XII настойліва дамагаўся пачатку раскопак амаль дзесяць гадоў дагэтуль.

У 1968 годзе папа Павел VI абвясціў, што навуковыя даследаванні дазваляюць з пераканаўчай верагоднасцю звязаць знойдзеныя чалавечыя рэшткі са святым Пятром — гэта той самы «галілейскі рыбак, які пайшоў за Езусам».
«Нават рэліквіі святога Пятра, — заявіў Папа, — былі ідэнтыфікаваныя так, што мы можам лічыць гэта пераканаўчым (...) Мы маем падставы верыць, што знойдзеныя нямногія, але найсвяцейшыя цялесныя астанкі апостала Пятра».
Назва фільма — «Pétros ení» — таксама звязана з гэтай гісторыяй. Грэчаскі надпіс Petros eni («Пётр тут» або «Пётр унутры») быў выяўлены ў зоне археалагічных даследаванняў і стаў адным з элементаў, які прыцягнуў увагу да месца пахавання апостала.
Фільм вядзе гледача не проста да магілы аднаго з апосталаў. Ён прапануе прайсці шлях праз шматлікія пласты гісторыі — ад старажытнага рымскага некропаля і першых хрысціянскіх пахаванняў да археалагічных раскопак ХХ стагоддзя і сучаснай базылікі, якая ўжо чатыры стагоддзі ўзвышаецца над гэтым месцам.
«Pétros ení: Discovering the Origins» ужо выйшаў у кінапракат. Спадзяемся, што беларускія гледачы таксама ўбачаць яго ў хуткім часе.






