Пошук

06.11.2024 13:19   Паводле: кс. Сяргей Сурыновіч / Catholicnews.by / Catholic.by
Фота Catholicnews.by

11 лістапада ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску падчас святой Імшы адбудзецца пасвячэнне абраза Марыі, Маці Касцёла.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, пасвячэнне абраза здзейсніць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падчас святой Імшы а 18-й гадзіне.

Да прызначэння пастырам Віцебскай дыяцэзіі, іерарх 10 гадоў быў пробашчам у гэтай парафіяльнай супольнасці і прычыніўся да перабудовы колішняга дома культуры ў каталіцкую святыню.

Цяперашні пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ксёндз канонік Сяргей Сурыновіч ад імя парафіянаў шчыра запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у супольнай малітве і знаёміць з гісторыяй іканаграфічнага тыпу, што сёння мае назву «Маці Касцёла».

Абраз Марыі, вядомы сёння як Mater Ecclesiæ (лац. «Маці Касцёла»), быў напісаны на калоне ў старажытнай базыліцы, пабудаванай у часы імператара Канстанціна на месцы пахавання святога Пятра на Ватыканскім пагорку ў Рыме. Таму напісаная на пачатку XV стагоддзя выява Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках вядомая як «Мадонна калоны».

«Мадонна калоны» ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Фота: omnesmag.com

Тытул Mater Ecclesiæ быў нададзены Найсвяцейшай Панне Марыі Папам Паўлам VI у 1964 годзе напрыканцы трэцяй сесіі Другога Ватыканскага Сабору. Галоўным абгрунтаваннем тытула «Маці Касцёла» з’яўляецца Божае мацярынства Марыі і праўда пра Касцёл як Містычнае Цела Хрыста.

21 лістапада 1964 года Другі Ватыканскі Сабор абвясціў Дагматычную канстытуцыю пра Касацёл Lumen gentium («Святло народам»). У гэты дзень Папа цэлебраваў святую Імшу разам з 24-а біскупамі з найбуйнейшых Марыйных санктуарыяў свету.

Падчас цэлебрацыі Павел VI урачыста абвясціў Марыю Маці Касцёла, устанавіўшы такім чынам новы Марыйны тытул, які ўвайшоў у Ларэтанскую літанію.

Літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, адзначаецца на наступны дзень пасля нядзелі ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, што перадае сэнс і сімволіку тытула: паказвае мацярынскі клопат Марыі пра Касцёл, які толькі нараджаецца, і трывае ва ўсе часы. Марыя непарыўна звязана з Касцёлам праз Божае мацярынства, Яна прабывала ў малітве з апосталамі падчас Пяцідзясятніцы і апякуецца іх наступнікамі на працягу ўсёй гісторыі яго існавання да нашых дзён. Марыя з’яўляецца Маці ўсяго Касцёла, але таксама Маці кожнага з хрысціянаў, членаў Містычнага Цела Хрыста.

Спасланне Духа Святога. Фрагмент. Мастак Эль Грэка

У 1980 годзе падчас Міжнароднага кангрэса і сустрэчы студэнтаў у Ватыкане адзін з яе ўдзельнікаў задаў пытанне Яну Паўлу ІІ пра адсутнасць на плошчы святога Пятра выява Маці Божай. Гэтае пытанне мела свае наступствы: Папа даў наказ змясціць выяву Багародзіцы. Праект быў распрацаваны, але яго ажыццяўленню перашкодзіў замах на жыццё Папы 13 мая 1981 года.

Калі Ян Павел ІІ вярнуўся ў Ватыкан з клінікі Джэмэллі, была вывучана новая магчымасць размяшчэння бачнага знаку на плошчы святога Пятра, каб увекавечыць балючую старонку ў гісторыі Касцёла, а таксама каб падкрэсліць знак нябеснай апекі Марыі.

Ян Павел ІІ быў перакананы і казаў, што менавіта Маці Божая выратавала яго падчас замаху, таму ўзнікла ідэя размяшчэння Марыйнай мазаікі ў замураваным акне Апостальскага палаца на плошчы святога Пятра на ўзор фрэскі Марыі Mater Ecclesiæ.

Мазаічная рэпрадукцыя абраза Маці Божай Mater Ecclesiæ на сцяне Апостальскага палацу. Фота: CNS File Photo / Paul Haring

Мазаіка была створана ў перыяд з лістапада па снежань 1981 года, праз шэсць месяцаў пасля замаху.

8 снежня 1981 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Ян Павел ІІ перад малітвай «Анёл Панскі» пасвяціў мазаіку Багародзіцы.

Марыя, Маці Касцёла з’яўляецца апякункай Віцебскага катэдральнага капітула.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.