Пошук

20.12.2022 17:55   Vatican News
Павел VI і Францішак. Фотакалаж zz7.it

У сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар ватыканскага інтэрнэт-парталу Vatican News Андрэа Тарньелі распавядае пра «прэвентыўныя» заявы аб адрачэнні Папы Францішка і аднаго з яго папярэднікаў Паўла VI.

У 2018 годзе ў кнізе, куратарам якой выступіў рэгент Прэфектуры Папскага дома монсеньёр Леанардо Сап’енца, было апублікавана пасланне датаванае 1965 годам, у якім Папа Павел VI заявіў аб адрачэнні ад пасады ў выпадку цяжкай хваробы або сур’ёзнай перашкоды ў служэнні.

Пра гэта чытачам парталу Vatican News нагадаў яго галоўны рэдактар Андрэа Тарньелі.

У інтэрв’ю іспанскаму выданню ABC Папа Францішак распавёў, што падпісаў заяву аб адрачэнні ў выпадку праблем са здароўем. Адпаведны ліст ён уручыў тагачаснаму Дзяржаўнаму сакратару Тарчызіё Бэртонэ. Дакладная дата гэтага дакумента невядомая, але спасылка на кардынала Бэртонэ дазваляе датаваць яго першымі месяцамі пантыфікату Папы Францішка, улічваючы, што ўжо ў кастрычніку 2013 года галоўным супрацоўнікам Папы стаў П’етро Паралін, — піша галоўны рэдактар парталу.

На думку эксперта, Папа Францішак паступіў гэтак жа, як і яго папярэднік Павел VI, якога ён абвясціў святым.

Некалькі сведак у мінулыя дзесяцігоддзі казалі пра заявы Паўла VI аб адрачэнні, але да мая 2018 года яны не былі апублікаваныя. Вядомымі гэтыя дакументы сталі дзякуючы рэгенту Прэфектуры Папскага дома Леанардо Сап’енцы, аўтару шматлікіх кніг аб Паўле VI, падчас пантыфікату якога адбыўся Другі Ватыканскі Сабор. Кніга, якая змяшчае дакументы Паўла VI, выйшла ў італьянскім выдавецтве Edizioni San Paolo пад назвай «Човен Паўла».

Ліст Паўла VI датаваны 2 мая 1965 года: гэта значыць ён быў напісаны не тады, калі Папа быў старым і хворым, а ўсяго праз два гады пасля абрання. Такім чынам Павел VI жадаў абараніць Касцёл ад сваёй недзеяздольнасці. Разам з заявай аб адрачэнні Павел VI склаў таксама і суправаджальны ліст, адрасаваны Дзяржаўнаму сакратару, які змяшчае вельмі моцны тэкст. Характэрна, што гэтыя дакументы таксама пракаментаваў Папа Францішак, напісаўшы ў кнізе:

«Я са здзіўленнем прачытаў гэтыя лісты Паўла VI, якія падаюцца мне сціплым і прароцкім сведчаннем любові да Хрыста і Яго Касцёла, а таксама яшчэ адным доказам святасці гэтага вялікага Папы <…>. Што яго хвалюе, так гэта патрэбы Касцёла і свету. Папа, якому перашкаджае цяжкая хвароба, не можа дастаткова эфектыўна ажыццяўляць апостальскае служэнне», — адзначыў Святы Айцец.

Андрэа Тарньелі лічыць цікавым той факт, што Павел VI у сваім лісце аб адрачэнні мае на ўвазе не толькі хваробу, але і магчымасць «іншай сур’ёзнай і працяглай перашкоды». На думку некаторых сведкаў, якія добра ведалі Паўла VI, гэтая фармуліроўка магла быць звязана з рашэннем, прынятым у свой час Піем XII: адмовіцца ад пасаду ў выпадку ўзяцця ў палон Гітлерам на кульмінацыйнай стадыі Другой сусветнай вайны. Гэта дазволіла б кардыналам сабрацца ў нейтральнай і бяспечнай краіне, каб абраць новага Пантыфіка.

Нарэшце, адзначыў Андрэа Тарньелі, як у выпадку Паўла VI, так і ў выпадку Папы Францішка, гаворка ідзе пра «прэвентыўны» ліст, напісаны загадзя на выпадак таго, што Пантыфік можа быць не ў стане адрачыся ад пасады свабодна і ў поўнай свядомасці.

Таму гэтыя заявы не маюць нічога агульнага з адрачэннем Бэнэдыкта XVI, якое адбылося ўжо амаль дзесяць гадоў таму.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця