Пошук

Фота: www.vaticannews.va

15 лістапада Папа развітаўся з Чыклаё, дзе восем гадоў служыў біскупам, і наведаў Куска — былую сталіцу інкаў, а затым Пукальпу, размешчаную ў перуанскай Амазоніі. У гэты дзень разважанні Льва XIV былі прасякнутыя марыйнай пабожнасцю: праз прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі ён гаварыў пра адказ чалавека на Божае пакліканне, перадачу веры наступным пакаленням і місію Касцёла, які павінен быць побач з народамі Амазоніі і абараняць іх годнасць. 

Нядзельная раніца 15 лістапада стала для Льва XIV часам развітання з Чыклаё — горадам, дзе з 2015 па 2023 год ён служыў біскупам. Гэты этап апостальскага падарожжа быў, бадай, самым асабістым для Папы. Два дні сустрэч з вернікамі, старымі сябрамі і былымі паплечнікамі паказалі, наколькі дарагімі для яго засталіся гэтыя мясціны. 

Хваляванне Святога Айца было відавочным, калі ён развітваўся з супрацоўнікамі і жыхарамі біскупскай рэзідэнцыі. Перад ад’ездам ён пажадаў, каб Чыклаё заўсёды заставалася «сталіцай сяброўства», а таксама горадам і краінай веры, пабожнасці і вернасці. 

Напярэдадні Папа ўжо дзякаваў мясцовай супольнасці за гады, якія правёў сярод яе, прызнаючыся, што жыхары Чыклаё сталі часткай Божага адказу на яго малітву аб ласцы быць добрым пастырам. У нядзелю гэтыя словы атрымалі працяг: развітанне з горадам было не проста чарговым пунктам праграмы, а асабістым момантам удзячнасці людзям, якія дапамаглі яму сфармавацца як пастыру. 

Куска: Марыя вучыць адказваць Богу «так» 

З Чыклаё Папа вылецеў у Куска — былую сталіцу імперыі інкаў, размешчаную ў Андах. Самалёт адправіўся раніцай і прыбыў у горад прыкладна праз дзве гадзіны. Адлегласць паміж Чыклаё і Куска па прамой складае каля 1100 кіламетраў. 

Першай падзеяй у Куска стала сустрэча з вернікамі і прадстаўнікамі рухаў народнай пабожнасці ў Нацыянальным археалагічным парку Саксайваман. Гэтае месца, размешчанае на ўзгорку над горадам, захоўвае сведчанні старажытнай цывілізацыі інкаў. Менавіта ад яго велічнага каменнага ансамбля Леў XIV пачаў сваё разважанне пра пошук Бога. 

«Нельга не захапляцца прыгажосцю гэтага месца, якое сёння раніцай прымае нас. Саксайваман, нібы каменны алтар, узвышаецца да нябёсаў Анд, туды, куды старажытныя людзі ўздымаліся ў пошуках боскага. Аднак хрысціянская вера дапамагла нам зразумець, што насамрэч гэта Бог сыходзіць на зямлю ў пошуках сваіх сыноў і дачок і ўваходзіць у сэрца, адкрытае для Яго, просячы адвагі і простага “так”, падобнага да таго, якое сказала Панна Марыя і якое назаўсёды змяніла ход гісторыі»,

— сказаў Папа. 

Галоўным прыкладам такога адказу стала для яго Марыя. Яе «так» Богу не было вынікам усведамлення ўласнай выключнасці або асаблівага становішча. Яна прыняла Божы заклік, застаючыся звычайнай дзяўчынай з Назарэта, якая жыла сярод свайго народа. 

Леў XIV падкрэсліў, што Бог не навязвае чалавеку сваю прысутнасць, а шукае шлях, якім можна дасягнуць яго сэрца. Звяртаючыся да Марыі, Ён прамовіў да Яе на зразумелай мове і праз знакі, якія адпавядалі Яе культуры. Гэта паказвае, што Бог набліжаецца да кожнага чалавека, улічваючы яго жыццёвы досвед і асяроддзе. 

«Бог дзейнічае менавіта так. Ён шукае найбольш прыдатныя спосабы і моманты, каб наблізіцца да нас, каб кожны мог сустрэцца з Ім, зразумець Яго словы, навярнуцца і атрымаць збаўленне»,

— адзначыў Пантыфік. У гэтым кантэксце ён звярнуў асаблівую ўвагу на народную пабожнасць, якая ў Перу мае глыбокія карані. Памяць продкаў, вера сем’яў, любоў да Езуса, давер да Панны Марыі і ўшанаванне святых знаходзяць выраз у музыцы, танцах, рэлігійных выявах, працэсіях і пілігрымках. 

Папа заклікаў не зводзіць гэтыя практыкі да культурнай спадчыны або прыгожых звычаяў. За імі стаіць жывая вера людзей і іх імкненне сустрэцца з Богам. 

«Таму рэлігійнае свята, пілігрымка ці працэсія — гэта не проста культурная з’ява. За кожнай выявай, кожнай песняй, кожным абяцаннем і кожным знакам стаіць супольнасць сэрцаў, якія шукаюць Бога, а з нябёсаў ім адказвае і набліжаецца да іх сяброўскі голас», 

— падкрэсліў Леў XIV. 

Святы Айцец нагадаў, што папа Францішак называў народную пабожнасць «сапраўдным выяўленнем спантаннай місійнай дзейнасці Божага народа» і «праяўленнем тэалагальнага жыцця, ажыўленага дзеяннем Духа Святога, які быў выліты ў нашы сэрцы». Такія формы рэлігійнага жыцця могуць стаць важным сродкам евангелізацыі — у парафіях, брацтвах, рухах і па-за іх межамі. 

Разважаючы пра прыклад Марыі, Папа звярнуў увагу на тое, што сустрэча з Богам не адасобіла Яе ад іншых людзей. Пасля Звеставання Багародзіца працягвала жыць сярод сваёй супольнасці, дзяліцца радасцямі і клопатамі з тымі, хто быў побач. Атрыманы дар не стаў толькі Яе асабістым багаццем: Ён прызначаўся для ўсяго чалавецтва. 

«Сустрэча з Богам не адасабляла Яе, не аддаляла ад іншых, а, наадварот, рабіла захавальніцай дару, які ўзрастае ў Ёй на карысць усіх: Яе землякоў і ўсяго чалавецтва. Вера не раз’ядноўвае, а яднае з Богам і іншымі людзьмі», — сказаў Леў XIV. 

Гэтая думка набыла асаблівую актуальнасць у кантэксце сучаснага грамадства, пазначанага падзеламі, недаверам і рознымі формамі адчужэння. Пантыфік звярнуў увагу на здольнасць рэлігійных традыцый яднаць людзей нават тады, калі яны маюць розныя погляды і жыццёвы досвед. 

«Працэсія можа аб’яднаць у супольным шляху тых, хто думае па-рознаму. Пілігрымка можа сабраць разам цэлыя сем’і. Набажэнства можа аб’яднаць супольнасць. Свята ў гонар нябеснага апекуна парафіі можа стаць нагодай для прымірэння, просьбы аб прабачэнні і новага пачатку»,

— адзначыў Папа. 

Аднак захаванне традыцый не павінна ператварацца ў механічнае паўтарэнне звычаяў. Іх сапраўдная каштоўнасць выяўляецца тады, калі яны дапамагаюць чалавеку глыбей пазнаваць Хрыста і перадаваць веру іншым. «Будучыня звычаяў заключаецца не толькі ў захаванні атрыманага ў спадчыну, але і ў яго жывой перадачы. Кожнае пакаленне атрымлівае спадчыну і нясе адказнасць за тое, каб перадаць яе далей, узбагаціўшы і абнавіўшы, не баючыся адкрываць новыя шляхі і карыстацца новымі сродкамі», — падкрэсліў Леў XIV. 

Святы Айцец заклікаў бацькоў, душпастыраў і прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў знаёміць моладзь са святой гісторыяй, жыццём святых і Божым словам, дапамагаць ёй адкрываць хрысціянскі сэнс рэлігійных святаў. Перадаваць трэба не толькі знешнія формы пабожнасці.

«Гаворка ідзе пра тое, каб праз традыцыі перадаваць жывы досвед хрысціянскага жыцця, якое пастаянна ўзрастае і аднаўляецца вакол алтара, дзе Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам і крыніцай існавання»,

— заключыў Святы Айцец. 

«Анёл Панскі»: таленты, якія трэба памнажаць 

Пасля сустрэчы ў Саксайваман Папа накіраваўся ў цэнтр Куска. На плошчы перад катэдральнай базылікай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ён разам з вернікамі памаліўся малітвай «Анёл Панскі». 

У сваім звароце Леў XIV звярнуўся да нядзельнага Евангелля — прыпавесці пра таланты (пар. Мц 25, 14–30). Ён прапанаваў убачыць у старажытных манетах, якія гаспадар даверыў слугам, сімвал усіх дароў, атрыманых чалавекам ад Бога. Яны не прызначаныя для таго, каб чалавек захоўваў іх выключна для сябе. Іх трэба развіваць, памнажаць і ператвараць у канкрэтныя ўчынкі любові. 

«Гэтыя старажытныя манеты сімвалізуюць усё, што Пан бескарысліва нам даў: нашае жыццё, веру, пакліканне. Але калі паспрабаваць выказаць гэта адным словам, яны сімвалізуюць Яго любоў, якую Ён дорыць нам, каб мы развівалі яе ў сваім жыцці і дзяліліся ёю з іншымі»,

— сказаў Святы Айцец.  

Асаблівыя словы Леў XIV скіраваў да хворых людзей і людзей з інваліднасцю. Папа перасцярог ад мыслення, якое ацэньвае чалавека паводле яго прадукцыйнасці і фізічных магчымасцяў. «У вачах свету, на які ўплывае культура адкідання і матэрыяльнай прадукцыйнасці, хвароба ўспрымаецца як няшчасце, якое прыніжае каштоўнасць чалавека. Якая ж гэта вялікая хлусня!» — падкрэсліў Пантыфік. 

У святле Евангелля, патлумачыў Пантыфік, хвароба, перажытая з верай і з’яднаная з Мукай Хрыста, можа стаць шляхам узрастання ў любові і дзялення ёю з іншымі. Звяртаючыся да хворых і людзей з інваліднасцю, ён падкрэсліў: «Вы — самае сэрца Касцёла: вашыя цярпенні, ахвяраваныя з любоўю дзеля збаўлення душ, новых пакліканняў і міру, становяцца духоўнай сілай; ваша слабасць перамяняецца ў Божую моц, якая памнажае таланты любові і адкуплення». 

Да святароў і кансэкраваных асобаў ён звярнуўся з напамінам пра адказнасць за дары, давераныя ім Богам. Гэта Божае слова, сакрамэнты, пастырскае кіраўніцтва і евангельскія парады ўбоства, чыстасці і паслухмянасці. 

«Не будзем баяцца аддаваць сваё жыццё, ахвяраваць сябе дзеля Хрыста. Так мы станем бачнымі знакамі Божай міласэрнасці. І гэта найлепшы шлях да падтрымкі новых пакліканняў»,

— заклікаў Папа. 

Асобным знакам еднасці з жыхарамі Куска стала ахвяраванне Папам плашчаніцы для старажытнага крыжа з фігурай Езуса Хрыста. З гэтай выявай мясцовыя вернікі звязваюць спыненне разбуральнага землятрусу ў 1650 годзе. З таго часу перад крыжам моляцца ў часы выпрабаванняў і грамадскіх узрушэнняў. «У знак бачнай еднасці з вашай супольнасцю я сёння хацеў здзейсніць асаблівы акт пабожнасці: з сыноўняй любоўю ахвярую гэту плашчаніцу, каб ёй накрылі выяву Пана Езуса. Няхай яно стане пяшчотным дотыкам Папы да народа, які ўмее пераносіць цярпенні з годнасцю і хрысціянскай надзеяй», — сказаў Леў XIV. 

Напрыканцы ён заклікаў вернікаў з сыноўнім даверам звярнуцца да Багародзіцы, ад якой вучымся не баяцца і «не закопваць ласку, якую атрымалі». 

Пукальпа: крык Амазоніі і бедных патрабуе справядлівасці 

Пасля Куска Папа вылецеў у Пукальпу — горад у сэрцы перуанскай Амазоніі. Самалёт адправіўся пасля поўдня і прыбыў у пункт прызначэння прыкладна праз гадзіну. Тут праграма візіту набыла іншы акцэнт: ад разважанняў пра марыйную пабожнасць і асабістую адказнасць за Божыя дары Леў XIV перайшоў да становішча карэнных народаў, сацыяльнай справядлівасці і аховы стварэння. 

Сустрэча праходзіля на набярэжнай Малекон Пуэрта Каляа, насупраць ракі, на плошчы, пад гарачым сонцам, дзе каля 5 тысяч чалавек (яшчэ 20 тысяч размясціліся ўздоўж дарогі) шукалі ценю пад ватыканскімі сцяжкамі. Мерапрыемства суправаджалася нацыянальнымі танцамі і спевамі, якія чаргаваліся са сведчаннямі перад сцэнай, упрыгожанай сухім бананавым лісцем.

Як потым ахарактыразавалі журналісты, гэта быў той этап падарожжа Папы, які найбольш яскрава паказваў універсальны характар місіі Льва XIV — Пантыфіка, які стаў перуанцам праз сваё служэнне і фармацыю і які ідзе па шляху экцыклік папы Францішка Laudato si’ і Querida Amazonia, наведваючы мясціны, жыхары якіх, верагодна, ніколі не змаглі б сустрэць Папу. 

«Я ўдзячны за магчымасць быць сёння з вамі ў Пукальпе, “каляровай зямлі” ў сэрцы перуанскай Амазоніі. Дзякую Богу і ўсім вам, бо адчуваю абдымкі вашай разнастайнай супольнасці», — сказаў Пантыфік. 

Леў XIV нагадаў, што досвед місіянерскага і біскупскага служэння ў Перу навучыў яго, што Касцёл павінен крочыць разам з чалавецтвам, каб верна служыць Пану. Таму ён прыехаў у Пукальпу не толькі як кіраўнік паўсюднага Касцёла, але і як пастыр, які хоча быць побач з людзьмі: 

«Ідучы па слядах Папы Францішка, падчас яго незабыўнага візіту ў Пуэрта Мальданада, я прыйшоў як Пастыр, каб выслухаць вашыя гісторыі і ісці побач з вамі. Я хачу ўмацаваць вас у веры і надзеі, падтрымліваючы ў пошуку справядлівасці і міру, якіх так патрабуюць гэтыя землі». 

Звяртаючыся да амазонскіх супольнасцяў, Пантыфік спаслаўся на Апостальскую адгартацыю папы Францішка Querida Amazonia, у якой яго папярэднік выказаў мару пра Амазонію, дзе абараняюцца правы найбяднейшых і карэнных народаў, а іх голас і годнасць атрымліваюць належнае прызнанне. Аднак рэальнасць, якую Леў XIV убачыў і пра якую пачуў ад мясцовых жыхароў, далёкая ад гэтай мары. 

«На жаль, голас, які сёння гучыць з гэтых мясцін, сведчыць пра раны, што яшчэ не загаіліся, а наадварот, сталі яшчэ больш глыбокімі. Крык зямлі і крык бедных уздымаюцца разам, выкрываючы логіку рынку і эксплуатацыі, якая ставіць пад пагрозу саму раўнавагу стварэння», — адзначыў Папа. Ён падкрэсліў, што немагчыма аддзяліць абарону амазонскіх лясоў ад клопату пра людзей, якія там жывуць. Цэласная экалогія, сацыяльная справядлівасць і духоўнае жыццё павінны разглядацца разам. 

Папа звярнуў увагу на драматычныя наступствы эксплуатацыі рэгіёна: абмежаваны доступ да медыцынскай дапамогі і адукацыі, гвалт у дачыненні да жанчын і дзяўчат, карупцыю і самавольства. Асобна ён нагадаў пра забойствы абаронцаў правоў карэнных супольнасцяў. Іх ахвяра не павінна застацца забытым эпізодам у гісторыі рэгіёна. 

«Кроў гэтых братоў кліча да Бога, а людзям нагадвае пра неабходнасць справядлівасці»,

— падкрэсліў Леў XIV. 

Святы Айцец заклікаў адмовіцца ад падыходу, пры якім Амазонію разглядаюць выключна як тэрыторыю для здабычы прыродных багаццяў і атрымання хуткай эканамічнай выгады.

Замест тэхнакратычнай мадэлі, якая паглынае прыроду і культуры дзеля інтарэсаў нямногіх, Пантыфік прапанаваў развіваць цэласную экалогію — мадэль, заснаваную на павазе да чалавека, стварэння і мясцовых супольнасцяў. 

Сярод канкрэтных пагроз ён назваў некантраляваную высечку лясоў, забруджванне вады праз нелегальную здабычу карысных выкапняў і ўцечкі нафты. Гэта не асобныя выпадковыя здарэнні, а вынік сістэматычнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў, якая падрывае само існаванне мясцовага насельніцтва. «Да гэтага дадаецца небяспечны цень наркагандлю, які карыстаецца беднасцю моладзі, прывабліваючы яе ілжывымі абяцаннямі заробку і адрываючы ад уласнай культуры », —  сказаў ён. 

У гэтай сітуацыі евангелізацыя, паводле Льва XIV, павінна стаць сродкам асабістага і супольнага навяртання, крыніцай надзеі і шляхам да аднаўлення справядлівасці. 

«Сутыкаючыся з тэндэнцыяй разглядаць гэты велізарны рэгіён толькі як крыніцу прыродных багаццяў для здабычы, мы пакліканы развіваць і ўмацоўваць іншую мадэль — тую, што нараджаецца з уважлівага слухання Езуса Хрыста і Яго Евангелля»,

— сказаў Папа. 

Касцёл з амазонскім абліччам 

Асобную ўвагу Леў XIV прысвяціў місіі мясцовага Касцёла, які павінен быць блізкім да карэнных народаў, паважаць іх культуру і падтрымліваць іх у барацьбе за годнасць і справядлівасць.

Пантыфік падтрымаў намаганні Касцёльнай канферэнцыі Амазоніі і Панамазонскай касцёльнай сеткі, накіраваныя на стварэнне Касцёла з амазонскім абліччам. Гэта азначае не толькі прысутнасць святароў і місіянераў у аддаленых супольнасцях, але і ўважлівае слуханне мясцовых народаў, прызнанне іх досведу і спалучэнне евангелізацыі з клопатам пра стварэнне. 

«Касцёл захапляецца вашай здольнасцю супраціўляцца і пачынаць усё нанова. Вы сведчыце пра аблічча Пана Езуса, які не сыходзіць з крыжа, але аддае жыццё за свой народ. Хрыстус ніколі нас не пакідае! Хрыстус з вамі! Касцёл з вамі, і вы з’яўляецеся яго членамі! Мы — Цела Хрыста!»

— запэўніў Пантыфік. 

Ён таксама звярнуў увагу на складанасць душпастырскай працы ў рэгіёне: тэрыторыя Апостальскага вікарыята Пукальпы параўнальная з цэлымі краінамі, але там служаць усяго 25 святароў. Таму асабліва важную ролю адыгрываюць законніцы і законнікі, а таксама свецкія душпастырскія супрацоўнікі, якія захоўваюць веру ў самых аддаленых вёсках. 

Леў XIV выказаў ім шчырую ўдзячнасць, заклікаў падтрымліваць іх фармацыю і прызнаваць каштоўнасць іх служэння. Пасланне Папы да амазонскіх супольнасцяў было не толькі словам падтрымкі, але і заклікам да далейшай місіі: абвяшчаць Евангелле, заставацца побач з людзьмі і абараняць жыццё ва ўсіх яго праявах. 

Напрыканцы сустрэчы Папу ўручылі некалькі падарункаў, сярод якіх стула — якую ён адразу апрануў — вырабленая з геаметрычнымі матывамі, тыповымі для мясцовага рамяства, як стыль кенэ народаў шыпіба-каніба перуанскай Амазоніі.

Далей Леў XIV накіраваўся да Рэгіянальнай спартыўнай вілы Укаялі на заключную Імшу дня. На цэлебрацыю і ўздоўж маршруту Папы сабралася каля ста тысяч вернікаў.  

Так завяршыўся амазонскі этап нядзельнай праграмы. Увечары Пантыфік вылецеў з Пукальпы ў Ліму, куды прыбыў каля 20-й гадзіны. У сталіцы Перу ён павінен быў правесці апошні дзень апостальскага падарожжа па Лацінскай Амерыцы. 

Абноўлена 16.11.2026 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця