Пошук

25.10.2024 00:13   Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: acistampa.com

«„Палюбіў нас“, — кажа святы Павел, гаворачы пра Хрыста (Рым 8, 37), каб мы адкрылі, што ад гэтай любові нішто ніколі не зможа „нас адлучыць“ (Рым 8, 39)», — так пачынаецца чацвёртая энцыкліка Папы Францішка, абнародаваная 24 кастрычніка.

Кароткі агляд новага дакументу Святога Айца, адрасаванага паўсюднаму Касцёлу, прапануе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Энцыкліка, названая па яе першых словах на лацінскай мове Dilexit nos, прысвечаная чалавечай і боскай любові Сэрца Хрыстовага.

У ёй падкрэсліваецца, што Сэрца Езуса «апярэджвае нас і чакае без умоваў, не выстаўляючы ніякіх папярэдніх патрабаванняў, каб любіць нас і прапанаваць сваё сяброўства».

Свет згубіў сваё сэрца сярод войнаў і тэхналогій

У грамадстве, дзе расце колькасць «розных форм рэлігійнасці без асабістых адносін з Богам любові», хрысціянства часта забываецца «пра пяшчоту веры, радасць служэння і запал асабістай місіі».

Папа Францішак прапануе новае паглыбленне ў разуменне любові Хрыста, увасобленай у Яго Найсвяцейшым Сэрцы, падкрэсліваючы, што менавіта там «мы можам знайсці ўсё Евангелле», «пазнаем саміх сябе і вучымся любіць».

Сустрэча з Хрыстом змяняе чалавецтва

Сустракаючы любоў Хрыста, тлумачыць Пантыфік, «мы становімся здольнымі ствараць братэрскія сувязі, прызнаваць годнасць кожнага чалавека і клапаціцца пра наш агульны дом», як ён заклікаў у сваіх сацыяльных энцыкліках Laudato si’ і Fratelli tutti.

Перад абліччам Сэрца Хрыстовага Папа просіць Пана «зноў злітавацца над гэтай параненай зямлёй» і выліць на яе «скарбы сваіх святла і любові».

Сэрца — прастора, дзе мы з’яўляемся самімі сабой

Энцыкліка складаецца з пяці раздзелаў і пачынаецца з тлумачэння важнасці «вяртання да сэрца» ў свеце, дзе мы схільныя «станавіцца ненасытнымі спажыўцамі і нявольнікамі рынкавых механізмаў».

Біблія гаворыць пра сэрца як пра ядро, якое «знаходзіцца за ўсімі знешнімі праявамі»; месца, дзе «не мае значэння тое, што паказваецца звонку ці хаваецца: там мы з’яўляемся самімі сабой».

Гісторыя пабожнасці да Сэрца Езуса

Святы Айцец падкрэслівае, што сучасная дэвальвацыя значэння сэрца бярэ пачатак «у грэчаскім і дахрысціянскім рацыяналізме, у постхрысціянскім ідэалізме і ў матэрыялізме».

У філасофскай думцы перавага аддавалася такім паняццям, як «розум, воля ці свабода». Паколькі не знаходзілася месца для сэрца, «не была шырока развіта і ідэя асабістага цэнтра», які можа аб’яднаць усё — любові.

Патройная любоў Сэрца Езуса

Цытуючы Бэнэдыкта XVI, Папа Францішак тлумачыць, што Сэрца Хрыста змяшчае «патройную любоў»: пачуццёвую любоў Яго фізічнага сэрца «і Яго падвойную духоўную любоў, чалавечую і боскую», у якой мы знаходзім «бясконцае ў канечным».

Пабожнасць да Сэрца Хрыста не з’яўляецца «культам органа, аддзеленага ад асобы Езуса». Мы пакланяемся «ўсяму Хрысту цалкам: Сыну Божаму, які стаў чалавекам, прадстаўленаму ў вобразе, дзе падкрэсліваецца Яго сэрца».

Пабожнасць — шлях да місіі

У апошніх раздзелах пастыр паўсюднага Касцёла падкрэслівае два аспекты, якія «пабожнасць да Найсвяцейшага Сэрца павінна аб’ядноўваць»: асабісты духоўны досвед і супольнасны місійны абавязак.

Пантыфік нагадвае словы святога Яна Паўла II пра тое, што «прысвячэнне сябе Сэрцу Хрыста звязана з місійнай дзейнасцю Касцёла, бо адказвае на жаданне Сэрца Езуса распаўсюджваць у свеце праз часткі Яго Цела сваю поўную адданасць Валадарству».

Святыя — сведкі любові Сэрца Езуса

Энцыкліка згадвае шматлікіх святых, якія мелі асаблівую пабожнасць да Сэрца Езуса. Сярод іх — святы Ігнацый Лаёла, які ў сваіх Духоўных практыкаваннях прапануе «ўвайсці ў Сэрца Хрыста» праз дыялог ад сэрца да сэрца. Святая Тэрэза з Лізьё называла Езуса «Тым, чыё Сэрца білася ва ўнісон з маім».

Асаблівае месца займае святая Маргарыта Марыя Алякок, якая перадала нам словы Езуса:

«Вось тое Сэрца, якое так палюбіла людзей і нічога не пашкадавала, пакуль не знясілілася і не знішчылася, каб засведчыць ім сваю Любоў».

Духоўнасць суцяшэння і місія любові

Гаворачы пра «духоўнасць суцяшэння», энцыкліка тлумачыць, што перад знакамі Мукі, захаванымі ў сэрцы Уваскрослага, непазбежна «вернік жадае адказаць» таксама «на боль, які Хрыстус прыняў дзеля такой вялікай любові». Папа асцерагае, «каб ніхто не насміхаўся з выразаў палымянай веры святога вернага Божага люду, які ў сваёй народнай пабожнасці імкнецца суцешыць Хрыста».

У заключнай малітве Папа Францішак просіць:

«Няхай з Яго Найсвяцейшага Сэрца пальюцца для ўсіх нас рэкі жывой вады, каб загаіць раны, якія мы наносім адно аднаму, умацаваць нашу здольнасць любіць і служыць, падштурхнуць нас вучыцца ісці разам да справядлівага, салідарнага і братэрскага свету.

Да таго часу, пакуль мы шчасліва не будзем святкаваць разам гасціну Нябеснага Валадарства. Там будзе Хрыстус уваскрослы, які гарманізуе ўсе нашыя адрозненні святлом, што няспынна льецца з Яго адкрытага Сэрца. Няхай яно заўсёды будзе благаслаўлёна!»

Абноўлена 25.10.2024 10:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця