Пошук

26.05.2026 15:31   Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

25 мая ў Ватыкане прадставілі першую энцыкліку Льва XIV Magnifica humanitas, прысвечаную выклікам штучнага інтэлекту. У прэзентацыі прыняў удзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

У звароце да ўдзельнікаў прэзентацыі Пантыфік адзначыў, што сустрэча сведчыць як пра маштаб праблемы, так і пра ўпэўненасць у тым, што ўсе разам людзі здольныя адказаць на галоўныя пытанні сучаснасці і будучыні.

Святы Айцец параўнаў сучасную тэхналагічную трансфармацыю з эпохай прамысловай рэвалюцыі XIX стагоддзя, адказам на якую стала энцыкліка Rerum novarum Льва XIII. Ён адзначыў, што Касцёл пакліканы асэнсоўваць «новыя рэчы» ў святле Евангелля і годнасці чалавечай асобы.

Леў XIV заўважыў, што Magnifica humanitas нарадзілася з слухання. Ён слухаў вучоных і інжынераў, якія з шчырым энтузіязмам працуюць над тэхналогіямі, здольнымі палегчыць чалавечыя пакуты; палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, якія імкнуцца выпрацаваць справядлівыя правілы; бацькоў і настаўнікаў, заклапочаных будучыняй моладзі. Ён чуў трывожныя галасы тых, хто занепакоены небяспекай аўтаномных сістэм узбраення, якія могуць выйсці з-пад чалавечага кантролю. Ён таксама выслухаў трывожныя сведчанні пра алгарытмы, здольныя абмяжоўваюць доступ людзей да аховы здароўя, працы і бяспекі на падставе прадузятых або несправядлівых даных. Пачуў ён і маўчанне тых, хто не мае голасу.

Вынікам гэтага слухання стала перакананне, якое Папа выказаў у Magnifica humanitas: штучны інтэлект неабходна раззброіць. Леў XIV правёў паралель з ядзерным раззбраеннем, падкрэсліўшы, што кожная вялікая тэхналогія павінна суправаджацца маральнай адказнасцю і грамадскім кантролем. Падобным чынам і штучны інтэлект сёння таксама патрабуе, каб яго «раззброілі», гэта значыць вызвалілі ад логікі, якая ператварае яго ў інструмент панавання, выключэння або смерці. Як і ядзерная энергія, ён павінен служыць усім і агульнаму дабру. Рашэнні, якія тычацца тэхналогій, ніколі не павінны быць аддзеленыя ад сумлення і адказнасці.

Пантыфік адзначыў, што аднаго толькі раззбраення недастаткова, і заклікаў будаваць. Штучны інтэлект можа стаць «будаўнічай пляцоўкай гісторыі» з пункту гледжання адзінства, калі будзе служыць чалавечаму жыццю і агульнаму дабру. Пантыфік заахвоціў не баяцца штучнага інтэлекту, але ўвесь час улічваць інтарэсы чалавека.

Прэзентацыя энцыклікі Magnifica humanitas у Ватыкане. Фота: Vatican Media

Спасылаючыся на вучэнне Паўла VI, Папа падкрэсліў, што сапраўднае развіццё павінна ахопліваць «кожнага чалавека і ўсяго чалавека». «Кожнага чалавека» азначае, што ніводная асоба не можа быць пакінутая на ўзбочыне лічбавай трансфармацыі. «Усяго чалавека» азначае, што нельга зводзіць людзей да прадукцыйнасці, інтэлектуальных здольнасцяў або набору даных. Чалавек нясе ў сабе свабоду, унутраны свет і пакліканне любіць і пакланяцца, якія не можа ні замяніць, ні заблакаваць ніводная машына.

Леў XIV нагадаў, што развіццё штучнага інтэлекту павінна служыць агульнаму дабру і ўсяму чалавецтву, а не інтарэсам прывілеяванай меншасці. Накіраваць тэхналогіі на служэнне чалавеку магчыма толькі праз цэласнае бачанне асобы і супольную адказнасць усіх бакоў: распрацоўшчыкаў сістэм, карыстальнікаў, дзяржаў, грамадскіх інстытутаў і людзей з розных частак свету. Ён падкрэсліў, што будучыню трэба будаваць разам, улічваючы як пазіцыю ўплывовых бакоў, так і голас перыферый.

Папа звязаў гэты падыход з ідэяй «цывілізацыі любові», пра якую казаў Павел VI і якую развіваў Ян Павел II. Ён адзначыў, што гаворка ідзе не пра ўтапічную мару, а пра кірунак развіцця чалавецтва, адкрыты ў гісторыі Езусам Хрыстом.

Напрыканцы звароту Леў XIV заклікаў членаў Касцёла і ўсю чалавечую сям’ю вучыцца слухаць адно аднаго, мужна адказваць на сучасныя выклікі і супрацоўнічаць дзеля пабудовы больш братэрскага грамадства.

Заклікаючы ўдзельнікаў сустрэчы быць «рамеснікамі надзеі» і працягваць будаваць будучыню, ён даручыў іх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяліў благаслаўленне.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі знаходзіцца ў Рыме, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Абноўлена 26.05.2026 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.