Пошук

25.11.2026 18:55   Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: удзельнікі канферэнцыі / Catholic.by
Фота: Дарья Сцяпанава

21 лістапада ў Мінску прайшла чацвёртая канферэнцыя «IT for Christ». Калі рэдакцыя адпраўляла карэспандэнта на яе, заданне гучала проста: пайсці і ўбачыць усё сваімі вачыма. Убачылася ж нешта большае за чарговую канферэнцыю пра тэхналогіі.

Ужо з парога, ля століка рэгістрацыі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, дзе служаць сёстры-уршулянкі у Мінску, стала зразумела, ў чым будзе галоўны пасыл гэтай канферэнцыі. Побач з бэйджамі ляжалі рознакаляровыя кружочкі са словам «Шукаю», у які можна было дапісаць, каго ці чаго табе не хапае: каманду, другую палову, працу, служэнне або нешта сваё. Карэспандэнт Catholic.by доўга не раздумвала і напісала: «Сяброў». І як у ваду глядзела — за гэты дзень завязалася столькі цёплых знаёмстваў, што пра кожнае з іх можна скласці асобную гісторыю.

А пытанні душэўных адносін, пошуку паклікання і ўнутраных рэсурсаў яшчэ не раз прагучалі ў выступленнях. Праўда, з самай раніцы, калі ўдзельнікі пачалі збірацца ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, ніхто з іх яшчэ не ведаў, што ўсе разыдуцца толькі тады, калі за вокнамі ўжо сцямнее. Праграма аказалася настолькі насычанай, што ў ёй знайшлося месца і для сур’ёзных дакладаў, і для практычных майстар-класаў, і нават для сапраўднага дэтэктыва. Але спачатку — святая Імша.  

Новы аэрапаг 

Дзень распачаўся ў капліцы — з цішыні, спеваў і ўрачыстай літургіі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які маліўся разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. Сустрэча адбылася ў дзень касцёльнага ўспаміну Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ў святыні, і гэты вобраз стаў ключом да ўсяго дня.

Як бацькі Марыі, святыя Яўхім і Ганна, аддалі Богу сваю адзіную дачку з усведамленнем, што ўсё ў свеце належыць Стварыцелю, так і кожны хрысціянін праз хрост пакліканы не прысвойваць сабе Божыя дары, а прысвячаць іх на служэнне людзям. 

Спасылаючыся на евангельскі сюжэт, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім прывітанні падкрэсліў, што мэта форуму — аб’яднаць прафесійныя веды і здольнасці айцішнікаў, асабліва ў галіне штучнага інтэлекту, дзеля супольнага служэння Хрысту і людзям. 

«Мы таксама дзеці, і нашы бацькі гэтак жа прадставілі нас Богу на святым хросце», — нагадаў іерарх. Звяртаючыся да прадстаўнікоў IT-сферы, ён адзначыў, што іх праца можа прыносіць карысць не толькі грамадству, але і Касцёлу. Аднак важна памятаць не толькі пра прафесійныя вынікі, але і пра тое, дзеля чаго яны ствараюцца. 

«Каб заўсёды думалі не пра свае лайкі, а пра тое, наколькі іх праца прыносіць хвалу Богу і дапамогу людзям у жыцці»,

— дадаў Мітрапаліт. 

Для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча вышэйзгаданы вобраз Марыі стаў не проста ўспамінам евангельскай гісторыі, але і нагодай паразважаць пра тое, як чалавек павінен распараджацца атрыманымі ад Бога дарамі. 

«Прысвячэнне Марыі Богу — гэта не ўцёк ад жыцця і не адмова ад яго. Гэта пошук, поўны давер Богу», — адзначыў іерарх на пачатку сваёй гаміліі. Далей пастыр паступова перайшоў да тэмы канферэнцыі, прызнаўшы, што ў сучасным свеце абвяшчэнне Евангелля адбываецца не толькі праз жывое абвяшчэнне Божага слова, але і праз новыя медыятэхналогіі.

Арцыбіскуп нагадаў пра нядаўняе асвячэнне выявы святога Карла Акуціса, якое выклікала сенсацыю ў сродках масавай інфармацыі — першы падобны выпадак у Беларусі. «Касцёл усё больш увагі надае сучасным медыятэхналогіям, у тым ліку штучнаму інтэлекту, магчымасці і рызыкі якога разглядаюцца і ў першай энцыкліцы папы Льва XIV Magnifica humanitas», — сказаў іерарх. 

Галоўны пасыл такой увагі заключаеца ў тым, што «Касцёл павінен гуманізаваць штучны інтэлект і падтрымліваць лічбавых місіянераў», а тэхналогіі павінны дапамагаць евангелізацыі, але не засланяць годнасць чалавека. 

Разважаючы пра місійнае пакліканне Касцёла, арцыбіскуп нагадаў наказ Езуса Хрыста апосталам — «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсім народам». Менавіта гэтае даручэнне стала падмуркам місійнай дзейнасці Касцёла, дзякуючы якой у канцы X стагоддзя хрысціянства прыйшло і на беларускія землі, увёўшы нашу Бацькаўшчыну ў хрысціянскую культуру Еўропы. 

Аднак, нягледзячы на 2 тысячы гадоў евангелізацыі, яе вынікі пакуль не ахопліваюць нават чвэрці чалавецтва. Іерарх прывёў паказальнае параўнанне: з 8 мільярдаў жыхароў планеты толькі два мільярды з’яўляюцца хрысціянамі, з іх каля 1,4 мільярда — католікі. 

А між тым «Пепсі-Кола», якая існуе ўсяго каля 130 гадоў, вядомая 95% людзей і прадаецца больш чым у 200 краінах свету. Гэта падштурхнула арцыбіскупа да іранічнага пытання: «Можа, лепей справу евангелізацыі даручыць кампаніі „Кока-Кола“ ці „Пепсі-Кола“, каб дасягнуць лепшых вынікаў?» 

За жартам, аднак, хаваецца сур’ёзная праблема — свет перажывае глыбокі крызіс веры, якая паходзіць ад слухання Евангелля, як навучае святы апостал Павел. «Сыны гэтага свету мудрэйшыя за сыноў святла», — нагадаў пастыр словы Хрыста, заклікаючы вернікаў праяўляць не меншую рашучасць, вынаходлівасць і стараннасць у справах веры, чым людзі свету ў дасягненні сваіх зямных мэтаў. Бо «каб мець магчымасць слухаць, неабходна абвяшчаць», а галоўным заданнем Касцёла сёння застаецца новая евангелізацыя. 

Гэты тэрмін увёў святы Ян Павел II яшчэ ў 1983 годзе, і цяперашні Пантыфік, паводле слоў іерарха, «не збаўляе абаротаў і не глушыць евангелізацыйны мотор».

Леў XIV разглядае новую евангелізацыю як галоўную тоеснасць Касцёла, якая грунтуецца на асабістым сведчанні жыцця, еднасці ў Хрысце і творчым адказе на сучасныя выклікі. Бо, як сказаў іерарх, «абвяшчэнне Евангелля ў наш час патрабуе не шаблонаў, а жывой сустрэчы і служэння».  

У гэтым кантэксце арцыбіскуп Тадэвуш правёў паралель з місіяй святых Кірыла і Мяфодзія. У IX стагоддзі яны стварылі славянскую пісьменнасць, якая стала «арэапагам таго часу для абвяшчэння Евангелля славянам». Сёння падобную ролю могуць выконваць лічбавыя тэхналогіі і нейрасеткі — новы арэапаг, які адкрывае значна шырэйшыя магчымасці для абвяшчэння Божага слова, асабліва маладому пакаленню. 

Іерарх звярнуў увагу на тое, што для мільёнаў людзей першай сустрэчай з Касцёлам і Богам можа стаць экран. «А за кожным экранам знаходзіцца канкрэтны чалавек», — падкрэсліў ён. Таму лічбавая прысутнасць можа стаць пачаткам шляху да веры.  

«Але алгарытм не можа замяніць чалавека, які сведчыць пра Хрыста і жыве ў супольнасці Касцёла»,

— адзначыў арцыпастыр. 

Напрыканцы арцыбіскуп Кандрусевіч зноў вярнуўся да вобраза Марыі. Параўноўваючы прафесійнае пакліканне ўдзельнікаў канферэнцыі з ахвяраваннем Найсвяцейшай Панны, ён нагадаў, што таленты і здольнасці таксама з’яўляюцца Божым дарам, які нельга прысвойваць сабе. 

«Бог паклікаў да спецыяльнай місіі — ствараць і абслугоўваць анлайн-сэрвісы, у тым ліку і евангелізацыйныя», — адзначыў іерарх, заклікаючы IT-спецыялістаў выкарыстоўваць свае веды з адказнасцю перад Богам і чалавецтвам. Іх праца можа стаць «новым звеставаннем Божага слова сучаснаму секулярнаму свету». 

Завяршаючы гамілію, пастыр яшчэ раз нагадаў і пра наказ Хрыста ісці і абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Штучны інтэлект можа стаць інструментам гэтай місіі, але яе цэнтрам заўсёды застаецца Хрыстус, а галоўнымі сведкамі — людзі.

«Калі мы не пойдзем у свет з вечна жывым і дзейсным Божым словам, то свет са сваімі амаральнымі паталогіямі прыйдзе да нас і паглыне нас. А мы павінны быць паглынуты не светам, а Божым Духам»,

— такім моцным заклікам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію. 

Пасля Імшы да ўдзельнікаў звярнуўся ксёндз Яўген Шымановіч. Ён выказаў асобую падзяку сёстрам-уршулянкам, якія «ўжо традыцыйна многія гады тут прымаюць» і дазваляюць адчуваць сябе як дома, а таксама за «музычнае суправаджэнне і дапамогу нам больш глыбока перажываць святую Імшу і літургію». 

Важным акцэнтам стала ўпамінанне пра выяву Карла Акуціса: Новалукомль — дарэчы, сярод удзельнікаў прысутнічаў і ксёндз Міхаіл Ліпскі, пробашч новалукомльскай парафіі святой Марыі Магдалены, —  ужо стаў «месцам пілігрымак беларускіх айцішнікаў» — свайго роду Меккай. Ксёндз Яўген падкрэсліў: 

«Не проста крута тое, што абраз Карла Акуціса зрабілі, напісалі з дапамогай промпт-інжынірынгу, але насамрэч у гэтым месцы асаблівым чынам Карла Акуціс дзейнічае».

І параіў усім, хто паедзе ў Новалукомль, «паспрабаваць» і «асаблівым чынам сустрэцца са святым». 

Пасля Імшы ў актавай зале адбылася цэнтральная падзея раніцы — прэзентацыя беларускамоўнага выдання першай энцыклікі папы Льва XIV «Magnifica Humanitas». 

Калі штучны інтэлект змяняе не толькі працу, але і чалавека 

Штучны інтэлект выклікае ў IT-спецыялістаў не толькі трывогу за будучыню прафесіі і даходаў, але і больш глыбокі страх — страціць самога сябе. Дакладчык Максім Кавуноў, які раней працаваў у IT-індустрыі, а сёння займаецца псіхалогіяй і філасофіяй, распачаў сваю тэму «Не стаць машынай: як застацца чалавекам у эпоху ШI» з простага пытання: «А што значыць быць чалавекам?» 

Паводле яго назіранняў, за страхам страціць працу і даход хаваецца больш глыбокая праблема — страта часткі ўласнай ідэнтычнасці, калі прафесія становіцца ледзь не галоўным адказам на пытанне «хто я?». «І калі з нашага „Я“ прыбраць прафесію, тое, што застаецца, аказваецца не вельмі зразумелым нам самім», — адзначыў выступоўца. 

Разважаючы пра тое, чым чалавек адрозніваецца ад машыны, Максім падкрэсліў, што здольнасць ШІ размаўляць і вырашаць складаныя задачы яшчэ не азначае сапраўднага разумення. 

«Глыбокага мыслення там не адбываецца. Гэта проста вельмі разумная і вялікая Вікіпедыя. Мысліць, разумець, пераасэнсоўваць сябе, змяняць сваё жыццё і прыходзіць да свайго паклікання — вось што адрознівае нас ад машыны»,

— патлумачыў ён. 

Таму пытанні філасофіі і этыкі сёння становяцца не абстрактнай тэорыяй, а практычнай неабходнасцю. Выступоўца прывёў у прыклад кампанію Anthropic, якая распрацоўвае для мадэлі Claude уласную «Канстытуцыю» з удзелам філосафаў. Паводле яго слоў, важна разумець не толькі каштоўнасці, закладзеныя распрацоўшчыкамі ў нейрасеткі, але і ўласны светапогляд, асабліва калі адказы ШІ могуць адлюстроўваць погляды, далёкія ад хрысціянскіх. 

Максім Кавуноў звярнуў увагу і на з’яву, якую назваў «кагнітыўнай капітуляцыяй». Калі раней праграміст сам пісаў код і працаваў у камандзе, то цяпер усё часцей кіруе некалькімі ШІ-агентамі, кантралюючы вынікі іх працы, пастаянна пераключаючыся паміж задачамі.

«Коду стала ў дзясяткі і сотні разоў больш. Людзі нават перасталі яго чытаць, кажучы: „Ну, добра“. Я называю гэта кагнітыўнай капітуляцыяй — мы здаліся перад аб’ёмамі, непадуладнымі чалавеку»,

— адзначыў выступоўца. 

Пры гэтым ШІ не абавязкова скарачае працоўны час. Паводле прыведзеных Максімам даследаванняў, выкарыстанне нейрасетак для паскарэння задач можа парадаксальным чынам павялічыць працоўны дзень прыкладна на гадзіну. Пастаяннае пераключэнне паміж задачамі выклікае стомленасць і страту канцэнтрацыі. «Шматпаточнасць — не тое, што мы ўмеем рабіць добра», — падкрэсліў спікер. Пры гэтым восем гадзін інтэнсіўнай працы з ШІ-агентамі, на яго думку, — празмерная нагрузка, якая можа прывесці да прафесійнага выгарання. 

Яшчэ адзін выклік звязаны з чаканнямі бізнесу: новыя тэхналогіі не заўсёды памяншаюць нагрузку на супрацоўнікаў. “Калі раней пэўную працу выконвалі сто чалавек, а цяпер дзякуючы ШІ з ёй спраўляюцца дзесяць, ад гэтых дзесяці могуць чакаць ужо ў дзесяць разоў большай прадукцыйнасці”. 

Выйсце Максім бачыць не толькі ў разумнай арганізацыі працы, але і ў вяртанні да ўласных каштоўнасцяў, пошуку сэнсу і паклікання.  

«Пакліканне — гэта не проста прафесія. Гэта вектар, набор талентаў, якія даў нам Пан Бог, і тое, куды мы іх накіроўваем»,

— патлумачыў спікер. 

Акрамя працы, важнымі сферамі жыцця застаюцца сям’я, хобі і іншыя адносіны, якія не вымяраюцца прадукцыйнасцю. «Адных грошай недастаткова. Калі чалавек знаходзіць сувязь сваёй працы са сваім пакліканнем і глыбокім сэнсам, гэта здымае вялікую частку псіхалагічнага цяжару», — падкрэсліў дакладчык. 

Як «Аліса» і ChatGPT здавалі тэст па тэалогіі 

Пра тое, як штучны інтэлект змяняе саму прафесію праграміста, і што гэта азначае для хрысціянскага служэння, гаварыў ксёндз Яўген Шымановіч, прадстаўляючы свой даклад на супярэчлівую тэму «Дух і ШІ». Святар, які сам вучыўся ў БДУІР і чатыры гады працаваў .NET-распрацоўшчыкам, пачаў з успаміну пра словы свайго былога калегі: «На нашых вачах знікла прафесія праграміста». Таму рух «IT для Хрыста», паводле яго жартаўлівай заўвагі, паступова можа ператварыцца ў «AI для Хрыста». 

На думку прамоўцы, адна з галоўных праблем Касцёла сёння — страх перад невядомым і адсутнасць практычнага досведу:

«У Касцёле мы шмат гаворым па-філасофску пра ШІ, але мала хто мае ўяўленне пра яго ўжывую, бо не карыстаўся. Гэта тое самае, што размаўляць пра фізіку рухавіка ўнутранага згарання, але ніколі не ездзіць на машыне і працягваць араць поле на конях». 

Святар прывёў прыклады каталіцкіх лічбавых ініцыятыў і падзяліўся ўласным эксперыментам: прапанаваў нейрасеткам адказаць на дваццаць складаных тэалагічных пытанняў. Вынік здзівіў нават самога даследчыка: у большасці выпадкаў нейрасеткі адказвалі лепш і якасней, чым адказаў бы ён сам. І гаворка не толькі пра ChatGPT, Claude ці Gemini — з задачамі справілася нават галасавая памочніца «Аліса». 

Гэты феномен спараджае новую з’яву, якую святар назваў эрозіяй аўтарытэтаў. Нейрасеткі пастаянна навучаюцца ў розных сферах, у тым ліку ў галіне камунікацыі, і таму здольныя адказваць на складаныя пытанні. 

«Добра папрацаваўшы з нейрасеткай, чалавек патэнцыйна можа атрымаць больш дакладны і правільны адказ на тэалагічнае пытанне, чым звярнуўшыся да духоўнага настаўніка»,

— адзначыў ксёндз Яўген.

У той жа час гэта не азначае, што адказам машыны можна давяраць без праверкі. Святар асобна звярнуў увагу на рызыку дэзінфармацыі і неабходнасць звяртацца да крыніц, нават калі распрацоўшчыкі пастаянна ўдасканальваюць дакладнасць мадэляў. 

Але найбольшую занепакоенасць у ксяндза Яўгена выклікае не адукацыя, дзе вучні ўсё часцей генеруюць хатнія заданні замест таго, каб самастойна думаць, а спроба людзей замяніць нейрасеткамі жывую духоўную і псіхалагічную падтрымку. 

Яшчэ больш занепакоены святар спробамі замяніць нейрасеткамі жывую духоўную падтрымку. У сучаснай культуры з’явілася паняцце «штучнай эмпатыі»: машына не перажывае ні болю, ні радасці, але заўсёды даступная, не стамляецца, не злуецца і імкнецца спадабацца карыстальніку. Даследчыкі прызнаюць: спачуванне ШІ ацэньваецца вышэй, чым спачуванне жывых людзей. 

У гэтым ксёндз Яўген бачыць не толькі тэхналагічны выклік, але і нагоду для сумленнай размовы пра саміх сябе.  

«Мы спаборнічаем са штучным інтэлектам ва ўвазе, цярпенні, павазе, уменні выслухаць і чалавечнасці. Часта менавіта праява нашай грэшнасці ставіць бар’ер паміж намі і людзьмі і штурхае іх да машыны»,

— сказаў ксёндз Яўген. 

На заканчэнне ксёндз Яўген паказаў, як ШІ дапамагае ў штодзённым жыцці Касцёла. Адзін з прыкладаў — праца над беларускім малітоўнікам, калі трэба было наладзіць алгарытм літургічнага календара. Паводле слоў святара, нейрасетка справілася з гэтай задачай лепш, чым чакалі распрацоўшчыкі. 

Алгарытмы могуць дапамагаць і ў парафіяльнай руціне: за некалькі секунд сфармаваць аб’явы на тыдзень, рабіць чарнавыя пераклады кніг і матэрыялаў, а пры падрыхтоўцы казанняў — загружаць у яго духоўныя крыніцы, напрыклад «Дзённік» святой Фаўстыны або зборнікі казанняў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, і прасіць зрабіць аналіз па пэўнай тэме. 

Пры гэтым святар папярэдзіў: калі проста папрасіць нейрасетку напісаць казанне, яно атрымаецца бяздушным.

Таму галоўны крытэрый, паводле слоў святара-айцішніка, застаецца простым: «Выкарыстоўваць ШІ ў духоўным жыцці і евангелізацыі варта настолькі, наколькі гэта вядзе мяне да асабістага навяртання і набліжэння да Пана Бога». 

Праекты, якім патрэбныя людзі 

У перапынках паміж выступоўцамі ўдзельнікам прадстаўлялі беларускія каталіцкія лічбавыя ініцыятывы. Сярод іх — Малітоўнік, створаны ў супрацоўніцтве з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, праект «Ласка» са штодзённымі аўдыя- і тэкставымі разважаннямі над Евангеллем, а таксама мабільная гульня «Аўтастрада ў неба», якую распрацоўвае моладзевы клуб IT-энтузіястаў імя святога Карла Акуціса для дзяцей, што рыхтуюцца да Першай святой Камуніі. 

Была і вельмі простая, але карысная прылада — «Кнопка Радыё Марыя». Яна дазваляе сталым людзям слухаць дома каталіцкія трансляцыі і праграмы без складаных налад: дастаткова аднаго націску. Як патлумачыла вядучая, гэта можа стаць добрым падарункам для бацькоў, бабуль і дзядуляў. 

У кожнага праекта ёсць свае патрэбы, і арганізатары заклікалі ўдзельнікаў не толькі знаёміцца з ініцыятывамі, але і шукаць магчымасці далучыцца да іх. Адзін з такіх запытаў прагучаў ад музейшчыка і калекцыянера Паўла Каралёва. Ён звярнуўся да айцішнікаў з прапановай дапамагчы стварыць адкрытую базу гістарычных фотаздымкаў беларускіх святароў. 

У калекцыі даследчыка захоўваюцца здымкі пачатку XX стагоддзя, у тым ліку з архіва ксяндза Адама Станкевіча. Некаторыя з іх не падпісаныя, а адвароты з імёнамі абарваныя. Пошук у інтэрнэце не дапамагае, а часам толькі множыць памылкі: напрыклад, за ксяндза Віктара Шутовіча на розных сайтах выдаюць фатаграфію іншага чалавека. 

«Сёння ў сеціве ёсць менш за 10% фота беларускіх святароў першай паловы XX стагоддзя»,

— адзначыў Павел Каралёў. 

Якое рашэнне патрэбна? 

Стварыць адкрытую вэб-пляцоўку (базу даных), куды даследчыкі, парафіі і звычайныя людзі змогуць загружаць старыя здымкі святароў і дзеячаў, а таксама падключыць інструменты ШІ для распазнавання і параўнання твараў (каб сістэма магла падказваць верагоднасць супадзення з ужо вядомымі асобамі). 

Хто можа дапамагчы? 

Вэб-распрацоўшчыкі, спецыялісты па Computer Vision/AI і ўсе, каму цікава прыкласці свае веды да захавання беларускай духоўнай спадчыны. 

Калі вы гатовыя далучыцца да праекта або падказаць тэхнічнае рашэнне — пішыце ў каментарыі ці звязвайцеся з арганізатарамі супольнасці «IT for Christ». 

Гастранамічная эйфарыя і сапраўдны дэтэктыў пад капліцай 

А потым быў абед. Ён быў настолькі смачным (сёстры-уршулянкі, як заўсёды, пастараліся!), што карэспандэнт на нейкі момант забылася пра працу і прапусціла ідэальны час для кулуарных інтэрв’ю. Ачнуцца ад гастранамічнай эйфарыі дапамагло запрашэнне на экскурсію, бо пасля добрага абеду найлепшы дэсерт — гэта новыя ўражанні! 

Госці спусціліся ў паўпадвальнае памяшканне літаральна пад капліцай, дзе навуковы супрацоўнік цэнтра і калекцыянер Павел Каралёў пагрузіў усіх у сапраўдную дэтэктыўную гісторыю.

Чатыры гады таму Павел Каралёў знайшоў на «Куфары» абвестку пра продаж старой цудадзейнай іконы. На адвароце фотаздымка прачытаў надпіс: «Сія святая цудадворная ікона была рэстаўрыравана ў губернскім горадзе Мінску ў храме свяшчэнніка Паўла Гаховіча ў 1905 годзе». Шанаваная цудадворная святыня — на звычайнай інтэрнэт-барахолцы! Уладальнікі захоўвалі яе ў сям’і дзесяцігоддзямі, але ўжо не ведалі паходжання і збіраліся прадаць у Расію, дзе прапаноўвалі больш грошай. 

Два гады Павел шукаў магчымасць уратаваць абраз. На лекцыях жартаваў: «Калі з вас хоць хто-небудзь немножка, крыху Ракфелер, то вы зможаце цуд зрабіць — уратаваць цудадворны абраз». І аднойчы адгукнуўся малады праграміст: «Давай, Павел, разам». Так святыню выкупілі. 

Падчас даследавання высветлілася, што абраз калісьці абшылі лінолеумам пачатку XX стагоддзя — тады гэта быў дарагі матэрыял.

Сярэбраная шата іконы мае дату 1775 года і імёны ахвярадаўцаў — Сімана і Брыгіды Сіневічаў-Грыгарэўскіх.

Падчас рэстаўрацыі выявіліся і іншыя дзіўныя дэталі: у савецкі час з іконы павырывалі каштоўныя камяні і нават кідалі ў яе нож — лязо трапіла акурат у сэрца Багародзіцы. Карону давялося аднаўляць, астатняе ў асноўным захавалася. Але галоўная загадка яшчэ не разгаданая: невядома, у якім храме шанавалі гэты абраз.

«Звычайна храмы шукаюць свае згубленыя абразы, а ў нас наадварот — наш шанаваны цудадворны абраз шукае, у якім ён храме быў»,

— заўважыў Павел. 

У музеі захоўваюцца і іншыя незвычайныя сведчанні гісторыі: абраз, знойдзены за сцяной старой хаты на Кобрыншчыне, народная «Трохручыца», пад фарбай якой выявіліся сем рук святога Мікалая, партрэт ксяндза Генрыка Глякоўскага пэндзля Пятра Сергіевіча, асабістыя рэчы святароў-пакутнікаў. І нават прастрэленая кніга! 

«Гэта быў ксёндз Бурак, — спрабаваў патлумачыць Павел, чыя гэта кніга, — служыў ён у Мсцібаве на Гарадзеншчыне. Ксёндз у 1940-х гадах немцамі быў расстраляны. І мяркуецца — гэта дапушчэнне, не факт — што гэта кніга з ягонай бібліятэкі, прынамсі „Гісторыя Мсцібава“... Ваўкавыскі раён, здаецца...»

А яшчэ ў музеі ёсць інтэрактыўныя экспанаты. Напрыклад, стары чамаданчык з падвойным дном: зверху ляжыць памятка аб Першай Камуніі з дзіцячымі малюнкамі стогадовай даўніны, а пад дном схавана газета 1917 года з рэпартажам пра газавыя атакі пад Баранавічамі.

І нарэшце — самае нечаканае: «Наша рукапісная Біблія, якую мы ствараем усе разам: кожны госць можа ўпісаць у яе адзін радочак», — горда і з усмешкай паказаў экспанат Павел. Першы радок у Кнігу кніг, між іншым, напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «А сёння мы дайшлі ўжо амаль да 11-й главы Евангелля паводле Мацвея». Адна з удзельніц канферэнцыі таксама зрабіла свой унёсак у гэтую справу. 

Напрыканцы Павел паказаў гасцям канферэнцыі музейную загадку — нерасшыфраваны надпіс на адным з абразаў. Яго пакуль не змаглі прачытаць нават даследчыкі. Музейшчык спецыяльна пакінуў яго для наведвальнікаў: «Можаце зрабіць адкрыццё!» І пажартаваў, што пасля экскурсіі будзе нагода сказаць: «Была загадка — прыйшлі айцішнікі і разгадалі». Вось і яшчэ адзін практычны адказ на пытанне, дзеля чаго IT можа служыць Хрысту часам — каб вярнуць з забыцця святыні. 

Claude для профі, вясёлкавыя малюнкі і тэксты без машыны 

Цяпер — пра воркшопы. Арганізатары прапанавалі ажно чатыры класа, але праводзіліся яны паралельна парамі, і можна было выбраць толькі два з іх. Трэба адзначыць, у рэдакцыі Catholic.by доўга ламалі галаву на які пайсці: на малюнкі ці паспрабаваць нешта сур’ёзнае з Claude? Перазагрузіцца ў камандзе ці пагаварыць пра блізкае — пра тэксты ў эпоху нейрасетак? У выніку атрымалася амаль як купіць ката ў мяшку: загадзя было цяжка ўявіць, што чакае за дзвярыма кожнай з залаў. Для пачатку выбралі Claude. 

Тэхнічны воркшоп з суарганізатарам канферэнцыі Андрэем Місанам «Не вайбкодынг: распрацоўка з агентамі па-даросламу» аказаўся сапраўды для дарослых профі. І гэта быў правал для карэспандэнткі. Яна дагэтуль лічыла, што промпт — гэта і ёсць новая эра праграмавання, аднак хутка зразумела: вайбкодынг і паўнавартасная інжынерная распрацоўка — не адно і тое ж.  

Трэба было бачыць, як прафесійныя праграмісты слухалі дакладчыка, затрымаўшы дыханне. Андрэй не проста разважаў пра магчымасці нейрасеткі, а паказваў уласны прадукт, падрыхтаваны спецыяльна для воркшопа, — сайт для браніравання начлегу ў дамах, дзе прымаюць удзельнікаў рэкалекцый і пілігрымаў. 

Галоўны інсайт воркшопа прагучаў так: «На сённяшні момант кантэкст — гэта новы код». Каб ШІ-агент працаваў якасна, яму трэба дакладна паставіць задачу, задаць межы, даць неабходны кантэкст і прадугледзець сістэму праверкі выніку.

Але самае важнае — адказнасць за прадукт усё роўна застаецца на інжынеры. «Не Claude зрабіў сістэму, а гэта твая сістэма», — падкрэсліў Андрэй Місан. 

Пакуль у адной зале гаварылі пра код і кантроль над штучным інтэлектам, у другой стваралі ўласныя карціны. Удзельнікі арт-сесіі па абстрактным малюнку з разборам ад ШІ ад Паўла Попела вярталіся з яркімі вясёлкавымі працамі і задаволенымі ўсмешкамі. Карэспандэнт, прызнацца, пазірала на іх з лёгкай зайздрасцю. Але наступны воркшоп — пра тэксты — аказаўся вельмі дарэчы. 

Размова пра тэксты на воркшопе «Агент піша, рэдактар адказвае: медыя-служэнне ў эпоху ШІ» стала добрай нагодай задумацца пра межы выкарыстання нейрасетак. ШІ можа быць выдатным памочнікам у стварэнні візуальнага кантэнту, але жывы, глыбокі тэкст патрабуе чалавечага досведу і ўласнага мыслення. Спікерка Ганна Кулінковіч прызналася, што не давярае нейрасеткам напісанне тэкстаў не толькі таму, што яны не заўсёды добра спраўляюцца з гэтай задачай, але і таму, што чалавек рызыкуе страціць уласны навык пісьма і мыслення. 

«Калі я аддам тэксты нейрасеткам, то з чым жа я застануся ў выніку?»

— спытала яна.

У размове прагучалі і гісторыі пра журналістаў, якія раней пісалі цэлымі артыкуламі, а цяпер часам з цяжкасцю злучаюць дзве фразы ў адзін абзац. Для карэспандэнта гэтая тэма стала асабліва блізкай: калі аддаць машыне словы, што застанецца ад журналісцкай працы? 

Дарэчы, менавіта на гэтым майстар-класе споўнілася і тое, што карэспандэнтка Catholic.by напісала ў сваім кружочку напачатку канферэнцыі — «шукаю сяброў». Перад пачаткам воркшопа Ганна прапанавала пазнаёміцца адзін з адным. Разам з агучанымі імёнамі адкрываліся і цудоўныя лёсы: амаль усе ўдзельнікі — людзі творчыя і крэатыўныя, хтосьці заснаваў свой праект, хтосьці піша вершы і нават выдаў сваю кніжку. Карэспандэнтка не ўпусціла шанец і выхапіла пару нумароў удзельнікаў — хто ведае, можа, яны стануць героямі наступных тэкстаў. 

Паралельны воркшоп «Шэсць геніяў каманды» ад Эміліі Канстанцінавай  — пра тое, чаму адны задачы зараджаюць, а другія цалкам спустошваюць і як правільна перазагружацца, — застаўся для карэспандэнткі таямніцай: інакш давялося б разарвацца. Але, судзячы па задаволеных тварах тых, хто ў ім удзельнічаў, перазагрузка ўсё ж адбылася. 

«Я не прашу прыбраць складанасці» 

Напрыканцы дня ўдзельнікі зноў сабраліся разам. Стомленасць ужо адчувалася, але ў заключным слове Андрэя Місана прагучала не столькі падвядзенне вынікаў, колькі шчырая размова пра тое, што застаецца па-за праграмай канферэнцыі: цяжкасці арганізацыі, нявызначанасць і пошук Божай волі. 

«Прайшло чатыры гады, і мы пачыналі на выпаленай зямлі. За гэты час усё змянілася. Вы нам патрэбныя, і ўсім нам патрэбна перазагрузка. І гэта вельмі складана»,

— прызнаўся суарганізатар.

Андрэй Місан расказаў, што апошнім часам часта думае пра будучыню «IT for Christ», але не мае гатовага адказу, чым праект будзе займацца далей. Ці будзе шанец зноў сустрэцца? Кожны раз гэта адбываецца непрадказальна, таму вельмі прыемна, што такія падзеі атрымліваюць такую ўвагу: «Калі рабілі агульнае фота ўдзельнікаў, то здзівіўся: адкуль узялося столькі людзей?» — прызнаўся Андрэй. 

Затое ён упэўнены ў тым, аб чым прасіць Бога: не каб прыбраць цяжкасці, а каб даць сілы з імі справіцца. І падзяліўся нечаканым дарам, які атрымаў у гэтым годзе:

«Я ніколі не маліўся на Ружанцы. Мне здавалася, што гэта вельмі доўга — 25 хвілін. А ў гэты раз Бог даў мне любоў да Ружанца: увесь лістапад я кожны дзень малюся на ім».Але, бадай, найлепшы адказ на пытанне, ці ўдалося мерапрыемства, прагучаў у фінальных словах ксяндза Яўгена Шымановіча. 

Святар  прызнаўся: перад канферэнцыяй арганізатары хваляваліся, ці не будзе тэма псіхалогіі і душэўнага здароўя незразумелай або лішняй у касцёльным кантэксце форуму пра тэхналогіі. А ў выніку аказалася, што менавіта гэта і ёсць тое, што сёння неабходна кожнаму з нас. Бо калі за хуткасцю кода і алгарытмаў мы губляем самога чалавека — ніякія тэхналогіі не выратуюць.  

«Псіхалагічны погляд якраз падсвяціў усе сучасныя патрэбы айцішнікаў. Ім не хапае раскрыцця паклікання, глыбокага сэнсу, суцяшэння і адказаў на пытанні, чым на самой справе варта займацца, а таксама малітвы», — адзначыў ксёндз Яўген. На яго думку, гэта адкрывае вялікую прастору для душпастырства і хрысціянскага служэння: не проста дапамагаць чалавеку закрываць яго патрэбы, але і паказваць шлях да Бога.

«А Пан Бог і наш Касцёл якраз даюць на гэта вычарпальныя адказы, і гэта для нас велізарная магчымасць», — падкрэсліў святар. 

Абноўлена 25.11.2026 22:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа