
6 лістапада папа Леў XIV распачне апостальскае падарожжа ў Лацінскую Амерыку. За 12 дзён Святы Айцец наведае Уругвай, Аргенціну і Перу, пабывае ў дзесяці гарадах і правядзе шмат гадзін у паветры. На фоне гэтага падарожжа ўвагу прыцягвае і іншы бок папскіх апостальскіх паездак — тое, як папы праводзяць доўгія гадзіны ў самалёце і што адбываецца на борце падчас пералётаў. Пра гэта сваімі ўспамінамі падзяліўся італьянскі сцюард Джэнара Анастазіа — для ўсіх проста Рына, які апошнія 30 гадоў суправаджае Папаў падчас авіяпералётаў.
Джэнара Анастазіа ўжо 45 гадоў працуе на спецыяльных рэйсах італьянскага нацыянальнага авіяперавозчыка — спачатку кампаніі Alitalia, а цяпер ITA Airways. Ён правёў у паветры больш за 33 тысячы гадзін, а на папскіх рэйсах адказвае, у прыватнасці, за харчаванне і абслугоўванне Пантыфіка, яго світы і журналістаў.
Разам з ватыканістам Філіпа Анастазі ён напісаў кнігу «Гісторыі ў палёце. 80 гадоў паветранага транспарту ў Італіі» («Storie in Volo. 80 anni di trasporto aereo in Italia», выданне Minerva), у якой сабраў успаміны пра свае незвычайныя рэйсы. Пра кнігу і сустрэчы з Папамі Анастазіа распавёў таксама ў інтэрв’ю ватыканскім медыя.
Павел VI і пачатак эпохі папскіх авіяпералётаў

Пачатак гісторыі папскіх авіяпералётаў паклаў Павел VI, які ў студзені 1964 года адправіўся самалётам у апостальскае падарожжа ў Святую Зямлю. Ён працаваў за спецыяльна ўсталяваным столікам, распытваў пра краіны, над якімі пралятаў самалёт, і адпраўляў тэлеграмы кіраўнікам гэтых дзяржаў.
«Гэтая традыцыя захоўваецца да сённяшняга дня»,
— расказаў Анастазіа ў інтэрв’ю Андрэа Тарніелі, галоўнаму рэдактару ватыканскіх медыя.
Падарожжы Яна Паўла ІІ
Асаблівыя ўспаміны ў сцюарда засталіся пра Яна Паўла ІІ, які здзейсніў 104 замежныя падарожжы і наведаў 129 краін, у тым ліку самыя аддаленыя куткі свету.

Анастазіа расказаў, што, згодна з пратаколам, члены экіпажа не маглі непасрэдна звяртацца да Папы, а павінны былі рабіць гэта праз сакратара. Аднак Ян Павел ІІ заўсёды парушаў гэтае правіла.
Падчас палёту ў Казахстан пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года папскі самалёт суправаджалі ваенныя знішчальнікі. Зацікавіўшыся імі, Ян Павел ІІ паклікаў сцюарда і спытаў, хто ляціць побач. «Гэта нашы анёлы-ахоўнікі», — адказаў той, а Папа засмяяўся.
Анастазіа расказаў, што ў апошнія гады пантыфікату Яна Паўла ІІ на борце ўсталявалі ложак, каб Святы Айцец мог адпачываць падчас працяглых пералётаў. А аднойчы з-за моцнага снегападу ў Рыме самалёт прызямліўся ў Неапалі, і Папа вярнуўся дадому на цягніку.
Увага да людзей Бэнэдыкта XVI
Бэнэдыкт XVI, паводле ўспамінаў сцюарда, вызначаўся ўвагай да людзей і добрым пачуццём гумару. Калі ў 2008 годзе ў італьянскай прэсе з’явіліся паведамленні пра фінансавыя праблемы авіякампаніі Alitalia, Папа, убачыўшы газету, спытаў у Анастазіа: «Вы сапраўды запраўляеце поўны бак, каб даляцець да Парыжу?».

Сцюард расказаў таксама пра незвычайныя падарункі, якія Папы атрымлівалі падчас сваіх падарожжаў. У прыватнасці, ён згадаў апошнюю паездку Бэнэдыкта XVI у Афрыку.
«Мы вярталіся з Беніна, адной з найбяднейшых краін свету. Сярод шматлікіх падарункаў, якія там атрымаў Папа, была рознакаляровая птушка ў клетцы. Я паставіў яе паміж папскай часткай самалёта і месцам, дзе знаходзіліся журналісты. Калі павінна была пачацца прэс-канферэнцыя, птушка пачала выдаваць дзіўныя гукі, магчыма, спалохаўшыся голасу з мікрафона. Мы разгубіліся і не ведалі, што рабіць. Тады я ўзяў коўдру і накрыў клетку, пасля чаго птушка супакоілася», — падзяліўся ён.
Аскетызм Францішка
Папа Францішак, у сваю чаргу, настойваў на простых умовах падарожжа. Перад першай замежнай паездкай ён папрасіў, каб да яго ставіліся як да звычайнага пасажыра. Таму замест спецыяльнага меню Папу падавалі звычайны паднос з ежай, як і ўсім астатнім.

Асабліва моцна Анастазіа запомніў падарожжа ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, дзе працягваліся баявыя дзеянні і ніхто не мог гарантаваць удзельнікам пілігрымкі поўную бяспеку. Аднак Францішак быў перакананы, што менавіта з-за трагедыі, якую перажывалі жыхары гэтай краіны, ён павінен туды прыехаць і адкрыць Святую Браму ў межах Юбілею Міласэрнасці.
Кранальным для экіпажа было таксама падарожжа Францішка на востраў Лесбас у 2016 годзе. Папа наведаў тады лагер бежанцаў і ўзяў з сабой у Італію некалькі сем’яў, якім павінен быў дапамагчы Касцёл. Сцюард даведаўся пра прысутнасць бежанцаў на борце толькі напярэдадні, калі яму даручылі падрыхтаваць дадатковыя порцыі лазаньі.
Калі ж ён прынёс Францішку яго порцыю, той папрасіў аддаць яе дзецям, а сабе пакінуць толькі вараны рыс.
Новаўвядзенне пантыфікату Льва XIV
Цяпер Анастазіа з нецярпеннем чакае чарговага падарожжа Папы — 6 лістапада Леў XIV адправіцца ў Лацінскую Амерыку. Падчас гэтай паездкі Святы Айцец наведае Уругвай, Аргенціну і Перу. Падарожжа завершыцца 17 лістапада.

Сцюард адзначае, што адной з асаблівасцяў падарожжаў новага Папы стала наведванне кабіны пілотаў, дзе той праводзіць частку палёту, размаўляючы з экіпажам. Пантыфік таксама цікавіцца тэхнічнымі аспектамі авіяцыі і размаўляе з пілотамі знішчальнікаў, якія суправаджаюць папскі самалёт.
Так праз успаміны чалавека, які дзесяцігоддзямі знаходзіўся побач з Папамі ў небе, гісторыя папскіх авіяпералётаў паўстае не толькі як частка арганізацыі апостальскіх падарожжаў, але і як калекцыя маленькіх чалавечых гісторый — ад першых палётаў Паўла VI да сучасных падарожжаў Льва XIV.






