
У Венецыі прайшла экуменічная малітоўная сустрэча, прысвечаная 60-й гадавіне гістарычнага рашэння Паўла VI і Патрыярха Афінагора аб скасаванні ўзаемных адлучэнняў, якія падзялялі Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву з 1054 года. Сумесная дэкларацыя аб адмене адлучэнняў была падпісана 7 снежня 1965 года.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кардынал Матэа Дзупі, праваслаўны Мітрапаліт Італіі і экзарх Паўднёвай Еўропы Палікарп, Патрыярх Венецыі Франчэска Маралья, біскупы, святары, прадстаўнікі ўлады і вернікі. Сустрэча распачалася ў касцёле святога Захарыя, дзе спачывае святы Атаназій Александрыйскі, які спрыяў фармуляванню Нікейскага сімвала веры, а завяршылася ў суседняй праваслаўнай царкве святога Георгія, у якой захоўваецца старажытная ікона Хрыста Уседзяржыцеля XIV стагоддзя, дастаўленая ў Венецыю з Канстанцінопаля да падзення Візантыйскай імперыі.
Кардынал Дзупі нагадаў пра гістарычныя братэрскія абдымкі Паўла VI і Патрыярха Афінагора, падкрэсліўшы, што адмена адлучэнняў стала прыкладам дыялогу «на роўным узроўні» і пачаткам новай еднасці.
Ён таксама згадаў нядаўнюю сустрэчу Льва XIV з Патрыярхам Барталамеем I у Турцыі, падчас якой бакі пацвердзілі рашучасць крочыць шляхам дыялогу ў любові і праўдзе да жаданага аднаўлення поўнага адзінства паміж сястрынскімі Касцёламі — таго адзінства, аб якім маліўся Езус: «Каб усе былі адно» (пар. Ян 17,21).
Іерарх таксама абвясціў, што 23–24 студзеня 2026 года ў Бары пройдзе першы сімпозіум хрысціянскіх Касцёлаў Італіі, які стане новым крокам на шляху дыялогу і прымірэння.
Патрыярх Маралья назваў адмену адлучэнняў 1965 года «важнай вехай на экуменічным шляху» і пастаянным заклікам да адзінства паміж сястрынскімі Касцёламі. Іерарх падкрэсліў, што ў Венецыі экуменічнае вымярэнне мае асаблівае значэнне. Сама лацінская назва горада — Venetiae, у множным ліку — нагадвае пра сустрэчу розных традыцый, культур, народаў і рэлігійнага досведу. Паводле Патрыярха, сёння гісторыя і культура Венецыі могуць стаць прарочым знакам для сучаснага чалавецтва, якое «зноў адчувае патрэбу ў мастах, прымірэнні і міры».
Мітрапаліт Палікарп адзначыў, што рашэнне 1965 года мела не толькі царкоўнае, але і шырэйшае значэнне, бо стала прыкладам дыялогу ў свеце, пазначаным напружанасцю «халоднай вайны». Яно таксама спрыяла аднаўленню свядомасці агульных хрысціянскіх каранёў. «Тое, што нас яднае, нашмат мацней за тое, што нас падзяляе», — казаў Папа Ян ХХІІІ.
Паводле праваслаўнага іерарха, пачынаючы з той гістарычнай сустрэчы, распачалося паступовае збліжэнне паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.
Гэтае збліжэнне не было простым жэстам дыпламатычнай ветлівасці, але выразам глыбокай змены ў разуменні тэалогіі дыялогу: Рым і Канстанцінопаль пачалі бачыць адно аднаго не як супернікаў, а як сястрынскія Касцёлы з агульнымі каранямі, пакліканыя разам сведчыць аб хрысціянскай веру ў сучасным свеце.
Мітрапаліт Палікарп падкрэсліў, што адмена адлучэнняў 1965 года стала «фундаментальным актам сучаснай духоўнай Еўропы», бо вяртала ўсведамленне агульных грэка-лацінскіх каранёў еўрапейскай цывілізацыі. На яго думку, падзея паказала, што адкрытасць на «іншага» дазваляе Касцёлам таксама адкрыцца сучаснасці, не адмаўляючыся ад сваёй ідэнтычнасці. Яна дапамагла сфармаваць пакаленне тэолагаў, інтэлектуалаў і практыкаў, перакананых у тым, што еднасць — гэта не аднастайнасць, а сустрэча ў разнастайнасці.







