
Папа Леў XIV накіруецца ў сваё першае апостальскае падарожжа ў Турцыю з 27 па 30 лістапада 2025 года, адкуль з 30 лістапада па 2 снежня пераедзе ў Ліван. Ён крочыць па слядах сваіх папярэднікаў: Павел VI пабываў у Турцыі ў 1967, Ян Павел II — у 1979, Бэнэдыкт XVI — у 2006 і Францішак — у 2014 годзе.
Падарожжа ў Турцыю — гэта вяртанне да вытокаў веры, да каранёў хрысціянства. Папа Леў XIV стане пятым Пантыфікам, які наведае гэтую краіну. Сваё першае апостальскае падарожжа, якое ахоплівае таксама і Ліван, ён распачне менавіта ў Турцыі з нагоды 1700-годдзя першага Нікейскага Сабору, значэнне якога і сёння застаецца актуальным.
Мэтай візіту з’яўляецца паглыбленне братэрства і дыялогу паміж Усходам і Захадам. Леў XIV здзяйсняе жаданне Францішка, які жадаў адзначыць гэты гістарычны Сабор, скліканы рымскім імператарам Канстанцінам у 325 годзе. У юбілейнай буле Spes non confundit Францішак называе Нікейскі Сабор «важнай вяхой у гісторыі Касцёла» і адначасова запрашэннем для ўсіх Касцёлаў і хрысціянскіх супольнасцяў «ісці па шляху да выразнай еднасці».
Менавіта ў Нікеі было сфармулявана хрысціянскае credo. Гэтай малітве будзе прысвечаны адзін з этапаў падарожжа Льва XIV. Ён прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы, якая пройдзе каля археалагічных раскопак базілікі святога Неафіта ў Ізніку, старажытнай Нікеі, што ў ста кіламетрах ад Стамбула.
Апостальскае падарожжа Паўла VI у 1967 годзе
Першым Пантыфікам, які здзейсніў апостальскае падарожжа ў Турцыю, стаў Павел VI. Гістарычны візіт 25-26 ліпеня 1967 года прайшоў на зямлі, якая з’яўляецца мостам паміж Еўропай і Азіяй. Напярэдадні яго прыбыцця паўсюль адчувалася напружанае чаканне. У Стамбуле, старажытным Канстанцінопалі і вялікай метраполіі Усходу, дзе былі напісаны славутыя старонкі гісторыі хрысціянства, мясцовая супольнасць рыхтавалася да сустрэчы з Біскупам Рыма. Нягледзячы на землятрус, які 22 ліпеня 1967 года скалануў краіну, касцёлы былі перапоўненыя вернікамі. Католікі і іншыя хрысціяне, якія адпачывалі на курортах Турцыі, накіраваліся ў Стамбул, Эфес і Ізмір, каб не прапусціць вялікую падзею.

Абдымкі з Патрыярхам Афінагорам
Адзін з першых яркіх момантаў пасля прызямлення Папы — яго братэрскія абдымкі з Сусветным Патрыярхам Афінагорам, з якім ён ужо сустракаўся ў Ерузалеме ў 1964 годзе. Гэтыя незабыўныя абдымкі пераклікаліся са словамі з ліста Папы да «ўлюбёнага брата» Афінагора. У ім Павел VI выказаў «палымянае жаданне ўбачыць здзейсненай малітву Пана»: «каб усе былі адно». «Гэтае жаданне натхняе рашучую волю зрабіць усё магчымае, каб наблізіць дзень, калі будзе адноўлена поўная еднасць паміж Цэрквамі Захаду і Усходу», — напісаў Павел VI.
Падчас цырымоніі прывітання, звяртаючыся да тагачаснага кіраўніка дзяржавы Джэўдэта Суная, Папа падкрэсліў, што яго візіт у Турцыю закліканы стаць «сведчаннем сяброўства і павагі, якія Каталіцкі Касцёл адчувае да турэцкага народа».
Разуменне глыбокай еднасці
Адна з цэнтральных падзей падарожжа Паўла VI прайшла ў праваслаўнай царкве святога Георгія ў Фанары, дзе Папу сустрэў Патрыярх Афінагор. Яго словы прагучалі як заклік, актуальны і сёння: «У святле нашай любові да Хрыста і ў братэрскай любові адзін да аднаго мы ўсё больш адкрываем глыбокую тоеснасць нашай веры, у той час як пункты, па якіх мы ўсё яшчэ не згодныя, не павінны перашкаджаць нам разумець гэтую глыбокую еднасць». Патрыярх Афінагор таксама нагадаў, што мэта заключаецца ў тым, каб «аб'яднаць тое, што падзелена, з дапамогай узаемных царкоўных дзеянняў усюды, дзе гэта магчыма, падкрэсліваючы агульныя пункты веры і праўлення».
Успамін Бэнэдыкта XV
У той жа дзень, 25 ліпеня 1967 года, у каталіцкім Саборы Святога Духа ў Стамбуле адбылася яшчэ адна доўгачаканая падзея. У двары гэтай святыні ўзвышаецца статуя, прысвечаная Бэнэдыкту XV — «дабрадзею народаў без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі». Сваю прамову да біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў Павел VI распачаў згадкай пра гэтага Пантыфіка: «Мы не адчуваем сябе чужымі ў гэтым касцёле, бо ўсведамляем, што ідзем па слядах нашых папярэднікаў. Хіба не Бэнэдыкт XV толькі што прывітаў нас пры ўваходзе? Бэнэдыкт XV, чыя статуя ўзвышаецца тут, каб нагадваць наступным пакаленням пра вялікае сэрца гэтага высакароднага Пантыфіка, які глыбока перажыў боль Першай сусветнай вайны».
Пілігрымка на світанку Года Веры
Адным з важных момантаў падарожжа 1967 года стала Эўхарыстыя 26 ліпеня ў касцёле святога Антонія ў Стамбуле. У гаміліі Павел VI узгадаў Папу Яна XXIII, які больш за дваццаць гадоў да свайго абрання на Пасад Пятра служыў апостальскім дэлегатам у Турцыі і Грэцыі. Гэта быў час, калі Каталіцкі Касцёл прысутнічаў у маладой Турэцкай Рэспубліцы ў розных формах, дапамагаючы католікам і падтрымліваючы дыялог з праваслаўнымі і мусульманамі. Павел VI адзначыў, што касцёл святога Антонія быў любімай святыняй Яна XXIII, калі ён служыў у Турцыі. Ён падкрэсліў значэнне апостальскага падарожжа «на світанку Года веры», у шанаванні святынь і помнікаў веры, якія робяць гэтыя месцы прывілеяванымі.
Падарожжа ў сэрцы Паўла VI
Пасля Эўхарыстыі ў касцёле святога Антонія падарожжа прадоўжылася сустрэчамі з вернікамі ў Эфесе і Смірне, дзе захаваліся «вялікія хрысціянскія помнікі». Падчас развітальнай цырымоніі Папа ўзгадаў асноўныя моманты падарожжа, кажучы, што панясе «усё гэта ў сваім сэрцы».
Апостальскае падарожжа Яна Паўла II у 1979 годзе
Ян Павел II наведаў Турцыю ў 1979 годзе. «Я адпраўляюся ў гэтую краіну, каб з новым імкненнем працягнуць намаганні дзеля адзінства ўсіх хрысціян, у адпаведнасці з адной з галоўных мэт Другога Ватыканскага Сабору». Cваю экуменічную пілігрымку Пантыфік пачаў у Анкары, дзе звярнуўся да мясцовай каталіцкай супольнасці словамі, якімі святы Пётр звяртаўся да невялікай хрысціянскай меншасці на гэтай зямлі амаль дзевятнаццаць стагоддзяў да гэтага.
Сустрэчы з Канстанцінопальскім Патрыярхам Дзімітрыёсам і армянскім Патрыярхам Шнорхам Калусцянам папярэднічалі сустрэчы з армянскай каталіцкай супольнасцю Стамбула. «Вы пакліканы больш, чым іншыя, быць будаўнікамі адзінства», — падкрэсліў Папа.

Краіна Сусветных Сабораў
У гаміліі ў катэдры Святога Духа Папа нагадаў, што асновы веры былі сфармуляваныя на Саборах у Стамбуле і бліжэйшых гарадах, такіх як Нікея і Эфес. Ён узгадаў Айцоў Усходу, якія нарадзіліся ў гэтым рэгіёне, і іх «непараўнальны апостальскі подзвіг». На наступны дзень Папа-паляк Ян Павел II сустрэўся з польскай супольнасцю — спадкаемцамі тых палякаў, якія больш за сто гадоў да гэтага заснавалі «польскі аазіс» на Басфоры.
Адзін з апошніх момантаў пілігрымкі — святая Імша ў Эфесе. У гаміліі Папа даручыў Маці Божай лёс Касцёла і заклікаў да поўнай еднасці ўсіх хрысціян: «Пад яе матчыным позіркам мы гатовыя прызнаць свае ўзаемныя памылкі, эгаізм і маруднасць. Яна нарадзіла адзінага Сына, а мы, на жаль, прадстаўляем Яго падзеленага. Даручаем Марыі наш шчыры намер не супакойвацца, пакуль мэта не будзе шчасліва дасягнутая».

Падарожжа пад знакам апостальства і адзінства
Пасля вяртання ў Італію Ян Павел II адзначыў, што падарожжа ў Турцыю праходзіла пад знакам дзвюх асаблівых рыс: апостальства і адзінства. Яно сведчыла аб «цвёрдай волі» Пераемніка Пятра «ісці наперад па дарозе, якая вядзе да поўнага адзінства ўсіх хрысціян».
Апостальскае падарожжа Бэнэдыкта XVI у 2006 годзе
У 2006 годзе па слядах сваіх папярэднікаў у Турцыю адправіўся Бэнэдыкт XVI. Ён узгадаў «памятныя візіты» Паўла VI і Яна Паўла II, а таксама нагадаў пра Бэнэдыкта XV, нязменнага творцы міру падчас Першай сусветнай вайны, і Яна XXIII, сябра турэцкага народа, які быў апостальскім дэлегатам у Турцыі і адміністратарам Лацінскага вікарыята ў Стамбуле.
Мір усяму чалавецтву!
29 лістапада 2006 года Бэнэдыкт XVI узначаліў Эўхарыстыю ў нацыянальным марыйным санктуарыі ў Эфесе і заклікаў да міру ў Святой Зямлі і ва ўсім свеце. Ён звярнуў увагу на тое, што Эфес — горад, благаслаўлёны прысутнасцю Маці Божай, якую шануюць таксама мусульмане. Адсюль ён заклікаў да міру і прымірэння, асабліва для тых, хто жыве ў Святой зямлі — зямлі Абрагама, Ісаака і Якуба, прызначанай стаць благаслаўленнем для ўсіх народаў.





