У нядзелю 30 лістапада пасля малітвы ў катэдры Армянскай Апостальскай Царквы і Боскай Літургіі ў патрыяршай царкве святога Георгія ў Стамбуле, Святы Айцец завяршыў свой візіт у Турцыю.
Раніцай 30 лістапада Папа Леў XIV здзейсніў малітоўны візіт у армянскі катэдральны сабор Стамбула, дзе прывітаў Патрыярха Саака II і вернікаў Армянскага Патрыярхата.
Пры ўваходзе ў катэдру яго сустракаў Армянскі Патрыярх Канстанцінопальскі. У храме пасля спеву і малітвы Пантыфік і Саак II абмяняліся прывітальнымі словамі.
Святы Айцец запэўніў Патрыярха ў сваім вялікім задавальненні з нагоды візіту ў славуты сабор, які ўжо не раз прымаў яго папярэднікаў. Ён перадаў сваё братэрскае прывітанне Каталікосу Карэкіну II, а таксама іерархам, духавенству і ўсёй армянскай супольнасці Стамбула і Турцыі.
Гэтая сустрэча дае магчымасць «падзякаваць Богу за мужнае хрысціянскае сведчанне армянскага народа на працягу ўсёй гісторыі, нярэдка ў трагічных абставінах», — падкрэсліў Леў XIV, адзначаючы ўсё больш цесныя братэрскія сувязі паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.
Юбілей Нікейскага Сабора нагадвае хрысціянам пра агульны сімвал веры.
«Менавіта з гэтай агульнай веры неабходна чэрпаць моц, каб аднавіць тое адзінства, якое існавала паміж Рымскім Касцёлам і старажытнымі Усходнімі Цэрквамі ў першыя стагоддзі. Поўная еднасць не азначае паглынання або дамінавання, а хутчэй абмен дарамі, якімі Святы Дух надзяліў Цэрквы»,
— нагадаў Папа. Ён выказаў спадзяванне на хуткае аднаўленне працы сумеснай Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.
Пантыфік нагадаў аб тым, што на шляху да адзінства Касцёл і Армянскую Царкву суправаджаюць шматлікія сведкі, такія як святы Нерсес IV Шнаралі, вялікі паэт і каталікос XII стагоддзя, які рупліва працаваў дзеля прымірэння і ўвасаблення малітвы Хрыста, «каб усе былі адно».
Напрыканцы прамовы Папа падзякаваў Патрыярху Сааку II за цёплы прыём і запэўніў у сваёй «шчырай адданасці святой справе хрысціянскага адзінства».
Папа ў царкве святога Георгія ў Стамбуле: адзінства — мой прыярытэт
![]()
Леў XIV прыняў удзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі ў патрыяршай царкве святога Георгія ў Стамбуле. Набажэнства ўзначаліў Патрыярх Барталамей І. Папа маліўся разам з духавенствам і вернікамі, а потым звярнуўся да іх з прамовай, у якой узгадаў апостала Андрэя — нябеснага апекуна Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы, які, паводле старажытнай традыцыі, прынёс Евангелле ў гэты горад. Ён падкрэсліў, што вера, сфармуляваная на Сусветных Саборах і прызнаная ў Нікейска-Канстантынопальскім сімвале веры, з’яўляецца агульнай для ўсіх хрысціян і дазваляе ім «прызнаваць адно аднаго братамі і сёстрамі».
«Гісторыя непаразуменняў і нават канфліктаў, асабліва падзел 1054 года, стварылі перашкоды, якія і сёння перашкаджаюць дасягнуць поўнай еднасці. Аднак нельга аслабляць імкнення да адзінства. Шэсцьдзесят гадоў таму Павел VI і Патрыярх Афінагор зрабілі гістарычны крок, абвясціўшы пра зняцце ўзаемных адлучэнняў 1054 года. Гэта паклала пачатак новай эпохі прымірэння і дыялогу. Сёння, дзякуючы тэалагічнаму дыялогу і пастаянным сустрэчам, зроблены істотныя крокі ў напрамку глыбейшага ўзаемнага разумення»,
— нагадаў Святы Айцец.
У сувязі з гэтым ён падкрэсліў неабходнасць працягваць працу Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. «Я спадзяюся, што будуць прыкладзены ўсе намаганні для таго, каб усе аўтакефальныя Праваслаўныя Цэрквы вярнуліся і прынялі актыўны ўдзел у гэтым пачынанні», — сказаў Пантыфік.
Леў XIV нагадаў, што пошук поўнага адзінства ўсіх ахрышчаных у імя Айца, Сына і Духа Святога — адзін з галоўных прыярытэтаў яго служэння. Паважаючы легітымныя адрозненні і традыцыі, неабходна будаваць еднасць у духу любові і братэрства.
Папа звярнуў увагу на сучасныя выклікі, якія стаяць перад усімі хрысціянамі. Першы — гэта крывавыя войны і гвалт у свеце. Католікі і праваслаўныя пакліканы быць міратворцамі, разумеючы, што сапраўдны мір — гэта не проста плён чалавечых намаганняў, а дар Божы, які патрабуе малітвы, пакаяння, сузірання і жывых адносін з Панам. Другі выклік — экалагічны крызіс. Хрысціяне пакліканы спрыяць фармаванню новай свядомасці, каб кожны ўсведамляў адказнасць за Зямлю і стварэнне, якое Бог даверыў нам. Трэці важны выклік — развіццё новых тэхналогій, асабліва ў сферы камунікацыі. Яны могуць служыць агульнаму дабру, але патрабуюць адказнага выкарыстання і даступнасці для ўсіх, а не толькі для прывілеяваных груп. Усе хрысціяне, прадстаўнікі іншых рэлігій і людзі добрай волі павінны гарманічна супрацоўнічаць у імя агульнага дабра.
Завяршаючы свой зварот, Святы Айцец выказаў удзячнасць Патрыярху Барталамею I за гасціннасць і павіншаваў з урачыстасцю святога апекуна. Давяраючы ўсіх прысутных заступніцтву апостала Андрэя Першазванага і яго брата святога Пятра, святога велікамучаніка Георгія, айцоў Нікейскага Сабора і многіх святых пастыраў «старажытнай і слаўнай» Канстанцінопальскай Царквы, ён заклікаў Бога благаславіць іх. «Hrònia Pollà! Ad multos annos!» («Многія гады!») — пажадаў Папа па-грэчаску і на латыні.
У міжнародным аэрапорце Стамбула прайшла цырымонія развітання з Папам і ватыканскай дэлегацыяй
![]()
Святы Айцец завяршыў свой візіт у Турцыю і накіраваўся ў Бейрут. У аэрапорце імя Атацюрка яго ветліва віталі прадстаўнікі турэцкага боку. Разам яны накіраваліся ў Залу для ганаровых гасцей для кароткай прыватнай сустрэчы. Цырымонія развітання прайшла ў атмасферы павагі і добразычлівасці.
Па прыбыцці ў Ліван Папа распачне свой візіт з афіцыйных сустрэч з прэзідэнтам, спікерам парламента і прэм'ер-міністрам, а таксама з прамовы да ўлад і дыпкорпуса.



