Пошук

29.11.2025 20:57   Марыя Валодзіна / Аляксандр Панчанка / Vatican News BY
Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле (ANSA)

Трэці дзень падарожжа ў Турцыю Леў XIV пачаў з візіту ў Мячэць Султана Ахмеда, вядомую таксама як Блакітная мячэць – першы па значнасці мусульманскі храм Стамбула. 

Папа наведаў Мячэць Султана Ахмеда раніцай 29 лістапада ў суправаджэнні кіраўніка Дыянету – Упраўлення па рэлігійных справах Турцыі. Яго візіт прайшоў «у цішыні, у духу роздуму і слухання, з глыбокай павагай да гэтага месца і да веры тых, хто збіраецца там на малітве», — паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Святы Айцец агледзеў багата ўпрыгожаны храм і выслухаў аповед пра яго гісторыю. Пры ўваходзе ён зняў абутак, як і іншыя члены дэлегацыі.

Блакітная мячэць, адзін з галоўных сімвалаў Стамбула, была пабудавана паміж 1609 і 1617 гадамі султанам Ахмедам І на месцы Вялікага палацу ў Канстанцінопалі. Яе будаўніцтва было падрабязна апісана ў васьмі тамах, што захоўваюцца ў бібліятэцы Тапкапы.

Назва храма  «Блакітная» — паходзіць ад 21 042 бірузовых керамічных плітак на сценах і купале. Мячэць мае шэсць мінарэтаў, высокае скляпенне і добрае натуральнае асвятленне: промні сонца трапляюць у храм праз 260 вокнаў. Візіт Льва XIV стаў знакам пашаны да прымаючай краіны, 99 працэнтаў насельніцтва якой складаюць мусульмане. У 2014 годзе, таксама 29 лістапада, гэта месца наведваў яго папярэднік, Францішак, а ў 2006 годзе — Бэнэдыкт XVI.

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцяў Турцыі

Пасля візіту ў Блакітную мячэць, Леў XIV накіраваўся аўтамабілем у сірыйскую праваслаўную царкву святога Яфрэма, якая размясцілася ў еўрапейскай частцы Стамбула. Там ён правёў прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў Турцыі.

Святыня, прысвечаная святому Яфрэму, быў урачыста адкрыта ў 2023 годзе пасля амаль дзесяцігоддзя будаўніцтва. Адкрыццё неаднаразова адкладалася з-за пандэміі Covid-19 і землятрусу. Гэта першая і пакуль адзіная хрысціянская царква, узведзеная ў Турцыі пасля заснавання Рэспублікі.

Сірыйская Праваслаўная Царква налічвае каля двух мільёнаў вернікаў па ўсім свеце. На яе чале стаіць Патрыярх сіра-праваслаўнай Антыёхіі Ігнацый Яфрэм II, сядзіба якога знаходзіцца ў Дамаску.

Пантыфіка прывіталі іерархі Сіра-праваслаўнай Царквы. Яны разам увайшлі ў святыню, сфатаграфаваліся з усімі рэлігійнымі лідарамі і праслухалі гімн да Духа Святога ў выкананні хору. Пасля гэтага адбылася прыватная сустрэча і дыялог за круглым сталом з кіраўнікамі розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Сярод іх быў і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I, з якім Папа сустрэнецца зноў у другой палове дня ў Патрыяршай рэзідэнцыі ў Фанары для падпісання сумеснай дэкларацыі. Некаторыя з удзельнікаў дыялогу таксама прысутнічалі 28 лістапада ў Ізніку на ўрачыстасці з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора.

Падчас падпісання кнігі ганаровых гасцей (@Vatican Media)

Папа падзякаваў усім прысутным і паразважаў пра значэнне Нікейскага Сабора і ўрачыстасці ў Ізніку, цэнтрам якой было Евангелле. Ён заклікаў маліцца, каб адбыліся новыя сустрэчы і магчымасці для дыялогу, у тым ліку з тымі Цэрквамі, якія не змаглі прысутнічаць на экуменічнай падзеі. Ён нагадаў пра першынства евангелізацыі, сур’ёзнай перашкодай для якой з’яўляецца падзел паміж хрысціянамі.

Леў XIV запрасіў усіх удзельнікаў сустрэчы рушыць разам у духоўнае падарожжа, якое вядзе да Юбілею Адкуплення ў 2033 годзе, у перспектыве вяртання ў Ерузалем, у вячэрнік, месца апошняй вячэры, абмывання ног вучням і Пяцідзясятніцы, у падарожжа, якое вядзе да поўнага адзінства, да якога заклікае і яго біскупскі дэвіз In Illo Uno Unum («У Ім адзіным мы адзіныя»).

Падчас сустрэчы Папа падарыў царкве святога Яфрэма медаль «Нікея», створаны мастачкай Франчэскай Таліяфэры. У цэнтры медаля выява Канстанціна I, які склікае Першы Сусветны Сабор. Над ім лунае Дух Святы, які вядзе і асвятляе сустрэчу. Біскупы розных хрысціянскіх супольнасцяў трымаюць пергамент з Credo, зацверджаным на Саборы, падкрэсліваючы адзінасутнасць і вечнасць Айца, Сына і Духа Святога. Па краі медаля выгравіраваны надпіс: IN UNITATE FIDEI, AMOR CHRISTI NOS CONIUNGIT («У адзінстве веры нас злучае любоў Хрыста»).

Леў XIV пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, у якім напісаў:

«З гістарычнай нагоды 1700-годдзя Сусветнага Сабора ў Нікеі мы збіраемся, каб адрадзіць нашу веру ў Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека, святкуючы веру, якую мы падзяляем. Жадаю мноства благаслаўленняў усім, хто сабраўся тут, і ўсім супольнасцям, якія яны прадстаўляюць».

Папа ў Фанары: няхай Бог пачуе малітву хрысціян аб адзінстве

Леў XIV наведаў рэзідэнцыю Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея І. Ён пачаўся супольнай малітвай праслаўлення — даксалогіяй — у патрыяршай царкве святога Георгія.

«Увайшоўшы ў гэту царкву, я адчуў вялікае ўзрушэнне, усведамляючы, што іду па слядах Папы Паўла VI, Папы Яна Паўла ІІ, Папы Бэнэдыкта XVI і Папы Францішка»,

— сказаў Святы Айцец у прывітальнай прамове, падчас якой пажадаў, каб Бог пачуў малітву хрысціян аб адзінстве.

Леў XIV нагадаў, што яго папярэднікаў лучыла з Патрыярхам Барталамеем «шчырае і братэрскае сяброўства, заснаванае на агульнай веры і супольным бачанні многіх галоўных выклікаў, на якія павінны адказаць Царква і свет».

«Я ўпэўнены, што гэта сустрэча таксама паспрыяе ўмацаванню нашых сяброўскіх адносін, якія ўжо пачалі паглыбляцца ад таго моманту, калі мы ўпершыню ўбачыліся на пачатку майго служэння як Біскупа Рыма, асабліва падчас урачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі, на якой Ваша Святасць мелі ласкавасць прысутнічаць», — пажадаў Папа.

Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І (ANSA)

Пантыфік заўважыў, што яго візіт праходзіць у кантэксце 1700-годдзя Нікейскага Сабора. «Успамінаючы пра гэту такую важную падзею і натхнёныя малітвай Езуса аб тым, каб усе Яго вучні былі адно, мы атрымліваем заахвочанне ў нашым імкненні да аднаўлення поўнага адзінства паміж усімі хрысціянамі заданні, якое бярэм на сябе з Божай дапамогай»,— падкрэсліў ён.

«Рухомыя гэтым жаданнем адзінства, мы рыхтуемся таксама святкаваць успамін апостала Андрэя, апекуна Канстанцінопальскага Патрыярхата. Падчас сённяшняй вячэрняй малітвы дыякан узнёс да Бога просьбу «аб трываласці святых Цэркваў і аб адзінстве ўсіх». Гэты самы заклік зноў прагучыць падчас заўтрашняй Боскай Літургіі. Няхай Бог, Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, змілуецца над намі і пачуе гэту малітву»,

— сказаў Папа.

Пасля даксалогіі Леў XIV і Барталамей І разам выйшлі з царквы і накіраваліся на прыватную сустрэчу ў сядзібу Экуменічнага Канстанцінопальскага Патрыярха, перад якой яны падпішуць сумесную дэкларацыю.

Святая Імша ў Стамбуле: заклік да адзінства і міру

Леў XIV узначаліў Імшу ў Volkswagen Arena у Стамбуле. У гаміліі ён заклікаў хрысціян да духоўнага аднаўлення, адзінства і актыўнай працы дзеля міру.

Папа нагадаў аб тым, што Імша адбываецца напярэдадні ўрачыстасці святога Андрэя, апостала і нябеснага апекуна турэцкай зямлі, а таксама напачатку Адвэнту — часу, калі Касцёл рыхтуецца зноў перажыць таямніцу Нараджэння Езуса, Сына Божага, якога Айцы Нікейскага Сабора назвалі «народжаным, нествораным, адзінасутным Айцу» (Нікейска-Канстантынопальскі сімвал веры).

Разважаючы над прароцтвам Ісаі, Леў XIV выкарыстаў вобраз гары, якая ўзвышаецца над іншымі (пар. Іс 2, 2), і нагадвае нам, што плён Божага дзеяння ў нашым жыцці з'яўляецца дарам не толькі для нас, але і для кожнага чалавека ў любой кропцы свету. Горад на вяршыні гары, Сіён, служыць напамінам пра тое, што радасць дабра заразная. Жыцці многіх святых пацвярджаюць гэта: Пётр сустракае Езуса дзякуючы энтузіязму свайго брата Андрэя, святы Аўгустын — дзякуючы палымянай пропаведзі святога Амброзія. І такіх прыкладаў шмат, — заўважыў Пантыфік.

Святая Імша ў Volkswagen Arena у Стамбуле (ANSA)

Святы Айцец заклікаў вернікаў «аднавіць моц уласнага сведчання веры». Святы Ян Залатавуст казаў пра прывабнасць святасці, якая ўзмацняе іншых больш, чым цуды, якія «здараюцца і праходзяць». Ён нагадаў пра неабходнасць «сачыць за сабой», каб прыносіць карысць людзям, умацоўваючы веру малітвай і сакрамэнтамі, пастаянна жывучы ў любові, адкідаючы «учынкі цемры» і апранаючыся ў «зброю святла» (пар. Рым 13, 12). Папа заахвоціў вернікаў быць гатовымі да сустрэчы з Панам, шчыра імкнучыся жыць праведным жыццём, прытрымліваючыся прыкладу шматлікіх святых, якія жылі на гэтай зямлі.

Папа рашуча выступіў супраць вайны і насілля. Звяртаючыся да другога вобразу з кнігі Ісаі — «І перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы. Народ не падыме мяча супраць народа, і яны не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2, 4), Пантыфік сказаў: «Як актуальны гэты заклік для нас сёння! Якая вялікая патрэба ў міры, адзінстве і прымірэнні вакол нас, ўнутры нас і сярод нас! Які ўклад можам унесці мы?»

Святы Айцец заахвоціў прысутных зірнуць на лагатып яго падарожжа — мост праз Басфор, які злучае два кантыненты: Азію і Еўропу. Гэтае ўражлівае збудаванне застаецца малым і ўразлівым у параўнанні з неабсяжнымі тэрыторыямі, якія ён злучае. Гэты трайны мост праз праліў нагадвае нам пра важнасць нашых агульных намаганняў па навядзенні мастоў адзінства на трох узроўнях: унутры каталіцкай супольнасці, у экуменічных адносінах з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій і ў сустрэчах з братамі і сёстрамі, якія належаць да іншых рэлігій. Клопат пра гэтыя тры сувязі, іх умацаванне і пашырэнне ўсімі магчымымі спосабамі з'яўляецца часткай нашага паклікання быць горадам, які стаіць на вяршыні гары (пар. Мц 5, 14-16), — падкрэсліў Папа.

Святая Імша з Папам у Стамбуле (@Vatican Media)

Гаворачы пра адзінства ў Касцёле, Папа нагадаў, што ў Турцыі ён складаецца з чатырох літургічных традыцый — лацінскай, армянскай, халдэйскай і сірыйскай, кожная з якіх прыўносіць духоўнае і гістарычнае багацце. Гэтая адзінства — дар Божы, моцны і непераможны, аднак «рэалізацыя гэтага адзінства ў часе залежыць ад нас, ад нашых намаганняў». «Звярнуўшы позірк да Нябеснага Ерузалема, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж сабой, каб узбагачаць адно аднаго і быць пэўным знакам усеагульнай і бясконцай Божай любові для ўсяго свету», — пажадаў Леў XIV.

Другім элементам адзінства з'яўляецца экуменізм, таму што адзіная вера ў Хрыста аб’ядноўвае не толькі католікаў, але і ўсіх хрысціян, — нагадаў Папа, цёпла вітаючы прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў, якія прысутнічалі на Імшы. Ён узгадаў сумесную малітву ў Ізніку, старажытнай Нікеі, дзе ў 325 годзе адбыўся Нікейскі Сабор. Святы Ян XXIII, які быў звязаны з турэцкай зямлёй глыбокімі повязямі ўзаемнага сяброўства, быў вялікім сведкам экуменічных адносін. Леў XIV пацвердзіў прыхільнасць Касцёла адзінству, імкненне да таго, каб «усе былі адно».

Святая Імша з Папам у Стамбуле (@Vatican Media)

Папа таксама заклікаў да дыялогу з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, адзначыўшы, што рэлігія ніколі не павінна служыць апраўданнем для войнаў і жорсткасці. «Таму мы хочам ісці разам, шануючы тое, што нас аб'ядноўвае, разбураючы муры недаверу і прадузятасці, спрыяючы ўзаемнаму пазнанню і павазе, каб данесці да ўсіх моцнае пасланне надзеі і запрашэнне стаць міратворцамі», — сказаў Святы Айцец.

Леў XIV параўнаў хрысціянскі шлях з мостам, які пабудаваў для нас Бог і які злучае зямлю з Нябёсамі.

«Давайце будзем заўсёды скіроўваць нашы позіркі на абодва берагі, каб мы маглі ўсім сэрцам любіць Бога і нашых братоў і сясцёр, каб ісці разам і аднойчы сустрэцца ў доме Айца»,

— завяршыў ён.

Абноўлена 29.11.2025 23:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця