Пошук

28.11.2025 20:04   Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY
Леў XIV падчас сустрэчы з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі супрацоўнікамі Касцёла ў Турцыі (AFP or licensors)

Леў XIV сустрэўся з духавенствам у Стамбуле. Папа заклікаў бачыць сілу ў маласці мясцовай супольнасці і смела сведчыць пра Евангелле ў дыялогу і служэнні ўсім патрабуючым.

У пятніцу, 28 лістапада, сталіца Турцыі стала сведкай чарговага этапу апостальскага падарожжа Льва XIV. Раніца Пантыфіка пачалася з прыватнай святой Імшы ў апостальскай дэлегатуры, пасля якой ён накіраваўся ў мясцовую катэдру Духа Святога.

Гэты гістарычная святыня, адкрытая для культу яшчэ ў 1846 годзе і ўзведзеная ў ранг базылікі святым Янам Паўлам ІІ, стала месцам сустрэчы Наступніка Пятра з «малым статкам» — біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі супрацоўнікамі мясцовага Касцёла. Ля ўваходу Папу цёпла прывітаў апостальскі вікарый Стамбула, а дзеці ў традыцыйных строях уручылі яму кветкі.

Пасля прывітальных слоў старшыні Канферэнцыі Біскупаў Турцыі, арцыбіскупа Марціна Кметэка, і літургічных чытанняў на турэцкай і англійскай мовах, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з глыбокай прамовай. Ён назваў Турцыю «святой зямлёй», дзе гісторыя народу Ізраэля сустракаецца з нараджэннем хрысціянства, дзе прапаведавалі Апосталы і пісаліся старонкі Сусветных Сабораў. Аднак цэнтрам яго разважанняў стала тэма евангельскай маласці.

Леў XIV падкрэсліў, што Бог глядзіць на свет інакш, чым людзі: Ён абірае шлях маласці. «Гэта логіка — сапраўдная сіла Касцёла. Яна не ў рэсурсах ці структурах, плён місіі не залежыць ад колькасці, эканамічнай моцы ці грамадскага ўплыву», — адзначыў Пантыфік.

Ён нагадаў словы свайго папярэдніка Францішка аб тым, што Валадарства Божае прарастае менавіта ў малым. Для мясцовай супольнасці, якая часта адчувае сваю нешматлікасць, гэтыя словы сталі магутным імпульсам надзеі. Папа заклікаў не глядзець з настальгіяй на слаўнае мінулае Візантыі, а з даверам прыняць сваю ролю «закваскі» ў сучасным грамадстве.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на знакі надзеі, сярод якіх вылучыў цікавасць моладзі да Касцёла. Ён заахвоціў духавенства быць адкрытымі на пытанні маладых людзей і суправаджаць іх.

Іншым важным выклікам, паводле Папы, з'яўляецца служэнне мігрантам і бежанцам. Улічваючы, што і сам мясцовы Касцёл у значнай ступені складаецца з іншаземцаў, Леў XIV заклікаў да «асаблівага высілку інкультурацыі», каб мова і звычаі Турцыі станавіліся роднымі для душпастыраў.

Гаворачы пра 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабору, Пантыфік акрэсліў тры актуальныя задачы: паглыбленне сутнасці веры вакол Credo, нанова адкрыццё аблічча Бога ў Хрысце, каб пазбегнуць «новага арыянства», якое зводзіць Езуса толькі да мудрага настаўніка, і, нарэшце, развіццё дактрыны. Папа нагадаў, што вера павінна выказвацца мовай культуры свайго часу, застаючыся вернай сваёй нязменнай сутнасці.

На заканчэнне Леў XIV прыгадаў постаць святога Яна XXIII, які калісьці служыў на гэтай зямлі і шчыра палюбіў яе народ.

«Пераймаць рыбакоў Басфора — працаваць дзень і ноч з запаленымі паходнямі — гэта наш сур'ёзны і святы абавязак»,

— працытаваў Папа словы «Добрага Папы», даручаючы прысутных апецы Багародзіцы.

Мудрасць пажылых людзей — скарб грамадства

Падчас візіту Льва XIV у пансіянат для пажылых у Стамбуле

Праграма Святога Айца працягнулася кранальнай сустрэчай у стамбульскім пансіянаце для пажылых. Леў XIV нагадаў пра сапраўдную сутнасць хрысціянскай любові і важнасць пашаны да старэйшага пакалення, назваўшы яго скарбам народаў.

Пансіянатам ужо больш за стагоддзе апякуюцца Малыя сёстры бедных манаская супольнасць, заснаваная святой Жаннай Жуган у 1839 годзе, якая сёння нясе служэнне ў больш чым трыццаці краінах свету. Папу, якога ля ўваходу сустрэла настаяцельніца супольнасці, правялі ў капліцу, дзе яго чакалі жыхары дома, персанал і дабрачынцы — усяго каля ста чалавек.

Звяртаючыся да прысутных пасля слоў прывітання, Леў XIV падзяліўся двума кароткімі думкамі. Першая з іх тычылася самой назвы кангрэгацыі — «Малыя сёстры бедных». Папа заўважыў, што гэтае імя нясе ў сабе глыбокі сэнс: Пан паклікаў манахінь не проста дапамагаць бедным, але быць ім менавіта сёстрамі. Другая думка Святога Айца была прысвечана самім жыхарам дома — пажылым людзям. Папа з горыччу канстатаваў, што ў сучасным свеце слова «стары» рызыкуе страціць сваё праўдзівае значэнне.

У грамадстве, дзе часта пануюць крытэрыі эфектыўнасці і матэрыялізму, павага да старэйшых часам знікае. Леў XIV супрацьпаставіў гэтаму біблейскае бачанне: «Святое Пісанне і добрая традыцыя вучаць нас, што людзі сталага ўзросту — гэта мудрасць народа, скарб для ўнукаў, сям'і і грамадства ў цэлым».

Завяршаючы сустрэчу, Папа выказаў падзяку дому, які прымае людзей у духу братэрства і клапоціцца пра тых, хто ўжо прайшоў доўгі жыццёвы шлях.

Прызнаючы, што гэтае служэнне патрабуе шмат цярпення і малітвы, Пантыфік удзяліў прысутным сваё благаслаўленне. Візіт завяршыўся подпісам у Кнізе ганаровых гасцей, абменам падарункамі і супольным фотаздымкам на памяць аб гэтай цёплай сустрэчы.

Леў XIV сустрэўся з Галоўным рабінам Турцыі

Сустрэча Святога Айца з духоўным лідарам габрэйскай супольнасці Турцыі
Як паінфармавала Зала Друку Святога Пасада праз свой канал у Telegram, сустрэча Святога Айца з духоўным лідарам габрэйскай супольнасці Турцыі, рабінам Давідам Сэві, працягвалася каля пятнаццаці хвілін.

Суразмоўцы сышліся ў меркаванні, што візіт Папы Льва XIV з'яўляецца важным знакам міру. Было падкрэслена, што прысутнасць Пантыфіка на турэцкай зямлі служыць адчувальнай падтрымкай для ўсіх рэлігійных супольнасцей, якія суіснуюць у краіне.

Абноўлена 28.11.2025 21:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця