Пошук

12.03.2026 21:16   Паводле: stacja7.pl / Catholic.by
Кардынал Конрад Краеўскі і Папа Леў ХІV. Фота: Wikipedia

Кардынал Конрад Краеўскі, да нядаўняга часу Элемазінарый Яго Святасці, прызначаны мітрапалітам Лодзінскім. Пераемнікам кардынала на пасадзе Прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні і новым Элемазінарыем Яго Святасці стаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін OSA.

Кардынал Конрад Краеўскі — адна з самых вядомых польскіх духоўных асобаў. Ён паходзіць з Лодзі — з архідыяцэзіі, якую цяпер узначаліць як арцыбіскуп-мітрапаліт.

У 1998 годзе, пасля некалькіх гадоў служэння ў Польшчы (ён быў, у прыватнасці, прэфектам Лодзінскай семінарыі), пераехаў у Рым і ў 1999 годзе стаў папскім цырымоніймайстрам і блізкім паплечнікам папы Яна Паўла II.

Кардынал Краеўскі выконваў ролю цырымоніймайстра падчас пахавання Яна Паўла II і таму меў права знаходзіцца ў кляўзуры канклава ў красавіку 2005 года.

Ён з'явіўся на лоджыі Святога Пятра з крыжам, калі абвяшчалі, што новым Папам стане Бэнэдыкт XVI.

Займаў гэтую ж пасаду ў 2013 годзе падчас канклава, які абраў Францішка.

У жніўні 2013 года Папа Францішак прызначыў яго арцыбіскупам і Элемазінарыем Яго Святасці.

Кардынал Краеўскі стаў сімвалам дзейнай любові Касцёла, асабліва праз сваю працу з бяздомнымі, пакутуючымі, ахвярамі ваенных канфліктаў ва ўсім свеце.

Атрымаў біскупскае пасвячэнне 17 верасня 2013 года ў Базыліцы Святога Пятра ў Рыме.

20 мая 2017 года папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» назваў яго ў ліку святароў, якія падчас бліжэйшага кансісторыя ўвойдуць у склад Калегіі кардыналаў.

Кардынальскую годнасць атрымаў 28 чэрвеня 2018 года.

Кардынал Конрад Краеўскі. Фота: BP KEP

7-8 мая 2025 года кардынал Конрад Краеўскі ў трэці раз удзельнічаў у канклаве, але ўпершыню ў якасці кардынала з правам абрання Папы.

Лодзінская архідыяцэзія з лістапада мінулага года чакала новага біскупа пасля таго, як яе ранейшы мітрапаліт, кардынал Гжэгаж Рысь (узначальваў архідыяцэзію ў 2017-2025 гадах), стаў па рашэнні Льва XIV мітрапалітам Кракаўскім.

Такім чынам, пасля 28 гадоў служэння чатыром папам кардынал Краеўскі вяртаецца на радзіму, і Лодзінскую архідыяцэзію чарговы раз узначаліць кардынал.

Біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін OSA

Пераемнікам кардынала Краеўскага на пасадзе галоўнага дабрачынца Святога Пасада, г. зн. новым Элемазінарыем Яго Святасці і Прэфектам Дыкастэрыі па міласэрным служэнні стаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін OSA, член Ордэна святога Аўгустына.

Луіс Марын дэ Сан Марцін OSA нарадзіўся 21 жніўня 1961 года ў Мадрыдзе (Іспанія).

Першыя шлюбы ў Ордэне святога Аўгустына ён склаў 5 верасня 1982 года, а вечныя — 1 лістапада 1985 года.

Прыняў святарскае пасвячэнне 4 чэрвеня 1988 года.

Атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Папскім універсітэце Камільяс у Мадрыдзе.

Займаў розныя пасады, у тым ліку фарматара семінарыі ў Лос-Негралесе (1996-1999), дарадцы правінцыі (1999-2002), настаяцеля кляштара Санта-Марыя-дэ-ла-Від (2002-2008), прафесара тэалогіі ў аўгустынскіх цэнтрах Лос-Негралеса, Сан-Ларэнца-дэ-Эль-Эскарыяла і Вальядаліда.

З 2004 года быў запрошаным лектарам на тэалагічным факультэце ў Бургасе (Паўночная Іспанія). Быў таксама генеральным архіварыусам ордэна, генеральным памочнікам аўгустынаў і рэктарам Інстытута аўгустынскай духоўнасці.

6 лютага 2021 года папа Францішак прызначыў яго намеснікам сакратара Сінода і адначасова тытулярным біскупам Сільяны.

Абноўлена 12.03.2026 22:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця