14 лістапада Папа Леў XIV развітаўся з Чыклаё — горадам, дзе восем гадоў служыў біскупам, — і накіраваўся ў перуанскія Анды, а затым у Санью, да санктуарыя святога Турыбія дэ Магравеха. На працягу дня ён разважаў пра апеку Марыі, місію евангелізацыі, сілу настойлівай малітвы і ахвярнасць пастырскага служэння. Вяртанне ў мясціны, з якімі яго звязваюць гады біскупскай працы, стала таксама нагодай падзякаваць людзям за веру, гасціннасць і ўсё, чаму яны яго навучылі.
Суботняя раніца Льва XIV у Перу пачалася ў катэдральным касцёле Найсвяцейшай Марыі ў Чыклаё. У святыні, дзе ён служыў біскупам з 2015 па 2023 год, Папа ўзначаліў набажэнства Літургіі слова і здзейсніў каранацыю фігуркі Беззаганнай Панны Марыі.
![]()
Гэты жэст стаў знакам пашаны Маці Божай за яе апеку і суправаджэнне на працягу гадоў служэння.
«Карона, якую я ўскладу на галаву нашай Пані, — гэта знак удзячнасці і сыноўняй любові, які Папа разам з вамі і ўсім Касцёлам складае Ёй»,
— сказаў Леў XIV. Звяртаючыся да вернікаў, Пантыфік прызнаўся, што рады зноў маліцца разам з імі ў катэдры, якая была сведкай першых крокаў яго біскупскага служэння.
Безабароннае Дзіця — Божы адказ чалавецтву
Разважаючы пра таямніцу нараджэння Езуса, Папа звярнуў увагу на кантраст паміж безабароннасцю Дзіцяці і цемрай, у якой жыве чалавецтва, пазначанае няпэўнасцю, гвалтам і пакутамі. «Так, безабароннае Дзіця — гэта адказ Бога чалавецтву, пагружанаму ў цемру, але прагнучаму еднасці і паяднання. Толькі Ён з’яўляецца святлом, якое асвятляе самыя патаемныя куточкі чалавечага існавання, адзіным святлом, здольным уратаваць нас ад граху і змяніць яго згубныя наступствы ў нашым асабістым і супольным жыцці», — сказаў Святы Айцец.
![]()
Езус, нараджэнне Якога стала Божым дарам для свету, адкрывае чалавеку яго сапраўдную годнасць — годнасць Божага дзіцяці, пакліканага да збаўлення і братэрства. Таму шлях да пераадолення цемры Папа бачыць не ў чалавечай сіле самой па сабе, а ў еднасці з Хрыстом.
«Ён адкрывае нам, кім мы з’яўляемся насамрэч: сынамі і дочкамі Бога, запрошанымі ўдзельнічаць у радасці Яго збаўлення, у шчасці ўсведамлення таго, што мы — браты і сёстры»,
— сказаў Папа.
Асобнае месца ў разважаннях Льва XIV займала Маці Божая. Святы Айцец нагадаў, што пашана да Беззаганнай Дзевы належыць да хрысціянскіх каранёў, якія фарміруюць тоеснасць і ўмацоўваюць веру мясцовых жыхароў. Чыклаё, заснаваны францішканскімі місіянерамі, атрымаў сваю назву ў гонар Панны Марыі.
![]()
Пантыфік заклікаў вернікаў і надалей будаваць супольнасць як адну Божую сям’ю — сям’ю, якая імкнецца да любові, спачування, прабачэння і справядлівасці.
«Маці Божая з клопатам і любоўю суправаджала гэты народ на працягу многіх пакаленняў і працягвае рабіць гэта сёння», — адзначыў ён, дадаючы, што Марыя заўсёды паказвае надзейны шлях да Езуса — «крыніцы паўнаты жыцця і праўды».
Напрыканцы набажэнства Папа звярнуўся да Багародзіцы з асабістай малітвай. Ён узгадаў, як у гады біскупскага служэння ў Чыклаё вучыўся ў Марыі быць пастырам, сустракацца з людзьмі і ўважліва ставіцца да іх патрэб. Цяпер жа даручыў яе Беззаганнаму Сэрцу сваё жыццё і служэнне як Наступнік святога Пятра, а таксама Божы народ, які пілігрымуе на гэтых землях.
Вера ў Андах: малітва, якая вядзе да дзеяння
Пасля ранішняга набажэнства Леў XIV накіраваўся на верталёце ў перуанскія Анды. Яго мэтай стала невялікае горнае мястэчка Санта-Крус-дэ-Сукчабамба, размешчанае на вышыні каля дзвюх тысяч метраў над узроўнем мора. Там Папа наведаў мясцовую парафію, прывітаў хворых вернікаў і ўзначаліў святую Імшу пад адкрытым небам.
![]()
На малітву з Пантыфікам сабраліся жыхары горных мястэчак і вёсак. Многія з іх пераадолелі доўгі шлях па цяжкапраходных сцежках, каб прыняць удзел у Эўхарыстыі.
У гаміліі Леў XIV звярнуў увагу на тое, як распаўсюджвалася хрысціянства ў гэтых аддаленых рэгіёнах. Евангелізацыя тут адбывалася не заўсёды праз гучныя падзеі або вялікія місійныя ініцыятывы, але найперш праз штодзённае жыццё паводле евангельскіх каштоўнасцяў, мясцовыя традыцыі і народную пабожнасць. Паступова вера стала неад’емнай «рысай характару і стылем жыцця, у якім ніхто не адчувае сябе адзінокім нават перад абліччам цяжкасцяў».
«Можам сказаць, што гасціннасць і радасць, уласцівыя многім рэгіёнам Анд, бяруць пачатак з павагі і любові да Божых запаведзяў і адлюстроўваюць «прагу Бога, якую могуць спазнаць толькі простыя і бедныя»,
— дадаў Папа.
![]()
Святы Айцец падзякаваў святарам, законнікам і законніцам-місіянерам, якія на працягу стагоддзяў самааддана абвяшчалі Евангелле сярод горных супольнасцяў. Асобна ён адзначыў катэхетаў і свецкіх вернікаў, якія часта бяруць на сябе адказнасць за жыццё аддаленых парафій: праводзяць Літургію слова, рыхтуюць людзей да прыняцця сакрамэнтаў, наведваюць хворых і дапамагаюць тым, хто мае патрэбу. «Без іх евангелізацыя ў гэтых аддаленых рэгіёнах была б вельмі цяжкай. Дзякуем Богу за шматлікіх свецкіх вернікаў, якія па-рознаму ўдзельнічаюць у місіянерскім абвяшчэнні Евангелля як тут, так і ва ўсім свеце», — сказаў Леў XIV.
Гэта прыклад таго, што місія Касцёла ў Андах паўстае не толькі як справа духавенства, але і як супольнае служэнне ўсіх ахрышчаных. Яна ўвасабляецца ў канкрэтных учынках, у клопаце пра бліжняга і ў штодзённым сведчанні веры.
Асаблівую ўвагу Папа прысвяціў евангельскай прыпавесці пра ўдаву, якая настойліва прасіла суддзю абараніць яе ад праціўніка (пар. Лк 18, 1–8). Леў XIV нагадаў, што гэтая гісторыя вучыць маліцца, не падаючы духам, але адначасова не заставацца абыякавымі да несправядлівасці і пакут людзей.
«Заклік, з якім удава звяртаецца да суддзі, — “Абарані мяне ад праціўніка майго”, — на жаль, і сёння застаецца без адказу на вуснах многіх мужчын і жанчын. Гэта выклікае вялікую занепакоенасць як у Касцёла, так і ў грамадства»,
— падкрэсліў Папа.
![]()
Сярод праблем, якія асабліва закранаюць мясцовае насельніцтва, ён назваў вымушаную міграцыю ў вялікія гарады, зніжэнне нараджальнасці і апусценне вёсак, а таксама несправядлівае размеркаванне выгод ад выкарыстання прыродных рэсурсаў. Пантыфік выказаў спачуванне людзям, якія вымушаныя пакідаць родныя мясціны ў пошуках працы і лепшых умоў жыцця.
Аднак цяжкасці, паводле яго слоў, не павінны станавіцца прычынай расчаравання, крыўды або гвалту. Прыклад удавы паказвае іншы шлях — настойлівую малітву, цярпенне і рашучасць патрабаваць пераменаў.
«Удава з прыпавесці паказвае нам, што эгаізм, несправядлівасць і зло перамагаюцца не жорсткасцю, а малітвай, цярпеннем і настойлівасцю ў выкрыванні таго, што з’яўляецца няправільным. Трэба рашуча патрабаваць неабходных зменаў і самааддана працаваць дзеля іх ажыццяўлення, ніколі не губляючы даверу да Бога»,
— заклікаў Леў XIV.
![]()
Папа звярнуў увагу і на сувязь паміж верай, малітвай і штодзённай працай. Ён пахваліў земляробаў, гандляроў і дробных прадпрымальнікаў, якія дзякуючы ўласнай ініцыятыве ствараюць годныя працоўныя месцы і служаць мясцовым супольнасцям.
«Паміж верай, малітвай і дзейнасцю існуе цесная сувязь. Дзе ёсць вера, там ёсць малітва, а дзе ёсць малітва, там ёсць здольнасць прысвячаць сябе іншым»,
— сказаў Пантыфік. Менавіта вера, паводле яго слоў, дазваляе людзям, нягледзячы на цяжкасці, ставіць перад сабой вялікія мэты і будаваць смелыя планы.
![]()
Завяршаючы гамілію, Леў XIV запэўніў жыхароў Анд, што Бог ведае іхнія клопаты, цяжкасці і надзеі і не пакідае іх сам-насам з выпрабаваннямі:
«Калі душа блукае без мэты, Ён становіцца дарогай. Калі нестае сіл, Ён становіцца ежай. Калі надыходзіць расчараванне, Ён падтрымлівае надзею».
Гэтыя словы сталі асаблівым пасланнем для людзей, жыццё якіх часта звязана з цяжкай працай, аддаленасцю ад вялікіх гарадоў і абмежаванымі магчымасцямі. Папа не абяцаў ім лёгкіх рашэнняў, але нагадаў пра прысутнасць Бога і сілу веры, якая дапамагае не спыняцца перад перашкодамі.
У санктуарыі святога Турыбія: «Вы сталі часткай Божага адказу на маю малітву»
Пасля вяртання ў Чыклаё Леў XIV накіраваўся ў мястэчка Санья, размешчанае прыкладна за 50 кіламетраў ад горада. Там знаходзіцца санктуарый святога Турыбія дэ Магравеха — другога арцыбіскупа Лімы і аднаго з найбольш значных місіянераў у гісторыі Касцёла ў Лацінскай Амерыцы.
![]()
Менавіта ў Санье святы Турыбій памёр 23 сакавіка 1606 года падчас пастырскай візітацыі. У 2026 годзе адзначаецца 300-годдзе яго кананізацыі. У санктуарыі Папа разам з мясцовай супольнасцю прыняў удзел у закрыцці Юбілейнага года, прысвечанага гэтай гадавіне.
Для Льва XIV гэтая сустрэча мела асаблівае асабістае значэнне. Ён прызнаўся, што вельмі чакаў магчымасці зноў убачыць людзей, сярод якіх прайшла важная частка яго пастырскага шляху. Пантыфік падзякаваў ім за веру, гасціннасць і сведчанне хрысціянскага жыцця, а таксама за тое, што яны зноў далі яму адчуць сябе дома.
![]()
Папа распавёў пра ноч напярэдадні пачатку свайго біскупскага служэння ў Чыклаё — яна прайшла ў малітве ў санктуарыі святога Турыбія. Тады ён прасіў праз заступніцтва святога ласкі стаць пастырам паводле Божага сэрца.
«Тады я яшчэ не ведаў усяго таго, што мяне чакае, і нават не ўяўляў, колькі атрымаю ад вас»,
— прызнаўся Леў XIV.
![]()
Святы Айцец з усмешкай узгадаў мясцовую гасціннасць і нават стравы, якімі яго частавалі падчас біскупскага служэння: «Дзякую за тое, што вы сустрэлі мяне з уласцівай вам радасцю і гасціннасцю, за шматлікія праявы прыхільнасці, а таксама за смачныя стравы, якія вы з такой стараннасцю падрыхтавалі для мяне. Гэтыя такія знаёмыя смакі таксама нагадалі мне пра цудоўныя хвіліны, праведзеныя тут. Дзякую, што зноў даяце мне адчуць сябе дома».
Любоў пастыра вымяраецца гатоўнасцю ісці да людзей
Разважаючы пра святога Турыбія, Папа звярнуў увагу не толькі на яго місіянерскую дзейнасць, але і на гатоўнасць пераадольваць вялікія адлегласці дзеля даручаных яму людзей.
«Яго жыццё нагадвае нам, што любоў пастыра выяўляецца таксама ў тым, на якія фізічныя і духоўныя адлегласці ён гатовы адправіцца, каб абвяшчаць Езуса Хрыста»,
— сказаў Святы Айцец.
Спадчынай святога місіянера і біскупа стала вера шматлікіх супольнасцяў, а таксама самаадданасць тых, хто пайшоў яго слядамі, несучы Евангелле ў самыя аддаленыя мясціны. Леў XIV адзначыў, што за гады служэння ў Чыклаё яму выпала ласка пазнаёміцца з многімі з гэтых людзей.
![]()
Звяртаючыся да сучасных праблем мясцовай супольнасці, Папа не абмінуў цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца сучасныя перуанскія сем’і. Ён выказаў занепакоенасць трывогамі і дыскрымінацыяй, якія пагражаюць людзям і іх магчымасці жыць і працаваць у спакоі. «Я ведаю, што многія сем’і ў гэтым краі церпяць з-за злачыннасці, вымагальніцтва і адсутнасці бяспекі. Мяне засмучае думка пра тых, хто жыве ў страху, пра людзей, чыя сумленная праца знаходзіцца пад пагрозай, і пра тых, хто па-ранейшаму церпіць ад дыскрымінацыі», — сказаў Святы Айцец.
Леў XIV запэўніў, што памятае гэтых людзей у сваёй малітве і просіць Пана адарыць іх супакоем. Але ён не абмежаваўся словамі спачування: Пантыфік заклікаў вернікаў захоўваць еднасць і браць адказнасць за бліжніх.
«Я нясу іх у сваёй малітве і прашу Пана адарыць іх такім неабходным ім супакоем. Прашу вас захоўваць еднасць, клапаціцца адно пра аднаго і ніколі не прызвычайвацца да цярпення іншых людзей. Заўсёды знойдзецца нехта, каму мы можам дапамагчы, чалавек, якога варта выслухаць, сям’я, якую можна падтрымаць»,
— дадаў Пантыфік.
![]()
Гэты заклік Папа скіраваў да ўсёй супольнасці, але асобна звярнуўся да розных груп вернікаў:
- святароў ён заахвоціў падтрымліваць штодзённае сяброўства з Езусам Хрыстом, з любоўю цэлебраваць сакрамэнты і заставацца побач з даручаным ім Божым народам;
- бацькам і пажылым людзям нагадаў пра адказнасць перадаваць веру наступным пакаленням;
- моладзь заклікаў адкрыць сэрцы Богу, які мае цудоўнае пакліканне для кожнага чалавека.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV зноў вярнуўся да той ночы ў санктуарыі святога Турыбія, калі напярэдадні пачатку біскупскага служэння прасіў Бога навучыць яго быць добрым пастырам. Цяпер, азіраючыся на гады, праведзеныя ў Чыклаё, ён убачыў адказ на тую малітву ў людзях, якіх сустрэў, у іх веры, любові і сведчанні.
«У тую ноч я прасіў Пана навучыць мяне быць пастырам. Сёння, азіраючыся на мінулыя гады, разумею, што вы сталі часткай Божага адказу на гэтую малітву. Таму хачу ад усяго сэрца падзякаваць вам. Дзякую за вашу веру, прыхільнасць і за ўсё, чаму вы навучылі мяне ў тыя гады»,
— сказаў Папа.
![]()
Ён адзначыў, што цяпер, калі Пан даручыў яму апеку над паўсюдным Касцёлам, зноў просіць аб той самай ласцы — быць пастырам паводле Божага сэрца. «Усведамляючы, як шмат мне яшчэ трэба навучыцца», Пантыфік папрасіў мясцовую супольнасць працягваць маліцца за яго, як яна рабіла гэта раней.




