
Сваімі разважаннямі на тэму паклікання ў матэрыяле EWTN News дзеліцца амерыканскі дыякан, член Папскай камісіі па вывучэнні пытання дыяканату жанчын, доктар філасофіі Дамінік Чэрата.
Калі мы чуем слова «пакліканне», нашы думкі часта хутка пераключаюцца на адну праблему: патрэба ў большай колькасці святароў. Аднак якім бы важным гэта ні было, такі падыход можа ненаўмысна звузіць наша бачанне. Бо пакліканне — гэта перадусім не выкананне роляў у Касцёле, а адказ на заклік, які папярэднічае кожнай ролі.
На самым глыбокім узроўні пакліканне — гэта не проста задача, якую трэба выканаць, ці пасада, якую трэба заняць. Гэта заклік, які паходзіць ад самога Бога, які запрашае кожнага чалавека да жывых, асабістых зносін з ім.
Слова (англ. vocation) паходзіць ад лацінскага vocare («клікаць»), і гэты боскі заклік ніколі не бывае абстрактным. Бог кліча кожнага па імені, запрашаючы чалавечае сэрца да камуніі з Сабой праз Езуса Хрыста, які паказвае і аблічча Айца, і паўнату таго, што значыць быць чалавекам.
З гэтага пункту гледжання пакліканне — гэта не столькі знешняя дзейнасць, колькі ўнутраныя зносіны. Ці гэта будзе пакліканне да сужэнскага жыцця, ці да святарства, да дыяканства, да кансэкраванага манаскага жыцця або да шчодрай вернасці адзінокага жыцця ў свеце, кожнае пакліканне накіраванае да адной мэты: глыбокага і цеснага яднання з Хрыстом. Разнастайнасць пакліканняў адлюстроўвае багацце Касцёла, які, як Цела Хрыста, выконвае сваю місію праз мноства жыццёвых станаў. Аднак гэта разнастайнасць не з'яўляецца фрагментацыяй. Гэта гармонія, падобная да мноства галасоў, аб'яднаных у адным гімне хвалы, кожны з якіх розны, але аб'яднаны любоўю Хрыстовай.
Аднак часам мы рызыкуем разумець пакліканне вузка, аднамерна, зводзячы яго да мінімуму і зацямняючы яго праўдзівы сэнс. Гэта звужэнне часта адбываецца ў трох важных аспектах.
Аснова паклікання — любоў
Па-першае, мы часта не ўсведамляем таго, чаму надзіва ясна вучыў Папа Ян Павел II: самае фундаментальнае і прыроджанае пакліканне кожнага чалавека — гэта пакліканне да любові (Redemptor Hominis, 10). Вось што ён піша:
«Чалавечае жыццё немагчымае без любові. Чалавек застаецца сам для сябе істотай незразумелай, а жыццё яго — пазбаўленым сэнсу, калі яму не аб’явіцца любоў, калі ён не дакранецца да яе, не засвоіць яе сабе так ці інакш, калі не пачне па-сапраўднаму ўвасабляць яе ў жыццё».
Гэта ўніверсальнае пакліканне, якое караніцца ў нашым стварэнні на вобраз і падабенства Божае. Перш чым будзе распазнана якое-небудзь канкрэтнае пакліканне, на моцы хросту кожны чалавек ужо пакліканы да самаахвярнага жыцця, да любові вернай, ахвярнай і жыватворчай, да ўдзелу ў самой любові Хрыстовай. Гэты ўніверсальны заклік не з'яўляецца нейкім дадатковым вымярэннем чалавечага існавання; ён закладзены ў самой структуры чалавека і знаходзіць сваё спаўненне толькі ў камуніі з Богам.
У той жа час гэта ўсеагульнае пакліканне канкрэтна выяўляецца праз асаблівы заклік. Адзін пакліканы да сужэнства, дзе любоў Хрыстова становіцца бачнай у запавеце паміж мужам і жонкай; другі — да святарства, сакраментальна суаднесенага з Хрыстом-Галавой і Пастырам; трэці — да дыяканства, якое ўвасабляе Хрыста-Слугу; чацвёрты — да кансэкраванага жыцця, якое сведчыць аб эсхаталагічным Валадарстве; яшчэ нехта — да пасвячанага жыцця ў адзіноце, прысвечанага служэнню.
Гэтыя асаблівыя пакліканні не з'яўляюцца альтэрнатывай закліку да любові, а ўяўляюць сабой яго канкрэтную рэалізацыю.
Калі яны пражываюцца з верай, падтрымліваюцца ласкай і сілкуюцца малітвай, яны становяцца шляхам, дзякуючы якому ўніверсальнае пакліканне дасягае свайго спаўнення, а менавіта, вечнай камуніі з Богам на нябёсах.
Пакліканні нараджаюцца ў сем'ях
Па-другое, мы часта выпускаем з-пад увагі глыбокую ўзаемасувязь паміж пакліканнямі. Ніводнае пакліканне не існуе ізалявана. Святар не з'яўляецца з ніадкуль, і кансэкраваная асоба не адарваная ад чалавечай гісторыі. Пакліканні нараджаюцца ў жыцці сям'і, «хатняга Касцёла». Менавіта ў сям'і ўпершыню спасцігаецца вера, упершыню пазнаецца любоў і ўпершыню закладваецца насенне паклікання.
У гэтым святле цяперашняе змаганне з недахопам святарскіх і манаскіх пакліканняў не можа разглядацца толькі як няўдача ў наборы або заахвочванні. У больш глыбокім сэнсе недахоп з'яўляецца сімптомам папярэдняга аслаблення самой сям'і.
Калі стабільнасць сужэнскага саюзу падрываецца, калі сведчанне вернай, ахвярнай любові затуманьваецца, калі малітва перастае быць цэнтральнай часткай сямейнага жыцця, глеба, на якой растуць пакліканні, становіцца тонкай і кволай.
Культура, якая больш не разумее важнасці адданасці, непазбежна будзе адчуваць цяжкасці з фарміраваннем пакліканняў, якія патрабуюць пажыццёвай вернасці.
І наадварот, там, дзе сем'і ўкаранёныя ў Хрысце, дзе Эўхарыстыя займае цэнтральнае месца, дзе практыкуецца прабачэнне і праяўляецца на практыцы любоў, пакліканні ўзнікаюць амаль натуральным чынам. Дзеці, выхаваныя ў такім асяроддзі, часта без усялякіх тлумачэнняў, вучацца таму, што жыццё — гэта дар, прызначаны для таго, каб яго давалі. На гэтай глебе пакліканне да святарства або манаскага жыцця ўспрымаецца не як нешта дзіўнае ці цяжкае, а як выдатны і гарманічны працяг таго, што ўжо было перажыта ў сям'і.
Святасць — гэта сэрца паклікання
Па-трэцяе, наша малітва аб пакліканнях сама па сабе можа быць абмежаванай. Мы справядліва молімся аб павелічэнні колькасці пакліканняў, і гэта застаецца неабходнай і неадкладнай інтэнцыяй (пар. Мц 9, 38). Аднак, калі наша малітва абмяжоўваецца толькі лікам, мы рызыкуем упусціць нешта больш фундаментальнае: заклік да вернасці ў кожным пакліканні.
Касцёлу трэба не проста больш пакліканняў — яму патрэбныя святыя пакліканні, мужчыны і жанчыны, якія жывуць сваім пакліканнем з сумленнасцю, настойлівасцю і любоўю.
Таму маліцца аб пакліканнях — значыць маліцца аб тым, каб мужы і жонкі заставаліся вернымі сваім абяцанням, каб святары служылі з пастырскай любоўю, каб дыяканы ўвасаблялі Хрыста-Слугу, каб кансэкраваныя асобы жылі сваім пасвячэннем з радасцю і каб усе ахрышчаныя шчодра адгукаліся на ласку. Вернасць сама па сабе з'яўляецца магутным сведчаннем. Верны шлюб, радаснае святарства, пакорлівае дыяканскае служэнне або кансэкраванае жыццё, поўнае ззяння, становяцца жывым запрашэннем, якое заахвочвае іншых спытаць, як зрабіць такое жыццё магчымым.
Адраджэнне культуры паклікання
Як Касцёл можа больш эфектыўна дапамагаць вернікам адкрываць і рэалізоўваць сваё пакліканне з улікам усяго згаданага?
Па-першае, неабходна зноў засяродзіцца на ўнутраным жыцці. Пакліканне распазнаецца не столькі праз знешнюю дзейнасць, колькі праз малітву.
Па-другое, Касцёл павінен умацоўваць сям'ю як асноўнае месца зараджэння пакліканняў. Гэта ўключае ў сябе падтрымку сужэнстваў, прапанову фармацыі для бацькоў і стварэнне культуры, у якой дзеці бачаць, як любоў праяўляецца ў вернасці.
Абнаўленне пакліканняў наступіць услед за абнаўленнем сям'і.
Па-трэцяе, неабходна мэтанакіраваная падтрымка. Пакліканне рэдка распазнаецца ў ізаляцыі. Духоўныя кіраўнікі, ментары і пастыры іграюць вырашальную ролю ў тым, каб дапамагчы людзям распазнаць Божы заклік і адгукнуцца на яго. Культура падтрымкі дазваляе адкрыта і без страху задаваць пытанні аб пакліканні.
Па-чацвёртае, сведчанне радаснай вернасці павінна быць бачным.
Калі пакліканне выконваецца годна, яно становіцца прывабным.
Моладзь, у прыватнасці, прыцягваюць не абстрактныя аргументы, а прыгажосць жыцця, якое аддаецца напоўніцу.
У рэшце рэшт, пакліканне — гэта не выбар аднаго шляху з многіх. Гэта адказ на заклік Таго, Хто кліча. І ў гэтым адказе чалавечае сэрца адкрывае сваю найглыбейшую сутнасць і сваё навышэйшае прызначэнне: жыць у любові Хрыстовай, цяпер і назаўсёды.







