Пошук

14.02.2026 14:03   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: slushna.by

14 лютага, калі паўсюдна адзначаецца Дзень закаханых або Дзень святога Валянціна, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе зварот да моладзі і да ўсіх закаханых.

Арцыбіскуп Станеўскі да моладзі і не толькі… Да закаханых!

«Любоў і праўда — вечныя святыні»

Мае любыя і дарагія браты і сёстры!

Вось ізноў усе загаварылі пра «дзень закаханых». Такое ўражанне, што гаворка ідзе пра падзею «сусветнага маштабу».

Напэўна, не хапіла б фарбаў і фантазіі мастакоў на тое, каб адлюстраваць, колькі чалавечае сэрца вытрывала, колькі разоў прабачала, колькі разоў замірала, каб потым зноў біцца для любага чалавека: жонкі, мужа, бацькоў і дзяцей, а мы, хрысціяне, дадаем: для брата і сястры.

Праўда, сёння, 14 лютага, Каталіцкі Касцёл ушаноўвае святых Кірыла і Мятода, якія нам на зразумелай мове прыблізілі змест і цану сапраўднай Хрыстовай любові «ажно да ахвяры з жыцця за іншага» — нас з вамі. Сапраўды, святыя Кірыл і Мятод больш блізкія па духу прадстаўнікам славянскіх народаў, бо шмат зрабілі для прыняцця веры нашымі продкамі. Аднак, святы Валянцін разам з агульнапрынятым звычаем віншаваць і рабіць падарункі любай асобе ў гэты дзень надалей займае сваё пачэснае месца. Важна, каб і новая моладзевая традыцыя, і звычаі знайшлі водгук у сэрцах сённяшняй моладзі ―

«Мера любові — любоў без меры!»

Карабель з ветразямі ляціць па хвалях дзякуючы павевам ветру. Маракі выстаўляюць ветразі, каб выкарыстаць сілу ветру, дагэтуль нябачную і непатрэбную, а для кагосьці, хто вымушаны ёй супраціўляцца, наогул варожую, але якая дапамагае цяжкаму караблю імчаць наперад. Дзякуючы дакладнай навуцы навігацыі неўпарадкаваная стыхія ператвараецца ў карысную энергію, якая дапамагае вандроўнікам на моры дасягнуць мэты. Так разважаюць людзі гэтага свету. Мы ж, хрысціяне, кажам:

«Бог дае вецер, а нашае заданне — адпаведна распавіць ветразі».

У «дзень закаханых» варта выкарыстаць гэты стыхійны павеў пачуццяў належным чынам, а не супрацьстаяць, не змагацца з ім.

Гэта нагода прапанаваць моладзі скіраваць моц сваіх пачуццяў на дабро, запрасіць юнакоў і дзяўчат, а таксама і дарослых, да малітвы за дарагога сэрцу чалавека, за таго, каго любім, каго кахаем, хто проста нам падабаецца… Старэйшыя жа кажуць:

«Любіць не той, з кім жывеш, а той, з кім паміраеш».

У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца размова з жанчынай, якая выказала такое меркаванне: «Я з маленства, як навучыла мне бабуля, няспынна малілася аб добрым мужы. Дзякаваць Богу, Ён мае малітвы выслухаў. А вось мой муж хіба што не маліўся ў гэтай інтэнцыі…»

Браты і сёстры. Папа Леў XIV заклікае нас ісці разам з моладдзю, прыслухоўвацца да яе меркаванняў, спазнаваць тое, што яе цікавіць. Мяркую, дзень святога Валянціна дае нам, дарослым і людзям Касцёла, шанец быць бліжэй да моладзі.

Гэта не азначае, што нам трэба ісці з юнакамі і дзяўчатамі на дыскатэку ці ў кавярню (хаця і гэта не забаронена). Дастаткова проста разам з імі памаліцца за дарагога сэрцу чалавека; разам папрасіць Бога, каб яны не спазналі расчаравання і болю ў сваіх лепшых пачуццях.

Варта памаліцца таксама і за сябе, каб у шчырых адносінах з Богам дакрануцца да Яго Боскай любові, каб яна ўмацавала нашу чалавечую любоў. Гэтаму, напэўна, паспрыяюць сімпозіумы і лекцыі, сустрэчы і круглыя сталы не толькі з удзелам людзей Касцёла, але і іншых спецыялістаў у галіне чалавечых адносінаў.

Дзякуй Богу, сёння ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца нямала ініцыятываў па душпастырстве моладзі. І пры нагодзе хачу падзякаваць усім, хто клапоціцца пра выхаванне дзяцей і моладзі. Важна, мае дарагія, каб тэмы, якія мы закранаем на катэхэзах ці сустрэчах, сапраўды адпавядалі зацікаўленасці маладых.

Няхай малітва за каханага або каханую спадарожнічае пачуццям сэрца і дапаможа скіраваць іх павеў у ветразі, якія па жыццёвых хвалях панясуць наперад, да мэты

«сапраўднай і чыстай Любові, якая ніколі не прамінае».

З любоўю і малітвай за Вас

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 14.02.2026 23:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа