Пошук

09.10.2026 19:10   Тэкст і фота: Прэс-служба ККББ / Catholic.by

Працягваецца пасяджэнне прадстаўнікоў канферэнцыі біскупаў у Рыме на тэму сям'і. Тэма трэцяга дня разважанняў, 9 кастрычніка, прысвечана моладзі — будучыні Касцёла, грамадства і дзяржавы. У сустрэчы прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі — зямля з глыбокай гісторыяй веры — сёння перажывае ўнікальныя, але ў той жа час складаныя выклікі. Тэма трэцяга дня сустрэчы біскупаў у Рыме — моладзь і адкрыццё паклікання да хрысціянскага (каталіцкага) шлюбу — трывожыць і адначасова натхняе пастырскае сэрца.

Каб зразумець нашу сітуацыю, уявім сабе маладога чалавека ў сучаснай Беларусі. З аднаго боку, ён жыве ў грамадстве з глыбокімі хрысціянскімі каранямі, дзе сям'я традыцыйна лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю. З іншага боку, наша моладзь знаходзіцца ў эпіцэнтры дэмаграфічных і сацыяльна-культурных перамен. Страх перад доўгатэрміновымі абавязальніцтвамі і моцны ціск знешняга секулярнага свету прымушаюць маладых людзей адкладаць шлюб «на потым» ці зусім выбіраць сужыццё без шлюбу.

Галоўны выклік для моладзі сёння — гэта страх перад словам «назаўсёды». Моладзь баіцца канчатковых рашэнняў, таму што свет вакол іх здаецца занадта далікатным і зменлівым.

Як адказвае на гэта Касцёл ў Беларусі? Мы дайшлі да высновы, што традыцыйнай перадшлюбнай катэхізацыі — за некалькі тыдняў да шлюбу — сёння ўжо недастаткова. Мы маем перайсці да «катэхуменату сямейнага жыцця». Наш пастырскі досвед засяроджаны на трох галоўных кроках:

  • Школа хрысціянскай сям'і: Гэта прасторы, дзе маладыя людзі могуць бачыць жывое сведчанне шчаслівых хрысціянскіх пар, якія святкуюць юбілеі 25 і 50 гадоў сумеснага жыцця. Моладзі патрэбны не проста лекцыі аб дагматах, ім патрэбны «іконы» шчаслівага шлюбу з плоці і крыві.
  • Суправаджэнне ў перыяд закаханасці (заручыны): Уменне адрозніваць эмацыянальную закаханасць ад сталага кахання як дару. Святар дапамагае зразумець маладым людзям, што сужэнства — гэта не проста прыгожы абрад або традыцыя, а сакрамэнт, у якім сам Хрыстус становіцца архітэктарам іх саюза.
  • Загойванне ран: Некаторыя маладыя людзі паходзяць з няпоўных або няшчасных сем'яў. Іх уяўленне аб шлюбе скажонае, і менавіта таму яны найчасцей не заключаюць сужэнства перад алтаром Пана. Аднак, сужэнства — гэта не проста прыгожы абрад або традыцыя, а сакрамэнт, у якім сам Хрыстус становіцца архітэктарам іх саюза. Касцёл у Беларусі імкнецца стаць для іх духоўным шпіталем, які вяртае давер да інстытута сям'і праз Божую міласэрнасць.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, наша моладзь прагне сапраўднага, чыстага і вернага кахання. Маладыя людзі не шукаюць аблегчанага Евангелля. Калі мы прапануем ім радыкальную прыгажосць хрысціянскага шлюбу — не як цяжар, а як шлях да сапраўднага шчасця і святасці — яны адгукаюцца. Святы Ян Павел ІІ, сябра і апякун моладзі, некалі сказаў: «З кім павядзешся — ад таго і набярэшся». Таксама Ён казаў: «Чалавек — гэта дарога Касцёла».

Разважаючы пра нашу каталіцкую моладзь, мы можам сказаць: Малады чалавек — гэта дарога для сваіх сяброў, да адпаведнага зразумення сакрамэнту сужэнства. А калі дарога, то і напрамак, які вядзе да мэты — моцная сям’я, моцнае грамадства, шчаслівая сям’я, шчаслівае грамадства.

Нароўні з малітвай аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, мы молімся за моладзь Беларусі, каб па прыкладзе Святой Сям'і з Назарэту ўмацоўвалася іх вера і каб маладыя людзі мелі мужнасць сказаць перад Богам, парафіяльнай супольнасцю, бацькамі і роднымі а таксама сябрамі сваё смелае «Так!» у сакрамэнце сужэнства перад алтаром Пана.

Абноўлена 09.10.2026 19:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа