
У аўторак, 13 кастрычніка, удзельнікі ватыканскай сустрэчы, прысвечанай 10-годдзю «Amoris laetitia» падзякавалі Святому Айцу за тое, што ён ініцыяваў сустрэчу і заахвоціў прыслухоўвацца да сем'яў і да шляху, якім ідуць мясцовыя Касцёлы.
Місія пачынаецца дома
Апошні дзень у Зале Паўла VI быў прысвечаны тэме «Хрысціянскія сем'і — суб'екты місіі Касцёла». На сустрэчы, якая сабрала прадстаўнікоў Усходніх Касцёлаў і старшынь біскупскіх канферэнцый, а таксама сужэнскія пары і экспертаў, кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, нагадаў, што місійны імпульс закладзены ў самой сужэнскай любові: ён пачынаецца з перадачы веры ў сям'і і найпаўней выяўляецца ў сведчанні сапраўднай любові.
«Праз сваю жывую веру сем'і могуць несці пяшчоту Хрыста тым, хто адзінокі або чыё жыццё пазначылі слабасць і цяжкасці»,
— сказаў амерыканскі іерарх.
Кардынал Пратазі Ругамбва, арцыбіскуп Табора ў Танзаніі, заклікаў бачыць у сем'ях не проста адрасатаў душпастырства, а актыўных удзельнікаў місіі. У Афрыцы, расказаў ён, уяўленне пра Касцёл як сям'ю нарадзіла моцнае пачуццё прыналежнасці і гатоўнасць служыць разам.
Ва Усходняй Афрыцы з 1970-х гадоў дзейнічаюць Малыя хрысціянскія супольнасці, і парафіі там ператварыліся ў «сям'ю сем'яў», дзе вернікі не чужыя адно аднаму. У гэтых супольнасцях з'явіліся розныя служэнні свецкіх — напрыклад, у справах сакрамэнтаў, здароўя сям'і ці моладзі, – і праз іх сужэнскія пары ўключыліся ў жыццё і місію Касцёла. Сама канцэпцыя Касцёла як сям'і, нагадаў кардынал, прапаноўваў яшчэ Ян Павел II у Ecclesia in Africa.
Евангелле ў штодзённасці

Веранік Ланшан, нацыянальная дэлегатка Канферэнцыі Біскупаў Францыі па душпастырстве сям'і, назвала ўклад сем'яў незаменным і падкрэсліла, што ён палягае найперш не ў тым, што яны робяць, а ў тым, якія яны ёсць.
Калі Евангелле праступае ў штодзённых адносінах, жэстах і выпрабаваннях, сем'і робяць бачнай любоў Хрыста да Касцёла. Каб расці ў любові разам, сужэнцам патрэбныя дыялог, прабачэнне, цярплівасць і ўзаемная пашана.
Сям'я, паводле слоў Ланшан, — першае месца, дзе чалавек вучыцца ўважлівасці да іншага, і месца безумоўнага прыняцця. Калі ж сем'і прызнаюць сапраўднымі ўдзельнікамі місіі, яны дапамагаюць самому Касцёлу стаць больш сінадальным і місійным.
Святы Айцец: без моцных сем’яў свет не мае будучыні

14 кастрычніка на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбылася святая Імша, якая завяршыла сустрэчу, прысвечаную 10-годдзю апостальскай адгартацыі Папы Францішка пра сям’ю «Amoris laetitia». Цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Луіс Антоніа Тагле, дэкан Калегіі кардыналаў, які зачытаў гамілію, падрыхтаваную Львом XIV.
Чалавек пачынае вучыцца любові ў дзяцінстве
Пантыфік нагадаў у сваім тэксце, што падрыхтоўка да сужэнства не пачынаецца за некалькі месяцаў да шлюбу, але ўжо ў маленстве, калі чалавек вучыцца любіць, прабачаць і браць адказнасць за іншага .
«Папа Францішак адзначаў у гэтай сувязі, што "вучэнне любові не з’яўляецца нейкай імправізацыяй, і не можа абмяжоўвацца кароткімі перадсужэнскімі курсамі". Ён тлумачыў: "на самой справе, кожны рыхтуецца да сужэнства з моманту свайго нараджэння", і ўсё, што малады чалавек перажывае ў сям’і, павінна дапамагаць "рабіць здольным да прыняцця поўнага і канчатковага абавязацельства"», — напісаў Леў XIV.
Святы Айцец адзначыў, што «сямейная любоў – канкрэтная, не пазбаўленая цяжкасцяў, памылак і няўдач, але адначасова цудоўная ў сваёй непрадказальнай штодзённасці — становіцца першай школай пачуццяў, першым каштоўным і незаменным вопытам навучання «радасці любові».
Сведчанне сем’яў

Папа заклікаў «цаніць і падтрымліваць намаганні шматлікіх сем’яў, якія ў нашых гарадах і мястэчках дзень за днём жывуць сваім пакліканнем і місіяй, без шуму і публічнасці, але часам з гераічнай вернасцю». «Яны даюць шчодры і зразумелы для ўсіх адказ на словы Езуса, якія мы пачулі ў Евангеллі: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16), — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў таксама, што «дзякуючы сведчанню гэтых бацькоў, дзяцей, бабуль і дзядуль, маладых і старэйшых, малых і вялікіх, пасланне Евангелля, якое нясе праўду і паўнату жыцця, дзейсна распаўсюджваецца ў свеце».
Касцёл – сям’я сем’яў
Леў XIV таксама падкрэсліў, што Касцёл павінен быць «сям’ёй сем’яў» — супольнасцю, у якой кожны можа знайсці падтрымку, асабліва маладыя сужонкі, бацькі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выхаванні дзяцей, пажылыя людзі і тыя, хто перажывае крызіс або знаходзіцца ва ўразлівым становішчы.
«Якой бы параненай ні была сям’я, яна заўсёды можа ўзрастаць, абапіраючыся на любоў»,
— адзначыў Папа.
Сям’я – асаблівае месца малітвы

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць супольнай малітвы ў сям’і. «На жаль, трэба прызнаць, што сёння ў многіх частках свету значна аслабла традыцыя супольнай малітвы ў сямейным коле — перад ежай, на пачатку і ў канцы дня або ў асаблівых выпадках», — напісаў ён.
«Супольная малітва і сакрамэнты адыгрываюць вельмі важную ролю ў сямейным жыцці, бо, адкрываючы сэрцы на дзеянне Бога, дазваляюць разам дасягнуць таго, чаго нельга было б дасягнуць самастойна. Яны з’яўляюцца трывалай пасілкам і гаючым лекам. Таму сардэчна заклікаю ўсіх нанова адкрыць для сябе гэтую практыку і спрыяць яе пашырэнню»,
— падкрэсліў Папа.
Без моцных сем’яў свет не мае будучыні
Папа назваў сям’ю сапраўдным маяком для ўсяго чалавецтва і галоўнай захавальніцай каштоўнасцяў адкрытасці да жыцця і павагі да яго — ад зачацця да натуральнай смерці. «Без моцных сем’яў, адкрытых на дар дзяцей і ўважлівых да іх выхавання і развіцця, у свету няма будучыні», — падкрэсліў Святы Айцец.


















