Пошук

02.10.2026 10:14   Аляксандр Панчанка / Tiziana Campisi / Vatican News / Catholic.by

Фота: www.vaticannews.va

1 кастрычніка папа Леў XIV адкрыў у Ватыканскіх садах сусветны тыдзень малітвы ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца Ружанец». Разам з дзецьмі ён памаліўся за мір і заклікаў іх спалучаць малітву з добрымі ўчынкамі і жэстамі любові. 

1 кастрычніка ў Ватыканскіх садах Пантыфік памаліўся Ружанец за мір разам з больш чым сямюстамі дзецьмі з рымскіх школ і парафій. Да іх духоўна далучыліся дзеці, сем’і, школы і каталіцкія супольнасці з усяго свету. Усяго падчас малітвы каля Грота Люрда прысутнічалі каля 1300 чалавек.  

Малітва стала пачаткам сусветнага тыдня ў межах ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца Ружанец», якую ўжо больш за 20 гадоў праводзіць папская фундацыя «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (ACN).

Ініцыятыва нарадзілася ў 2005 годзе ў Каракасе, у Венесуэле, і была натхнёна словамі айца Піо: «Калі мільён дзяцей будуць разам маліцца Ружанец, свет зменіцца».

Але тое, што Леў XIV адкрывае сёлета з многімі дзецьмі, — гэта новае выданне. Бо ўпершыню кампанія праходзіць на працягу цэлага тыдня, з сённяшняга дня да 7 кастрычніка, свята Маці Божай Ружанцовай, каб дазволіць дыяцэзіям, парафіям, школам, супольнасцям і сем’ям на розных кантынентах выбраць найбольш зручны дзень, але застаючыся аб’яднанымі ў адной малітоўнай інтэнцыі за мір і еднасць, як тлумачыць Пантыфік, ледзь прыйшоўшы да дзяцей. 

Перад сустрэчай з Папам 

Дзеці пачалі збірацца ў Ватыканскіх садах яшчэ ў сярэдзіне дня. Пакуль сонца асвятляла алеі і жывыя платы, яны ўдзельнічалі ў спецыяльнай фармацыйна-гульнявой праграме. Ім распавялі гісторыю Бэрнадэты Субіру — «простай дзяўчыны з беднай сям’і», якой у гроце Масаб’ель у Люрдзе з’явілася Маці Божая і папрасіла маліцца Ружанец. 

Дзеці таксама даведаліся, як уладкавана ружанцовая карона з 59 зернямі і як ёю карыстацца. Перад пачаткам малітвы разам з бацькамі, сваякамі, суправаджаючымі і святарамі яны рыхтаваліся да сустрэчы з Папам і засяроджваліся на асабістых інтэнцыях. 

«Падумайце зараз пра чалавека, за якога вы хочаце памаліцца, — прапанавалі ім. — Можа, гэта дзіця, якое жыве сярод вайны. Хворы чалавек. Ваша сям’я. Хтосьці сумны ці адзінокі. Хтосьці, хто мае патрэбу ў міры». 

«Так расце мір!» 

Леў XIV прыбыў да Грота Люрда крыху раней за 18.00. Адно з дзяцей паднесла яму букет кветак. Папа разам з дзіцем аднёс яго да алтара і паклаў каля ног Маці Божай. 

Потым да Пантыфіка, які сядзеў каля грота, падышла сям’я. Яму падарылі ружанец, кніжачку-дапаможнік для дзяцей, падрыхтаваную фундацыяй «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», і закладку. 

Святы Айцец распачаў сустрэчу з дзецьмі з простай размовы. «Я сапраўды шчаслівы быць з вамі», — сказаў Папа. А потым спытаў:

«А вы, дзеці, скажыце мне: вы задаволены? Вы задаволены, што вы тут?» У адказ прагучала дружнае і жывое «так». 

Перад пачаткам Ружанца Леў XIV растлумачыў дзецям, над якімі момантамі з жыцця Езуса яны будуць разважаць. Гэта былі пяць таямніц святла: Хрост Езуса ў Ярдане, Цуд у Кане Галілейскай, Абвяшчэнне Божага Валадарства, Перамяненне на гары Фавор і Устанаўленне Эўхарыстыі падчас Апошняй Вячэры. 

Папа таксама нагадаў дзецям, што малітва не павінна заставацца толькі словамі.«Мы таксама абавязваемся быць добрымі і паводзіць сябе добра — дома, у школе, на катэхізацыі, з бацькамі, з усімі, нават калі гуляем і калі займаемся спортам, — бо малітвы заўсёды павінны суправаджацца добрымі ўчынкамі, жэстамі любові. І так расце мір!» — сказаў Леў XIV.  

Пантыфік адзначыў, што ў гэтыя дні не толькі дзеці, якія сабраліся ў Ватыкане, моляцца за мір. 

«Ва ўсім свеце мільён дзяцей моліцца з намі. Мільён! Падумайце: пяцьдзясят мільёнаў “Аве Марыя” ўзносяцца да неба з усіх куткоў і на ўсіх мовах зямлі, просячы міру, і аб’ядноўваюцца, як у адзін вялізны ружанец, каб абняць і злучыць паміж сабой усе кантыненты, расы і нацыі планеты»,

— сказаў Папа.  

Ружанец за мір 

Малітва Ружанца суправаджалася спевамі і відэаматэрыяламі, прысвечанымі людзям, якія пакутуюць ад войнаў і канфліктаў у розных частках свету. 

Першая дзесятка была прамоўлена па-італьянску, наступныя — з першай часткай малітвы «Аве Марыя» на арабскай, урду, нямецкай і іспанскай мовах. Такім чынам, малітва дзяцей у Ватыканскіх садах стала часткай сусветнай малітвы, у якой удзельнічаюць людзі з розных краін і кантынентаў. 

Пасля заканчэння Ружанца Папа ўдзяліў прысутным сваё благаслаўленне. Ён сустракаў прадстаўнікоў дзяцей і сем’яў, спыніўся таксама з некалькімі дзецьмі з інваліднасцю. 

Потым Леў XIV прайшоў па плошчы перад Гротам Люрда, дзе сабралася шмат людзей. Ён ціснуў рукі, благаслаўляў дзяцей, абдымаў іх і размаўляў з дарослымі. Многія падыходзілі да яго ўздоўж агароджы, падымалі тэлефоны, каб сфатаграфаваць Пантыфіка або запісаць сустрэчу на відэа. 

Папа затрымаўся яшчэ на некалькі хвілін, асабліва шмат увагі ўдзяляючы самым маленькім. Пасля гэтага ён накіраваўся да аўтамабіля і пакінуў Ватыканскія сады.  

Так распачаўся тыдзень сусветнай малітвы «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы», які працягнецца да 7 кастрычніка — успаміну Маці Божай Ружанцовай. 

Абноўлена 02.10.2026 12:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.