Пошук


Фота: www.vaticannews.va

14 жніўня Апостальская Сталіца апублікавала пасланне Льва XIV на 112-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які Касцёл адзначае 27 верасня. У цэнтры ўвагі Святога Айца  непаўналетнія, якія праз войны, галечу і гвалт вымушаныя пакідаць родныя краіны. Папа заклікае бачыць у кожным такім дзіцяці самога Хрыста.

Тэмай 112-а форуму сталі словы з Евангелля паводле Мацвея: «Нават адно такое дзіця». Папа Леў XIV абраў гэты заклік невыпадкова  ён пераклікаецца з фрагментам, дзе Езус кажа: «І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5). Тым чынам, Папа заклікае вернікаў паглядзець на дзяцей-мігрантаў не праз прызму статыстыкі ці палітыкі, а праз прызму веры, бо кожны з іх  жывы знак прысутнасці Збаўцы.

Драматычная рэальнасць дзяцей-мігрантаў

У пасланні Святы Айцец звяртае ўвагу на дзяцей і падлеткаў, якія пакутуюць ад войнаў і беднасці. Штогод мільёны непаўналетніх вымушаныя пакідаць сваю радзіму. Гэта трагічная рэальнасць выклікае глыбокі неспакой усёй касцёльнай супольнасці.

Непаўналетнія становяцца найбольш уразлівымі ў міграцыйных патоках. Святы Айцец прыгадвае словы папы Францішка з 2017 года пра тое, што такія дзеці «тройчы безабаронныя, бо яны непаўналетнія, чужынцы і бяззбройныя». Шмат хто з іх губляе родных, трапляе ў рукі гандляроў людзьмі, церпіць ад эксплуатацыі і гвалту. Але Пантыфік настойвае:

«Кожнае дзіця мае бязмежную годнасць, бо яно створана паводле вобразу Божага».

Асобная ўвага — правам дзіцяці

У тэксце паслання падкрэсліваецца важнасць абароны фундаментальных правоў дзіцяці  на жыццё, адукацыю, паўнавартаснае фізічнае, духоўнае і сацыяльнае развіццё.

«Бог чуе плач прыгнечаных і не пакідае іх без адказу», нагадвае Пантыфік.

Святы Айцец заклікае ператварыць прыняцце дзяцей-мігрантаў з абстрактнай канцэпцыі ў сталую душпастырскую практыку. Хрысціянскія супольнасці пакліканыя не толькі дапамагаць непаўналетнім на месцы, але і садзейнічаць іх інтэграцыі і абароне ад адзіноты, якая часта становіцца спадарожнікам малых уцекачоў.

Пытанне выходзіць за межы адной канфесіі ці рэлігіі

Уразлівасць непаўналетніх, перакананы Святы Айцец, павінна аб’ядноўваць вернікаў розных канфесій для стварэння сеткі абароны і прадухілення радыкалізацыі. Грамадскія інстытуты павінны кіравацца вышэйшым інтарэсам непаўналетняга, скіроўваючы намаганні на ўз’яднанне сем’яў.

Акрамя таго, Папа заклікае ліквідаваць прычыны, якія змушаюць дзяцей і падлеткаў пакідаць свае краіны, і адначасова гарантаваць бяспеку мігрантам на іх шляху да новага дома.

Папа Леў XIV давярае ўсіх непаўналетніх мігрантаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якая разам са святым Юзафам і Дзіцяткам Езусам спазнала цяжар выгнання, калі Святая Сям’я была вымушаная ўцякаць у Егіпет.

Абноўлена 15.08.2026 16:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця